РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ XXV
        
РАЗДЗЕЛ XXV

        
        Бурхлiвая, утрапёная прыйшла ў той год вясна. Усяго за некалькi дзён не па-веснавому цёплае сонца з'ела снег. Бэзавай парай дымелi, прасыхаючы, тратуары. Трава ў парках так буяна лезла з зямлi, што прабiвала бурае, сятчастае мiнулагодняе лiсце. Пасля палiто не спатрэбiлася нават плашчоў, i таму асаблiва лёгка было iсцi па вулiцах, пругка скакаць на панелi, слухаць з адчыненых вокан гукi радыёлы. Нават цвiценне чаромхi не дало вельмi халодных дзён.
        Тры падзеі за гэтыя дні паказалі Андрэю, што адбылася нейкая змена ў яго адносінах з Ірынай. Па-першае, Вайвадс страшэнна вылаяў яе Андрэю за тое, што яна так абыякава паставілася да гісторыі з Пружыніным і адразу выправадзіла яго, Яніса, за дзверы, сказаўшы, што яна чакае людзей з візітам.
        Андрэй толькі плячыма паціснуў. Выправадзіла, потым заспяшалася ў інстытут - што яму да гэтага?
        Але наступнага дня Галіна Іванаўна спыніла яго ў калідоры і з трывогаю спытала:
        - Што гэта вы там нарабілі з Горавай, дрэнны вы хлапчына? Прыбегла ўчора ўстрывожаная, з твару змянілася: "Што яны там з ім робяць?" Я адказала, што гэта сам ён з усякім зробіць, што захоча. Што з ёю?
        - Перажывае за вучня, - суха сказаў Андрэй. Гэта ўсё былі чужыя словы. А потым яна сказала і сама - на лекцыі, - сказала з дапамогаю ўсё таго ж самага падтэксту. Нешта ў сувязі з каханнем аднаго з мастакоў, якому быццам сказала каханая:
        - I я дам табе бязмернае шчасце, а ты мне за гэта бяссмерце.
        Усё гэта было не так. Усё гэта не было словамi, якiя прама кажуць аб усiм. Андрэй не паверыў iм i дачакаўся таго, што Вайвадс нахiлiўся аднойчы, у канцы лекцыi, да яго i непахвальна сказаў:
        - Яна прасіла цябе затрымацца.
        У Андрэя так змяніўся ў паўцемры твар, што Яніс сказаў стрымана:
        - Сляпы. Ганну не заўважаеш. А каго заўважаеш?
        - Заўважаю ўсё, - шэптам сказаў Андрэй. - Ведаю яе, ведаю ўсё, ведаю ўсю. I ўсё адно...
        У той дзень яна, калі Андрэй праводзіў яе дадому, толькі і здолела сказаць:
        - Вы ведаеце, што мне сказала ўчора Ганна? Сказала мне, што я дурніца. Што мяне мала забіць за тое, як я трымаюся з вамі.
        Андрэй змоўчаў, таму што ў душы згаджаўся са словамі Ганны, і Ірына адчула гэта.
        - Крыўдуеце на мяне?
        - За што?
        - За сябе.
        - За сябе - не. Трошкi - за вас.
        Ірына зразумела таксама.
        - Пачынаеце менш паважаць мяне?
        - Так, - сказаў ён, хаця ведаў, што гэта пашкодзіць яму.
        Але гэта, відаць, не вельмі пашкодзіла, таму што яна, праводзячы яго да чорнага ходу, каб мінуць вахцёршу, якая вязала панчоху ля дзвярэй, сказала:
        - Iскры забыў? Як жа ж гэта ты?
        I ён, спыніўшыся ў двары, з адчаем прыціскаючы да сябе яе вузкія плечы, сказаў:
        - Не магу забыць. Няма забыцця. Алё ж зразумей і ты мяне. Я несур'ёзны, я спяваю нават там, дзе нельга. Бадай, ты адзіная мяне ведаеш. Але нават ты не думаеш, што я, магчыма, паэт самага цяжкага лёсу. Бо я ўсё жыццё ані на імгненне не хадзіў у аўтарах прыказкі: "На тое права, каб было лева". I мяне не чакае лепшае. Ніколі. Я веру, што паэты чуюць усё нават пасля. Думаеш, лёгка Катулу?
