РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
...
        Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Прыпарожныя гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дробныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе прыстанішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую частку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося, зруб, пэўна, згніў або яго расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты неўпрыцям вылезла з пустазелля калючая дзічка-груша - можа, парастак ад колішніх груш-спасовак, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.
        З дарогі, ад гасцінца, мала што выдавала тут былую сядзібу, хіба што адна з дзвюх ліп, якія колісь раскашавалі абапал варотцаў на ўездзе. Другой даўно не было, а гэтая, што засталася, мела жахлівы выгляд: абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала шырокая шчыліна дупла, яна незразумела як трымала на сабе некалькі тоўстых галінастых сукоў. Птушкі, якія часам прыляталі з лесу, чамусь ніколі не апускаліся на яе голле, лепей садзіліся на рослы алешнік побач. Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы. І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця.
        Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.
        Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.