РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
IX
        
IX

        
        Першае даручэнне Вользе даў сам Камандзір: неяк міжволі яна пачала называць чалавека, у якога былі розныя імёны, пачціва і высока — Камандзір.
        Яна чакала з нецярпеннем, калі хто да яе звернецца. Баялася, што ніхто не звернецца. Камандзір мог пакрыўдзіцца, ды і Алесь мог не перадаць яе згоду, сказаў жа, што пакідае дом дзеля яе і Свецінай бяспекі. А ёй з кожным днём усё мацней хацелася, каб яе паслуга спатрэбілася ім. I ўжо не толькі таму, што гэта дало б надзею страчацца з Алесем, але і па нейкай іншай прычыне, не такой асабістай, па закліку нейкага іншага пачуцця — не жаночага, — якое яна не зусім яшчэ асэнсавала.
        На прадуктовы рынак Вольга цяпер выходзіла рэдка. Прадукты даражэлі, гараджане амаль не выносілі, сяляне прыязджаць баяліся. У яе былі запасы, але яна мудра вырашыла, што ўсё, што можа паляжаць, не сапсуецца, лепш захаваць надалей. Аднак бульбу і буракі далей вясны трымаць не будзеш. Безумоўна, можна прадаць і вясной, цана, напэўна, вырасце, калі людзям трэба будзе і есці і пасадзіць яе, бульбу, на гародах. Але без звыклага занятку ёй рабілася сумна, асабліва цяпер, без Алеся. Урэшце, гэта была яе стыхія, яе выхад у свет, грамадская дзейнасць, усё — што хочаш. Ёй карцела з'явіцца там хоць раз на тыдзень, апынуцца ў цэнтры ўвагі гандлярак, пакупнікоў, паліцэйскіх, пакрычаць, пашумець, патаргавацца, пачуць гарадскія навіны.
        У той дзень яна гандлявала зваранай у мундзірах бульбай і буракамі. Працяглыя і суровыя калядныя марозы ўрэшце адступілі, прырода як бы злітавалася. Дзень быў адліжны, мяккі, сыпаў снег, і абрысы дамоў і людзей расплываліся, затуманьваліся. Але яго Вольга пазнала здалёк, як толькі ён выйшаў з-за былога мяснога павільёна, ператворанага цяпер у прыбіральню, бо ад бомбы, што ўпала на пачатку вайны, адна сцяна мураванкі абрушылася.
        У Вольгі радасна і трывожна забілася сэрца. Не прайшоў бы міма! Ссунула з ілба цёплую хустку, адкрыла твар, узняла галаву, падставіўшы гарачыя шчокі сняжынкам. Цяпер ён не мог не пазнаць яе. Але ведала: калі ён пройдзе міма, то і ёй трэба маўчаць, не паказваць свайго знаёмства з ім. Між іншым, яе амаль узрадавала, што ён зноў у тым жа кажушку, на які яна некалі пазайздросціла. Але кажушок яшчэ больш страціў сваю элегантнасць, зашмальцаваўся, ды і Камандзір меў зусім не такі выгляд, як тады. Твар змарнелы, схудалы. Толькі вочы зіркаюць па-ранейшаму весела, нават неяк па-хлапецку
        гарэзліва, не прапускаюць ніводнага сустрэчнага, азіраюць і маладую жанчыну, і нямецкага салдата, і старую жабрачку, што працягвае руку. Жабрачцы ён нешта даў, пасяя гаварыў з паліцэйскім, як з добрым знаёмым. Назіраючы іх размову, Вольга падумала, што да яе ён не падыдзе, і... хвалявалася так моцна, быццам ад таго, падыдзе ён ці не падыдзе, залежыць усё яе жыццё. Забылася на ўсе перасцярогі, сачыла толькі за ім. Заззяла, як нявеста, калі ён скіраваўся да яе і на падыходзе проста павітаўся:
        — Здарова, прыгажуня. Пачастуеш гарачымі дранікамі?
        Вольга засмяялася голасна, на ўсю рыначную плошчу.
        — Спазніўся ты. Няма больш дранікаў. Цяпер іх з рукамі адарвалі б. Бульба цёплая ў мундзірах. Хочаш?
        — А соль маеш?
        — Для такога пана знайду драбок.
        — О, у такім разе давай тваю бульбу. Соль цяпер — што сала.
        Вольга схілілася над саначкамі, на якіх стаяў вялікі чыгун, «свіны», загорнуты ў старую ватоўку.
        Ён схіліўся над прылаўкам, нібы паглядзець, адкуль яна дастае бульбу, і ціха сказаў:
        — Паклон ад Сашы.
        Вольга ўстрапянулася, але не выпрасталася, даставала бульбу з-пад нізу, дзе цяплейшая.
        — Як ён?
        — О, герой!
        — Дазволь нам сустрэцца.
        — Я? — здзівіўся ён.
        — А хто ж?
        Ён зразумеў, што пра арганізацыю іх Вольга думае як пра вайсковую, у якой без дазволу камандзіра падпольшчык не мае права нават сустрэцца з блізкімі, а яго лічыць камандзірам. Яму, былому палітработніку, пальсціла, што простая жанчына, пакуль што далёкая ад іх спраў, так уяўляе падпольную арганізацыю. Так напачатку ўяўлялі і ён, і некаторыя яго таварышы. Але ў гэтым была іх памылка. Ён, гарачая галава, да таго часу ўжо астыў і шмат што зразумеў — пасля хвалі снежаньска-студзеньскіх арыштаў. Шырока размахнуліся кіраўнікі першага падполля, многа ўцягвалі людзей непадрыхтаваных, нерэальную задачу ставілі — узняць лагеры палонных на паўстанне і вызваліць Мінск. Стары камуніст, падпольшчык часоў Грамадзянскай вайны, Павел Восіпавіч называў гэта авантурай, ды кіраўнікі ваеннага савета не захацелі з ім нават сустракацца, хоць Андрэй стараўся звязаць іх. Цяпер ён прызнае, што менавіта шваграў канспіратыўны вопыт памог уратавацца не толькі яму асабіста, але і зберагчы ад правалу большасць членаў групы. Правалы навучылі асцярожнасці. Але ўсё адно рызыкаваць прыходзілася штодня. Ёсць рызыка ў даверы да людзей, але і без даверу нельга ў такім змаганні.
