РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ XXVII
        
РАЗДЗЕЛ XXVII

        
        Гэта адбылося праз тры дні пасля вяртання з Ленінграда. Андрэя чакаў у Маскве рэжысёр, што пачаў рабіць фільм па яго сцэнарыю. Рэжысёр прывёз ліст ад сябра, што з домам усё гатова, і ліст ад дырэктара студыі. Прасілі яшчэ адзін сцэнарый.
        Пасля размовы з дзвюма актрысамі, якія меліся браць кінапробы на галоўную ролю, Андрэй папрасіў рэжысёра пачакаць і пазваніў Ірыне, каб расказаць ёй аб усім тым добрым, што здарылася.
        - Андруша, - сказала яна ўзрадаваным ціхім галаском. - Вось добра... Кажаш, рэжысёр?.. Не, з ім не трэба прыходзіць... I самому, напэўна, не трэба сёння... Пачуваю так сабе... Не, не прыходзь...
        Уздыхнула:
        - Не магу больш, Андруша... Прыходзь заўтра ў сквер ля інстытута... Вырашым усё да канца... Не пакутуй, спі спакойна ноч... спі, добры мой.
        Гэты пяшчотны, безабаронны голас усё яшчэ спяваў у яго вушах, калі ён падыходзіў да дома паэтаў.
        А ўвечары адбылася цяжкая гісторыя.
        Вечар стаяў спякотны, і таму Андрэй у адных трусах і майцы ляжаў на кіліме, на падлозе, і чытаў "Боскую камедыю" Дантэ, калі да яго ў пакой уварваўся Яніс.
        - Адаліска ў гарэме, - сказаў Яніс,
        - Ідзі да д'ябла.
        - I чытае, напэўна, казкі Маргарыты Наварскай. Гісторыю аб тым, як у швейцарца была занадта гарачая жонка.
        - Ёлуп, - сказаў Андрэй. - Гэта не ў Маргарыты, гэта ў Дзюпер'е. Гэта ўсё адно што зблытаць Апалона з Панам, каб цябе чэрці ў пекле з грэшнікамі блыталі, каб цябе...
        - Д'ябал з iмi, - сказаў Янiс. - Што Апалон, што Пан - адна мiнералогiя.
        Сеў у крэсла.
        - Выгляд у цябе сёння не вельмі разумны. Што ты там знайшоў у Дантэ вясёлага, амаральны ты чалавек?
        - Янка, - сказаў Андрэй, - заўтра ўсё вырашыцца. Па тону мяркую, што ў добры бок.
        - Ну! - сказаў Яніс і сеў на падлогу, абхапіўшы рукамі калені.
        Запанавала маўчанне.
        - Я шчаслівейшы за цябе, - сказаў урэшце Яніс. - Шчаслівейшы, нягледзячы нават на тое, што яна жорстка мяне абразіла, ледзь не пасварыла з табою.
        - Ведаю, - проста сказаў Андрэй.
        - Ну-к што, - уздыхнуў Яніс. - Тады табе, вядома, не да гулянкі. А нас Харунжы запрасіў. Ачуняў ад хваробы. Было ў яго "воспаленне всегда лншнего нерва". Відаць, пайду адзін.
        - Чаму? - весела ўзняўся Андрэй. - Возьмем і мы сапераві белага або цынандалі, пойдзем да іх. Ніхто не будзе ведаць, а для нас нешта накштдлт хлапечніка.
        ...Сабраліся ў пакоі Харунжага. Акрамя гаспадара і нашых хлопцаў быў гультаяваты Баранаўскас з нейкім земляком літоўцам ды яшчэ Стаўроў з маленькім Ліпскім. Прыцёгліся "на агеньчык". Непрыемна, вядома, але д'ябал з імі.
        Суцянела. Над дахамі далёкіх дамоў пералівалася ледзяным крышталём чыстая зорка. Праз адчыненае акно было чуваць, як недзе далёка, у кветніку аднаго з дамкоў, на якія адусюль наступалі новыя дамы і краны, жаночае сапрана і дзіцячы альт, з перадыхамі, вельмі па-вясковаму, вялі песню пра тое, што "он не чувствует любовн ннкакой". Матыў гучаў старадаўняй рускай тугой.
        - Знайшла, дурышча, рэпертуар для дуэта з хлопчыкамі, - з какетлівым сарказмам сказаў Ліпскі. - А потым той вырасце ды і дзёўбне гэтага "дорогого родителя" ў цемечка за тое, што той ягонай "любови не чувствует".
