РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ I
        
РАЗДЗЕЛ I

        
        Леаніды не вярнуліся. Астраномы тлумачылі гэта тым, што Юпітэр і Сатурн адцягнулі ўбок іхнюю арбіту. Ва ўсякім разе, у лістападзе 1899 года халодны, фосфарна-зялёны дождж не падаў на забытыя балоціны і лясы. Ноч была звычайнай глухой ноччу позняй восені, а ў паэтаў адабралі яшчэ адну прыгожую легенду.
        Леаніды здрадзілі нашай зямлі.
        Урэшце, акрамя паэтаў, ніхто занадта не засмуціўся гэтым. На зямлі хапала свайго болю і сваіх клопатаў.
        Пячаць стагоддзя ляжала на ўсім, і гэта было жорсткае стагоддзе.
        Завея хавала пад гурбамі гарбатыя палескія хаты і хаўтурыла над імі. Замець белымі змеямі бегла па каменных плошчах Пецярбурга, паўзла ў стылую арку генеральнага штаба і бяссільна разбівалася аб падножжа Зімняга палаца. I з вялізнага люстранага акна глядзелі на яе лупатыя, са строгай слязой вочы чалавека. Глядзелі на замець, на халодны граніт, што скаваў увесь горад, і далей, на ўсю няўтульную зямлю, што рабалепствавала ля яго ног.
        Горад-сфінкс бязрадасна смактаў з зямлі жыццё, а чалавек быў сэрцам гэтага сфінкса.
        I ўсё гэта было падобна на трызненне. У чалавека ўжо аднойчы стралялі ля рашоткі Летняга саду, чалавеку сніліся прывіды, якія хочуць яго смерці. I тады зноў быў выкліканы кат Беларусі і Літвы, каб звіць вяроўку на таго, хто страляў. Потым памёр і кат, - і яго падла, распухлае ад вадзянкі, падла, якое кішэла робакамі, закапалі ў зямлю: ён не заслужыў ад удзячнай бацькаўшчыны нават бальзамацыі.
        Усё менш ставала верных людзей. Апошняю надзеяй, як мара, блішчаў за ракою шпіль Петрапаўлаўкі. Туды, у гэтыя муры, ён хацеў бы запакаваць усю Расію. I людзей выводзілі з брамы пад покрывам цемры, садзілі ў чаўны і страчвалі на востраве Галадай.
        Турма была надзейнай. Адтуль за дзвесце год не ўцёк нiхто.
        Чалавек, якога маглі б паважаць за вызваленне сялян, хаваўся зараз ад уласнага народа. І ўсе на словах схіляліся перад ім, а ў сэрцы - ненавідзелі.
        А потым выбух з Екацярынінскага канала скалануў ужо і зямлю. I забойцы, арыстакратка з горкім і прыгожым ротам, сын селяніна і паповіч, былі, "павешаныя за шыю, пакуль не памерлі".
        Дзяржаўны калейдаскоп мільгаў далей. Хваля ўдачы ўсплёсквала на вяршыню людзей-прывідаў, галоўным заняткам для якіх было - не быць людзьмі. Над краем у дымна-чырвоных хмарах выплываў то пергаментна-жоўты твар Пабеданосцава, то халодна-пагардлівае цьмянае аблічча Плеве.
        Была і другая Расія, але яе забівалі ці аддавалі анафеме.
        Страты. Страты. Страты. Тысячы шыбеніц. Безвыходная Сібір. Загубленыя пакаленні з рабскай душой. Мноства асведаміцеляў-энтузіястаў. Нясцерпная туга ліхалецця.
        Некалькі разоў па краіне, як гіганцкія маглі, грукочучы, кацілася вайна. Тысячы белацелых сялянскіх хлопцаў валам валілі да чыгункі, плакалі п'янымі слязьмі пад скавытлівае рыганне гармоні, груба адрывалі ад сябе каханак, раўлі дурным голасам бязглуздыя салдацкія песні, а потым тысячамі белых пагорачкаў ляжалі ў палях, ледзь прыцярушаныя снегам, або борсаліся ў ледзяной вадзе паміж абломкаў, з жахам адчуваючы, як нябачныя гіры няўмольна і няўхільна цягнуць на дно.
        На грошы, якія забірала вайна, можна было б даць усім гэтым хлопцам вышэйшую адукацыю. Але ўладары, як усякія ўладары, баяліся асветы.