        Вользе ён паверыў з таго дня, калі забіраў прыёмнік. Абураўся, што чалавек, якога яна ратавала, не выказаў у свой час такой веры. Яе адмова, калі ён прыйшоў з просьбай, не пахіснула яго ўпэўненасці, наадварот: ён разумеў, як нялёгка такой жанчыне пайсці на свядомую барацьбу, стыхійна яна можа зрабіць любы самы адчайны ўчынак, а свядома пайсці на подзвіг не здолее. Парадаваўся не за яе — за Алеся, калі той з радасным хваляваннем сказаў яму, што Вольга згодна. Але выказаў перасцярогу Павел, таму ён два доўгія тыдні не мог прыдумаць новай сувязной задання. Ды сёння яму не абысціся без гэтай увішнай жанчынкі, бо яна менш, чым любы іншы з іх людзей, можа наклікаць на сябе падазронасць.
        Раніцой, вяртаючыся з «начной работы», ён угледзеў, што ваенная жандармерыя і гестапа ачапілі цэлы квартал, дзе яго дом. Лезці ім у лапы, нават маючы дасканалыя
        дакументы, было б вар'яцтвам. Але што здарылася? Што з Янінай? Цяпер, удзень, ачаплення не відаць на вуліцах — хлапчукі праверылі. Але ці няма засады ў доме?
        Вольга дастала з-за пазухі насовачку, у вузялку якой быў драбок солі. Соль яна брала не для пакупнікоў — для паліцэйскіх: бобікі, калі нават выпівалі і закусвалі ў каго іншага, па соль усё адно ішлі да яе.
        Камандзір разламаў бульбіну і вельмі ашчадна пасаліў, еў з шалупіннем, чым здзівіў Вольгу: няўжо такі галодны? З'еўшы тры бульбіны, дастаў кашалёк і пачаў старанна падлічваць грошы.
        — Ці хопіць у мяне разлічыцца з табой?
        Вольга разумела, што адмаўляцца ёй ад грошай нельга, але сказала:
        — Такому пану я адпушчу напавер.
        Убачыла, што нават гэта яму не спадабалася, але ён падыграў:
        — О, пані добрая. Але пані можа памыліцца: я рэдкі госць тут. Ды і ўвогуле забываюся аддаваць.
        Калі аддаў грошы, сказаў адрас. А пасля, улучыўшы момант, калі суседка адвярнулася, палез сам у чыгун, каб за свае грошы выбраць лепшыя бульбіны, і так, схілены, як у паклоне, сказаў ёй:
        — Твой пароль: «Кажуць, у вас прадаецца арэнбургская хустка?» Адказ: «Белую прадала, а шэрая ёсць». Імя жанчыны — Яніна Восіпаўна. Гэта мая жонка. Калі ж яе няма там, сама разумееш, што гэта азначае. Выкручвайся — як умееш.
        — А што перадаць? Што спытаць?
        — Што Андрэй чакае ў Віцька.
        — Усяго?
        — Не будзь прагная, — засмяяўся ён.
        Вольга нібыта расчаравалася, але гэта было няшчыра. Праўда была ў іншым: яе моцна ўразіла, што чалавек не можа прайсці дадому, да роднай жонкі. I зноў ударыў страх: так можа быць і з ёй — што яна не здолее ўбачыць роднае дзіця. Але страх трымаўся адзін міг. У наступную хвіліну яна з новым захапленнем глядзела на Камандзіра. Ён выпрастаўся і зноў смачна еў неачышчаную бульбіну, ажно мурлыкаў, як кот, і вочы яго смяяліся, быццам ён толькі што ашукаў самога Гітлера.
        Дома Вольга сказала цётцы Марылі ўпершыню такое:
        — Калі мяне арыштуюць, занясеш Светку да Казіка.
        Старой не падабалася раптоўнае знікненне «кватаранта», таму такая нечаканая Вользіна просьба спалохала яе. Яна бачыла, як Вольга хвалявалася, калі не вярнуўся дадому Алесь, бегала да павешаных, а потым раптам пасля адной ночы супакоілася. Тады ўжо Марыля адчула нейкую таямнічасць, якая яшчэ больш узмацнілася, калі на яе трохі прытворнае бедаванне, куды знік хлопец, Вольга адказала нібыта ўзлавана:
        — Можа, бабу знайшоў другую. Хіба цяпер мала нас? Кожная заманіць хоча хоць якія-небудзь штаны.
        Але цётка Марыля добра ведала, што не той хлопец Алесь, каб проста так перайсці да іншай саддаткі.
        — Завошта гэта цябе арыштуюць? Што ты плявузгаеш?
        — За спекуляцыю.
        — За спекуляцыю немцы не чапаюць.
        — Ого, яшчэ як чапаюць! Ты скажы, за што яны не садзяць, не страляюць?
        З гэтым старая не магла не згадзіцца. Але ўсё адно ёй не падабалася, як Вольга збіраецца. З рознымі рэчамі яна хадзіла на рынак, у вёскі, але неяк не так выносіла іх з дому. А тут абвязала сябе пад плаццем лепшай гарусавай хусткай, паклала за пазуху
        гадзіннік, залаты пярсцёнак. I вузялок навязала.
        У сапраўднасці ўсё было натуральна: Вольга нібы рэпеціравала новую ролю. Яшчэ там, на рынку, як толькі Камандзір развітаўся з ёй, яна падумала, што ёй трэба як сувязной. — пароль падказаў: зрабіцца «надомніцай», хоць не надта паважала тых, хто гэтым займаецца — ходзіць па дамах і купляе рэчы, каб пасля ў вёсках выгадна выменяць на прадукты; такі гандаль здаваўся ёй цыганскім, несумленным. Але цяпер ён мог памагчы справе.
