РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ XII
        
РАЗДЗЕЛ XII

        
        ПЛОШЧА МАЯКОЎСКАГА
        
        Брыдкi, халодны асеннi дзень.
        Таксi прыцiшаюць бег.
        Над горадам неба, як шэры цень,
        Над горадам мокры снег.
        Снег на карнiзах бялее палоскамi,
        Снег ляжыць на плячах Маякоўскага.
        Мокры снег,
        Мокры снег,
        Мокры снег
        Растае на асфальце, на газонах ляжыць,
        Шэры асфальт i сiвы газон.
        Мне да болю, да болю хочацца жыць,
        Хочацца жыць,
        Хочацца жыць,
        Як не хоча снег,
        Як не хоча трава,
        Як не хоча бронзавы - ён.
        Снег зiхацiць на апушчаных веях,
        Без капялюха iду, бы ў сне,
        А ў валасы мае вецер вее
        Мокры, мокры снег.
        Мокры снег.
        Снег.
        
        
        I
        Любая, помнiш?
        Была вясна.
        (Вясна? На гэтай зямлi?)
        На машыну проста ляцела сасна,
        Ў неба ўзняўшы крылле галiн,
        I клаксона гук абуджаў лясы,
        Iх празрысты зялёны дым,
        I была паўсюль неабдымная сiнь:
        I ў небе, i ў сэрцы маiм.
        Ап'янелы ад паху пралесак шафёр
        Мог зблытаць дарогу з ракой.
        Нават дрэвы цягнулi галiны да зор,
        Нават пні гублялі спакой.
        I чакалi нас тысячы гарадоў,
        З мiльёнам людзей i слоў,
        З белымi вежамi, з пенай садоў,
        З золатам купалоў.
        I чакала нас на лугах цiшыня,
        Месяц, адбiты ў вадзе,
        Белыя песнi, што цiха звiняць
        У вушах дарагiх людзей.
        I ты мне была, як святло на вадзе,
        Як подых, як верш, як хлеб.
        Дзе мне было на рукi глядзець?
        Я кахаў, - а значыць, аслеп.
        Боль шчаслiвы сэрца маё звязаў.
        Лёгка жыць было на зямлі.
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Я нічога, нічога табе не сказаў,
        Побач суседзі былі.
        Развітанне. Зноў горад. I зноў агні.
        Бязладны гоман сяброў.
        I хутка мы будзем зусім адны,
        Паасобку ў цемры дамоў.
        - Ну скажыце што-небудзь. Горад у сне.
        Хвіліна - і сам-насам.
        - Калi-небудзь заходзьце дамоў да мяне,
        Метро "Маякоўская".
        Там... .
        О, як лёгка май у палон бярэ!
        Хто паверыць, што ён адзвiнеў?
        Я не з тых, я прыйшоў да родных дзвярэй,
        Я прыйшоў да самых родных дзвярэй,
        I тут
        Забілі мяне.
        
        
        II
        На вуліцы неба, як пыльнае шкло,
        Снег мокры дае і дае.
        Бегчы, бегчы, бегчы трэба было,
        Бегчы прэч ад яе.
        Як я мог не заўважыць,
        Што пралеска другому цвіце?
        Як я мог не заўважыць
        Пярсцёнка на тонкай руцэ?
        Як я мог не заўважыць,
        Што розны нам шлях у жыцці?
        Як я мог не заўважыць?
        Не заўважыў!!!
        Плаці!
        Зноў перон.
        У дальнім яго канцы
        Жалеза, цэгла, бетон.
        Рамонт.
        Нержавеючую сталь
        I тую здаюць у рамонт.
        А сэрца маё не сталь, не бетон, -
        Ад пяшчоты трапеча і мук.
        Як гільяціна, дзверы ў вагон:
        Мёртвы, халодны стук...
        Блытаніна дратоў.
        Вагоны мільгаюць,
        Абыякавы ляск,
        Агні, агні.
        Пасажыры ў вокнах
        Сябе разглядаюць:
        Больш нікога ў жыцці не бачаць яны.
        Дратоў блытаніна.
        Вагоны. Вагоны.
        Часам нейкі далёкі вой...
        Дзе ж ты, дзе ты, зямля зялёная
        З белаю-белаю песняй сваёй?
        