        Рэйкі. Рэйкі. Рэйкі. Дымная сліна з комінаў пэцкае небасхіл. Марлокі даюць гарадам, залітым электрычнасцю, чорнае сонца. Уначы за крывавымі вялізнымі вокнамі раве дэман. Тысячы чырвоных, як гномы, людзей плюшчаць сталь. Змей крычыць медным голасам, падобным на голас гудка, і тысячы заспаных людзей бягуць на гэты голас, каб трапіць у разяўленую пашчу.
        Друзнуць мускулы. Краіну не б'е толькі лянівы. А на яе абшарах з помпаю і нізкапаклонствам, з морам віна і цыганамі, з ладанам і зверагалосымі дыяканамі святкуецца трохсотгоддзе дынастыі.
        З тых самых лясоў, дзе колісь кастрамскі селянін уратаваў пачатак дынастыі, прывезлі ў падарунак гасудару спілаваны стаўбур трохсотгадовай сасны. Равесніца дынастыі, яна прабіла зямлю пушыстай, як заюшка, лапкай у той самы год, калі баяры каранавалі на царства над змучанай ад смуты краінай слабога бледнага хлопчыка. Яна была красою лесу, калі ўнук гэтага хлопчыка арудаваў на верфях сякерай. Яна была грознай у пачатку сваёй старасці, калі бліскучая сука секла галаву "самазванцу", апекавала над мастацтвам і тысячамі тапіла беларусаў на пецярбургскіх балотных работах. А потым, ужо нінавошта не здатная, без змогі даваць насенне - былы семяннік з пераспелай, мяккай, як вата, драўнінай - яна стаяла панылая, злосная і без разбору глушыла маладыя пушыстыя сасонкі, якія мелі няшчасце трапіць у яе густы, атрутна-халодны цень.
        I вось яе ссеклi.
        Мiжвольная iронiя гэтага падарунка не дайшла да небагатых мазгоў уладара, ён шчыра падзякаваў за тонкi i з паэтычным густам зроблены падарунак.
        А між тым усё было скончана.
        Былая краса пушчы, абадраная i распранутая, ляжала зрынутай на зямлю. Не хапала толькi чалавека, якi ўзяўся б за справу i нашчапаў з яе трэсак.
        Такі чалавек знайшоўся.
        У лунанні сцягоў, у крыві братазабойчай вайны, у суровых гімнах, у перамогах і горычы ішла на зямлю новая эра.
        I чалавек з вялікім лобам, не бронзавы, а жывы, вялікі лесаруб і дойлід, з'явіўся над зрынутым дрэвам і высока занёс ззяючую, як справядлівасць, сякеру...
        ...А потым рыдалі з яго смерці чорныя ад гора цягнікі.
        А потым было жыццё са ўсячынай. Людзі самаахвярна будавалі і бурчалі на чэргі, штурмавалі стратасферу - і вешалі на сцяну процівагазы, стваралі "Ціхі Дон" і жылі просталінейным, наіўна-напышлівым мастацтвам.
        Была і веліч, была і падазронасць, была і жорсткасць, быў і гераізм.
        Маленькай прэлюдыяй вялікай навальніцы адгучала ў стрэлах "зязюль" сярод заснежаных ялін напаўзабытая фінская вайна.
        I вельмі хутка, так хутка, што не паспелі яшчэ высахнуць слёзы сірот, грымнулі грымоты вялікай бяды, той бяды, пра якую няма сілы пісаць і нельга не пісаць, бо чалавечая памяць кароткая, бо пакуты неадплачаны, бо мёртвых не вернеш, бо ляжыць і доўга будзе ляжаць на пакаленнях цень чорных крыл, бо чалавек не забывае, а калі б забываў, быў бы проста неразумным свінячым быдлам.
        Снарад трапіў у старажытную званіцу, і яна градам камянёў пацякла на зямлю. Сабака ліжа халодную руку гаспадара. У страшным шэсці ідуць людзі да ахайных, чысценькіх муроў крэматорыя.
        Выбухі. Выбухі. Гучны пошчак нямецкіх буйнакаліберных кулямётаў. Здані аэрастатаў на фоне марознай зары. Недзе ў канцы Цвярскога бульвара. Сібірскія хлопцы з белымі лыжамі на плячах. Белыя, як прывіды, коннікі, знікаючыя ў кудлах завірухі. Тысячы магіл на падмаскоўных палях. Палескі хлопец стаіць ля сценкі пад рулямі аўтаматаў і глядзіць страшнымі славянскімі вачыма.
        Жах вайны. Гнеў вайны. Хто можа забыць пра вас, адмахнуцца ад вас?!
        Няма забыцця.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.