РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
VIII
        
VIII

        
        Алесь не вярнуўся дадому. Выйшаў пасля абеду, сказаў, што пойдзе прагуляцца, і да паўночы няма. Вольга разумела, што чакае дарэмна: у такі час без начнога пропуска ён не прыйдзе ўжо. Але ад трывогі, страху, прадчування бяды яна не толькі не магла спаць, але і ляжаць у ложку: як здань, у начной сарочцы блукала па доме, ступаючы босымі нагамі па халоднай падлозе, не адчуваючы холаду, палохаючыся ценяў на двары і ў доме, чаго раней ніколі з ёй не было.
        За вокнамі месячная марозная ноч. Ад марозу трэскаюцца дрэвы. Адзінокі стрэл прагучаў недзе, можа, на Нямізе, а здалося — побач, на іх вуліцы. I свіст паравозаў ніколі не быў такі блізкі, быццам чыгунка падышла да Камароўкі.
        Аканіцы не зачыненыя, і Вольга заглядвала то ў адно, то ў другое акно. Не зачыняць аканіцы папрасіў Алесь, даўно яшчэ: яго прыгнятала цемра.
        Вольга ўспамінала ўсё, што звязана з ім — кожны рух, кожнае слова, кожнае жаданне яго. Што ён сказаў, калі адыходзіў? Якія апошнія словы яго былі? Жахнулася, злавіўшы сябе на тым, што думае як пра нябожчыка. Не, не! Ён жывы! Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, які дарагі стаў для яе гэты хваравіты хлапчына, як моцна яна кахае яго. Нічога яна не баіцца, нічога ёй не сорамна. Сказала Бароўскім, што ўсё было. Скажа ўсяму свету, няхай толькі ён вернецца. Але што з таго, што скажаш пра сваё каханне? Што зменіцца? Усё адно яго не ўтрымаеш. Не, не тое слова — не ўтрымаеш. Не ўсцеражэш! Яна ўвайшла ў яго пакой і з душэўным трапятаннем, з думкай, што ён так любіў іх, узяла ў рукі адну кнігу, другую... Гартала пры святле месячыка. Голас яго гучаў з кніг.
        Ах, калі б ты магла здагадацца,
        Як не хочацца мне ухадзіць.
        З якой гэта кнігі? Не, тэта не з кнігі. Гэта чытаў ён на памяць. Многа разоў. А яшчэ чытаў...
        Разгарайся хугчэй, мой агонь, між імглы, —
        Хай цябе шум вятроў не пужае:
        Пагашаюць яны аганёчак малы,
        А вялікі — крапчэй раздуваюць.
        А гэта яна знайшла сама — у Блока:
        Я сам свою жизнь сотворю
        И сам свою жизнь погублю.
        Я буду смотреть на Зарю
        Лишь с теми, кого полюблю.
        Часта паўтарала гэтыя радкі сама сабе, у сваіх паходах. Але ні разу не прачытала яму: прымхліва баялася, што гэта... пра яго. I пра яе.
        Перамену ў Алесевым настроі пасля яго выхаду ў горад у завейны дзень яна адчула адразу. Не доўга ён гуляў, гадзіны тры ўсяго, а вярнуўся — як абноўлены. Стоеная радасць прасвечвалася ў вачах, у кожным слове, у тым, як ён размаўляў з ёй, як гуляў са Светкай і якія вершы чытаў.
        Вольга здагадалася, ад чаго ён такі: знайшоў сваіх, звязаўся з імі, іншай прычыны для такога настрою ў гэтага чалавека быць не магло. I яе апанаваў страх. Але страх быў інакшы, чым той, які перажыла, калі забірала яго з лагера, калі ў іх доме рабілі вобыск, і нават той нядаўні, калі, калоцячыся, ён прызнаўся, што забіў немца. Тады яна спалохалася больш за сябе. Цяпер баялася за яго, бо раптам зразумела, што спыніць хлопца не мае сілы, што імкненне яго змагацца мацней за яе чары, пяшчоты, цеплыню, дабрабыт, за ўсё, што па яе ўяўленні магло б спакусіць любога чалавека.
        Ажно, выходзіць, ёсць нешта больш моцнае за сытны харч, за цёплую пасцель. Яе захапляла, што ён такі, не падобны на ўсіх людзей, якіх яна ведала дагэтуль.
        Яна разумела, што такое абавязак, і ніколі, напрыклад, не параіла б мужу зрабіцца дэзерцірам, усе ідуць у войска, усе ваююць — і ты ідзі ваюй. Але там іншая рэч, там прымушае закон, і дэзерцірства — здрада, за гэта сурова пакараюць. «А ты, — думала яна пра Алеся, — ты ж нікому не здрадзіў, не па сваёй віне ты трапіў у палон. Дык навошта ж табе, гэтак напакутаваўшыся, ісці аднаму на такую сілу? Паглядзі, колькі іх, паліцаяў! Гэта ж ісці на верную смерць». Не, так яна думала раней, і не толькі думала — колькі разоў спрабавала даказваць яму. Часам ён горача спрачаўся, часам ухіляўся ад такой размовы, але чытаў ён вершы, то з кніг, то на памяць, з якіх, калі ўдумацца, вынікала яго праўда, выходзіла, што пра яе праўду ніхто ніколі не пісаў — ні Пушкін, ні Купала. Яна палюбіла Блока; употай часта чытала яго, бо здавалася, што ў туманных, не вельмі зразумелых радках ёсць яе праўда:
        Как у тебя хорошо и светло —
        Там, за стеною, темно...
        Дай пошалим, постучимся в стекло,
        Дай-ка — забьемся в окно!
        Але ён любіў і гэта. I разумеў па-свойму.
        Не, пасля той перамены, якую ўбачыла ў ім яна, ужо і не намервалася адгаворваць яго, ушчуваць, упрошваць, добра ведала, што ўсе яе словы будуць дарэмныя. Ёй проста захацелася зразумець яго, глыбей заглянуць у душу. Чаму ён за нейкія тры гадзіны раптам стаў такі...
        — Які? — засмяяўся ён на яе запытанне.
        — Як... пасля прычасція.
        — Вольга, ты начыталася Блока, — і, абняўшы, горача пацалаваў яе ў вусны, пацвердзіўшы яшчэ і гэтым, што ён узрадаваны, узбуджаны.
        — Ты не хочаш мне нічога сказаць?
        — Што сказаць?
        — Дзе ты быў? З кім страчаўся?
        — Ці не думаеш ты, што я з дзяўчынай страчаўся? Можа, думаеш, што з Ленай? — Сваю рэўнасць да Лены яна ўжо выказвала яму.
        — Не, не думаю. Ад стрэч з Ленай ты не рабіўся такі.
        — Ды які? Я проста хораша пагуляў. Люблю завею. I фашысты не сапсавалі мне настрой. Пахаваліся ў норы ад завеі.
        — Ты не верыш мне?
        — Волька, я нічога ад цябе не ўтойваю.
        — Пакляніся.
        — На чым? На Бібліі, якую ты чытаеш? — іранічна хмыкнуў ён: разам з іншымі кнігамі — для яго — яна купіла на барахолцы Біблію. Вольга пакрыўдзілася.
        ...Абнімаючы падушку, якая, здавалася, яшчэ захоўвала яго жывую цеплыню, яго пахі, Вольга кляла сябе за халодную ветлівасць сваю. Як яна магла абыходзіцца з ім так у той час, калі чалавек, магчыма, рыхтаваўся да смерці? Ад таго і прасветлены такі быў, сапраўды, як пасля прычасця.