        
        III
        Уначы плыве папяросны дым,
        Я сам-насам з кялiхам вiна.
        Ў мяне размова мужчынская з тым,
        Каго кахае яна.
        - Сигареты?
        - Дзякуй, куру "Беламор".
        - А в Минске?
        - "Нёман" куру.
        - Закуры маіх.
        - Закури моих.
        - Дзякуй.
        - Благодарю.
        - Прости мне, братец.
        - Даруй мне, браток.
        - Крепкий.
        - Ды й твой не трава.
        Каб ты спазнiўся на пару год,
        Я б цябе не пашкадаваў,
        Як ты мяне. I значыць, язык
        Мне замкнуць і цягаць з сабой.
        - А я, ты знаешь, просто привык,
        Что она всегда со мной.
        - Чуеш, не смей,
        Ты аб гэтым - не смей,
        Ты проста кахай i жывi.
        Нiхто на свеце,
        Дальбог,
        Ніхто
        Не варты большай любвi.
        Кахай яе,
        Да скону кахай,
        I ў радасцi i ў журбе.
        Калi ты паспрабуеш яе не кахаць,
        Я проста заб'ю цябе.
        - Как же тебе?
        - Пражыву адзін.
        Але помні:
        Кахай і маўчы.
        Нельга крыўдзіць рускіх жанчын.
        - А белорусских мужчин?
        - А мы такія ж, як на Русі:
        П'ём гарэлку і лаемся ўсмак.
        I любім цягнуць, і любім касіць.
        I любім працу. Так.
        I верым сэрцу свайму ўвесь час,
        I любім кахання дары.
        I калі пакрыўдзяць каханыя нас, -
        Мы з хвалою ідзём на крыж:
        Ave, Regina,
        Ззяй між людзьмі
        Тысячы тысяч вякоў,
        Аvе, родная,
        На, вазьмі,
        Гэта самы моцны з цвікоў.
        
        
        IV
        Ноч прыйшла на змену гэтаму дню.
        Я ў пакоi ўседзець не мог.
        Ззянне неонавага агню.
        Плошча.
        Канец дарог.
        - А мы такія ж, як на Русі.
        Як сказаць мне хапіла сіл?
        Я мог табе і ёй нахлусіць,
        Але ночы нельга хлусіць.
        Маўчы.
        Маўчы хоць тысячу год.
        Чуеце?
        Я маўчу.
        Я пальчатку разам з суставамі - ў рот,
        Каб брэху ніхто не пачуў.
        На плошчы ціха ўмірае крок.
        Нiкога iм не кранеш.
        I слёз няма, і ў глотцы камок,
        I лепей памерці мне.
        Я стаю каля цяжкіх тваіх дзвярэй.
        Я хаджу пад цёмным акном.
        I вось у аблогу мяне бярэ
        Садовае кола агнём.
        Падступае бліжэй, і бліжэй, і бліжэй:
        "Мы сябры, павер нам, павер.
        Здавайся! Чуеш, здавайся нам...
        Тысячам цёплых кватэр.
        - Я не горшая, вер,
        Пабудзь са мной..."
        - Пакiньце!
        Таму, што мяне
        Цягне акно хаты адной.
        I цемра ў гэтым акне.
        
        
        V
        На бронзе адбітак агню залаты.
        Вецер пяе і пяе.
        Я, кажуць, ростам амаль як ты,
        I вочы амаль як твае.
        Мы з табою на плошчы гэтай адны,
        Дай руку тваю мякка вазьму.
        Мы крылы спалiлi ў адным агнi,
        Толькi розныя назвы яму,
        Уладзiмiр, чуеш?
        Хадзем са мной,
        Вып'ем шклянку вiна.
        Не ў шалмане,
        Што тут, за тваёй спiной.
        Тут можа прыйсцi яна.
        З плячэй, што аплакаў сваёй тугой,
        Паліто бязважкае скінь.
        I мужчынскiя рукi пагладзяць яго,
        Чужыя рукi пагладзяць яго,
        I iншым стане "Пекiн".
        I стане iншай, - як майскi вянок, -
        Зала, дзе лыжкi бяруць,
        Дзе ў вочы глядзяць, дзе жлукцяць вiно,
        Дзе галатурый жаруць.
        Зала загразнула ў лiпкiм вiне,
        Але тут узнясецца да зор...
        Як мне цяжка, мой родны, як цяжка мне.
        Лепей бы я памёр!
        Цяжка табе, а мне - ўдвая,
        Таму i прыйшоў. I стаю.
        Тваю гiсторыю ведаю я,
        Паслухай лепей маю.
        