        «Выкручвайся — як умееш». А гэта яна ўмее.
        Ішла Вольга на сваё першае баявое заданне без страху. Сама здзіўлялася. Разумела: калі Камандзір баіцца пайсці дадому і калі думае, што жонка можа быць арыштаваная, значыцца, нешта здарылася. Але, напэўна, з-за таго, што нічога не ведала і здагадацца не магла, што там у іх такое, і чалавека, да якога ішла, не ведала, — нічога не баялася. Верыла ў праўдзівасць сваёй ролі скупшчыцы адзення, для яе роля гэтая сапраўды-такі праўдзівая: ёй не трэба прытварацца. Паўгорада пацвердзіць, хто яна такая: прадавала з маленства, а раз прадавала — значыцца, і купляла, і цяпер купляе.
        Адно хіба збянтэжыла: з варот напроціў таго дома, куды ёй трэба зайсці, выязджалі ваенныя машыны. Няўжо яна недачула адрас, наблытала? Але прыгадала, на якой машыне Камандзір прыязджаў па прыёмнік. Рызыкант. Урэшце, суседства такое адбылося не па яго волі. Шмат каму яны сталі суседзямі, гэтыя прышэльцы, — кожны другі дом заняты.
        Вольга пільна прыглядалася, каб зразумець, што ж не дало Камандзіру зайсці дадому. Нічога падазронага не ўбачыла. Па вуліцы ходзяць немцы. Але дзе яны не ходзяць? У двары пуста. I ў пад'ездзе дома — нікога.
        Яна паднялася па скрыпучай лесвіцы на другі паверх. I толькі перад дзвярамі пачула, што хвалюецца, як вучаніца перад экзаменам. Але не баіцца, а хвалюецца. Паўтарыла ў думках пароль. Не адразу адважылася пастукаць. Пасля схамянулася, што нельга доўга стаяць: раптам за ёй сочыць таемна-чужое вока, варожае вока? Камандзір мог угледзець гэтае вока.
        Рашуча пастукала. Адчынілі без запытання. Вольга ўзрадавалася і збянтэжылася: жанчына, што стаяла ў калідоры, была знаёмая — да вайны неаднойчы купляла ў яе зеляніну, і запомніла таму, што належала да тых нямногіх гаспадынь, якія дробязна не таргаваліся, не перабіралі пучкі радыскі і цыбулі — куплялі, як мужчыны. Але найбольш уразіла, што Яніна Восіпаўна цяжарная. Угледзела гэта адразу па плямах на твары, па паставе, па тым, як тая трымала рукі. Ад такое неспадзяванасці забылася нават на пароль. Ды гаспадыня запрасіла без пароля, здзівіўшы, што ведае яе імя:
        — Заходзьце, Вольга.
        Не, пароль Вольга ўсё ж сказала. Яніна Восіпаўна дала адказ як мае быць. Але тут жа зняла з плячэй шэрую пуховую хустку, працягнула Вользе, папрасіла:
        — Вы ходзіце ў сёлы мяняць? Выменяйце мне што-небудзь... сала, масла...
        Вольга разгубілася: што гэта, дадатковая праверка, працяг пароля ці шчырая просьба? Вельмі проста зразумець, што жанчыне ў такім стане патрэбны тлушч. Але гэта проста там, дзе ўсё проста, а тут — бог ведае, што да чаго.
        Збіраючыся сюды пад выглядам скупшчыцы, яна ўзяла з сабой не толькі што-нішто з нядаўна купленага адзення, але захапіла буханку хлеба і брусок сала, бо ведала, што многія з гэтых спекулянтаў, якія нажываюцца на бядзе, не галадаюць: скупляюць рэчы не за грошы — за прадукты, але плацяць трэць таго, што пасля выменьваюць у вёсках. Падумала і пра іншае, маючы вопыт: самагонкай, хлебам ды салам лягчэй за ўсё адкупіцца ад якога-небудзь нахабнага паліцая, ды і немцы не грэбуюць — бяруць.
        Пастаяўшы нейкі момант у нерашучасці, у роздуме, Вольга ўзяла з рук гаспадыні хустку, акуратаа згарнула і паклала на стол, на чысценькі, добра адпрасаваны клятчасты
        абрус. Пасля развязала свой вузялок і туды ж на стол, побач з хусткай, паклала хлеб і сала.
        Глянула на гаспадыню і... аслупянела: шырокія вочы, з сінімі кругамі вакол, як у многіх цяжарных, раптоўна напоўніліся смяртэльным страхам, жудасцю. Вольга глядзела на яе і не разумела, што ж адбылося за нейкі міг, пакуль яна развязвала вузел.
        — Што з ім? — ледзь чутна прашаптала Яніна Восіпаўна раптоўна засмяглымі вуснамі.
        — З кім?
        — З Андрэем.
        Дык вунь што! Божа мой! Які сорам! Якая яна варона! Сама ж перажыла такое зусім нядаўна і не сцяміла, што патрэбна гэтай жанчыне ў першую чаргу, чаго яна чакае. Хіба не відно было, што хустку гэтую сунула, пра мену загаварыла, каб не выдаць хвалявання, адцягнуць час, калі яна, Вольга, прыйшла з бядой? А яна, дурніца, пачала хлеб выкладваць, як міласціну няшчаснай, як дапамогу на памінкі.
        — Андрэй чакае ў Віцька.
        Яніна Восіпаўна схапіла яе за рукі:
        — Хто? Хто сказаў вам?
        — Ён сам.
        — Вы бачылі яго? Калі?
        — Сёння. На рынку. Нядаўна. Колькі таго часу прайшло? — глянула на будзільнік, што цікаў на стале. — Гадзіны дзве, можа, не больш.
        Яніна Восіпаўна адступіла, павольна высунула з-пад стала крэсла, асцярожна, як пры радыкуліце, села на яго, запрасіла Вольгу:
        — Сядайце, калі ласка.