        Не магла заснуць усю ноч, светлую ад іскрыстага снегу за акном, ад месячыка, але чорную, як яма, ад яе думак. На світанні, калі спала дзіця і калі Лена Бароўская не магла яшчэ пайсці на працу ў нямецкую друкарню, Вольга кінулася да сяброўкі. Не любіла яна Лену ў тую ноч, думаючы пра яе, амаль ненавідзела — каб не яна, можа, усё было б інакш, але не забывалася, што ў цяжкія хвіліны яе заўсёды цягнула не да каго іншага, нават не да брата, а да Бароўскіх, адной Лене яна можа даверыць не толькі сардэчную тайну, але і жыццё — сваё і таго, хто зрабіўся даражэйшы за самую сябе.
        Лена толькі прачнулася, мабыць, ад галадання ў яе напухла пад вачамі, і ад гэтага яна выглядала вельмі пастарэлай, саракагадовай бабай. Маці карміла яе халоднай, звечара зваранай у мундзірах бульбай, і бульба гэтая, здаецца, вязла ў Лены ў горле. Такі ранні Вользін прыход спалохаў Лену, Вольга гэта адразу ўбачыла, і ў яе памлелі ногі: здалося, Лена ведае нешта страшнае, таму і спалохалася, убачыўшы яе.
        Але пасля прывітання размову пачала старая Бароўская, папрасіла:
        — Волечка, пазычыла б ты нам солі, а то не есць Лена без солі, зусім згаладалася, дурная. Чым толькі жыве, не ўцямлю. Ды еш ты, дачушка.
        Вольга з палёгкай уздыхнула і адказала:
        — Пазычу, цётка, сёння ж прынясу.
        — Разжывёмся — аддамо.
        — Калі гэта і на чым ты разжывешся? — сурова спытала ў маці Лена. — У кабалу да Ляновічыхі залезеш.
        — Як гэта ты пра мяне думаеш? — пакрыўдзілася Вольга да слёз; у іншы час яна ў гразь утаптала б гэтую Лену за такія словы, а тут нават не ўзлавалася, толькі сапраўды вельмі пакрыўдзілася.
        Старая прымірыла іх:
        — Дружыце, дзеткі, не сварыцеся. Цяпер уся наша сіла ў дружбе.
        Вольга спытала баязліва, шэптам:
        — Дзе Саша, Лена?
        — Саша? А што? — адразу прагнала санлівасць Лена, патухлыя вочы загарэліся запытаннем.
        А Вольгу, бадай, супакоіла, суцешыла, што Лена так устрапянулася: значыцца, нічога не ведае, проста, відаць, падумала, што здарылася страшнае, раз яна, Вольга, прыбегла ў
        такую рань, калі яшчэ і каменданцкі час не скончыўся.
        — Учора пасля абеду як пайшоў... нічога не сказаў...
        Тады супакоілася Лена: як бы ўсміхнулася ці то полымя газнічкі ярчэй успыхнула і асвяціла яе твар; расслаблена паправіла хустку на плячах і зацікаўлена, не так абыякава, як дагэтуль, пачала абіраць бульбіну. Упікнула ўедліва:
        — На суткі чалавек адлучыўся, і ты ўжо бегаеш па ўсім горадзе? Як жа гэта ты не прывязала яго да спадніцы? Не прывязваецца, а? Слізкі, ці што? — цяпер ужо адкрыта пасміхалася Лена.
        — Злосная ты, Леначка, робішся, — папракнула дачку маці, але тут жа цяжка ўздыхнула. — Ты прабачай, Волечка. Праца ў яе цяжкая, а харчы, бачыш, якія... А Вольгу не ўпікай, усе мы, бабы, такія... Палюбіла яна яго.
        — Палюбіла! Скажы — прысвоіла!
        — Зараза ты, Ленка, — у Вольгі задрыжалі вусны. — Я да цябе з адкрытай душой...
        Лена імкліва паднялася, адпіхнуўшы ад сябе ачышчаную бульбіну, пачала завязваць хустку.
        — Зноў нічога не з'ела, — пабедавала старая Бароўская.
        — Не крыўдуй, Волька, — лагодна, прымірэнча сказала Лена. — Можа, я ад зайздрасці так. Я і ў добры час не здолела палюбіць... А ты і ў такі час можаш любіць. Не бядуй. Вернецца твой Саша, — сказала яна так упэўнена, што Вольга паверыла і супакоілася.
        Але супакаення гэтага хапіла хіба на раніцу, пакуль паліла ў печы, карміла Светку, прыбірала ў доме, дарэчы, больш старанна, чым звычайна, быццам чакала госця ці рыхтавалася да свята.
        Новую трывогу... не, не трывогу — жудасць прынесла цётка Марыля. Вольга яшчэ ўчора дамаўлялася з ёю, каб яна пагуляла з малой, бо адчувала, што не здолее сядзець цэлы дзень дома, калі Саша не вернецца.
        Добрая гэтая старая, спагадлівая, яна лепш, чым хто з суседзяў, ведала, адкуль, як з'явіўся ў Ляновічыхі кватарант, як цяжка ён хварэў, памагала яго лячыць і шкадавала нябогу. Невядома, ці ад дабраты і шкадавання, ці ад недахопу душэўнай чуласці цётка Марыля сказала Вользе:
        — Людское радзіё, Волечка, перадае, уся Камароўка гамоніць, што сёння раніцой праклятыя фрыцы павесілі ў скверы каля Дома Чырвонай Арміі нашых людзей... партызанаў, кажуць... А хто яны — адзін Бог ведае.
        У Вольгі ўміг усё амярцвела — рукі, ногі, вочы, язык. Слова вымавіць не магла, не мела сілы. Стаяла, спалатнелая, глядзела на Марылю... і не бачыла яе, як у тумане бачыла страшныя здані павешаных і сярод іх — яго, Сашу...
        А потым сэрца як бы сарвалася з месца, раскалолася на часткі. Разарвалася балюча ў грудзях на дробныя асколкі, і кожная часцінка гэтак жа балюча забілася, затрапятала ў скронях, у жываце, у пальцах рук.
        Вольга кінулася да старой, схапіла яе за плечы, трасянула:
        — Цётачка! Скажы — ён там?
        — Ды не, любачка мая, не. Ніхто не ведае, ніхто не бачыў. Ды і чаго ён там апынецца? Што ён зрабіў? Хварэў жа, — хоць Вольга нічога не сказала, здаецца, і руху ніякага не зрабіла, але Марыля пачала тут жа адгаворваць: — Волечка, не хадзі туды... Не трэба табе. Лепш я, старая, схаджу. Было ж ужо так увосень, павесілі траіх на Чэрвеньскім, а сястра прыйшла, пазнала брата, загаласіла, і яны, гады, схапілі яе... хоць ні ў чым яна не вінаватая... А хто вінаваты?