        
        VI
        У атамны век, у пластмасавы вёк,
        Век нянавісці і любві,
        Жыў сабе на зямлі чалавек, -
        Не з пластмасы, а з плоці й крыві.
        Лічылі паэтам. У ранг узвялі.
        Ён жыў. Спрабаваў пiсаць.
        I ён пакахаў, як на гэтай зямлі
        Не кожны ўмее кахаць.
        I была яна, хай далёка не першая.
        I сонца агонь яе залацiў.
        Многа вершаў, дурацкіх вершаў
        Добрай гэтай паэт прысвяціў.
        Ён з ёю плыў за сіняе мора,
        Ў глыбіні вякоў накіроўваў свой спеў.
        I нават пад зоры, чыстыя зоры,
        Не ўмеючы лётаць, з ёю ляцеў,
        Прыпомніўшы вочы, шэрыя, сінія,
        Ён змяць не мог бы нават травы.
        Ён за яе пад скаламі гінуў,
        Стократна мёртвы і зноў жывы.
        Людзі, людзі, розныя людзі
        Пачуйце глухія словы мае:
        Нічога, нічога такога не будзе.
        Будуць зоры - не будзе яе.
        Другу жанчына сказала: "Канец".
        Ён доўга моўчкі сядзеў
        I сказаў: "Не хочаш глядзець на мяне?
        На партрэты будзеш глядзець".
        Ён сказаў - а мяне забівае туга,
        Памерлі песні мае,
        I сэрца, як птушка у мокрых снягах,
        Зламанымі крыламі б'е.
        За сонцам ляцеў праз дождж і буран,
        За сонцам імкнуў свой бег,
        За сонцам.
        А сонца спавіў туман
        I мокры завеяў снег.
        Бронзавы мой, заснежаны, белы.
        Зноў да мяне самота прыйшла.
        Ў снежны,
        Ў чорны мой панядзелак.
        Кастрычніка, дванаццатага чысла.
        
        
        VII
        Ўспамінаю мой цёплы дом,
        Думак халодны пажар
        I над пісьмовым сталом
        Сіксцінскай Марыі твар.
        Да цябе, да цябе адной
        Палёт маіх зблытаных мар,
        Злітуйся, дай мне спакой,
        Кахання чыстага твар.
        Не ведаю, ты ці яна
        З'явілася ў гэты дом,
        Не ведаю, ты ці яна
        Над маім бяссонным сталом?
        Калі ты - прыгажосць, якой молімся мы,
        Калi рухаеш ты зямлю,
        Вызвалi з гэтай бясконцай турмы,
        Зрабi мяне моцным, малю.
        I калi не можаш такога зрабiць,
        Каб мяне кахала яна,
        I калi не можаш такога зрабiць,
        Каб вярнулася зноў вясна,
        I калi не можаш такога зрабiць,
        Каб пагладзiла мне руку, -
        Зрабi, каб яна нарадзiла сынка
        Або найлепей дачку.
        На руках насiў бы, не помнячы зла,
        Каб яна шчаслiвай жыла,
        Каб расла, каб на мацi падобнай была,
        Каб на мацi падобнай была.
        Адшукаў бы добрага хлопца ёй,
        Каб падобны быў на мяне,
        I глядзеў бы, i цешыўся iхняй гульнёй,
        I гiсторыi быў бы канец.
        Я кожнаму галаву бы разбiў,
        Хто захоча за нейкi барыш
        Яе падмануць,
        Яе ашукаць,
        Ці яго пацягнуць на крыж.
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        За дзвярыма дома кватэра твая,
        Снег шалёны ў вочы б'е.
        Вы, прадажнікі!
        Чуеце, гэта я
        Стаю на варце яе.
        Зныня да веку,
        Памятайце і верце,
        Я стаю,
        Я сціскаю меч і трубу.
        Для подласці,
        Гора,
        Для самой смерці
        Гэтыя дзверы будуць - табу.
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Хмары над горадам праплываюць,
        Над плошчаю прыцішаючы бег,
        I ў валасы мае навяваюць
        Снег,
        Мокры снег, мокры снег,
        Мокры, халодны снег.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.