        Страху ёй не ўдалося ўтаіць, а радасць стаіла: адразу зрабілася спакойная, падкрэслена ветлівая, уважлівая. Вольга села напроціў і проста растлумачыла:
        — Я так зразумела, што сам ён не мог пайсці дадому, таму паслаў да вас мяне. Доўга ж, ведаеце, гаварыць не было як. Людзі ж вакол. Ён з'еў колькі бульбін. Я солі яму дала.
        — Дзякуй, Вольга. Цяпер я разумею. На світанні гэтыя, — яна кіўнула на акно, дзе цераз вуліцу стаяла ваенная часць, — узнялі трывогу, ачапілі ўвесь раён, рабілі вобыск у кожнай кватэры. Некага і нешта шукалі. Але не арыштоўвалі. Ва ўсякім разе, з нашага дому не ўзялі нікога. Па тым, як шукалі ў мяне, куды заглядвалі, здагадваюся, што недзе блізка вёў перадачу наш радыст, і яны яго запеленгавалі. Але гэта мая здагадка. Так перадайце Андрэю. Няхай пачакае, пакуль не праверым.
        — А ёсць і такія... радысты? — шэптам, азірнуўшыся на акно, спытала Вольга.
        Яніна Восіпаўна ледзь прыкметна ўсміхнулася, і Вольга пачырванела, зразумеўшы, што спытала па-дзіцячаму наіўна. Добра ж ведае сама, што ёсць, немцы пісалі з восені, што злавілі савецкіх радыстаў, і на рынку пра іх людзі шапталіся. Але ж вельмі захацелася пачуць ці хаця б здагадацца з Янінінага адказу, што радысты разам з імі, адна група. Яшчэ там, на рынку, з'явілася непараўнальнае ні з чым ранейшым адчуванне, што яна далучаецца да нечага асаблівага, высокага, уступае на новую дарогу, невядомую, таемную, небяспечную, але і прывабную сваёй нязведанасцю. Ды хацелася ўведаць усё хутчэй. Хацелася пэўнасці. Радысты — гэта пэўнасць і сіла, гэта Чырвоная Армія, а не нейкая мясцовая самадзейнасць, накшталт таго, з чаго пачаў Саша: узяў употайкі пісталет і застрэліў немца; толькі цуд уратаваў яго, можа, яе, Вользіна, малітва. Каб да яе прыйшоў радыст і папрасіў дапамогу, то такому байцу яна, напэўна, даўно, нават на пачатку вайны, згадзілася б памагаць.
        Яніна Восіпаўна разглядала яе так пільна, што Вользе стала няёмка, яна апусціла вочы.
        Гаспадыня сказала:
        — Прабачце, я не прапанавала вам распрануцца. Сёння ў мяне цёпла, я прапаліла пасля
        вобыску, яны выстудзілі...
        Вольга са здзіўленнем і супярэчлівым захапленнем, да якога прымешваўся дакор, падумала, што гэтая інтэлігентка не ўяўляе сабе іншага жыцця: няхай галодна, але ўсё адно павінна быць чыста і ўтульна, бач, нават пасля вобыску, пасля такой трывогі за мужа навяла парадачак, прапаліла грубку. Здалося, што пра распрананне гаспадыня сказала таму, што яна ў сваім зашмальцаваным паліто аблакацілася на чысценькі — як толькі можна без мыла так памыць! — абрус.
        Засаромленая, Вольга падхапілася і гатова была развітацца: няма чаго сядзець, не ў госці прыйшла. Але Яніна Восіпаўна сапраўды памагла ёй распрануць паліто, аднесла ў калідор на вешалку. Вольга пакарылася, хоць была незадаволеная сабой, паспрабавала настроіцца супроць гэтай чысцюлі. Што хочаш можна падумаць пра жанчыну, якая, носячы ў сабе дзіця, новае жыццё, свядома ідзе на такое, на смерць. Але настроіцца супроць яе немагчыма. Загадкавы яе муж, у якога яна, Вольга, спытала: «Што вы за людзі?» Яшчэ ў большай меры хацелася спытаць у жонкі: «Што ты за чалавек, жанчына? Растлумач мне, я хачу зразумець цябе, мне гэта вельмі патрэбна, можа, тады лягчэй будзе разумець уласныя ўчынкі, якія так палохаюць мяне». Але не ўмее яна спытаць такое, няма ў яе патрэб-ных слоў, асаблівых, высокіх, такіх, якія гаварыў Алесь.
        Яніна Восіпаўна сказала:
        — А я помню вас.
        — I я помню вас.
        I яны абедзве засмяяліся. Гэта неяк адразу зблізіла іх, спрасціла адносіны. Пры наступным звароце Яніна сказала ёй «ты»:
        — Я пачастую цябе чаем. Андрэй ведае, што я люблю чай, і купіў у немцаў пачку натуральнага, з маркай французскай фірмы. Цэйлонскі.
        Вольга не адмовілася, ёй хацелася надаўжэй застацца з гэтай жанчынай, можа, сапраўды спадзявалася адкрыць нешта асаблівае ў людзях той жа пароды, што і Саша.
        Пакуль Яніна Восіпаўна падавала чай — ён быў гатовы, у нямецкім тэрмасе, — Вольга яшчэ раз агледзела пакой. Як усё проста, небагата — нічога дарагога, нічога лішняга, але прыгожа! Упершыню яна па-жаночаму пазайздросціла такому ўменню ствараць вакол сябе прыгажосць. I кубачкі для чаю асаблівыя, быццам зробленыя па заказу, бо пасавалі і да шпалераў на сценах, і да пледа, якім засланы ложак, і да льнянога абруса з васільковым беражком.
        Наліўшы чаю, Яніна сказала трохі збянтэжана, быццам сала было не яе:
        — Я з'ем трошкі сала. Мне так захацелася сала. Гавораць, што гэта рэдка бывае, каб хацелася мяснога, — так ускосна прызналася, што цяжарная. — Але гэта, відаць, тады, калі яно ёсць. У мяне сёння — што свята. Ты прынесла мне радасць. Я баялася за Андрэя, хоць у яго і надзейны дакумент. Але ён неасцярожны, — і раптам шэптам папрасіла: — Асцерагай іх, Оля.
