РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
12
        
12

        
        Ананьеў выскачыў з рачулкі ледзьве не апошнім, – брудны, мокры, з пісталетам у руцэ, затвор якога заела ў заднім становішчы, пакінуўшы высунутым наперад тонкі варанёны ствол. Кулямётная чарга абдала ротнага пырскамі снегу, але ён не адхінуўся ад яе – адным махам узбег на ўзмежак, і я падаўся яму насустрач. Камандзір роты, аднак, нават не зірнуў на мяне, бы не пазнаў. Зрэшты, з першага позірку я таксама ледзьве пазнаў ягоны такі мной ніколі не бачаны, счарнелы, перакрыўлены ад лютасці, твар, з якога ліў пот. Грудзі і жывот старшага лейтэнанта былі вываляны ў мокрай гразі, шынель на баку раздзёрты. Кідаючы наўкола разгарачаныя позіркі, ён люта камандаваў:
        – У ланцуг! У ланцуг, такую вашу... У ланцуг!
        Ананьеў падбег да насыпу і, згледзеўшы тут байцоў, што бязладна палеглі на адхоне, амаль з нянавісцю кінуў:
        – У ланцуг!
        Яго хуценька паслухаліся. Некалькі чалавек падняліся і, прыгінаючыся, адбеглі, каб легчы радзей. Ніколькі не хаваючыся ад куль, якія дзігалі ўгары, Ананьеў гняўлівым позіркам прасачыў за байцамі, затым азірнуўся ў другі бок і вылаяўся.
        – Васюкоў!
        Здаецца, толькі цяпер ён заўважыў мяне і крыкнуў так дужа прывычна і будзённа, нібы ўчора, заўчора ці калі раней, калі яшчэ не было ні гэтай бяды, ні майго такога недарэчнага цяпер ранення. Я таксама, як рабіў гэта заўжды, без слоў ускочыў з адхона і, сігануўшы цераз лужыну, кінуўся па ўзмежку. Там, за кусцікамі над балацявінкай, дзе быў узвод Піліпенкі, яшчэ прадаўжаўся бязладны рух, некаторыя з байцоў залеглі ля рэчкі, а чалавек з пяць прыстала трухалі ў тыл на пагорак. Кулямёт з вышыні цяпер біў туды.
        – Усіх – у ланцуг!
        Я не азірнуўся, але я чуў ягоны загад і бег кароткімі перабежкамі, штораз плюхаючыся бокам у гразкі, падталы снег, дзесяць секунд аддыхваўся і ўскокваў зноў. Спярша з вышыні па мне не стралялі, затым, мусіць, усё ж заўважылі адзінокага бегуна, і кулямёт з рассейваннем у глыбіню сыпануў наўкола жменяю куль. Адна з іх порстка шчоўкнула пад рукамі, штосьці святлявае мілыанула ў доле. Я з маху ляпнуўся на бок і выцягся на зляжалым, перасыпаным снегам іржэўніку. Падаючы, мусіць, павярэдзіў руку, плячо жудасна забалела; сцяўшы зубы, я хвіліну мычэў, ледзьве адольваючы боль. Тым часам чарада куль па-дзёўбла зямлю і аддалілася. Трэба было бегчы. Я зручней перахапіў аўтамат, прыклад якога быў расшчэплены.
        Працірка і ёршык, выпаўшы з адбітага затыльніка, валяліся на снезе.
        Аднак піліпенкаўцы былі ўжо блізка. Яшчэ адзін ускок, і я схаваўся за алешнічкам, які хоць і не бярог ад куль, але ўсё ж прыкрываў ад варожых вачэй з вышыні. Крайнія ў ланцугу аўтаматчыкі, распоўзшыся па ўзмежку, пачалі акопвацца. Я падбег і ўпаў ля аднаго з іх, што нерухома ляжаў, шырока раскінуўшы ногі. Здаецца, ён штосьці жаваў.
        – Дзе Піліпенка?
        Баец моўчкі кіўнуў кудысь убок і нацягнуў на патыліцу каўнер шыняля. Акопвацца ён чамусьці і не збіраўся.
        – У вас што – няма лапаткі? – запытаў я.
        Баец моўчкі варухнуў бядром, ля якога тырчаў чаранок пехацінскай лапаткі.
        – Дык капайце хутчэй!
        Перастаўшы жаваць і павярнуўшы ў мой бок худы з шэрым шчаціннем твар, ён акінуў мяне абыякавым, змораным позіркам.
