РАЗДЗЕЛ XV Яніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай. Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. I любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць. I вось у гэты дзень ён уварваўся ў пакой Андрэя, не пастукаўшы, і яшчэ з парога загарлаў: - Здароў, самотны рымлянiн. Андрэй скочыў, як бы яго шылам парнулі. Так яны і стаялі, абняўшыся: Яніс у мокрым ад лістападаўскага дажджу плашчы, а Андрэй - у трусах і майцы. - Дружа мой. Сядай. Як пісалася? - Геніяльна. - Што напісаў? - Напiсаў, брат, сумную рэч. Паэму аб мацi. Яніс сеў: - Быццам зноў прайшоў шлях. Уся гэтая гарота, нястача, слёзы... I тут яшчэ яе смерць... Цяжка было... I ў тон настрою Дзінтара юра1 за акном шуміць-шуміць. Кожную ноч. Ён выцягнуў руку з кішэыі, расціснуў пальцы. I ў пакоі быццам адразу стала святлей. На далоні ляжала некалькі янтарных кавалкаў: іржава-карычневых, шакаладных, празрыста-залатых - быццам ззяючых цеплынёй. - Поўзаў, брат, па беразе для цябе. Хацеў табе Балтыку прывезці. - А я што табе прывязу? - Прывязi кавалачак Нарачы, - Янiс пачынаў дурэць. - Прывязi Белавеж або лепей бутэльку "Белавежскай". - Зубра нованароджанага табе не прывезцi? - Прывязі зубрыху.. Буду вадзіць яе на пашу ў Астанкіна. Выпушчу на партэр і - "гуцю-гуцю, падласая!". Андрэй палез у шафку. - Белавеж самому патрэбна... А "Белавежскай" бутэльку разап'ём. Прыслалі. - Братка ты мой. Ашчаслівіў ты мяне, ашчаслівіў. Цяпер я і ад тэрытарыяльных дамаганняў адмаўляюся. Месяц у рот не браў. Вось так працуеш, як дурань, а п'янка запушчаная. Андрэй, сабіраючы на стол, усміхнуўся. - Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад'яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму: Хотел дойти до Даугавпилса, Но вместо этого напился. Мы паклалі яго на ложак, укрылі абрусам, і ён захроп. - Салодкае жыццё, - сказаў Яніс. - Сядай за стол, падонак, - сказаў Андрэй. - Сядай, лэйбус. За акном ляжаў пахмура-шэры свет. Нiзкiя, пашкуматаныя кiмсьцi хмары беглi над дахамi дамоў. Ледзь праглядваўся недзе далёка паміж дамамі шпіль высотнага будынка, напалову схаваны ці то ў хмарах, ці то ў дыме. Выпілі. - Як лекцыі? - спытаў Яніс. - Як Горава? - На нашым курсе ў яе добра. На другім - справа дрэнь. - У нас хлопцы надзіва памяркоўныя, сумленныя і цікавыя, - сказаў Яніс. - Акрамя Стаўрова з Ліпскім, дрэнных і не ведаю. - А чым яны табе назалілі? - У мяне нюх на людзей. Стаўроў - прэтэнцыёзны невук, а Ліпскі наогул дробная дрэнь.. Чакай, яны яшчэ нам дадуцца ў знакі, каб іх долечка ліхая судасіла, каб іх… - Я Ліпскага не разумею. Яму б год на дзесяць раней жыць. - Ён і жыў... А што на другім курсе? - А там проста Ліпскіх больш. Рагочуць з голых багоў. Адзін сказаў, што Афрадыта, якая ўстае з пены, наводзіць яго на думкі аб мацярынстве. Яніс усміхнуўся: - Таямніцы ўспрымання. У яго продка, відаць, гэтае ўспрыманне было яшчэ больш агрэсіўным. Нездарма Пётр, паставіўшы ў грамадскім садзе Венеру Таўрычаскую, поруч паставіў вартавога, "дабы оную не лапалі". - I яшчэ адно. Нейкі псіхоз. Усе выказваюць ёй павышаную ўвагу. - Гэта добры псіхоз. - Чаму? - Таму, што ты зачынальнік гэтага прагрэсіўнага руху. - Свіння. Андрэй раптам спахмурнеў. Ссунуліся доўгія цёмныя бровы. - Што з табою, Андрэйка? - Дрэнь у мяне справы, Янка. - Бачу, - ціха сказаў Яніс. - За месяц, пэўна, і шчасця і гора набраў поўную торбу. Бачу, апавяданне будзе доўгае... Таму давай возьмем па адзінай... Кажы, браце. - Ты ведаеш, што я сказаў ёй аб усім? - Так. Бо я паехаў на другі дзень. Яніс бачыў перад сабою змарнелы твар Андрэя. Нейкі зусім новы, амаль непазнавальны твар, а на ім выраз той мужнасці, якую можыа назваць хіба толькі мужнасцю адчаю. - Я так і не дачакаўся цвёрдага адказу, - сказаў Андрэй. - Яна кажа, што я неразважлівы, размаўляе са мною пра ўсё, абы