        - Кінь, - сказаў Харунжы. - Яны простыя, яны разумеюць. Лепей няхай дзеці даведаюцца аб пакутах кахання па гэтай песні, чым па словах у пад'ездзе, як шмат хто з інтэлігенцкіх дзяцей.
        Стаўроў, відаць, вьшіў недзе раней. Непрыстойна прыгожы твар яго з пашыранымі ад віна і цемры зрэнкамі перакрывіўся так, што гэта было прыкметна нават у прысмерку:
        - А каханне што, не ў пад'ездзе?
        - Кінь, - сказаў Харунжы, - лухту кажаш. П'яны ты.
        Стаўроў не сунімаўся:
        - Пад'езды і платы праўду кажуць, брат, Я такія словы на адным з ленінградскіх платоў чытаў - вось толькі пяць дзён таму, - што там твой Эклезіяст?! Разумееш, на вышыні дзіцячага росту крэйдай начыркана: "Усе будуць мерцвякі!" Во! I пра любоў праўду пішуць, чаму гэта да адной гэткая перавага? Што ў яе - усё іначай уладкавана? Аднолькава, брат, ва ўсіх. Ведаеш адну - усіх ведаеш.
        - Стаўроў, - ціха сказаў Андрэй, - ты гаворыш брыдоту.
        - На брыдоту - кнігі патэнт узялі. А я чалавек просты.
        Ліпскі засмяяўся гуллівым тэнарком.
        - Мярзоту кажаш, - сказаў Андрэй.
        - Хопіць, хлопцы, - сказаў Яніс.
        - Ды хлопцы, хлопцы, - пачаў умаўляць Харунжы. - Што вы завяліся? Можа, вы яшчэ і мяне наб'яце? Пілі ў Філі ды Філю і набілі.
        - Прыйшлі ў маю хатку, ды б'юць майго татку, - па-беларуску дадаў Баранаўскас.
        Ліпскі і тут засмяяўся, але значна менш лісліва.
        - Вып'ем лепей яшчэ, - сказаў Харунжы. - Ну, хто па цынандалі?
        Выпала ісці Янісу. Ішоў ён неахвотна, доўга ўмаўляў Андрэя збегаць за кампанію. Андрэй адмовіўся.
        А Стаўроў, ледзь за Янісам зачыніліся дзверы, завёўся зноў:
        - Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі. У вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут.
        - I праўда, - падхапіў Ліпскі, легкаважна ўзрадаваны тым, што відавочна наспявае скандал, а яго патрон такі пераканальны і так вобразна гаворыць. Тварык ягоны, лялечна-маленькі, бліскаў вочкамі ў прыцемку.
        - Пакінь, - нарэшце сказаў Андрэй,- слухаць ванітуе, такой дрэнню панесла.
        - А ты - іншы? - спытаў Стаўроў. - Ты з Марыйкай Крат што, на зоры глядзеў?
        - Глядзеў і на зоры, - нечакана сур'ёзна сказаў Баранаўскас.
        - Ды я ж не асуджаю, - з вонкавай памяркоўнасцю, дабрадушна сказаў Стаўроў. - Сёння ён, заўтра - іншы. Жывыя людзі.
        - Быдла ты, - сказаў Баранаўскас.
        - Чакай, - сказаў яму Андрэй, - не абараняй мяне... Я ведаю, Стаўроў, ты маеш права кінуць камень у мой агарод за мінулае. Не чапаючы Марыі, я скажу: я сапраўды апусціўся ў той час. Гэта было з-за абыякавасці да жыцця. I мне вельмі брыдка за сябе...
        - Ты што ж, змяніўся? - спытаў Стаўроў.
        - Мяркую. Ва ўсякім разе, каханне не тое, аб чым ты гаворыш, Яно ўсё дае: кнігі, музыку, гераізм. Бо нельга ў вачах каханай быць слабым, дрэнным, бяздарным.. Вядома, гэта шчасце быць з ёю разам, блізка. I толькі з адной, заўсёды. Але гэта яшчэ і тое, што яна разумее без слоў, што думаеш з ёю аб адным, што можаш аддаць ёй апошняе. Гэта яшчэ і бяссонныя ночы, калі хварэе, і чаркі, якія выпіў, блукаючы вакол радзільнага дома, і мастацтва, і музыка ў доме, і нават смерць. Ведаеш, аб чым моляць для каханых беларускія казкі як аб апошняй лістасці? Памерці ў адзін дзень. Каб не біцца галавою аб крыж, аб пусты ложак, аб кожны пень у лесе, куды пайшоў выплакацца.