        – А нашто?
        – Як нашто? – не зразумеў я. – Каб уцалець!
        – Дурны ты, гляджу... – раптам з яўнай пагардай сказаў баец. – Доўга ты думаеш уцалець? Да абеду? Ці нават да вечара?
        Я не думаў пра тое. Я перажываў няшчасце, якое звалілася на роту, усё ва мне кіпела ад узрушання, а ён во якую захоўвае цвярозасць погляду. I самае недарэчнае заключалася ў тым, што ўвогуле ён казаў праўду. Адкрыццё гэтае, вядома, не прынесла мне суцяшэння, і, каб задушыць у сабе нечаканую прыкрасць, я падаўся ад яго далей. Прыгнуўшыся за голымі, месцамі густаватымі кусцікамі, я пабег уздоўж ланцуга, і неўзабаве, замест Піліпенкі, у нейкай ямцы-раўку наткнуўся на лейтэнанта Грыневіча. Нампаліт быў паранены і, адхінуўшыся на локаць, з пакутніцкім выглядам ляжаў на баку. Штаны яго былі ссунуты да калень. Незнаёмы баец у целагрэйцы, схіліўшыся над лейтэнантам, таропка і няўмела бінтаваў ягонае сцягно. Рукі байца кепска слухаліся, дрыжалі, бінт скручваўся, і Грыневіч раздражнёна прыкрыкваў:
        – Ды тужэй ты!.. Закручвай! Не бойся!
        – Зараз, зараз...
        Я ўбег у равок і прысеў побач.
        – Што – здорава?
        Баец не адказаў, лейтэнант коратка з-пад каскі зірнуў на мяне і паморшчыўся. З твару, аднак, ён выглядаў не так кепска, як мне здалося ўпачатку, толькі, як і ўсе, быў брудны і стомлена дыхаў. Я падумаў, што рана ў яго, мабыць, не цяжкая. Сапраўды, замест адказу ён даволі бадзёра спытаў:
        – Дзе камандзір роты?
        – Там. Ля мастка.
        – Сволачы! – зноў паморшчыўся нампаліт, – Што парабілі! Дражнілі з аднаго боку, а ўдарылі з другога...
        – Камандзір роты загадаў: усім у ланцуг, – сказаў я.
        Грыневіч прыўзняўся на локці.
        – Бяжы, перадай Піліпенку, каб ні кроку назад! А то на схіле ўсіх пакладзе.
        Я падхапіўся было бегчы далей, але тут жа згледзеў старшыну – голасна лаючыся, той гнаў у ланцуг трох байцоў, якіх вярнуў, мабыць, з самага пагорка.
        – Гэць! Гэць вашу маць! Я вам пакажу тікаты!
        Нашы ў ланцугу не стралялі, спакваля спынілі агонь і немцы – напэўна, біць не было па кім ці ўжо стала далекавата нават для кулямётаў. Піліпенка зморана прабег яшчэ крыху, пакуль не захінуўся ад немцаў кустоўем, затым па-над узмежкам павярнуў у наш бок.
        Я апусціўся на мокрую палу шыняля.
        Аднак не паспеў яшчэ старшына дабегчы да нашага раўка-ямкі, як з другога боку таксама запляцкалі ў гразі боты. Усе азірнуліся – рашучай нядобрай хадой сюды кіраваў камандзір роты. Ён па-ранейшаму быў без шапкі, толькі захінуў на пару кручкоў расхрыстаныя полы шыняля, паверх якога целяпалася знаёмая планшэтка Ваніна. Убачыўшы яе, я зразумеў, што Ваніна няма. Старшы лейтэнант неяк раптоўна спыніўся перад раўчуком, нібы нечакана для сябе наткнуўся на нас.
        – Ну! – сказаў ён такім тонам, што ва ўсіх нас пахаладзела ўнутры. – Што расселіся? Што расселіся, так вашу растак! Бяжыце далей! Драпайце к ... матары!
        Гнеўна-бязлітасны позірк свой ён утаропіў у нейкую невядомую для нас кропку ля ног нампаліта і стаяў так, пагрозліва ўзвышаючыся над раўком. Грыневіч, аўтаматчык, які перавязваў нампаліта, і потны Піліпенка, што, на тую бяду, якраз сунуўся сюды, – усе мы маўчалі. Старшына зморана дыхаў і адно ніякавата шморгаў прастуджаным носам, не адважваючыся высмаркацца, мабыць чуючы нейкую сваю віну перад ротным.