        Гэтыя бязладныя словы былі, у сутнасці, пазбаўлены сэнсу. Але ў тым і быў сэнс, што самотнае дрэва вільготна шумела над галавой, што набліжалася вясна, і сэнс быў проста дадаткам да шолаху траў і святла, нябачных над Масквою зорак.
        - Я ведаю, - сказала яна. - Катулу было б лягчэй, каб Лесбія засталася з ім.
        - Прынамсі, так здавалася б яму, - сказаў ён.
        ...А потым пачаліся дні і тыдні падвойнай гульні. Усё ў свеце, здавалася, спявала аб аднаўленні, а яна, купляючы ў антыкварыяце кітайскую "багіню шчаслівага кахання", глядзела на Андрэя адчужана і казала, што ён зноў "гіпнатызуе сябе".
        Паўсюль лезла трава, міцэлій прабіваў грыбамі нават бетон на аўтастрадах, - а яна прымаўляла нешта наконт таго, што, не спадзеючыся калісь на цеплыню, так распланавала час, што зараз ёй дыхаць няма калі.
        Ён разважаў лагічна: распланаванае можна змяніць. Яго вуснамі казала вясна, яго вуснамі казалі карэнні таполяў, што прабіваліся на святло. Яны выбіваліся з бульвара на вуліцу, вучылі асфальт, пускалі яго дробнымі расколінамі і, нарэшце, высоўвалі да святла дэфармаваныя страшэнным цяжарам парасткі. Але што было да гэтага ёй? Яна "вышэй за ўсё ацэньвала сваю працу" і "кінула б таго, хто забараніў бы ёй яе". Як быццам ён, Андрэй, толькі і марыў аб гэтым.
        А ў адзін з першых дзён мая, калі нават Чыстыя Пруды расквітнелі зялёным колерам жыцця, калі нават мёртвыя дошкі рэдкіх драўляных платоў укрыліся пасля дажджу аксамітным налётам і калі ён сказаў ёй: "так альбо не", - яна адказала з ледзянымі вачыма:
        - Выявіце раней свой шлях, а потым скажыце мне. А што да блазенства, то яго давядзецца кінуць.
        Абражаны да глыбіні душы, ён спытаў, чым ён мог заслужыць такія адносіны з яе боку. I тон, якім яна адказала яму, быў легкаважна-жорсткі:
        - А вы ніколі і не глядзелі на мяне як на чалавека. Нават не пыталіся маёй думкі. аб сваіх вершах, глядзелі на іх як на лісты да мяне, а на мяне - як на цацку.
        I гэта ў той час, як ён проста не асмельваўся патрабаваць яе ўвагі да сваіх вершаў.
        Хіба гэта можна было растлумачыць? I ён сказаў:
        - Гэта, апошняе, асабліва справядліва... Бог з вамі, жорстка вы мяне абразілі.
        Яму хацелася, каб ёй стала на хвіліну балюча. I таму ён, узяўшы яе за вузкія плечы, сказаў:
        - Досыць гуляць у хованкі. Трэба, каб трэці ведаў усё. Застанецеся вы з ім альбо не - хай вырашаюць гэтыя дні. Бо я больш не магу,
        Ірына бачыла ў цемры яго вочы і, відаць, зразумела, што ён здатны на ўсё.
        - Гэта ўжо не ваш смутак, - назнарок сурова сказала яна.
        Замест добрай размовы зноў атрымалася "авантура", як сказала б Ганна. Не разумеючы, за што яго мучаць, ён пайшоў, куды глядзелі вочы, і ўсю ноч праблукаў завулкамі, потым выйшаў у поле і, адмахаўшы чорт ведае колькі кіламетраў, выбраўся на шашу недзе каля Пятрова-Дальняга.