        Не, не пайсці Вольга не магла, як ні пераконвала яе старая жанчына. Пераканала, што не можа там быць яе каханага. Нават страх адхлынуў, той, першы, балючы, і сэрца вярнулася
        на сваё месца. Але не магла яна не паглядзець на павешаных! Не ад страху, што ён там. I не ад абывацельскай цікаўнасці, якая магла з'явіцца раней. Не, цяпер было нешта іншае, як бы ўступленне ў новае жыццё, жаданне сустрэцца тварам у твар з той небяспекай, якая будзе сцерагчы яе ў гэтым новым жыцці кожны дзень, кожную гадзіну. Бачыла смерць бацькі, разрэзанага трамваем, ціхую смерць маці ў гародзе, смерць людзей ад бамбёжкі, смерць старога яўрэя, якому немец выстраліў у горла, трупы людзей за лагерным дротам. Якая ж яна, смерць тых, хто не мог скарыцца перад чужынцамі гэтак жа, як не скарыўся ён, гэты хлапчына? Не так даўно яна яшчэ спадзявалася, што пераможа яе праўда, што пяшчотамі сваімі і дабрабытам яна прымусіць хлопца скарыцца не ворагу — ёй, адной ёй і жыць так, як жыве яна. Спадзяванні пахіснуліся, калі Алесь застрэліў немца. Цяпер, калі хлопец немаведама куды сышоў, яны зніклі зусім. Вось чаму ёй трэба рыхтавацца да новага жыцця. I ўсё ўбачыць сваімі вачамі.
        Калі Вольга, апранутая ўжо, пацалавала дачку, Марыля папярэдзіла:
        — Не забывайся пра Светку. З кім яна застанецца?
        Думка пра дачку вымушала быць асцярожнай. Усё адно па сваіх камароўскіх напаўпустых вуліцах Волька амаль бегла, задыхаючыся. Моцны мароз раздзіраў грудзі, ён як бы згусціў паветра, і яно не ўдыхалася ці, можа, наадварот, не выдыхалася; змерзлае, калючымі іголкамі калола лёгкія, горла.
        Але па Савецкай, нягледзячы на холад, народу ішло не мала, і кожны другі — у зялёным, мышастым ці чорным шынялі. Вольга пайшла павольней, хоць наўрад ці трэба была такая перасцярога, бо мароз гнаў усіх уперад. Немцы прытанцоўвалі, стукалі намёрзлымі ботамі, церлі вушы, ад гэтага здаваліся вясёлымі, узбуджанымі.
        Вольга звярнула ўвагу, што ўсе ідуць толькі па правым тратуары, левы быў пусты. Адразу здагадалася — чаму. I зноў зрабілася жудасна. А калі ён там? Не ведала, як яна будзе паводзіць сябе, што падкажа сэрца, якое так баліць, не спадзявалася на сябе, таму зноў думала пра дачку, толькі Светка, маленькая галіначка гэтая, можа ўтрымаць яе ад неразумнага ўчынку. Але што разумнае, а што неразумнае? Зусім нядаўна яшчэ Вольга добра ведала гэта, ва ўсякім разе, не сумнявалася, што ўсё, што робіць яна, Ляновічыха, усё гэта самае разумнае. А цяпер усё пераблыталася. Ён, Саша, усё пераблытаў у яе галаве. I — дзіўна — яна не злуе на яго, яна, бадай, удзячная, што ён так перавярнуў усе яе думкі.
        Узнімалася на гару — ад Пралетарскай да сквера — як у страшным сне, калі сніш, што лезеш угору па крутой і бясконцай лесвіцы і ў цябе няма ўжо сілы, здранцвелі ногі і рукі, спыняецца смяртэльна стомленае сэрца.
        Не дайшоўшы да кінатэатра, яна ўбачыла павешаных — і ў адзін позірк, вачамі і сэрцам, угледзела, адчула, што яго няма сярод шасцярых... Адразу адхлынуў страх, але тут жа пракацілася новая хваля — нянавісць да катаў; такое нянавісці яна яшчэ не перажывала. Праклінала немцаў, што пачалі вайну, што рабуюць людзей, але паколькі ёй асабіста вайна пакуль што няшчасця не прынесла, то праклінала яна, бадай, паблажліва, каб дагадзіць Алесю і быць з народам (усе суседзі, знаёмыя лаялі акупантаў), а не з паліцаямі, якія хвалілі новую ўладу. Не баялася часам і пры знаёмых паліцаях «праехацца» па іх гаспадарах: і няхай знаюць, што думае народ.
        У той жа міг, як убачыла павешаных, з'явілася зусім іншае пачуццё, ва ўсякім разе, толькі там яна раптам зразумела, што ж такое Сашава нянавісць, чаму ён так ірвецца помсціць. У ногі, рукі, якія дагэтуль былі як чужыя, вярнулася сіла, у яе з'явілася адчайнасць, такая ж, якая была ў першыя дні вайны, калі яна пад бомбамі цягала дабро, але цяперашняя адчайнасць скіраваная была зусім на іншае.
        Вольга пайшла шпарка, упэўнена, потым спынілася напроціў павешаных. Ніхто з цывільных не спыняўся, людзі баяліся нават глянуць у той бок, глядзелі толькі немцы і
        гучна абмяркоўвалі падзею, ухваляючы, безумоўна, пакаранне бандытаў.
        Яны віселі ў кутку сквера, ля самай Савецкай вуліцы, на першых дрэвах — на перакладзінах, прыбітых да старых ліп. Пяцёра мужчын і адна жанчына. Перад карай з іх знялі пінжакі, верхнія сарочкі, кофтачку, і яны былі ў аднолькавых сподніх кашулях, босыя.
        Сквер стаяў у густым інеі, таму дрэвы здаваліся ненатуральнымі, тэатральна прыгожымі. А з тых ліп, на якіх павесілі падпольшчыкаў, іней абцерусіўся, і дрэвы гэтыя стаялі жалобна-чорныя на белым фоне, журботна-жывыя.
        Іней асыпаў павешаным галовы, асеў на іх тварах, руках і нагах; калі астывала ў целе цеплыня, асядаў іней. Застылыя твары іх — як злепленыя з гіпсу і здалёк падобныя адзін на аднаго. А Вользе захацелася глянуць у іх твары зблізку, каб убачыць, якія яны розныя, запомніць, можа, нават пазнаць некага — у памяці яе безліч абліччаў мінчан, якім яна некалі нешта прадавала. Яна смела і рашуча пайшла праз вуліцу на той бязлюдны каля сквера тратуар. Спынілася за якія пяць крокаў ад павешаных і пільна ўзіралася ў іх твары. Не, яны розныя, відно і пад інеем: адзін зусім юнак, дзіця, у другога, відаць, пасля арышту адрасла кароткая, але густая барада, і ва ўсіх на тварах, на шыях, грудзях віднеліся крывавыя сінякі.
        Вольга ўявіла, як іх катавалі, і не жахнулася, як здаралася гэта раней, калі яна ўяўляла, як могуць катаваць яе, Алеся. Усё тая ж хваля нянавісці ў грудзях узнімалася ўсё вышэй і вышэй, аглушаючы, заліваючы вочы, туманячы розум.
        Невядома, што жанчына зрабіла б, калі, як і куды адышлася б ад ахвяр, каб не паліцаі. Адзін з іх з'явіўся адразу ж, Вольга нават не ўгледзела, адкуль выйшаў, як з-пад зямлі. Убачыла перад сабой яго морду з брыдкай ухмылкай і ад нечаканасці і нянавісці чуць не закрычала, не кінулася на гэтага вырадка, які можа так пагана ўхмыляцца тут, каля нябожчыкаў. «Паважай хоць смерць, паскуда!» — ледзь не вырвалася ў яе.
        — Ну, хто тут вісіць? — выскаліўся паліцай. — Брат? Муж? Сусед? Знаёмы?
        — Ніхто. Проста людзі.
        — Людзі?! Бандыты! А хто ці ніхто — гэта мы праверым. Хведзя!