        – Пачаму драпанулі? Драпанулі чаму? Я ў вас пытаюся, старшына Піліпенка!
        – Так цэ ж... Обкружалы! – няўпэўнена пачаў апраўдвацца Піліпенка, але раптам асекся і збянтэжыўся пад пранозлівым позіркам Ананьева. Праз момант, аднак, ён смялей ужо выпаліў: – Хіба тількі моі драпанулы?
        – Ах, не толькі твае! – падхапіў Ананьеў. – Апраўдаўся! Выкруціўся, як смоўж! Не яго адны! I Ваніна тожа – гэта ты хацеў сказаць? Але ж Ванін на вышыні астаўся, а ты тут! На якога ж тады хрэна ты тут патрэбны?
        Ананьеў здзекаваўся, помсціў за бяду, крычаў і быў страшны ў гэтым сваім, мусіць справядлівым, гневе. Такім я не ведаў яшчэ майго ротнага і адчуваў тут сябе да недарэчнасці боязна. Я то ўскокваў, то садзіўся – карцела прэч ад гэтага здзічэла-разлютаванага позірку, якога я не мог трываць, хоць і ні ў чым не лічыў сябе вінаватым.
        Грыневіч таксама ніякавата варушыўся ў доле, нешта памкнуўся сказаць, але Ананьеў нікому не даваў вымавіць слова. Урэшце нампаліт зазначыў:
        – Што цяпер мацярыць! Трэба акопвацца.
        – Мацярыць! – грозна сказаў Ананьеў. – Вас не мацярыць нада! Нада заставіць вярнуць вышыню! Панялі?
        Грыневіч, з непранікнёнай засяроджанасцю на цьмяным, кранутым адзнакамі болю твары, сказаў:
        – Наўрад ці вернеш...
        Ананьеў, мусіць, і сам сумняваўся ў тым, бо не адказаў і, хвіліну памарудзіўшы, запіхнуў пісталет у кабур. Рота ўжо ўся залегла дзвюма групамі; на гэтым баку рачулкі не відно было ніякага руху, але пазіцыя тут была болей чым няўдалая – усе падходы з тылу відны немцам.
        – А цяпер што ж! – памаўчаўшы, злосна сказаў камандзір роты і павярнуўся да вышыні. – Палучаецца, Ананьеў ашуканец! Данёс пра вышыню, а сам у балоце сядзіць.
        – Я ж казаў учора! – з нечаканай ажывеласцю заварушыўся ў доле Грыневіч. – Не трэба было атакоўваць. Хай бы сядзелі, чорт з імі. Загаду ж не было: чаго было выпевдрывацца!
        – Ты мне пра атаку не дудзі, – зноў пачынаючы злаваць, загарачыўся Ананьеў. – Атака першы сорт! А вось сёння абас...я! – закрычаў камандзір роты і павярнуўся да апануранага Піліпенкі. – Я ж загадаў табе спыніць узвод! Якога ж ты д’ябла сам кінуўся за ўсімі?
        – Так біглы ж...
        – Ці бачылі яго: біглы! I ты пабег! Ну, тады і бегай. Радавым бегай. Я знімаю цябе з узвода. Паняў?
        – Знімайтэ! – пакорна сказаў старшына, паціснуўшы плячыма. Затым неяк ураз паспакайнела абвяў, здзеў шапку і пад-кладкай яе выцер спатнелы твар. – Така міні бяда! Цьфу!
        – Табе статкам авечак камандаваць, а не ўзводам. Балбес!
        – Та хто е.
        Кулямётчык з вышыні, мабыць, нешта заўважыў на гэтым баку і праз кустоўе пусціў доўгую, рассыпістую чаргу. Дзве кулі шчоўкнулі на ўзмежку, пырснуўшы ў неба чорнай зямлёй. Ананьеў, аднак, не варухнуўся і па-ранейшаму нязручна стаяў над раўком.
        – Грыневіч, камандуйце ўзводам! Усім закапацца і назіраць за праціўнікам!
        – Лейтэнант паранены, – сказаў я.
        – Што?
        – Нічога страшнага, – махнуў рукою Грыневіч.
        З залішняй паспешлівасцю ён ускочыў на параненую нагу, але тут жа паморшчыўся і зноў апусціўся на дол. Ананьеў бачыў усё гэта, але не сказаў нічога – крута павярнуўся і імклівай хадой пашыбаваў да дарогі.
        Я вылез з раўка і пабег следам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.