РАЗДЗЕЛ XI Толькі тут, толькі ў пакоі Яніса праз два тыдні, Андрэй даў сабе волю. Янiс сядзеў у крэсле занурыўшыся, як цяжка натапыраная птушка. Ён ведаў, што тут нiчым не дапаможаш, што словы марныя. Андрэй ляжаў на скамечаным ложку, прыкрываючы вочы рукой. - Разумееш, Яніс, я ніколі, ніколі яшчэ не разумеў, як гэта ненавісна, - смерць, каб ёй безгалоўе, каб. Гэта брыдка, гэта агідна, гэта супраць усяго добрага на зямлі: працы, вершаў, кахання, музыкі... I так несвоечасова. Я не паспеў нават зрабіць так, каб ён мог пажыць добрым жыццём, з'ездзіць у падарожжа. Разумееш, усё гэта будзе ў мяне год праз дзесяць, але на д'ябла мне ўсё гэта тады будзе, калі яго няма са мной?.. Нашто смерць? - Смерць - натуральная штука, - сказаў Яніс, - ты супакойся. Я ведаю, табе цяжка. Але, на жаль, ніхто яшчэ не пазбег яе. Усе смяротныя. Андрэй ускінуўся на рукі з нейкай імпэтнай ярасцю. Вочы яго блішчалі. - Не, - сказаў ён, - не. Смерць ненатуральная, як і вайна. Войны таму, што чалавек пакуль што дрэнны. Смерць - таму, што чалавек неразумна жыве. Думаць, што мы паміраем таму, што смяротныя, - папоўшчына, лухта. Складзіце, маўляў, ручкі і цярпіце. Яніс усміхнуўся: - Гэта не папы сцвярджаюць. Гэта - жыццё. - Жыццё?! - Андрэй горка ўсміхнуўся. - Ты проста не ведаеш анатоміі. Мы ўсе, разам з сэрцам, разам з вачыма і слыхам - мы варожыя смерці. Мы ўсе для жыцця, мы ўсе, каб ламаць смерці хрыбет. Што, можа, скажаш, што матэрыя створана для смерці? - У пэўным сэнсе так... - Яніс замяўся. Андрэй пільна паглядзеў на яго вялізнымі вачыма. - Баішся мяне пакрыўдзіць? Кажы. - Бачыш, браце, мы расцём. I кожнае пакаленне трошкі вышэй мінулага... На вышыню магільнага капца... Як кажуць, дыялектыка. - Лягчэй мне было з дыялектыкай, калі ў мяне памерла нявеста? - Я не кажу пра заўчасную смерць. - А смерць у старасці? Нашто? Новых форм чакаць на зямлі не трэба. Фізіялагічна вышэй за нас людзі не будуць. А кожнае новае пакаленне выдаткуе дваццаць год, нават трыццаць год, каб дарасці да ўзроўню папярэдняга. Ён нервова закурыў: - Нас забівае жыццё, подласць моцных, вайна. Але калі-небудзь мы ўстанем... I тады божаму наканаванню смерці прыйдзе канен. Яніс спытаў з відавочным сумам у голасе: - А нам? Можа, і будуць некалі старэць у пяць тысяч год. Але што рабіць нам? - Не ведаю. Нам давядзецца выпіць чашу ў семдзесят... Як бацькам. I, магчыма, для нас ёсць толькі адзін выхад. Адзіны шлях. Жыць кожную секунду. Думаць, рухацца, рабіць кожную хвіліну. Тады, напэўна, за семдзесят год пражывеш, не менш за дрэва, якое трыста год стаіць на месцы... Варта паспрабаваць ва ўсякім разе. Андрэй усміхнуўся сваім думкам: "І яшчэ кахаць.Той, хто кахае - бессмяротны. Ён у кожную хвіліну перажывае стагоддзе. I ён - вораг смерці. Таму, што смерць не для кахання, не для маці тваіх дзяцей. А ўжо для дзяцей, для твайго бяссмерця - менш за ўсё... Толькі кахаць". За акном увесь далягляд, аж да паловы неба, зацягнула грыфельна чорная хмара. Яна насоўвалася трывожна, з жахлівай павольнасцю, веяла на свет мёртвым холадам. Подых яго адчуваўся нават у пакоі, праз адчыненую фортачку. На пагрозлівым фоне хмары здаваліся белымі нават шэрыя будынкі ўдалечыні. - Будзе снег, - знобка сцепануўся Грынкевiч. Яніс не зводзіў з хмары ясных блакітных вачэй. - Страшная якая хмара, - сказаў ён, - як вайна... Вось яшчэ чаго я не магу зразумець, Андрэй, - вайны. Праўдзівей, таго, што людзі яе забылі.. Нядаўна рэдактар не ўзяў маёй паэмы аб вайне: гэта, кажа, мінулае. - Добрае мінулае. Сіроты і інваліды дагэтуль ходзяць. - I не ў тым справа, - сказаў Яніс, - у душах яна ў нас, ва ўспамінах, у сэрцы. Характары нашы трыклятыя ад яе, дагэтуль яна нас б'е. Забыць нельга. - Так, - сказаў Андрэй, - не дае забыць. Ды яшчэ і "на потым" пагражае. Сусветнае