        Маладая канюшына ўжо кучаравілася на схібах. Нейкім невыразным прывідам стаяў у вачах пабачаны ноччу Архангельскі палац, заліты блакітным сяйвам месяца. Гудзела ў нагах.
        Дадому ён дабраўся толькі ў гадзіну дня. Яніса не было. Будынак быў пусты: людзі выбраліся за горад.
        Разумеючы, што Янiс можа парушыць яго сон, Андрэй заторкнуў за нумарок дзвярэй запiску: "Я сплю. Заходзь. Вячэра ў шафе" i, скiнуўшы толькi пiнжак i чаравiкi, звалiўся на ложак.
        Спаў ён пасля бяссоннай ночы доўга і прачнуўся, відаць, позна, бо шолах аўтобусных шын па асфальце гучаў ужо зусім па-начному. Але разбудзіў яго не шолах шын, а нешта зусім другое, насцярожанае: прысутнасць другога чалавека ў пакоі. Хутчэй падсвядома ён пабачыў цень гэтага чалавека ў крэсле ля акна. Гэта быў не Яніс, і таму Андрэй працягнуў руку да выключальніка настольнай лямпы.
        - Чакайце, - сказаў цень з занадта інтэлігентскім вымаўленнем. - Не запальвайце святда... Не варта.
        - Гэта нейкі новы прынцып знаёмства, - сказаў Андрэй. - Што вам патрэбна, мая каліта ці маё жыццё?
        - Мне мала патрэбы ў тым і ў другім, - сказаў цень. - Хутчэй мне патрэбна ваша сумленне.
        Такія словы меў права сказаць яму толькі адзін чалавек у Маскве. I Андрэй ужо цвёрда ведаў, што гэта Ён, той, хто меў гэта права.
        - А я толькі збіраўся зайсці да вас, - сказаў Андрэй. - Вы трошкі апярэдзілі мяне, Міхал... Добра, будзем гаманіць без святла. Прынамсі, вы хаця дазволіце мне закурыць?
        - Валяйце, - сказаў цень.
        - Можа, і вы?
        - Я не куру.
        - Каньяк?
        - Пiць яго ў такiм доме? - з пагардай спытаў цень.
        Андрэй пачынаў злавацца:
        - Гэты дом не горшы за другія.
        - Так, - сказаў цень. - Паўсюль аднолькавае дзярмо... Я не прашу ў вас прабачэння за ўварванне... як вы не прасілі ў мяне. Я падняўся сюды, пабачыў запіску. Дзверы не былі замкнёны. I вось я тут...
        Па столі пакоя слізганула святло ад аўтамабільных фар. У гэтым святле Андрэй пабачыў высокі, трохі залысы лоб і цёмныя вочы, у якіх зараз акрамя іроніі жыла насцярожанасць.
        - Яна пра ўсё расказала мне, - сказаў чалавек.
        - Добра зрабіла. Я сам збіраўся зрабіць гэта заўтра.
        - Чаму ж вы не зрабiлi гэтага раней?
        Успыхнуў чырвоны святляк папяросы ў пальцах Андрэя.
        - Не прыміце гэта за прабачэнне, - сказаў ён. - Але каб я з самага пачатку ведаў, што яна замужам, - я неяк адолеў бы сябе. На жаль, потым было позна... Не ведаючы цвёрда яе адносін да мяне, я не мог падвесці яе, сказаўшы аб усім вам... Але заўтра я хацеў высветліць з вамі ўсё... Даю вам у гэтым слова гонару.
        - Ваш гонар... - сказаў цень. - Чаму, вы думаеце, я не хачу зараз святла?
        - Ну?
        - Яна сказала, што я і так бачыў вас. У сорак першым. Што вы падобны на... таго...
        - А вы не можаце дараваць яму і зараз?
        - Не. Мне проста не хочацца лішні раз глядзець у хлуслівыя вочы чалавека, які прыйшоў у мой дом і...
        Андрэй сеў на ложку. Тонка зазвінела панцырная сетка. Потым у пляме святла з'явілася на стале вузкая рука Андрэя з пачкам цыгарэт.