        Па пустым тратуары павольна ішоў другі бобік. Вольга пазнала яго — знаёмы Друцька, вядро гарэлкі ў яе выпіў. Паліцай таксама пазнаў яе, здзівіўся:
        — Вольга? Які чорт прынёс цябе? — А хіба нельга паглядзець?
        — Знайшла тэатр! — звярнуўся Друцька да свайго калегі, тлумачачы: — Гэта наша, Ляновічыха з Камароўкі. Чуў? Чортава баба! Пайшла прэч адгэтуль, пакуль з СД не ўбачылі. Дурная! Вецер у цябе ў галаве.
        Узяў яе за рукаў і павёў цераз вуліцу назад на той тратуар, па якім ішлі людзі.
        — Завошта іх? — спытала Вольга.
        — Склад з гаручым узарвалі.
        — Ого! Смелыя.
        — Вар'яты, а не смелыя! — узлаваўся Друцька. — Лезуць з голымі рукамі на такую сілішчу! Усе будуць вось так вісець! Усіх перавешаем!
        — Ты іх вешаў?
        —Не. Немцы нам не давяраюць.
        — А каб даверылі, павесіў бы? Друцька злосна мацкжнуўся.
        — Пайшла ты! Прынесла б лепш чакушку, усе вантробы замерзлі, дзве гадзіны дзяжуру, — і, спалохана азірнуўшыся, бо насустрач прайшло трое немцаў, шэптам спытаў: — Думаеш, яны мяне не павесілі б, сталінцы гэтыя, камсамольцы?
        — Яны? — Вольга на міг задумалася. Але Друцька як бы спалохаўся яе адказу — лёгка піхнуў у плячо, а сам хутка закрочыў назад, на свой страшны пост. А Вольга раптам
        адчула, што яе хістае ў бакі, як п'яную.
        А потым была яшчэ адна пакутлівая ноч. Якія толькі жахі не лезлі ў галаву! Заснула на хвілінку — сасніла павешаных. Самае жахлівае ў гэтым сне, што замест паліцая на варце каля нябожчыкаў стаяў ён, Алесь, у адной сподняй бялізне; яна бачыла, як ён замярзае, як жывое цела яго ператвараецца ў белы халодны гіпс, але не магла скрануцца з месца, каб уратаваць яго, бо побач стаяў Друцька і шаптаў на вуха: «Пойдзеш — будзе смерць тваёй дачцэ».
        На трэці дзень, змучаная невядомасцю, надумала папрасіць таго ж Друцьку, каб навёў даведкі, ці няма яе стрыечнага брата сярод арыштаваных, немцы ж хапаюць людзей без разбору, на вуліцы, на рынку, могуць пасадзіць невінаватага. Але, ведаючы, да чаго рваўся Алесь і што зрабіў ужо, стрымалася ад такога намеру: лепш бобікам не ўводзіць у вушы, што яна баіцца за хлопца, а то падумаюць, што, значыцца, ёсць з-за чаго баяцца, і пачнуць вынюхваць, як сабакі. Лепш, каб да яе дома не было падазронасці, тады і Алесь будзе ў большай бяспецы.
        I зноў пакутавала ў адзіноце. Ведала, што каб пайшла на рынак, гандлявала, то было б лягчэй чакаць яго. Але менавіта праз тое, што чакала вельмі нецярпліва і верыла, што ён вернецца, не магла адлучыцца з дому нават на кароткі час. Не хацела, каб пасля ўсяго, што ён перажыве за гэтыя дні, — не ў цяпле сядзіць, не блінцы есць у другой маладзіцы! — яго сустрэла старая Марыля, а не сама яна.
        Апоўдні роспач гарачая, з роем думак, імклівых, супярэчлівых, страшных, неверагодных, з жаданнем дзейнічаць, шукаць змянілася роспаччу халоднай, калі наступае душэўнае здранцвенне, амаль поўная бяздумнасць. Малая адчула такі матчын настрой і пачала капрызнічаць, плакаць. Вольга нашлёпала яе і сама спалохалася сваёй злосці, нагаласілася па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Паўтарагадовая Светка так уразілася, што перастала плакаць, пачала па-свойму, па-дзіцячаму суцяшаць маці і разжалобіла яшчэ больш.
        I такою яе захапіў нечаканы госць — той Яўсей, у якога Вольга купіла кажушок і які забіраў прыёмнік. З'яўленне яго спачатку здзівіла і спалохала. Калі ён увайшоў, Вольга якую хвіліну глядзела на яго як на прывід. Кажушка таго, які яна вярнула, на ім не было, хвацкія вусы паголены, старое лёгкае доўгае паліто, клятчастае, такія з'явіліся з Польшчы, калі вызвалілі Заходнюю Беларусь, польская шапка з казырком і кароткімі вушамі, адкпадзенымі, моцна змянілі выгляд чалавека. Але Вольга пазнала яго адразу. А ён як бы не ўбачыў, што гаспадыня не ў гуморы, што ў яе заплаканыя вочы. А можа, праўда, з вуліцы, дзе быў моцны мароз і на сонцы іскрыўся снег, сляпіў, чалавек у хаце пэўны час дрэнна бачыў; іней на брывах і вейках, растаючы ў цеплыні, мог затуманіць вочы. Яўсей весела спытаў:
        — Не пазнаеш, прыгажуня?
        — Хіба такога гжэчнага пана можна не пазнаць?
        Здзівілася, чаму яе раптоўна пацягнула на гуллівую размову, відаць, такі ўжо гэта чалавек і такія былі іх сустрэчы, што інакш з ім гаварыць немагчыма нават і ў такім настроі.
        Яўсей рагатнуў не надта весела:
        — О, гэта ўжо амаль камплімент. Аднак мала я змяніўся, выходзіць?
        Убачыў у зале люстраную шафу, ступіў да яе, каб паглядзецца.
        — Ды не, змяніўся моцна, — заспакоіла Вольга, — але такога пана можна пазнаць і аблупленага.
        Цяпер ён засмяяўся весела:
        — Сапраўдныя паны за такія кампліменыі цалавалі б пані ручку.
        — Дык то ж сапраўдныя!
        — Але, я пан не сапраўдны. Ведаеш, чаму я прыйшоў? Па абяцаныя дранікі. Увесь час з таго дня чую, як яны пахнуць, дранікі твае.
        Вольга ўзрадавалася, што чалавек так шчыра і проста папрасіў есці. Не, не гэта ўзрадавала — тое, што ён намераны затрымацца надоўга, з ім можна пагаварыць, у яго, як і ў Лены, можна спытаць пра Алеся.
        Як бы баючыся, што ён перадумае, кінулася на кухню, пачала абіраць бульбу. Настрой уміг змяніўся, зноў яна была сама сабой, той Ляновічыхай, увішнасць якой здзіўляла і захапляла ўсю Камароўку.
        Малая адчула змену ў матчыным настроі і таксама павесялела, не капрызнічала, гуляла з бульбай і бясконца лапатала на сваёй дзіцячай мове, як бы просячы прабачэння за нядаўнюю капрызнасць.
        Вольга выглянула з кухні — як госць? I застыла, уражаная. Весялун, балака, сядзеў на канапе, панурыўшы галаву, у паставе смяртэльна стомленага чалавека; глыбокі смутак і душэўны боль застылі на яго твары. Нават не пачуў і не ўбачыў, што гаспадыня падглядвае за ім з-за плюшавай шторы на дзвярах кухні. А Вольгу зноў ударыў страх: «Можа, прыйшоў, каб сказаць ёй... Не! Не!» — закрычала не яна — сэрца яе, розум, яны не маглі пагадзіцца з думкай пра смерць таго, каго так чакала.