        Вольга ажно ўздрыгнула. Іх! Каго іх? Безумоўна, яна ведае пра Сашу, Андрэй расказаў усё. Захацелася расказаць пра свае пачуцці да Сашы, так, як расказваюць толькі самай блізкай сяброўцы. Але пасаромелася ці, можа, нават пабаялася: а калі Яніна спытае пра мужа? Вольгу даўно бянтэжыла і здзіўляла, што яна не адчувае сваёй віны перад Адасём. Але і найлепшай сяброўцы сказаць пра гэта сорамна, а тым больш чалавеку, з якім упершыню сустрэлася. Таму і пра Алеся змаўчала. Пачала расказваць пра дачку. Расказвала замілавана, з такімі падрабязнасцямі, якія ўмее ўбачыць у дзіцяці толькі маці і якія могуць зацікавіць толькі маці ці жанчыну, што рыхтуецца да мацярынства.
        Яніна Восіпаўна слухала моўчкі, вельмі ўважліва, але, здавалася Вользе на нейкі міг, як бы насцярожана ці нават баязліва: так слухаюць тое, што не жадаюць пачуць, чаго не
        хочуць ведаць.
        Вользе карцела сказаць, што толькі за яе, за Светку сваю, яна баіцца. Але, злавіўшы гаспадыніну насцярожанасць, зразумела, які страх яна перажывае за будучае дзіця, таму сказала тую не зусім шчырую праўду, якую ва ўсе часы паўтараюць усе маці:
        — Цяпер адзіная радасць мая — дачка. Дзеля яе жыву.
        Яніна Восіпаўна па-свойму прыняла гэтую размову і насцярожылася з іншай прычыны — баялася, што Вольга падвядзе: які гэта жах, страх, якія пакуты — жыць такім жыццём, маючы дзіця. Высока ацаніла Вользіну душэўную далікатнасць і ад удзячнасці прызналася ў самым запаветным, сапраўды, як вельмі блізкаму чалавеку:
        — Мы з Андрэем свядома пайшлі на гэта, хочам, каб наша жыццё прадоўжылася ў ім. Можа, гэта жорстка ў адносінах да яго, але мы верым, што добрыя людзі не пакінуць дзіця, калі мы загінем. Толькі б цяпер захаваць яго.
        Кранулі гэтыя словы Вольгу ледзь не да слёз сваёй трагічнасцю, але ў той жа час як бы адкрылі перад ёй трохі больш заслоны над таямніцамі чужых душ. I яна зноў, як некалі ў Камандзіра, спытала... не, бадай, не спытала — выгукнула:
        — Дзіўлюся я... Што вы за людзі?!
        Але жанчына адказала інакш, чым яе муж, не такімі высокімі словамі:
        — Мы такія ж людзі, як і ты, Оля. Не думай, што мы нейкія асаблівыя, з іншага цеста... Не. Мы такія ж...
        Чай сапраўды быў вельмі смачны, хоць гэта быў нямецкі чай і наліваўся з нямецкага тэрмаса. Хоць чорта лысага тыя немцы маюць, чужога нахапалі. Яніна сказала, што чай французскі. Тэрмас, відаць, таксама не нямецкі, бо размаляваны дзіўна: з аднаго боку пальма, пад ёй леў, а з другога — ільдзіна, а на ёй — белы мядзведзь; ніякіх нямецкіх знакаў ці надпісаў. Ва ўсялякім разе, Вользе здалося, што ніколі яна не піла такога чаю, нават тады, калі на стале шумеў самавар і падавалася найлепшае варэнне. А тут і драбка цукру не было, а такая смаката.
        Пасядзелі яны не доўга, з паўгадзіны, а так паразумеліся. Яніна нагадала, што Вользе трэба ісці — сказала адрас і пароль, па якім незнаёмы Віцёк павінен прызнаць яе за свайго чалавека.
        Калі Вольга апраналася ў калідоры, Яніна Восіпаўна ўспомніла пра хустку і вельмі збянтэжылася, што, пераклаўшы хустку са стала на крэсла, забылася пра яе.
        — А хустку? Прабачце, калі ласка.
        Вольга ўзяла прынесеную Янінай з пакоя хустку, разгарнула, як бы любуючыся, і раптам, абняўшы гаспадыню, накінула хустку ёй на плечы, захутала шчыльна грудзі, пацалавала ў шчаку.
        — Якая яна цёпленькая, а вам гэта трэба цяпер, каб цёпла было, — і, не даўшы запярэчыць разгубленай жанчыне, хутка выйшла.
        На другую явачную кватэру (дарэчы, словы такія яна пачула ад Яніны Восіпаўны), з другім сваім заданнем у адзін дзень Вольга ішла з яшчэ большай цікавасцю, па-новаму ўзбуджаная, і ўзбуджанасць гэтая была радасная.
        Жанчына, з якой яна амаль параднілася за кароткі час, зрабіла незвычайнае ўражанне, яна неяк па-свойму, па-жаночаму дапоўніла тыя асаблівыя пачуцці, якія, магчыма, упершыню з'явіліся перад калючым дротам лагера ці на кастрычніцкія святы, калі Саша кінуў ёй першы папрок і ёй захацелася адзначыць са-вецкае свята. Прарасталі яны, гэтыя пачуцці, нялёгка, пакутліва, па меры таго як яна ўсё больш пазнавала Сашу, збліжалася з ім душэўна. А сустрэчы з Камандзірам, з яго жонкай — што вясновы дождж і пасля яго — сонца.
        У той дзень яна як бы нарэшце зразумела, што ж гэта за людзі, з якімі звязаў яе лёс.