        - Надбудова, - у голасе Стаўрова налівалася нейкая аж занадта вялікая для такой спрэчкі злосць. - Надбудова над базісам... Размовы аб мастацтве - ах-ах! Перыйкі ўсё! Шлюбны ўбор у цецерука. Ходзіць і балбоча.
        Ён махнуў рукою:
        - А, ды што там. Вось адна, усім вам вядомая. Толькі і ішлі ў нас размовы пра Эль-Грэка, што да ложка... Адразу як нажом адсекла. А вытанчанасці, здаецца, на ўсю акадэмію мастацтваў хапала.
        - Хто гэта? - амаль адразу спыталі Баранаўскас і Харунжы, і ў галасах іхніх было непаразуменне. - Не ведаем.
        Андрэю быццам гноем ляпнулі ў твар. Ён здагадаўся, куды хіліць Стаўроў, і ведаў усімі глыбінямі душы і сумлення, што гэта няпраўда, што гэта помста, што не пасуе нават нікому з жывёл. А тут сядзеў чалавек. Чалавек?
        Ён толькі з вялікім намаганнем устрымаўся ад поўхі. Поўха адкрыла б усім імя. Андрэй ведаў, усе абураліся б, але нішто, нават край ценю, не павінен быў упасці на гэта імя. Яго не павінны былі назваць. Устаць на абарону павінен быў толькі адзін чалавек, ён. Ён, які адказваў за яе лёс, за чысціню яе дарогі не толькі з заўтрашняга дня, а з таго імгнення, калі, яшчэ не закаханы, ён зразумеў, што яна дарагая яму як друг.
        - Я таксама не ведаю хто, - цяжка сказаў Андрэй. - Але я мяркую, што нават калі прамоўца насупор свайму звычаю не хлусіць - тое, што ён сказаў, няварта мужчыны... Усякага, а не толькі прыстойнага. Яны давяраюцца нам, спадзеючыся на наш гонар, і мы маўчым. А хто не маўчыць - той баба.
        Прамаўчаў.
        - Спадзяюся, што ты, Стаўроў, не зробіш апошняй нізасці. Я, напрыклад, ніколі не бузую імён дзяўчат па корчмах. I ніколі не кажу нікому, што другі мужчына атрымаў ад жанчыны абшыд.
        Страла трапіла дакладна ў цэль. Але гэта разумелі толькі Андрэй і Стаўроў. Запанавала цяжкае маўчанне. Потым Харунжы кашлянуў.
        Маленькі Ліпскі вырашыў, відаць, выручыць друга:
        - Ды ён не хлусіць, - тэнарком сказаў ён. - Я, калі хочаце, ведаю. Я, калі хочаце, і...
        - Вось што, - перарваў яго Толька. - Ідзіце вы, хлопцы, удвух адсюль. Мне непрыемна бачыць вас тут.
        - Не вельмі трэба, - уздымаючыся, сказаў Стаўроў. - Чыстаплюі.
        Калі за ім і Ліпскім зачыніліся дзверы, Харунжы злосна хмыкнуў:
        - Ах, дрэнь бывае! Ах, дрэнь! I шанцуе ж гэткай дрэні! Што ў жыцці, што ў літаратуры!..
        - Б...... бл...., а бог ёй долю гатуе, - змрочна сказаў Андрэй.
        - Твая праўда, - плюнуў Харунжы.
        I ненатуральным тонам сказаў:
        - А Янкі няма. Як за смерцю пайшоў. Пайшлі Вайвадса, а за ім другога... Во каб гэта ён дзверы адчыніў ды сказаў: "Вы яшчэ палайцеся. Я і зусім тады не пайду".
        Але ніхто не засмяяўся. Усім было пякуча сорамна.
        Андрэй сядзеў вонкава спакойны, але ўнутры ўсё ў ім высока трапятала, як на грані абрыву. Надыходзіў ягоны час. Трэба было толькі счакаць, каб не здагадаліся.
        - Вып'ем, - бестурботна сказаў ён.