        Госць пачуў, што яна пачала драць бульбу, і прыйшоў на кухню, здзівіўся:
        — Ты праўда гатуеш дранікі? Я пажартаваў. У мяне няма часу. Хоць з'есці штось трэба. Сіла трэба.
        — Гэта хутка. На прымусе.
        — У цябе ёсць керасін?
        — У мяне ёсць усё, — па-ляновіцку пахвалілася Вольга.
        — Ого! — Ён зноў засмяяўся, нібы жаніх, які прыйшоў сватацца і даведаўся, што нявеста значна багацейшая, чым ён уяўляў.
        Сеў на нізкі табурэцік і пачаў з бульбіны выразаць малой ляльку — смешнага чалавечка. Калі ж на скавародцы засквірчэлі на свіным тлушчы першыя дранікі і паплылі апетытныя пахі, госць вінавата прызнаўся:
        — Пайду пасяджу на канапе, а то, баюся, упаду, галава кружыцца: два дні нічога не еў.
        — О, Божачка мой! — жахнулася Вольга. — Якая ж я дурная. Сядайце за стол адразу, я ў адзін момант усё падам, — замітусілася яна. — Гарэлкі вып'еце?
        — Не, нельга мне.
        Ён еў многа, але не па-галоднаму, не спяшаючыся, як бы саромеўся ці асцерагаўся, — не запіхваў цэлы дранік у рот, адкусваў па маленькім кавалачку і не каўтаў, а нібы чакаў, пакуль пахучая мяккасць растворыцца ў роце.
        Вользе падабалася, як чалавек есць, павага да ежы падабалася. Яна стаяла ў дзвярах кухні і глядзела на яго.
        — Ніколі не еў нічога смачнейшага, — пахваліў ён дранікі.
        Хвалілі яе за гаспадарчы спрыт і ўменне часта, але пахвала гэтага госця была чамусьці асабліва прыемная.
        — Ешце на здароўе, Яўсей... Не ведаю, як вас па бацьку, — Вольга нечакана для сябе перайшла на «вы», пасля яго прызнання, што два дні не еў, і пасля таго, калі ўбачыла, як інтэлігентна ён есць, гуллівы тон знік, з'явіліся сур'ёзнасць, паважнасць.
        — Сёння маё імя Віктар Андрэевіч, — паведаміў ён з таямнічай усмешкай. — Віктар Андрэевіч Ледзянёў...
        Ад таго, што ён вымушаны мяняць імя і прозвішча, Вольга адчула да госця яшчэ
        большую павагу, але адначасова з'явілася і нейкая іншая, чым напачатку, боязь.
        — Сядай. Пасядзі са мной, — паказаў ён на крэсла з боку стала.
        — Дык дранікі ж пякуцца.
        У кухні шумеў прымус, сквірчэла другая скавародка дранікаў.
        — Не нясі больш, а то я аб'емся.
        Але Вольга прынесла скавародку, вывернула дранікі ў талерку, заліла зверху тукам.
        — Ешце.
        Мабыць, яму не падабалася яе сур'ёзнасць, ён паспрабаваў аднавіць ранейшы тон:
        — Пані не ўяўляе, якое выпрабаванне дае майму няшчаснаму страўніку! Дужа ж холадна на дварэ.
        Вольга зразумепа жарт, але не падтрымала. Аднесла на кухню скавародку, вярнулася і села на тое крэсла, на якое ён запрашаў.
        Зблізку пільна ўгледзелася ў твар яго, убачыла, што чалавек не такі малады, як здаўся пры першай сустрэчы на рынку, ці, можа, за два месяцы так састарыўся, здаецца, тады не было такіх глыбокіх барознаў пад вачамі і ля вуснаў.
        — Не глядзі на мяне, — зноў жартаўліва папрасіў Віктар Андрэевіч. — Я ніколі не з'яўляўся перад прыгожымі жанчынамі ў такім выглядзе — непаголены.
        Вольга памаўчала, пасля сказала:
        — А я хачу зразумець, што вы за людзі.
        — Хто?
        — Вы... Саша...мой...
        — Людзі як людзі. Савецкія людзі.
        — А я, выходзіць, не савецкая?
        — Чаму ж? I ты савецкая.
        — Дзе Саша? — нечакана настойліва спытала Вольга.
        — Чаму ты лічыш, што я павінен ведаць, дзе твой Саша?
        — Ты ведаеш! Ты ўсё ведаеш!
        Госць пракаўтнуў дранік, паклаў відэлец, адкінуўся на спінку крэсла, павярнуўся ў яе бок і таксама ва ўпор паглядзеў жанчыне ў шырока расплюшчаныя вочы — блакітныя азёры. Ціха спытаў:
        — Любіш?
        — А што, хіба нельга? — такое нечаканае пытанне непрыемна кранула Вольгу, яна натапырылася і гатовая была даць водпаведзь, дзёрзкую, па-свойму, па-базарнаму, калі ён скажа штось нядобрае пра яе каханне.
        Але ён сказаў мякка, хораша, нават вочы бліснулі вільготна:
        — Ды не, наадварот. У гэтым, відаць, наша сіла, што мы, ненавідзячы... ворага ненавідзячы, можам любіць, — і, задумліва памаўчаўшы, азірнуўшыся, паведаміў амаль шэптам: — Жывы твой Саша.Але ці варта яму вяртацца сюды — пра гэта трэба падумаць, — і дзіўна паглядзеў на Светку, што тупала вакол стала, гушкаючы кацянё, на сваёй дзіцячай мове размаўляючы з коцікам.
        У Вольгі ёкнула сэрца: вунь яно як можа здарыцца? Не смерць, а людзі, чалавек, што здаваўся такім добрым, можа разлучыць іх. I гэта, напэўна, будзе назаўсёды. Ды якое ён мае права? Нікому яна не аддасць таго, каго ратавала ад смерці, пакахала! Ён належыць ёй, толькі ёй! — закрычала сэрца. Аднак тут жа сціхла, сцятая знаёмым страхам, тым, з якім жыла апошнія дні, ад якога чуць не страціла прытомнасць, пачуўшы пра павешаных.
        Насцярожылася, стаілася. Чакала, што ён, Віктар... Яўсей — ці як яго імя? — пачне раіцца з ёй, думаць разам — вяртацца Сашу дадому ці не. Што адказаць на гэта?
        Тры дні назад яна, напэўна, па-бабску, па-базарнаму кінулася б у бой: маё! не аддам!
        Але цяпер разумела недарэчнасць такога пярэчання. Як яна можа аддаць ці не аддаць Сашу, калі ён ужо там, у іх, у гэтых загадкавых для яе людзей, да якіх так ірваўся?
        Вольга чакала, як прысуду, што скажа чалавек, які цяпер мае ўладу над Сашавым жыццём. А ён маўчаў, здалося ёй, бясконца доўга, хоць у сапраўднасці падпольшчык маўчаў нейкую хвіліну. Вольга не ўбачыла, што ён быў у роздуме, у нерашучасці. Прычынай яго ваганняў была Светка. Дзіця падказала, што дзеля яе бяспекі Гапанюку не варта вяртацца ў гэты дом. Але ці трэба ў такім разе прыцягваць да работы яго маці? Ці не па гэтай прычыне не паручыўся за яе Алесь? Не мог ён не верыць жанчыне, якая так кахае яго. Не, страціць магчымасць займець такую сувязную — недаравальна. Вольга — ідэальная сувязная, і гэта не так ужо небяспечна, яна разумная і хітрая, водзіць хаўрус з паліцаямі. Ёсць рызыка? Ёсць, безумоўна. Але хіба мала жанчын, што, маючы дзяцей, ідуць на фронт, у партызаны? Нельга яму, кіраўніку, думаць пра адно дзіця і забывацца, хаця б на міг, пра мэту страшнай, але свяшчэннай вайны.