        Самае першае пачуццё, калі выйшла ад Яніны Восіпаўны, было нечаканае сваёй практычнасцю. Вучоным людзям яна і раней часам зайздросціла, але настаўнікаў ставіла не вельмі высока: нерваў псуюць многа, а атрымліваюць капейкі. А тут упершыню ёй вельмі захацелася стаць настаўніцай, вучыць дзяцей. Успомніла, ж угаворваў Саша, што ў яе выдатная памяць, незвычайныя здольнасці і ёй абавязкова трэба вучыцца. Прасіў, каб яна паабяцала, што будзе вучыцца. Яна абяцала, але сама не верыла сабе, ды і яму неяк выказала: якая там вучоба! А цяпер ішла па пустых заснежаных вуліцах і давала зарок, клятву самой сабе, Сашу, Камандзіру, Яніне, небу, з якога церушыўся ласкавы сняжок, на якім, верыла, ёсць Бог, што абавязкова пойдзе вучыцца адразу ж, як толькі прыйдуць нашы, не зважаючы ні на якія цяжкасці. Былі ж да вайны вячэрнія школы, будуць і пасля вайны, бо патрэба ў іх вырасце: падлеткі, якім трэба цяпер быць у школе, не вучацца, перарастуць.
        Ад нечаканага і проста-такі прагнага жадання вучыцца неяк адразу пабольшала яе ўпэўненасць, што нашы скора вернуцца і жыццё адновіцца. I яшчэ адно здарылася ў той момант: вельмі ж яно дарагім здалося, тое даваеннае жыццё, якое яна як бы і не заўважала ці заўважала тады, калі з'яўлялася прычына палаяць парадачак на рынку, у магазіне, у пашпартным стале, у чарзе ля кінатэатра, у трамваі. Цяпер ёй здавалася недарэчным, проста злачынным, што за такія дробязі некаторыя камароўцы часам залішне лаялі сваё начальства — сваіх людзей, з рабочых і сялян. Так лаяла старая Ляновічыха, з-за гэтага бацька неаднойчы сварыўся з ёй, стары гарбар тлумачыў усе цяжкасці па-рабочаму. Дарэчы, нават у адносінах да бацькоў у той дзень як бы адбылася нейкая змена. Да таго Вольга часцей успамінала маці, асабліва ў цяжкія хвіліны, і як бы раілася з ёй, верачы ў яе жыццёвую мудрасць, з бацькам ніколі не раілася, а тут раптам бадай з удзячнасцю ўспомніла бацьку, пагаварыла з ім і як бы адчула, што ён блаславіў яе.
        Другі пароль ёй гаварыць не прыйшлося, хоць дом яна знайшла не адразу, ён стаяў у адным з безыменных завулкаў пад самым лесам — Красным Урочышчам. Дом быў новы, але недабудаваны, нават без брамы — заходзь хто хочаш. А двор бязладна завалены бярвеннем і дошкамі, усё гэта, аднак, не ляжала нерухома, бо амаль усюды быў парушаны снег, жаўцелі свежае пілавінне і трэскі, пад адкрытай, таксама недабудаванай паветкай ляжалі нядаўна габляваныя дошкі, стружкі. Прыемна пахла свежай сасной. Ужо тое, што тут у такі час будуюцца, неяк хораша настроіла Вольгу, яна адчула сімпатыю да гаспадароў, людзей, безумоўна, працавітых і ўпэўненых, што ім доўга жыць. Не, відаць, упэўненыя яны ў нечым большым, чым уласнае даўгалецце, калі зрабілі свой недабудаваны дом явачнай кватэрай. Вокны былі забітыя шалёўкамі, толькі дзве новыя рамы, злева ад ганка, зашклёныя, два акны тыя дагледжаны па-зімоваму — заканапачаныя пакуллем шчыліны паміж луткамі і рамамі, закітаваныя шыбы.
        Здзівіў ганак: з усяго ён адзін не толькі быў даведзены да ладу, але збудаваны адмыслова, з выдумкай — з наразнымі слупкамі, парэнчамі, лаўкай, быццам гаспадары лічылі, што без усяго можна пражыць, а без добрага ганка — нельга. «Гэта ўжо не гаспадарлівасць, а дзівацтва нейкае», — падумала Вольга. Хоць дзівацтва было не толькі з ганкам. Як, напрыклад, можна жыць без брамы, калі ў двары такое багацце? Паліва ў гэтую суровую ваенную зіму — што хлеб. Нават ёй, Вользе, якая ніколі чужога не брала (дзяржаўнае і пакінутае бежанцамі не лічыла за чужое), нялёгка было б утрымацца ад спакусы, каб побач жыў сусед, у якога не было б брамы і ў двары ляжала б столькі дрэва.
        Раз тут усё насцеж, то і зайсці можна ў такі дом, як у краму, не пытаючыся дазволу, без стуку.
        Вольга ўвайшла ў калідор, з якога не было дзвярэй у недабудаваную палавіну дома — чарнеў праём, і адтуль пахла хлявом — сенам і гноем. Адчыніла дзверы і трапіла ў жылую
        частку — прасторную і цёплую кухню. За сталом сядзелі Камандзір і гаспадар, даволі пажылы чалавек, і... выпівалі. На ненакрытым стале стаяла пляшка з мутнаватай вадкасцю, гэтае ж пітво было ў шклянцы, што стаяла перад Камандзірам, перад гаспадаром стаяла конаўка, з кансервавай бляшанкі, у талерцы — квашаная капуста, ляжалі паўбуханкі хлеба і нейкі шавецкі нож.
        Вольгу неяк нядобра ўразіў такі іх занятак. Не, не тое, што людзі пілі і закусвалі, а такая звычайнасць паводзін падпольшчыкаў і, здалося ёй, недаравальная неасцярожнасць, поўная супрацьлегласць таму, што яна ўбачыла, пачула і адчула на першай явачнай кватэры: там усё, як кажуць, было на нерве, на самых высокіх пачуццях, кожны жэст і слова набывалі асаблівы сэнс, нават у тым, як яе пачаставалі чаем, было нейкае асаблівае высакародства і таксама пэўны сэнс. А можа, проста пасля таго, высокага, да якога яна душэўна далучылася, яе трохі расчаравала гэтая абрыдлая будзённая карціна, якую яна назірала і да вайны, калі Адась ледзь не штодня прыкладваўся да чаркі, і часта бачыць цяпер: паліцаі, што галодныя сабакі, шныраць, дзе б схапіць на дармаўшчыну гэтай гары. Дык у бобікаў іншага жыцця і быць не можа. А яна ўбачыла іншае жыццё — у Алеся, у Яніны Восіпаўны. Магчыма, што з жаночай салідарнасці Вольга пакрыўдзілася за Яніну: заўсёды вось так — жонка недзе дрыжыць за яго, а муж з чаркай цалуецца.
