РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ XV
        
РАЗДЗЕЛ XV

        
        Яніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай.
        Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. I любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць.
        I вось у гэты дзень ён уварваўся ў пакой Андрэя, не пастукаўшы, і яшчэ з парога загарлаў:
        - Здароў, самотны рымлянiн.
        Андрэй скочыў, як бы яго шылам парнулі. Так яны і стаялі, абняўшыся: Яніс у мокрым ад лістападаўскага дажджу плашчы, а Андрэй - у трусах і майцы.
        - Дружа мой. Сядай. Як пісалася?
        - Геніяльна.
        - Што напісаў?
        - Напiсаў, брат, сумную рэч. Паэму аб мацi.
        Яніс сеў:
        - Быццам зноў прайшоў шлях. Уся гэтая гарота, нястача, слёзы... I тут яшчэ яе смерць... Цяжка было... I ў тон настрою Дзінтара юра1 за акном шуміць-шуміць. Кожную ноч.
        Ён выцягнуў руку з кішэыі, расціснуў пальцы. I ў пакоі быццам адразу стала святлей.
        На далоні ляжала некалькі янтарных кавалкаў: іржава-карычневых, шакаладных, празрыста-залатых - быццам ззяючых цеплынёй.
        - Поўзаў, брат, па беразе для цябе. Хацеў табе Балтыку прывезці.
        - А я што табе прывязу?
        - Прывязi кавалачак Нарачы, - Янiс пачынаў дурэць. - Прывязi Белавеж або лепей бутэльку "Белавежскай".
        - Зубра нованароджанага табе не прывезцi?
        - Прывязі зубрыху.. Буду вадзіць яе на пашу ў Астанкіна. Выпушчу на партэр і - "гуцю-гуцю, падласая!".
        Андрэй палез у шафку.
        - Белавеж самому патрэбна... А "Белавежскай" бутэльку разап'ём. Прыслалі.
        - Братка ты мой. Ашчаслівіў ты мяне, ашчаслівіў. Цяпер я і ад тэрытарыяльных дамаганняў адмаўляюся. Месяц у рот не браў. Вось так працуеш, як дурань, а п'янка запушчаная.
        Андрэй, сабіраючы на стол, усміхнуўся.
        - Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад'яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму:
        Хотел дойти до Даугавпилса,
        Но вместо этого напился.
        Мы паклалі яго на ложак, укрылі абрусам, і ён захроп.
        - Салодкае жыццё, - сказаў Яніс.
        - Сядай за стол, падонак, - сказаў Андрэй. - Сядай, лэйбус.
        За акном ляжаў пахмура-шэры свет. Нiзкiя, пашкуматаныя кiмсьцi хмары беглi над дахамi дамоў.
        Ледзь праглядваўся недзе далёка паміж дамамі шпіль высотнага будынка, напалову схаваны ці то ў хмарах, ці то ў дыме.
        Выпілі.
        - Як лекцыі? - спытаў Яніс. - Як Горава?
        - На нашым курсе ў яе добра. На другім - справа дрэнь.
        - У нас хлопцы надзіва памяркоўныя, сумленныя і цікавыя, - сказаў Яніс. - Акрамя Стаўрова з Ліпскім, дрэнных і не ведаю.
        - А чым яны табе назалілі?
        - У мяне нюх на людзей. Стаўроў - прэтэнцыёзны невук, а Ліпскі наогул дробная дрэнь.. Чакай, яны яшчэ нам дадуцца ў знакі, каб іх долечка ліхая судасіла, каб іх…
        - Я Ліпскага не разумею. Яму б год на дзесяць раней жыць.
        - Ён і жыў... А што на другім курсе?
        - А там проста Ліпскіх больш. Рагочуць з голых багоў. Адзін сказаў, што Афрадыта, якая ўстае з пены, наводзіць яго на думкі аб мацярынстве.
        Яніс усміхнуўся:
        - Таямніцы ўспрымання. У яго продка, відаць, гэтае ўспрыманне было яшчэ больш агрэсіўным. Нездарма Пётр, паставіўшы ў грамадскім садзе Венеру Таўрычаскую, поруч паставіў вартавога, "дабы оную не лапалі".
        - I яшчэ адно. Нейкі псіхоз. Усе выказваюць ёй павышаную ўвагу.
        - Гэта добры псіхоз.
        - Чаму?
        - Таму, што ты зачынальнік гэтага прагрэсіўнага руху.
        - Свіння.
        Андрэй раптам спахмурнеў. Ссунуліся доўгія цёмныя бровы.
        - Што з табою, Андрэйка?
        - Дрэнь у мяне справы, Янка.
        - Бачу, - ціха сказаў Яніс. - За месяц, пэўна, і шчасця і гора набраў поўную торбу. Бачу, апавяданне будзе доўгае... Таму давай возьмем па адзінай... Кажы, браце.
        - Ты ведаеш, што я сказаў ёй аб усім?
        - Так. Бо я паехаў на другі дзень.
        Яніс бачыў перад сабою змарнелы твар Андрэя. Нейкі зусім новы, амаль непазнавальны твар, а на ім выраз той мужнасці, якую можыа назваць хіба толькі мужнасцю адчаю.