свінства. Андрэй устаў і пачаў апранаць паліто, што вісела на біле ложка. - Прабач, Янка, - сказаў ён, - мне час. - Куды? - Па справах паеду... Слухай, гэта вельмі брыдка, што я ў цябе спытаю? - Што? - На могілках я падумаў, што... пэўна, не скончылася яшчэ жыццё, пакуль існуе маці і яшчэ адна жанчына. - Не Марыя, спадзяюся? - з іроніяй спытаў Яніс. - Не. - Тады не брыдка. I з уздыхам прыбавіў: - У гэтым - жыццё. Андрэй амаль бег па сходах. Справа была ў тым, што ўчора Горава зноў папракнула яго, што ён не заходзіць да яе, і сказала, што звычайна бывае дома апоўдні. - Заходзьце, калі захочаце, Андруша. ...Горад быццам застыў у чаканні, калі Грынкевіч, пакінуўшы ўтульную і строгую станцыю метро, выйшаў на плошчу. У прадчуванні таго, што павінна было здарыцца, забіліся ў капітэлі калон галубы. Людзей на вуліцах было мала. Бронзавы Маякоўскі пасярэдзіне плошчы горда ўздымаў насустрач хмарам прыгожы грубаваты твар. Узняўшы каўнер паліто, ён накіраваўся ў напрамку яе дома. Першыя мокрыя сняжынкі ўпалі на асфальт, калі ён спыніўся перад парадным. Дом гэты быў адным з тых дамоў, што будаваліся ў гады "мадэрну" праз меру ўзбагацелымі біржавымі дзялкамі. Высокі, блакітны з крэмавым, нядаўна, відаць, пафарбаваны, ён з нейкай нават вясёлай пагардаю глядзеў на шумлівую вуліцу, на чалавечы натоўп, на аголены сквер, на недарэчны сілуэт высотнага будынка непадалёк. Андрэй памарудзіў хвіліну і, быццам у халодную ваду, нырнуў у парадны. Там было ціха і цемнавата. Бязгучна плылі за вокнамі дзвярэй чалавечыя постаці. Драмала ў крэсле вахцёрша з тварам, які, здаецца, падазраваў усіх нават у сне. Узабраўшыся на другі паверх, Андрэй спыніўся перад дзвярыма, за ліфтам, і страшэнным намаганнем волі - рука ўсё абрывалася ўніз - націснуў званок. Зараз. Зараз яна павінна была выйсці насустрач, усміхнуцца яму, прапусціць у просты светлы пакой, сесці насупраць і сказаць: - Доўга ж вы збіраліся, палескі лайдак. За дзвярыма забрахаў сабака, тоненькім галаском, быццам прасіў прабачэння. У цішыні пачуліся крокі. Ляснуў запор. Андрэй пабачыў мужчыну, цёмнавалосага, з высокім, трохі залысым лобам. Постаць цяжкаватая, пагляд вачэй разумны і шчыры. Выраз аблічча - з той добрай, трохі занадта інтэлігенцкай іранічнасцю, якую Андрэй і любіў і не любіў у людзях свайго асяроддзя. Ён лічыў яе занадта гарадскою. А ён хоць і інтэлігент, хоць і праўнук інтэлігента - быў усё ж правінцыял і любіў добрыя якасці менавіта правінцыяльных інтэлігентаў: павышанае пачуццё сумлення, амаль дзіцячую чысціню помыслаў і поглядаў на свет, бязмежную, трохі наіўную веру ў людзей - якасці ў тым-сім старамодныя. - Што вам? - спытаў мужчына. Чорны кудлаты сабака махаў хвастом, гледзячы на Андрэя. Дзеці і сабакі наогул ніколі не баяліся яго. - Iрыну Сяргееўну. Чалавек усміхнуўся: - Жонкі няма. У іх тэрміновая кансультацыя. Пайшла яшчэ ў дзевяць гадзін. - Добра, - сказаў Андрэй, - бывайце. - Бывайце, - сказаў мужчына. Спускаючыся па сходах, Андрэй пачуў, як за спіною ляснулі дзверы, быццам прыхлопнуўшы ўсё тое, што было. Паставілі кропку. Ён выйшаў на вуліцу з пачуццём такога несамавітага болю ў сэрцы, якога ён ніколі не чакаў. Усё было ясна. Ля газетнага кіёска боль стаў такім, што Андрэю здалося: ён памірае. Прыхіліўшыся да мокрай чамусьці сцяны, ён паспрабаваў быў зірнуць назад, дзе засталася надзея, але нічога не ўбачыў. Толькі нешта мокрае плыло па шчоках. I толькі тут ён зразумеў, што сапраўдны ўраган імчыць прорвамі вуліц, што мокры снег наўскасок ляціць у вочы вокан, штурмуе муры дамоў, заляпляе карнізы, смерчамі ўецца ў зацішку, за дамамі. Ён роў і свістаў, сеяў паўсюль імклівыя белыя пчолы, сівіў валасы Андрэя, халадзіў на газонах ледзь жывую ад зазімкаў траву. Мірыяды белых хлапякоў ляцелі ўздоўж вуліц. Гэта быў канец.
|