        Андрэй адарваўся ад спінкі крэсла, адсунуў талерку, аблакаціўся на стол, нахіліўся да Вольгі, быццам быў блізарукі і хацеў зблізку ўгледзецца ў яе вочы.
        — Не думай, што я праўда прыйшоў дранікі есці. Вялікая гэта раскоша для мяне сёння. За дранікі — дзякуй. Паабедаў па-царску. Але прыйшоў я па справе. Не палохайся. Насцярожаныя якія ў цябе вочы. Акрамя вайны, нічога больш страшнага не здарылася. Мы ведаем: вы смелая жанчына, адчайна смелая. Памажыце нам, Вольга Міхайлаўна.
        Вользе па душы, што ён такой думкі пра яе і што загаварыў так сур'ёзна, нават на «вы», але яна адразу здагадалася, пра што пойдзе размова, і страх з новай сілай ударыў у сэрца. Няхай бы яны гаварылі да таго, як яна пабачыла закасцянелых нябожчыкаў на шыбеніцах! А то выбралі час...
        — Сувязь паміж нашымі людзьмі. Толькі сувязь. Унутры горада. Зрэдку — за горадам. Вы ж усюды ходзіце, вас ведаюць. Вам проста. Каму штось перадаць, каго папярэдзіць і гэтым, можа, уратаваць...
        Вольга чула словы, як праз сцяну. Звінела ў вушах. Яна павольна падняла рукі і прыціснула далоні да вушэй.
        «Няўжо не хоча нават слухаць?» — расчаравана падумаў Анд-рэй, змоўкнуўшы на паўслове.
        Але Вольга не запярэчыла рашуча, яна як бы пачала прасіць літасці:
        — Божа мой! Што вы са мной робіце? Спачатку ён, а потым вы... Куды вы мяне цягнеце? На шыбеніцу? У мяне дзіця... Дзіця ў мяне! З кім жа яно застанецца? Я сёння хадзіла туды... да сквера. Я іх бачыла... Схадзіце, паглядзеце... Можа, хоць гэта астудзіць вашы гарачыя галовы.
        — Я быў там, калі іх вешалі. Гэта мае таварышы, — сурова і сумна сказаў Андрэй.
        Вольга асеклася. Апусціла рукі. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі. Спытала шэптам, так гавораць, калі нябожчык у доме:
        — Вы іх ведалі?
        — Адзін з іх — сын маёй сястры, — вочы яго напоўніліся слязьмі.
        Слёзы вясёлага чалавека, які нядаўна жартаваў, так кранулі, сціснулі сэрца, што Вольга ледзь стрымлівалася, каб не зарыдаць, каўтала спазмы ў горле. Вымавіць нічога не магла, ды каб і магла, то не ведала, што сказаць у такім выпадку. Некалі, як памерла маці, ёй спачувалі, але ад слоў рабілася цяжэй, з таго часу яна лічыла, што лепш, каб у такіх выпадках людзі маўчалі. I яна маўчала. Думала: што ж яна мусіць цяпер адказаць гэтаму чалавеку? Са здзіўленнем адчувала, што страх сапраўды, як хваля, адступае ад яе. Але гэта таксама спалохала, неяк па-новаму.
        Памаўчаўшы, не ведаючы, як скончыць размову, як згадзіцца ці адмовіцца, спытала
        асцярожна, нясмела, няўпэўнена:
        — А вернеце Сашу?
        Андрэй выцер вочы і сказаў бадай сярдзіта:
        — Не, не вярну я табе Сашу, — пасля дадаў лагодней: — Але зразумей: так трэба. Для справы. Для тваёй жа бяспекі.
        Вольга пакрыўдзілася за яго сярдзітасць:
        — То пайшлі вы к чорту, такія дабрадзеі!
        Авдрэй хутка падняўся, узяў з крэсла паліто, працягнуў ёй руку, затрымаў яе халодныя пальцы ў гарачай далоні, сумна ўсміхнуўся:
        — Не трэба лаяцца. Непрыемна гэта чуць з вуснаў такой жанчыны. Дзякуй. I прабачце. Але... падумайце... Вольга Міхайлаўна!
        Па ціхім свойскім стуку ў шыбу Вольга пазнала, што гэта ЁН, і ажно задыхнулася ад радасці, ажно млосна сэрцу зрабілася. Але асабліва ўразіла, што і Светка пазнала, хто стукае, і закрычала радасна, паказваючы рукамі, што трэба хутчэй адчыніць.
        Вольга кінулася да дзвярэй з дзіцем на руках, пасля, прыгадаўшы, што малая неадзетая, вярнулася і пасадзіла яе на канапу.
        Выскачыла ў сенцы ў лёгкай кофтачцы і мінуту пастаяла перад дзвярамі, паслухала, як там, на ганку, пад ім скрыпіць настылая на марозе падлога, рыпіць не таму, што ён тупае ад холаду — не, ён стаіць нерухома, трымаецца за клямку, але падлозе перадаецца яго нецярпенне, хваляванне.
        Вольга скінула са скоб два цяжкія кручкі. Хацела рыўком адчыніць дзверы і тут жа кінуцца яму на шыю. Але ў апошні міг жаночая гордасць стрымала яе.
        Кінулася ў дом, бо пачула, што Светка босенькая прытупала да дзвярэй. Можа, менавіта праз тое, што яна, не сустрэўшы яго, кінулася ў дом, ён увайшоў не адразу. Гэтую хвіліну Вольга стаяла, прыціскаючы да сябе дзіця, амярцвелая ад думкі, што, пакрыўджаны, ён можа павярнуцца і пайсці зноў у ноч, у небяспеку, пайсці назаўсёды.
        Не, Алесь увайшоў, бясшумна зачыніўшы там, у сенцах, дзверы. Ён вінавата ўсміхнуўся і дзіўна павітаўся:
        — А вось і я. Добры вечар. — Вольга не адказала, і ён павітаўся з малой: — Добры вечар, Свецік.
        Дзіця весела закрычала:
        — Тыта, тыта! — і працягнула ручкі.
        Алесь наблізіўся і пацалаваў яе кулачкі. Адзін і другі.
        У Вольгі пырснулі слёзы: стрымліваючы сябе — не малую, яна сказала дрыжачым голасам:
        — Не ідзі да яго, ён — чужы.
        Алесь на хвіліну сумеўся, а потым нахіліўся так блізка, што і ў паўзмроку — лямпа вісела далёка над сталом — Вольга ўбачыла, што ў яго адрасла барада, яшчэ больш схуднеў твар, а вочы гарэлі так, быццам у яго быў жар.
        — Не трэба так, Воля. Не трэба, — шэптам папрасіў ён. — Я не чужы. Каб ты ведала, што я зрабіў за гэтыя дні, то не сказала б так. Я — не чужы. Я... Я люблю цябе, Вольга. I Светку...