        Усе загаманілі, чокаючыся. Усім стала трохі лягчэй. I тады Андрэй устаў:
        - Пайду я насустрач гэтаму латышу, - сказаў ён. - Гэта ён, напэўна, за нешта палаяўся там,
        Тон быў натуральны. Толькі Баранаўскас мог не паверыць. I таму, асабіста для яго, Андрэй сказаў:
        - Ведаеш, Гінтас, як мы з ім вячэру здабывалі?
        - Не.
        - Гэта даўно было. Вярталіся позна, вячэраць не было чаго. Яніс тады яшчэ забываўся, што я па-латышску ведаю толькі "лудзу", "сірдс", "шняпс" ды яшчэ пачатак песні пра пеўніка: "Куды ты, маўляў, бяжыш, пеўнік?" А тут скандал. Перад святамі магазін павінен да дванаццаці гандляваць, шыльда адпаведная вісіць, а тут 11.15, а зачынены. Не пускаюць, Мы - выясняць гэта пытанце. Слова за слова - Яніс пачаў гарачыцца. Падыходзіць міліцыянер. Ну, думаю, дрэнна. А Яніс у гарачай вадзе купаны, пачынае лаяцца на латышскай мове. Ну, думаю, трэба падтрымаць кампанію. Развёў рукамі і тонам страшэннага абурэння пераказваю прозай пачатак песні: "Куртутэ-эцы". Яніс глядзіць квадратнымі вачыма. Потым разумее тактыку і, у той самай танальнасці: "Кур-ту-тэ-э-эсцы". А я яшчэ на дзве актавы вышэй, быццам у мяне на вачах дзіця пакрыўдзілі: "Га-ай-літ-ман". Міліцыянер бярэ пад казырок і кажа: "Прабачце, панове, я не ведаў, што вы англічане".
        - Прапусцілі? - спытаў Баранаўскас.
        - Прапусцілі.
        - Брэшаш ты, як наняты.
        - Чаму. Ты вось ідзі і спытай у чаргі па-літоўску: "Праўда, што ад віна галава баліць?" Адразу без чаргі пусцяць.
        Кампанія нязлосна зарагатала.
        - Уліп, - сказаў Баранаўскас са смехам.
        Андрэй выйшаў.
        - Добры хлопец, - сказаў Харунжы.
        - А Янка, па-твойму, дрэнны? - спытаў Баранаўскас.
        ..."Добры хлопец" тым часам стаяў ужо ў пакоі Ліпскага.
        - Што табе?
        Варта было б даць яму, але Андрэй разумеў: гэта толькі падгалосак Стаўрова, Моська, якую можна перашыбіць саплёю.
        - Ліпскі, прызнайся, што збрахаў.
        - Ды я што, - чырвань плітамі папаўзла па лялечных шчаках Ліпскага. - Я... веру Стаўрову.
        - Чаму? Авансы табе рабілі?
        - Не зусім... але...
        - Сумленне тваё дзе? Пэцкаць імя жанчыны. Брахаць.
        Ён бачыў, што Ліпскі ачуньвае ад спуду і пачынае казырыцца. I тады Андрэй узяў яго за грудзі і, прыўзняўшы, пасадзіў на біла ложка.
        - Ліпскі, - сказаў ён, - ты ведаеш, я гіджуся бойкі, мы не звяры дзікія. Але ўлічы, подласць б'юць. Сёння я стану біць твайго Стаўрова смяротным боем. За хлусню.
        - Гэта яшчэ хто каго.
        Заўвага была слушнай. Стаўроў быў відавочна больш узмацярэлы, чым Андрэй, важыў, нават на вока, кіло на дванаццаць больш. Сутыкніся яны проста так - ад Андрэя, магчыма, пер'е ляцела б. Але тут Андрэй ведаў, што б там ні было, ён наб'е Стаўрова, наб'е двух Стаўровых. Іначай - хоць і не жыві.
        - Я стану біць яго смяротным боем... А ты, ты толькі скажы мне, ці любіш сваю маці?..
        Ліпскі падумаў, што Андрэй успомніў маці не на дабро.
        - Чаго ты мяне чапаеш?! Пры чым тут маці?!
        - Я не аб тым. Скажы, каб пра тваю мацi, сястру, дачку сказалi нешта такое... Што б ты тады?..
        Ліпскі апусціў вочы:
        - Забіў бы, - глуха сказаў ён і дадаў пасля паўзы: - Я схлусіў. Я думаю, што схлусіў і Стаўроў... Пусці мяне.
        Стаўшы на ногі, ён ціха падышоў да акна.
        - Хочаш, я скажу хлопцам, што схлусіў? - гледзячы ў цемру, спытаў ён.