        - Курыце, - сказаў Андрэй іранічна. - Гэта не мае. Гэта забыў мой асабісты вораг Стаўроў падчас высвятлення адносін са мною...
        - Гэтыя закуру з асалодаю.
        - Ну вось, - сказаў Андрэй,- кажу далей. Я ведаю, я нарабіў вам болю і гора і прызнаюся: вы маеце права на жорсткія словы...
        Шкадаванне да гэтага ценю ў паўзмроку пакоя было непаддзельна ад сораму за самога сябе. Андрэй ведаў: больш балюча, чым гэта зрабіў ён, нельга было ўразіць другога чалавека. Але ён не шкадаваў аб зробленым.
        - Маеце права, - паўтарыў Андрэй. - Але маеце права ў апошнi раз. Цяпер усё ясна мiж намi, i лепей за ўсё абысцiся без залiшняга вiску. Па-мужчынску...Скажу вам шчыра: я кахаю яе. Але я не ведаю, што сказала вам яна.
        - Сказала, што, здаецца, неабыякавая да вас, што не ведае, як ёй паводзіць сябе зараз.
        - Тады я не ведаю, чаму б вам не саступіць з дарогі? - спытаў Андрэй.
        - А вы думалі, што я таксама кахаю яе?
        - Думаў.
        - Тады ідзіце ад яе. Бо яна яшчэ сказала, што не захоча нанесці мне апошняй крыўды... Такое можа здарыцца з усякім. I таму я дарую ёй.
        - А хіба любоў патрабуе даравання? - горка спытаў Андрэй. - Ці не думаеце вы, што з каханнем нешта няладна, калі ёсць патрэба дараваць?.. Я не магу пайсці ад яе, Міхал.
        Бягучае святло праплыло па сценах. Андрэй бачыў, як вочы Міхала беглі за ім, акідваючы позіркам больш чым сціплае абсталяванне пакоя...
        - А што вы можаце даць ёй? - холадна спытаў муж, калі святло знікла.
        - Нічога зараз, - сказаў Андрэй.
        - А потым?
        - Праз тры месяцы - усё. Але і зараз, і праз тры месяцы, і да канца дзён я дам ёй самае патрэбнае: цеплыню.
        - А пакуль што яна хворая.
        - Ведаю. І не вам яе лекаваць. Відаць, няма ў вас нечага даравальнага і добрага. Таму яна і пацягнулася да мяне.
        Чалавек устаў. Андрэй таксама ўзняўся з ложка.
        - Не, - сказаў чалавек, - я ўсё ж не магу пайсці адсюль, не пабачыўшы вас на свае вочы.
        - Калi ласка, - сказаў Андрэй, уключаючы святло.
        Абодва стаялі твар у твар, насцярожана і варожа аглядаючы адзін аднаго.
        - А-а, - сказаў Міхал, - той, што прыходзіў тады!.. Сапраўды... падобны.
        У куточку яго вуснаў ляжала грэбліва-з'едлівая складка.
        - Я, вiдаць, недаацанiў сiлы першага кахання.
        I, стоячы ў дзвярах, сказаў:
        - Да спаткання.
        - Бывайце, - сказіаў Андрэй. - I, калі гэта можа вас суцешыць, скажу: ніколі яшчэ я не адчуваў сябе такой дрэнню.
        - Ат, - сказаў Міхал, - што мне?..
        - Баіцеся, - сказаў Андрэй. - Тут зараз усё на сумленні. Перамога будзе за лепшым. Але вы павінны ведаць, я не адыду.
        - Я ведаю.
        За постаццю госця зачыніліся дзверы. Андрэй падышоў да акна. Лёгкі ветрык варушыў фіранкі, нёс у пакой гукі начнога горада і бензінавы пах, перамешаны з пахам нагрэтага за дзень пылу і амаль няўлоўным водарам, прынесеным аднекуль, дзе камень саступаў дарогу кветкам і траве,
        Добра было, што скончылася хлусня, што пачынаўся шчыры двабой: адзін на адзін.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.