        Тады, трымаючы дзіця на правай руцэ, Вольга абняла яго левай. Малая засмяялася і таксама абшчапіла яго за шыю дзвюма ручкамі. Гэтая дзіцячая радасць расчуліла так, што Вольга не стрымалася і зарыдала, уткнуўшыся тварам у яго плячо, у халоднае паліто, ад якога пахла вугальным шлакам, увогуле ад Алеся пахла гарэлым, быццам ён тушыў пажар.
        — Я змучылася, Саша... Я змучылася...
        — Ну, супакойся, калі ласка. Бачыш, я жывы, здаровы. Больш таго... Я ажыў. О, каб ты ведала, як я ажыў! Я пачуў сябе чалавекам, байцом!
        — Ніколі не думала, што гэта так цяжка — чакаць цябе.
        — Я ведаў, што ты чакаеш. I мне было лягчэй. Дзякуй табе.
        Дзяўчынцы, мабыць, здалося, што гэта ён пакрыўдзіў маму, і малая з дзіцячай непасрэднасцю і хуткасцю змяніла радасць на гнеў і пляснула яго далонькай па шчацэ.
        — Ты што гэта, задзіра? Што табе не спадабалася? — засмяяўся Алесь.
        А Вольга адарвалася ад яго і пачала абсыпаць дзіцячую галоўку пацалункамі.
        — Дурненькая ты мая! О, якая ты дурненькая яшчэ! Нічога ты не разумееш! Божа мой! А што я сама разумею? Чаго я раву? Як цялушка. Хто калі бачыў, каб Ляновічыха так плакала? Чаго ты стаіш, як у гасцях? Распранайся.
        Яна аднесла Светку на канапу, пасадзіла там, прыкрыкнула, нібыта сурова:
        — Не злазь на падлогу, Аўсючыха! Непаседа! Біць буду!
        — Ва-ва-ва, — перадражніла яе малая.
        Гэта рассмяшыла Алеся і таксама расчуліла да слёз, мацней, чым тады, калі дзіця абняло яго. Ніколі ён не саромеўся такіх слёз — радасці, замілавання, гонару, а цяпер засаромеўся: не хапала яшчэ і яму заплакаць следам за Вольгай. Здавалася, што цяпер ён, дыверсант, не мае права ні на якую сентыментальнасць, што чуллівасць можа расслабіць яго волю.
        Алесь захацеў памыць рукі, твар, і Вольга пачала грэць на прымусе ваду, ёй здавалася, што ён павінен змыць не проста бруд — доказы сваёй небяспечнай дзейнасці, якая і страшыла і захапляла. Страхаў яна перажыла многа, а захапленне такое было пачуццём новым, нязвыклым, горка-салодкім, яно вызваляла яе з павуціны страху і ўзнімала, далучала да нечага высокага, таемнага, як свет казак, якім верыла ў маленсгве, як першае прычасце ў царкве, куды яе, малую, вадзіла маці. Капі Алесь вярнуўся, яна падумала пра Бога і паверыла ў яго існаванне мацней, чым калі-небудзь дагэтуль.
        Вольга дастала са сваіх запасаў брусок мыла, даваеннага, туалетнага. Алесь скінуў сарочку, каб памыцца, і ў яе па-мацярынску сціснулася сэрца: якое худое хлапчанё! Але ў той жа час захапленне ім расло, і ад гэтага ёй рабілася па-новаму радасна і па-новаму трывожна.
        Яна ліла яму на рукі, а ён плёскаў ваду на твар, на шыю, на худыя плечы і весела фыркаў. Зусім мірная ідылія: так жонка палівае мужу, калі той вяртаецца з працы. Але не пра гэта яна думала і не пра гэта сказала:
        — Мне здаецца, ты вярнуўся з вельмі далёкай дарогі.
        Ён застыў у нерухомасці, схілены над тазікам, з валасоў яго, якія адраслі пасля лагера, сцякала вада.
        — Думаю, што я збіраюся ў дарогу.
        — Куды? — спалохана. як птушка, устрапянулася яна.
        —Н а чарговае заданне. А гэта вельмі далёкая дарога.
        На новае пачуццё нібы пачаў наступаць стары страх. Але яна адагнала яго і парадавалася сваёй перамозе.
        А пасля яна карміла яго вячэрай, выставіла на стол усё лепшае, не па часе багата, па-святочнаму, нічога не пашкадавала. Алеся бянтэжыла такая яе радасць ад таго, што ён прыйшоў дадому. Так страчаць будуць хіба франтавікоў, калі яны вернуцца з перамогай, думаў ён. Але да перамогі далёка; цяпер, калі ўступіў у актыўную барацьбу, ён гэта адчуў у большай меры, чым нават у лагеры, у поўнай безнадзейнасці там у яго, рамантыка, яшчэ была вера ў цуды.
        Ведаў, што Вольгу пакрыўдзіць рашэнне, якое прыняў не ён — камандзір групы, Андрэй. Не вельмі разумеў мэтазгоднасць свайго пераходу на іншую кватэру, лічыў, што
        пад гэтым дахам, пад аховай не па гадах практычнай жанчыны і сам ён, і справа, якая даручана яму, будуць знаходзіцца ў большай бяспецы, чым у любым іншым месцы. Але аспрэчваць рашэнне камандзіра не адважыўся. Аднак і выканаць яго параду — не вяртацца на старую кватэру — не мог, бо ведаў, і Вольга будзе пакутаваць ад невядомасці, і ў яго ніколі не будзе спакойна на душы ад думкі. што праз яго пакутуе дарагі чалавек.
        Ішоў з рашучым намерам пагаварыць, растлумачыць і не заставацца нанач, каб не мець лішніх перажыванняў самому, не вярэдзіць яе душэўнай раны — пайсці на новую кватэру да незнаёмых людзей; у яго меўся начны пропуск на імя чыгуначнага рабочага Івана Хадкевіча.
        Сваёй радасцю з прычыны яго звароту Вольга растапіла яго рашучасць, як воск. Не хапала духу пры такім яе клопаце і ласкавасці абвясціць сваё няўдзячнае рашэнне, недарэчна ж сказаць. што такі загад мае, не зразумее яна такога загаду, пашле да д'ябла ўсіх камандзіраў, бо сэрцу яе сапраўды ніхто не можа загадаць.
        Алесь быў галодны, але еў нехаця, як хворы, і Вольгу гэта непакоіла. Яна сядзела напроціў, не зводзіла з яго вачэй і частавала, як дарагога госця, прапаноўваючы адну страву за другой.
        Размова ў іх таксама выходзіла дзіўная, нейкая аднабаковая. Гаварыла Вольга, была залішне мнагаслоўнай, нібы разумела, што ў іх мала часу, і спяшалася выказацца. Але ён адчуваў, што гаворыць яна не пра тое, пра што ёй хочацца сказаць, спытаць; пра тое, галоўнае, пра што думаюць абое, яна баіцца пачаць гаворку, адцягвае на потым гэтак жа, як адцягвае і ён.
        Яна доўга і вельмі падрабязна расказвала, як паводзіла сябе Светка, пра ўсе яе хітрыкі і капрызы і асабліва пра тое, як дзіця сумавала па ім, як шукала па ўсіх кутках дома і настойліва дапытвалася на сваёй, зразумелай толькі ёй, маці, мове, дзе ён, калі вернецца. Пра тое, як сумавала, як хвалявалася сама — ні слова. Расказ пра дзіця крануў Алеся, але ён разумеў яго падтэкст і зноў здзіўляўся — не першы раз! — душэўнай чуласці і тонкасці гэтай жанчыны, у іншых абставінах грубай і крыклівай. Яна як бы закалыхвала яго, стомленага, пацяжэлага ад вячэры, расказамі пра дачку і пра свае справы, пра суседзяў, пра цётку Марылю, якая чамусьці пачала глухнуць і, недачуваючы, часта адказвае неўпапад, чым здзіўляе нават Светку.