        - Калі спатрэбіцца - скажаш.
        ...Пакой Стаўрова быў за павароткаю калідора. Андрэй пастукаў у дзверы. Магчыма, занадта гучна.
        - Галавой, - сказаў раздражнёны голас.
        Андрэй адчыніў дзверы. Стаўроў сядзеў на ложку ў трусах і ў майцы. Грудзі, зарослыя валасамі, былі шырокія, хаця і занадта атлусцелыя, але затое ногі, рэльефна ўкрытыя дробнымі і буйнымі мускуламі, былі застрашліва-дасканалыя.
        "Калі пачне брыкацца, будзе дрэнна", - падумаў Андрэй.
        Так, было ў гэтым чалавеку нешта ад звера, нягледзячы на акуляры, нягледзячы на непрыстойна прыгожае аблічча. I горш за ўсё было тое, што Андрэй аддаваў яму належнае: гэты мог мець поспех у жанчын. Гэта было дрэнна. Не таму, што Андрэй баяўся за Ірыну. Ён проста ведаў: калі хлусіць такі чалавек - яму могуць паверыць. Нават многія. Як многія вераць у яго вытанчанасць, бо вытанчаны да рафініраванага снабізму ягоны пакой.
        Пакой, сапраўды, не адпавядаў паху дзікага звера, які ў ім стаяў. Забавак больш, чым у дзяўчыны. I рапіра над тахтой, зробленай з той самай сеткі, што ў другіх ляжыць на ложку.
        Кола для "хула-хуп'а" (круціць кожная чарговая "дзяўчынка"), рэпрадукцыя "Гернікі", левая частка якой завешана, бо "там Пікаса парушыў унутраную дынамічнасць".
        I на стале заўсёды назнарок раскрытая кніга. Месяц таму гэта былі "Метамарфозы" на лацінскай мове, вядома ж з малюнкамі. Андрэй тады паспрабаваў быў пагаварыць з гаспадаром кнігі на мове Авідзія і са здзіўленнем пераканаўся, што той цвёрда завучыў толькі два лацінскіх словы, ды і тыя - "прымус" і "аўтобус".
        Андрэй не злаваўся б нi за кола, нi за Авiдзiя, каб гаспадар сумленна развiваў першым брушны прэс, а другiм - эстэтычную цягу да жанчын. Але ён на свае вушы чуў, як гэты чалавек аднойчы казаў аб "рускiм кiтаiзме", а на другi дзень распiнаўся ў любовi да радзiмы, ледзь не абараняючы баганоснасць яе людзей.
        Увесь у выкрунтасах, а кнігі піша звычайныя: пра пабудову круглых цялятнікаў і іх перавагу над цялятнікамі трохкутнымі.
        - Што трэба? - спытаў Стаўроў.
        - Вазьмі назад сваю плётку, - сказаў Андрэй.
        - А што, можа, будзеш біцца?
        - Не пэцкай iмя жанчыны. Гэта занадта лёгка.
        Стаўроў не слухаў. .
        - Чаго ж ты тады пры ўсіх мяне не біў?
        - Маглі разбараніць, - проста сказаў Андрэй. - Дык бярэш назад свае словы?
        - З'ясі ты, ведаеш чаго.
        - Ты хлус, Стаўроў, - сказаў Андрэй. - Ты манюка, што ваюе з жанчынамі.
        Стаўроў ужо стаяў перад Андрэем:
        - Зараз ты возьмеш назад свае словы. Таму, што я казаў праўду пра гэтую...
        Андрэй не даў яму скончыць. Гучны ляпас аддаўся ў пакоі.
        - Я цябе знішчыць хачу, сволач, - у Андрэя дрыжалі ноздры. - Такія, як ты, усё гадзяць: каханне, зямлю, праўду. Усіх вас знішчаць трэба... Бяры назад словы, дрэнь гнілая...
        Гаспадар, відаць, з цяжкасцю ўсведаміў тое, што яму далі поўху. Але ўсведаміў. Праз хвіліну Андрэй адляцеў і ўдарыўся спіною аб шкляную горку з керамікай. Зазвінела разбітае шкло.
        У наступны момант Стаўроў мядзведзем насунуўся на Андрэя, і Грынкевіч літаральна знік пад ягонымі ўдарамі. Ён не лічыў, што шрамы і сінякі - украса ваякі, і таму імкнуўся толькі прыкрыць твар. Немагчыма было заўтра ісці да яе з абліччам, збітым, як горкі яблык.