        Але ўсё рассеялася, як толькі яна ўбачыла, якімі вачамі паглядзеў на яе Камандзір, як падняўся насустрач — у вачах яго была тая ж трывога, што і ў Яніны Восіпаўны. Пэўна, у той міг Вольга ўсвядоміла адзін з галоўных законаў канспірацыі: найбольшая бяспека і асцярожнасць — у натуральнасці, звычайнасці абставін і паводзін; каб у настаўніцы ўсё было, як у настаўніцы, а ў гэтага мужыка, як у мужыка, — каб з дзвярэй патыхала хлявом, хлеб рэзалі шавецкім нажом і пілі самагонку з бляшанай конаўкі.
        Настрой у Вольгі хутка змяніўся яшчэ і таму, што гэтага чалавека, гаспадара, яна таксама ведала па рынку, — шанцавала ёй у той дзень. Ён не часта з'яўляўся там, але камароўскім гандляркам запомніўся адзін выпадак. Чалавек гэты, інвалід, без нагі, на дзеравяшцы, аднойчы прадаваў боты, і да яго прычапіўся міліцыянер. Абодва разгарачыліся і схапіліся загрудкі. Тады міліцыянер яго арыштаваў — за абразу ўлады і вёў у аддзяленне. Хоць міліцыянер у гандлярак быў сваім хлопцам, нікога з іх не даваў у крыўду, бабы ўсё адно заступіліся за інваліда. Абкружылі іх і ўзнялі вэрхал, пагражалі, што ўсе пойдуць да начальніка. Міліцыянер мусіў дараваць абразу, за што быў узнагароджаны славай добрага чалавека і атрымаў кампенсацыю за адарваны гузік.
        Не даўшы Вользе адступіць ад парога, Камандзір нецярпліва спытаў:
        — Штотам?
        Убачыў, што яна як бы збянтэжылася, зразумеў яе асцярожнасць, пахваліў у думках і тут жа прадставіў старога:
        — Гэта наш таварыш. Захар Пятровіч, той самы Віцёк...
        — Вот лайдакі, выдумалі, — з усмешкай паківаў галавой гаспадар і таксама падняўся, моцна стукаючы пратэзам па падлозе, узяў ля печы табурэт, паставіў да стала, запрасіў: — Сядай, Вольга, мы табе пагрэцца дамо.
        Вольга села і расказала, што адбылося ў Пушкінскім пасёлку і што на гэты конт думае Яніна Восіпаўна, і перасцярогу яе перадала, каб ён не з'яўляўся пакуль.
        Камандзір слухаў моўчкі, зрабіўшыся раптам вельмі сур'ёзным, заклапочаным. А Вольга ўслухалася ў свой голас і пачула, што ён дрыжыць. Здзівілася, чаму хвалюецца, расказваючы аб выкананні першага задання, вельмі простага, па сутнасці, звычайнай чалавечай паслугі. Потым зразумела. Усё гэта цяпер, калі яна расказвае, набывала сапраўды асаблівы сэнс — для яе самой. Здавалася, не тады, калі яна ратавала Сашу, і не тады, калі ён адыходзіў, а яна дала згоду на Камандзіраву просьбу, і нават не тады, калі
        Камандзір даў ёй гэтае заданне і яна пайшла яго выконваць, а менавіта цяпер, расказваючы пра размову з Янінай Восіпаўнай, яна як бы пераступае нейкі парог і ўступае ў новае жыццё, вельмі небяспечнае. Але ці не ад таго яна хвалюецца, радасна хвалюецца, што, ведаючы пра гэтую небяспеку, упершыню не адчувае таго страху, ад якога раней халадзела сэрца і млелі рукі? Жадаючы сказаць яму нешта прыемнае, яна ў заключэнне выгукнула са шчырым захапленнем:
        — Якая ў цябе жонка, Камандзір! У такую нават я закахалася.
        Андрэй усміхнуўся з удзячнасцю. А стары засмяяўся весела, як маладуха, пажадаў:
        — Ах, каб вам добра было!
        Ён тым часам дастаў з шуфляды стала вышчарбленую, пажаўцелую ад часу чарку, выцер яе рукавом сваёй зашмальцаванай фланелевай сарочкі і наліў у яе самагонкі, цырымонна паднёс Вользе:
        — Проша, пані.
        Вольга ўзяла чарку, лізнула і скрывілася:
        — Цьфу, брыдота! Што газа нямецкая.
        Захар Пятровіч заліўся смехам, сапраўды як хлапчук — Віцёк, ажно слёзы на вачах выступілі.
        — Ты паглядзі, Андрэй, ды яна ж панскага роду. Дзе яна расла, такая княжна? Царскі напітак — для яе нямецкая газа. Ах, каб табе добра было! Ды гэта ж бульбовачка наша дарагая.
        Вольгу турбавала, што Камандзір, сам вялікі жартаўнік — як ён размаўляў з ёй пры тых сустрэчах! — неяк не адзываецца на жарты. Што яго ўсхвалявала? Ажно на месцы чалавеку не сядзіцца.
        Андрэй хадзіў па прасторным пакоі — ад рускай печы да кута, дзе стаялі калода, нізкі табурэцік са скураным сядзеннем і скрынка з шавецкім інструментам. Выходзіць, тыя боты Захар Пятровіч пашыў сам. Аднак ён не толькі шавец, але і цясляр, сталяр, бо на паліцы ляжалі ў лепшым парадку, чым увесь іншы набытак, гэблі, стамескі, віселі на сцяне нажоўкі.