        Сказала, што была ў Бароўскіх, але не прызналася, што шукала яго, быццам бы так заглянула, між іншым. Тут Алесь зразумеў, як асцярожна яна падступае да таго, галоўнага, пра што ім належыць пагаварыць, і ўслухаўся больш уважліва.
        — Ленка нервовая, злая. Слова ёй не скажы. Гэта ад галадухі.
        — Ты памагла б ім.
        — Каму? Бароўскім? Яны гордыя. Ды і ў мяне не база, не склад. Не трэба было ім варон лавіць. Такія хлопцы, як іх Косця, хіба столькі дабра панацягвалі, як я, адзінокая баба. Не ў кожны склеп я асмельвалася лезці. Яны сваім сумленнем даражылі, у мяне таксама было чым даражыць...
        «Ну вось, цяпер яе зноў занесла ў камароўскае балота», — падумаў Алесь, расчараваны яе словамі, яе непрыязнасцю да Бароўскіх; вось так у яе часта, побач з душэўнасцю — грубасць, прагнасць, гандлярскі разлік. Але не запярэчыў на яе словы проціў Бароўскіх. Няхай бы яна пачала лаяць усіх іх, падпольшчыкаў, тады яму было б лягчэй сказаць пра сваё рашэнне і пайсці адгэтуль. Як гэта, аднак, цяжка — пайсці ад яе!
        Даўшы поўную справаздачу аб тым, што адбылося ў доме, пакуль ён адсутнічаў, і не дачакаўшыся ад Алеся такой жа шчырай споведзі, Вольга спытала таямнічым шэптам:
        — А ты... ты што рабіў?
        — Не трэба гаварыць пра мае справы, Воля. Так будзе лепей. Для цябе. Навошта табе
        трэба? Так будзе спакайней... мне... усім нам...
        — Я бегала паглядзець на павешаных у скверы...
        Ён асекся. Дык во чым жыла яна гэтыя дні! Адным паведамленнем выдала ўсё. Дык хіба можна ўгаворваць яе, каб яна нічога не ведала, не хацела ведаць?
        — Мы... адпомсцілі за нашых таварышаў.
        — Ты забіваў?
        — Не я адзін. Мы ўзарвалі эшалон... Але ты... ты нічога не чула!
        — Я нічога не чула, — пакорліва згадзілася Вольга, скурчыўшыся, быццам ёй раптам зрабілася холадна, схавала рукі пад кофтачку.
        Алесь зразумеў: сваё галоўнае яна сказала. Цяпер трэба сказаць яму. Але пасля таго, што пачуў, зрабілася яшчэ цяжэй абвясціць, што ён павінен пайсці ад яе зараз жа. Неадкладна.
        Закапрызнічала малая, захацела спаць. Вольга пайшла ўкладваць яе.
        Алесь застаўся адзін за сталом, з трывогай думаючы, што не можа выканаць зусім простае заданне. Пачаў пераконваць сябе, што гэта сапраўды-такі заданне, загад. I ён абавязаны выканаць яго!
        Светка не засынала, клікала яго:
        — Ты-та!Ты-та!
        Дзіўна, чаму яна дала яму такое імя? Што яно значыць на яе дзіцячай мове? Тата ці дзядзя?
        Ён не ішоў і не адгукваўся.
        Тады паклікала Вольга:
        — Яна не засынае без цябе. Так кожны вечар. Хадзі пакалышы.
        Яны сядзелі на ложку ў паўзмроку, святло падала праз адчыненыя дзверы спаленькі, і абое трымаліся за калыску, рукі іх датыкаліся; у плеценай качалцы, здавалася, звінела кожная перасохлая лазінка, як далёкія жалейкі.
        Супакоеная яго прысутнасцю, дзіця праспявала сабе «ката» і хутка заснула.
        Тады Вольга імкліва абняла яго, горача зашаптала:
        — Саша, міленькі, родненькі! Не пакідай мяне! Я баюся адна. Я не магу без цябе. Я не буду перашкаджаць табе. Я іх таксама ненавіджу! Хочаш, буду памагаць табе? Ва ўсім буду памагаць, я смелая, ты ведаеш, я нічога не баюся. Трэба будзе памерці — я памру за цябе... разам з табой... як хочаш. Не ідзі, Саша, нарачоны ты мой. Богам нарачоны...
        Яна плакала.
        Алесь ніколі не бачыў такіх яе слёз, не чуў такога плачу і не думаў, што яна можа быць такой разгубленай, бездапаможнай. Уражаны, расчулены, узрадаваны і спалоханы, што цяпер будзе яшчэ цяжэй пакінуць гэты дом, ён гладзіў яе па галаве, як маленькую, і цалаваў мокрыя салёныя вочы, гарачыя вусны.
        Алесь прачнуўся ад трывожнага сну. Фашысты вешалі дзяцей. Ды самае жудаснае было не ў самім злачынстве, а ў тым, што дзеці не разумелі, што адбываецца, прымалі гэта як гульню і весела смяяліся, паказваючы пальчыкамі на тых, каго павесілі ўжо. А навокал стаялі дарослыя, цэлы натоўп, шчыльнай сцяной, нерухома, у маўклівасці: ён, Алесь, хацеў прабіцца праз натоўп і не мог, хацеў закрычаць, але ў яго прапаў голас. Усё навокал застыла, анямела, аглухла, толькі чутно было, як смяюцца дзеці.
        Абліты халодным потам, ён не адразу сцяміў, што прачнуўся. Навокал была цемра. Шумела ў вушах — ад грукату сэрца.
        Потым ён пачуў Вользіна дыханне, яна ляжала побач. Па тым, як стоена яна дыхае, зразумеў, што Вольга не спіць, можа, так і не заснула праз усю ноч. Лёгка дакрануўся да яе рукі. Яна прашаптала:
        — Спі. Яшчэ рана.
        Алесю зрабілася сорамна за сваю вячэрнюю слабасць, за тое, што, сказаўшы пра расстанне сваім выглядам, ён так і не адважыўся сказаць словамі, пагаварыць разважліва. Адны эмацыянальныя ўсплёскі. Не трэба было заставацца нанач, гэта слабасць, падман самога сябе і яе, Вольгі, яна, напэўна, думае, што ўгаварыла яго, пакарыла. Не, угаварыць яго нельга. Ён мае загад і цяпер ужо цвёрда перакананы, што гэта правільны загад, такі закон канспірацыі. Нельга больш адцягваць размовы. Дарэчы, цяпер, раніцой, усё выглядае значна прасцей. I ён проста сказаў:
        — На світанні я пайду, Вольга. Зразумей. Так трэба. Для Свецінай бяспекі. I для справы. Але я буду ў Мінску. Побач. Мы будзем сустракацца.
        Баяўся, што яна зноў заплача, зноў пачне прасіць; на жаночыя слёзы ён не ўмеў адказваць. Вольга маўчала. Доўга. Потым знайшла яго руку і сціснула пальцы. Алесь думаў, як развітацца так, каб не раскіснуць самому, не расчуліць яе. Каб без слёз. Ды Вольга зноў здзівіла яго. Сказала, як пра вельмі звычайнае:
        — Перадай Камандзіру, што я згодна на яго прапанову.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.