        Тройчы яшчэ адлятаў Андрэй, але злосць не ўтаймоўвалася, але нянавісць не пераходзіла - і не магла перайсці - у баязлівасць. Ён быў спакойны. Ён толькі чакаў. Ён ведаў, што ён слабейшы, і ведаў, што ён павінен правучыць гэтага звышчалавека з яго Авідзіем.
        Стаўроў шалеў. Малаціў, як па гумавай грушы, адчуваючы сябе ў ярасці гаспадаром становішча. Гаспадар становішча не заўважаў, што разбіў суглобы сваіх пальцаў. Ён малаціў.
        I тут у пакой нечакана ўварваўся Яніс. З рыкам ён кінуўся быў на дапамогу.
        - Назад! - крыкнуў яму Андрэй. - Не лезь, іначай і табе перападзе.
        Вочы яго былі такія гнеўныя, што Яніс адступіў; дрыжучы ад ярасці, стаў глядзець. Некаторы час у пакоі чулася толькі хрубасценне шкла, хрыплае дыханне Стаўрова ды гукі ўдараў: частыя - у гаспадара, рэдкія - у Андрэя.
        Яніс не заўважаў, што Андрэй гэтымі рэдкімі ўдарамі паспеў ужо разбіць Стаўрову броў, што левае вока Стаўрова ледзь глядзіць праз шчыліну сіняка, што ў яго дрэнна рухаецца ад удару ў мускул пляча левая рука. Яніс не заўважаў, што твар Андрэя чысты.
        - Ды ён заб'е цябе.
        - Не руш, - дыханне Андрэя было глыбокім і спакойным. - Гэтага я сам.
        Зноў удары і храбусценне. I раптам, якраз у тое імгненне, калі Стаўроў занёс кулак над галавою Грынкевіча, напаўсагнутая рука Андрэя слізнула ўгору. Яніс пачуў глухі ўдар. У наступны момант Стаўроў усім целам бразнуўся на падлогу.
        Гэта не быў накаўт. Раз за разам, чатыры разы ўзнімаўся "звышчалавек", але ўдар кожны раз - ён не паспяваў нават стаць на калені - валіў яго на падлогу. Урэшце ён прымірыўся з ляжачым становішчам. Толькі вочы глядзелі востра, бы ў тхара.
        - Бярэш назад словы? - спытаў Андрэй.
        Стаўроў маўчаў.
        - Ды што ён зрабіў, нарэшце? - спытаў Яніс.
        - Зачапіў Яе, - сказаў Андрэй.
        - Яе? - Яніс рушыў на гаспадара. - Чакай, Андрэйка, я яму яшчэ падкіну.
        - Не пэцкай рук аб дзярмо. Адыдзі... А ты прасі прабачэння...
        - Чакай, - з пагрозай сказаў ляжачы.
        I тады Андрэй выбухнуў:
        - Ты бруд... Ты - слабенькую... Ты - слабых... Вазьмі назад брахню, іначай я яе з языком тваім смярдзючым, г....м у глотку ўваб'ю.
        - Чакай, - сказаў Яніс. - Я яго падыму, каб тваё сумленне спакойным было.
        Андрэй сам узняў Стаўрова за грудзі і шпурнуў на руіны горкі. Дзіка забразгатала шкло.
        - Д-добра, - сказаў Стаўроў. - Прашу прабачэння.
        Толькі тут стала ясна, як ён здаў, як трэсліся ягоныя рукі.
        - Кажы, зманіў?
        - Зманіў. Але нічога, я ўсім вам... вясёлае жыццё... А табе, Яніс, асабліва будзе. На бюро прыйду...
        - Прыходзь, - сказаў Яніс. - Мы табе тады ўсім складам бюро натаўчом карак. У нас там людзі сур'ёзныя, жартаваць не любяць. У трох разрады па боксу.
        - А... бабе тваёй...
        - Змоўч, - збялеў Андрэй.
        Невядома, адкуль узяліся сілы, але ён адарваў Стаўрова ад падлогі збялелымі на касцяшках кулакамі і пусціў на дзверы шафы.
        - Мы пойдзем, - сказаў Андрэй. - Але калі ты хоць слова - мы зноў прыйдзем. Калі зноў плётка, калі пра яе - тут будзем біць удвух.