не ўспамінаць таго, што было. Ён усміхнуўся сумнай з'едлівай усмешкай: - Шырокі дыяпазон. Ад канкрэтнай музыкі да Фрэйда. Ад антыматэрыі да лётаючых талерак. Яніс сказаў са звычайнай разважлівай самаўпэўненасцю селяніна: - Канкрэтная музыка - лухта: няма элемента адбору з усіх гукаў свету. I Фрэйд - лухта: іначай Буало не быў бы паэтам. А вось наконт лётаючых талерак - не ведаю. - Табе гэта ўсё лёгка. А як быць мне, калі я чую такія размовы? Яніс глядзеў у кут: - Яна баіцца цябе. Баіцца даць сабе волю. - Чаму? - Не ведаю. Магчыма, шкада ламаць уладкаванае жыццё? . - Хіба гэта сумленна, калі кахаеш? - А ты менш пытай аб сумленні. За акном гусцеў прыцемак. Андрэй устаў і рэзка адчыніў акно. Адразу туман, што грувасціўся на ўзроўні шостых паверхаў, пацёк у пакой. Гэта быў такі туман - падстаў крысо пінжака і пабачыш сотні мікраскапічных крапінак вады. - Мне дзіўна жыць, - сказаў Андрэй. - Дагэтуль усё было проста. Просты свет. Простая мэта. Простыя жанчыны і вершы. I сам я просты. А тут... Я не ведаю, чытаў я аб гэтым або сасніў у адну з прамінулых начэй... Тут так дзіўна, як у гэтым сне, быццам у Егіпце, у пясках Старажытнага царства адшукалі часткі механізмаў, нават кола дыяметрам у адзінаццаць метраў з незямных элементаў. Значыцца, прыляталі, пабачылі, што няма нічога цікавага - і паляцелі... Вось так і з ёю. Быццам зусім іншая, быццам з іншых светаў... Уся блакітная. А я, як той карычневы егіпецкі дзікун... - Я разумею, - ціха сказаў Яніс. - Так і патрэбна быць. Але да дабра гэта не давядзе. - Сказаў ёй рэзкасць. Доўга думаў, на каго падобны партрэт зялёнай жанчыны, што вісіць у яе пакоі... Потым зразумеў - яна. . - Зялёная Ірына і фіялетавы Андрэй, - сказаў Яніс. - Ну і што? - Яна сказала, што такой думкі аб ёй быў мастак. - А ты? - Я сказаў, што не дазволю нікому мець аб ёй зялёную думку. - А яна? - А яна сказала, што мужу падабаецца. Што гэта ён заказаў партрэт. - Бачыце, якая неверагодная адчувальнасць? Андрэй з сілаю згінаў і разгінаў ключ ад пісьмовага стала. - Я сказаў, што прыхiльна стаўлюся да эксперыментаў, - жорстка вымавiў ён, - але за такi даў бы мастаку, хай сабе ён i iтальянец, па мордзе... Малюйце ў гэтым стылi каго хочаце, нават мяне. Але так маляваць нельга двух чалавек: мацi i каханую... Нiколi мастак, калi ён сумленны, не намалюе партрэт мацi з аранжавых i сiнiх трохкутнiкаў або як там яшчэ. I гэта сведчыць... Вайвадс перабіў: - Гэта сведчыць супрапь усіх тэорый... Але ты дарэмна сказаў ёй аб гэтым. Не ўсё можна казаць каханай. А лаяць тое, што ёй даспадобы, - вельмі дрэнны метад спадабацца ёй. - Гэта яшчэ не горшае... Яна запрасіла мяне на аўторак паехаць з ёю ў Кітай-горад на рэстаўрацыю храмаў. Я згадзіўся, паехаў і... - I не застаў яе дома. Таму што прыйшоў нечакана муж, або маці мужа, або яе маці... I ты сустрэў там кагосьці іншага. I той іншы сказаў табе, што яна паехала. А ты ўзяў таксі... - Так, - сумна сказаў Андрэй. - А я ўзяў таксі і паехаў у Кітай-горад, думаючы, што яна не дачакалася. Абышоў увесь раён - нікога... У царкве Анны - нейкая ўстанова. Царква Варвары... ат, ды што там! - Закуры, - сказаў Яніс. - Я ведаю, табе было цяжка. Хадзіў, пэўна, як ашалелы. - Так ашалеў, што ў Крывым завулку ледзь пад аўто не падляцеў. Рука Яніса лягла на Андрэева плячо: -Глядзі ты прасцей на справу. Яна баіцца, унікае цябе, і гэта дрэнна. Гэта можа не скончыцца дабром... Не прапаноўвай ёй пакуль што пайсці з табою ад мужа. - Не магу. Або яна, або нікога. - Добра, - сказаў Янiс, - чытай вершы. Паэму чытай: - Якую. - Я ведаю якую. Андрэй маўчаў. I тады Яніс сціснуў далонямі яго скроні: - Ты толькі не нарабі глупства, Андрэйка. - Я кахаю яе, - сказаў Андрэй. - А яна... Я ледзь не памёр у гэтыя дні, Янка. Добра, што ты тут. Мне не так страшна. _______________ 1 Янтарнае мора.
|