        - Я так і не дачакаўся цвёрдага адказу, - сказаў Андрэй. - Яна кажа, што я неразважлівы, размаўляе са мною пра ўсё, абы не ўспамінаць таго, што было.
        Ён усміхнуўся сумнай з'едлівай усмешкай:
        - Шырокі дыяпазон. Ад канкрэтнай музыкі да Фрэйда. Ад антыматэрыі да лётаючых талерак.
        Яніс сказаў са звычайнай разважлівай самаўпэўненасцю селяніна:
        - Канкрэтная музыка - лухта: няма элемента адбору з усіх гукаў свету. I Фрэйд - лухта: іначай Буало не быў бы паэтам. А вось наконт лётаючых талерак - не ведаю.
        - Табе гэта ўсё лёгка. А як быць мне, калі я чую такія размовы?
        Яніс глядзеў у кут:
        - Яна баіцца цябе. Баіцца даць сабе волю.
        - Чаму?
        - Не ведаю. Магчыма, шкада ламаць уладкаванае жыццё? .
        - Хіба гэта сумленна, калі кахаеш?
        - А ты менш пытай аб сумленні.
        За акном гусцеў прыцемак. Андрэй устаў і рэзка адчыніў акно.
        Адразу туман, што грувасціўся на ўзроўні шостых паверхаў, пацёк у пакой. Гэта быў такі туман - падстаў крысо пінжака і пабачыш сотні мікраскапічных крапінак вады.
        - Мне дзіўна жыць, - сказаў Андрэй. - Дагэтуль усё было проста. Просты свет. Простая мэта. Простыя жанчыны і вершы. I сам я просты. А тут... Я не ведаю, чытаў я аб гэтым або сасніў у адну з прамінулых начэй... Тут так дзіўна, як у гэтым сне, быццам у Егіпце, у пясках Старажытнага царства адшукалі часткі механізмаў, нават кола дыяметрам у адзінаццаць метраў з незямных элементаў. Значыцца, прыляталі, пабачылі, што няма нічога цікавага - і паляцелі... Вось так і з ёю. Быццам зусім іншая, быццам з іншых светаў... Уся блакітная. А я, як той карычневы егіпецкі дзікун...
        - Я разумею, - ціха сказаў Яніс. - Так і патрэбна быць. Але да дабра гэта не давядзе.
        - Сказаў ёй рэзкасць. Доўга думаў, на каго падобны партрэт зялёнай жанчыны, што вісіць у яе пакоі... Потым зразумеў - яна. .
        - Зялёная Ірына і фіялетавы Андрэй, - сказаў Яніс. - Ну і што?
        - Яна сказала, што такой думкі аб ёй быў мастак.
        - А ты?
        - Я сказаў, што не дазволю нікому мець аб ёй зялёную думку.
        - А яна?
        - А яна сказала, што мужу падабаецца. Што гэта ён заказаў партрэт.
        - Бачыце, якая неверагодная адчувальнасць?
        Андрэй з сілаю згінаў і разгінаў ключ ад пісьмовага стала.
        - Я сказаў, што прыхiльна стаўлюся да эксперыментаў, - жорстка вымавiў ён, - але за такi даў бы мастаку, хай сабе ён i iтальянец, па мордзе... Малюйце ў гэтым стылi каго хочаце, нават мяне. Але так маляваць нельга двух чалавек: мацi i каханую... Нiколi мастак, калi ён сумленны, не намалюе партрэт мацi з аранжавых i сiнiх трохкутнiкаў або як там яшчэ. I гэта сведчыць...
        Вайвадс перабіў:
        - Гэта сведчыць супрапь усіх тэорый... Але ты дарэмна сказаў ёй аб гэтым. Не ўсё можна казаць каханай. А лаяць тое, што ёй даспадобы, - вельмі дрэнны метад спадабацца ёй.
        - Гэта яшчэ не горшае... Яна запрасіла мяне на аўторак паехаць з ёю ў Кітай-горад на рэстаўрацыю храмаў. Я згадзіўся, паехаў і...
        - I не застаў яе дома. Таму што прыйшоў нечакана муж, або маці мужа, або яе маці... I ты сустрэў там кагосьці іншага. I той іншы сказаў табе, што яна паехала. А ты ўзяў таксі...
        - Так, - сумна сказаў Андрэй. - А я ўзяў таксі і паехаў у Кітай-горад, думаючы, што яна не дачакалася. Абышоў увесь раён - нікога... У царкве Анны - нейкая ўстанова. Царква Варвары... ат, ды што там!
        - Закуры, - сказаў Яніс. - Я ведаю, табе было цяжка. Хадзіў, пэўна, як ашалелы.
        - Так ашалеў, што ў Крывым завулку ледзь пад аўто не падляцеў.
        Рука Яніса лягла на Андрэева плячо:
        -Глядзі ты прасцей на справу. Яна баіцца, унікае цябе, і гэта дрэнна. Гэта можа не скончыцца дабром... Не прапаноўвай ёй пакуль што пайсці з табою ад мужа.
        - Не магу. Або яна, або нікога.
        - Добра, - сказаў Янiс, - чытай вершы. Паэму чытай:
        - Якую.
        - Я ведаю якую.
        Андрэй маўчаў. I тады Яніс сціснуў далонямі яго скроні:
        - Ты толькі не нарабі глупства, Андрэйка.
        - Я кахаю яе, - сказаў Андрэй. - А яна... Я ледзь не памёр у гэтыя дні, Янка. Добра, што ты тут. Мне не так страшна.
        
        
        _______________
        1 Янтарнае мора.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.