        ...У пакоі Андрэя Яніс, сцягнуўшы з гаспадара падзёртую сарочку, разглядаў разнастайныя па якасці і колеру сінякі.
        - М-да. Рыцарства! Шкада, што ў мяне бальзаму няма, - бурчаў ён. - Гэта нават горш, як мяне на вакзале жандары білі. Там што? Там я ціхутка лёг ды і гляджу, як яны мяне прасуюць. Надта ўжо цікавы працэс. А тут... тут, брат, проста чорт ведае што такое...
        Грынкевіча раптам закалаціла.
        - Яніс, - хрыпла сказаў ён, - за што ён яе, гадзюка?.. Я ведаю, яна не заўсёды добрая. Змучыла мяне... Год вар'ятам хаджу, на апошніх нервах. Ведаю - часам зменлівая. Ведаю - часам гуляе са мною... Але хто мае права заўважаць гэта... акрамя мяне?.. Ніхто.
        Сціснуў скроні далонямі. Сказаў ужо спакойна:
        - Апошнія мае сілы, Яніс. Шчасце, што заўтра - усё. А то - на Канатчыкаву дачу праз тыдзень.
        - Нічога, - сказаў Яніс. - Усё будзе добра, дружа. Заўтра ўсё будзе дабра. Евіна племя, яно, брат, таксама не ўсё з сабачага хваста.
        ...У прызначаны час наступнага дня Андрэй чакаў яе ў скверы ля інстытута. Дыхаць было цяжка, але наогул ён адчуваў сябе ніштавата. Асабліва таму, што аблічча было не кранутым у бойцы.
        Яна спазнілася на сорак хвілін. За гэты час ён тройчы пералічыў дрэвы ў скверыку, хмызы пад імі. Пясок пад нагамі быў густа засеяны акуркамі.
        Калі яна нарэшце прыйшла, ён ужо так хваляваўся, што не заўважыў нічога. Кінуўся да яе, здзіўлены, што яна праходзіць паўз яго, быццам не заўважаючы.
        - Дзень добры, Ірына.
        - Дзень добры, - яна стаяла напаўпаварота да яго.
        - Я чакаў, - сказаў ён.
        I тут яна павярнула да яго аблічча, нейкае такое незнаёмае аблічча, што ў Андрэя абарвалася ўнутры. Што ў ім было, у гэтым чужым абліччы? Вядома, было яно трохі больш змарнелым, чым заўсёды. Але галоўнае было не гэта, не пустыя вочы, нават не пасмяглыя вусны. Галоўным быў выраз. Быў на гэтым твары выраз такой грэблівай пагарды, што стократна горшы і за самую нянавісць.
        - Што з вамі? - жахнуўшыся ў душы, спытаў ён.
        Але ён ведаў, нават без яе адказу ведаў: гэта канец. З такім выразам сціснутых вуснаў, з такімі пустымі вачыма не глядзяць нават на ворагаў.
        - Чаго вы прыйшлі сюды? Вы не ведаеце, што гэта вокны інстытута?
        - Але ж вы самі... - паспрабаваў напомніць ён. - Гэта ж вы сказалі, што не можаце...
        - Я і не магу, - варухнуліся вусны. - Мне абрыдла ўсё гэта. Вы не думаеце аб размовах, аб маім імені. Вам усё адно...
        Свет раптам пацьмянеў у вачах Грынкевіча. Адчуванне лёгкай млоснасці нарадзіла звон у вушах. Але ён справіўся. Можна яшчэ і самлець, бразнуцца аб зямлю - не, занадта гонару для яе. I яшчэ яна магла б падумаць, што гэта кліч да літасці. Яна часамі любіць выпускаць кіпцікі - хай точыць іх на іншых.
        Ён моўчкі павярнуўся і пайшоў прэч. I выгляд яго спіны ярчэй многіх слоў казаў аб гідлівасці, якая раптам авалодала ім.
        Каб ён азірнуўся, ён мог бы пабачыць, як выраз пустаты саступіў месца ў яе вачах непаразуменню, як бязвольна прыўзнялася рука. Але ён не азірнуўся. Ён не азірнуўся б нават на крык. Ён быў так уражаны, што проста не пачуў бы яго. Страціў прытомнасць, не трацячы яе.
        ...Наступнае патанула ў тумане. Часу не было. Ён не ведаў, гадзіны прайшлі ці дні. Бы ў п'янага, у вачах засталіся толькі рэдкія ўрыўкі падзей. А між тым, ён не піў ні кроплі. Наўрад ці ён і еў нешта ўсе гэтыя дні.