        Сочачы за Андрэем, Вольга па-жаночаму хутка і пільна агледзела хату і здзівілася, што ўсё ў доме зроблена не жаночымі рукамі. Нават ложка не было, спалі, напэўна, на лежаку ці на шырокай печы.
        Камандзір спыніўся ля стала, сказаў, звяртаючыся да старога:
        — Разумееш, Пятровіч, што мяне хвалюе. За тыдзень гэта трэцяя аблава такая, калі ачапляюць цэлы раён. Янініна здагадка супала з маім меркаваннем. Пра тыя аблавы я ёй не гаварыў, аднак бачыш, што яна перадае. Цяпер не сумняваюся: нікога іншага так не лавілі б, каб аўтабатальён узнімаць па трывозе. Толькі радыста! А ён няўлоўны. Ах, каб звязацца нам з гэтым хлопцам ці дзяўчынай! Як гэта нам патрэбна, каб ты ведаў! Сувязь з Масквой.
        — Калі яму ёсць што перадаваць, значыцца, ён звязаны з кім трэба.
        — Але з кім? З кім?
        — Браце ты мой, не адны мы з табой у Мінску. Я табе расказваў, каго сустрэў...
        — Я ведаю, што не адны мы. Але як нам аб'яднаць усіх? — А навошта? Каб гітлераўцам лягчэй было нас пералавіць?
        Гэта артысту хочацца, каб яго ўсе ведалі. А нам апладысменты цяпер без патрэбы. Лепш у адзіночку.
        — Моцна ў табе трымаецца псіхалогія саматужніка.
        Захар Пятровіч бяскрыўдна засмяяўся:
        — Ты мяне хоць гаршком называй, але ў агонь не стаў.
        — Баішся агню? — задзірыста і бадай уедліва пажартаваў Камандзір.
        Але інвалід адказаў з бацькоўскай паблажлівасцю:
        — Пайшоў ты, Андрэй, да прабабкі. Давай лепей вып'ем.
        — Давай, — Андрэй глытнуў са сваёй шклянкі і смешна скрывіўся. — А праўду Вольга сказала — керасінам аддае. У керасінавым бідоне, мабыць, трымаеш, хітруган стары?
        — Во стрэмка, каб табе добра было! Як табе жонка дагаджае?
        Гэта Вольгу рассмяшыла. Тады і Андрэй хораша засмяяўся — так, як смяяўся пры ранейшых сустрэчах, паказваючы рад белых прыгожых зубоў.
        — Ладна, Пятровіч, лічы, што твая самагонка адменная. Будзь здароў, начальнік АХО.
        — Нешта ты паніжаеш мяне, быў начальнікам штаба.
        — А ты ў нас кожны дзень у новай ролі. А кажаш — не артыст. Яшчэ які артыст!
        — Не мянці ты... Закусвай. Ды бяры хлеб. Не шкадуй. Куплю я хлеб. З маёй прафесіяй з голаду не памру.
        — Каб ты ведаў, якія дранікі пячэ Вольга. Язык можна пракаўтнуць. Я як пакаштаваў, дык і цяпер пальцы аблізваю.
        Вользе была прыемная такая пахвала, хоць і сказаная жартаўліва. Увогуле ёй падабалася ўся іх размова, іх адносіны паміж сабой, простыя і сяброўскія, нягледзячы на розніцу ў гадах і ў становішчы, у адукацыі. Камандзір, калі не афіцэр Чырвонай Арміі, то, напэўна, нейкі савецкі начальнік — па ўсім відаць, па спрыту, як кажуць. А стары — самы просты чалавек, які, не маючы нагі, займаецца, відаць, усім патроху — шые боты, майструе табурэткі. Аднак і такі чалавек пайшоў на ворага. Хіба адно крышачку расчаравала жанчыну: мімавольнае Камандзірава прызнанне, што не маюць яны сувязі з Масквой. А яна была ўпэўненая, што такія людзі абавязкова павінны мець гэтую сувязь. Але заўважыла, як моцна Камандзіру хочацца знайсці радыста, як ён ломіць галаву — каб адшукаць яго. Ажно захацелася памагчы яму. Але як? Гэта што іголку ў сене шукаць.
        Змянілася яе ўяўленне аб падпольшчыках ад заўвагі Захара Пятровіча, што не адны яны ў горадзе і што ён сустрэў некага такога, каго нават не захацеў назваць пры ёй. Яна не пакрыўдзілася. Яна адразу згадзілася, што сапраўды не трэба кожнаму з іх ведаць занадта многа, людзей многіх. Чаго чалавек не ведае, таго ён не скажа ні жонцы, ні сябру ненадзейнаму, ні следчаму. Быў момант, калі яна глыбей, чым дзе дагэтуль, адчула небяспеку на той дарозе, па якой пайшла. Нават страх варухнуўся, калі гаспадар нагадаў пра гэтую небяспеку: «Каб гітлераўцам было лягчэй нас пералавіць?» Але, могуць пералавіць. Аднак як проста яны пра гэта гавораць, мужчыны. Так, напэўна, гавораць пра магчымую смерць у баях салдаты. П'юць, ядуць, жартуюць і... пра смерць успамінаюць як пра непазбежнае на вайне. Але ніхто не забывае пра абавязак — пайсці ў бой, у атаку.
        Так гаварыў стары інвалід, які пражыў ужо жыццё. Ён пражыў, а яна толькі пачала яго, жыццё... А Яніна Восіпаўна? А Камандзір? Яны дамовіліся, каб мець дзіця. I ўсё адно ідуць у бой.
        Ёй, Вользе, сапраўды пашанцавала ў адзін дзень сустрэцца з такімі вельмі рознымі людзьмі. I яна палюбіла іх, гэтых людзей, пераканаўшыся, што не дзеля сваёй выгады ідуць яны на такую справу. Яны пацвярджалі Сашавы словы. Але, можа, яшчэ больш важна для яе было, што яны паверылі ёй, жыццё сваё даверылі. Як жа яна можа адступіць цяпер? Не, цяпер у яе адна дарога. Разам з імі. На славу ці на смерць. Як у песні пяюць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.