        Памятаў, што сядзеў на адхоне ў Астанкіна і слухаў зязюлю. Зязюля налічыла сорак. I тады ён упершыню адчуў, як з абразы і адчаю нараджаецца гнеў. Што яму з гэтых сарака, калі праўды няма?.. Радуйся, дзева, твае лепшыя горш за горшых, гатовы быць з усімі, абы не з каханым... Для гэтага ў іх не хапае распланаванага часу. Быць з каханым амаральна... За гэта не шкадавалі імя... Маральным было быць з другім, "які не дараваў".
        Потым зноў быў правал. Сустрэў на вуліцы суседа па інтэрнаце. Той казаў нешта аб тым, што яго шукаюць тры дні... Назольны сусед. Ледзь выратаваўся ад яго, скочыўшы ў аўтобус. Шукаюць тры дні. Значыць, тры дні не начаваў там. А дзе? Гэтага ён не помніў. Можа, проста хадзіў па вуліцах... Часта бывала цёмна... Аднойчы, здаецца, ляжаў проста ў кураслепе нейкага парку... Глядзеў на зоры... Смешныя былі зоры: рухавыя, як зайчаняты...
        Гнеў прыйшоў аднойчы вечарам разам з пачуццём нясцерпнай стомы - ногі адвальваліся - і зверскім голадам. Аж цямнела ў вачах. У вулічным кафэ ён выпіў чатыры шклянкі кавы і ўпершыню, хаця і ліхаманкава, абдумаў, як яму быць.
        Кава зрабіла сваё. Ідучы тратуарамі Садовага кальца, ён цвёрда ведаў, што рабіць. Па-першае, ён не можа больш. Гары яно гарам! Варта было пакутаваць, вар'яцець, паліць апошнія думкі на гэтым хлуслівым агні. Ён не зрабіў нічога, акрамя добрага. I вось... аддзячылі.
        Столік на пошце. Пяро бегае па паперы. Толькі чатыры словы: "Няхай ты будзеш праклятай!" Жорстка? Так, але і добра. Пасля гэтага не вяртаюцца... Канверт падае ў скрынку...
        А цяпер да Ганны. Ён растлумачыць ёй усё. Гэта не помста. Калі ёй хочацца быць з ім - чаму ён павінен адмовіць у гэтым. Невялікае шчасце, але калі ёй спатрэбіўся гэты кавалак - няхай бярэ. Ва ўсякім разе, ён будзе добрым мужам. Будзе берагчы яе, вельмі шкадаваць, любіць за дабрыню і чалавечнасць. Яна ж лепей за тую. Яна застанецца з ім на ўсё жыццё, на радасць і гора, нязменная з нязменным, верная - з верным.
        Досыць з яго.
        I ўсё ж ён нічога не сказаў Ганне. Сорам не дазволіў. Сказала яна сама, як заўсёды, нейкім дзівам адгадаўшы яго думкі.
        - Ты гэтага ніколі не скажаш мне, Андруша.
        Сядзела ў сваім улюблёным куточку канапы, асветленая аранжавым абажурам. Янтарны твар, залатыя валасы.
        - Сорам не дазволіць. Але я ведаю, гэта не ад адчаю... Калі ты будзеш спакойны, хоць і няшчасны - я пайду з табой. Толькі гэта будзе потым - калі супакоішся. Магчыма, праз год. Я ведаю, ты ніколі не будзеш кахаць мяне. Але хіба не ўсё адно. Я зраблю так, што табе не захочацца пайсці ад мяне.
        - Ты заўсёды даеш мне сілы. А што застанецца самой?
        - Самой? - яна ўсміхнулася. - Самой застанецца ўсё. Як вы ганарыцеся сваёй сілай! А вы слабейшыя за нас, нават калі б'ецеся, як дзікія звяры... А зараз ідзі дадому... Ідзі, спі...
        Яна хавала ад яго нешта, відаць, шкадуючы яго. Ён бачыў гэта па неспакою яе вачэй. Але ён так стаміўся, што не стаў дапытвацца.
        Дома, перад тым як легчы спаць, ён знішчыў вершы, прысвечаныя Ірыне, знішчыў усе паперы, дзе хаця б прыпаміналася яе імя. Ён падаў з ног ад стомы, але не мог спаць, пакуль у пакоі заставаліся сведкі яго слабасці і яго ганьбы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.