РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ XVIII
        
РАЗДЗЕЛ XVIII

        
        Зноў перад будынкам інстытута стаяў аўтобус. Збіраліся ехаць у Загорск. Чакалі толькі Горавай, якая нешта спазнялася.
        Дзень выдаўся ясны і празрысты для сярэдзіны лістапада. Сквер, пабіты ранішнікамі, толькі сям-там трапятаў паасобнымі, счарнелымі ўжо, лісцямі. I ўмыта, прасветлена-сумна ляжала над белымі лужынкамі, над пацямнелымі з сонечнага боку храпамі шэрай мёрзлай зямлі, над нежывымі дрэвамі халоднае блакітнае неба.
        У Андрэя было нялёгка на душы. Нялёгкай была нядаўняя гісторыя з Ірынай, шкада было Ганны.
        - Дзень добры, Андрэй, - нечакана сказаў за спіной яе голас.
        Яна стаяла і даволі суха глядзела на яго. А поруч усміхалася з-пад капюшона канадскай блакітнай куртачкі сумнае і вельмі прыгожае аблічча Ганны.
        - Вось, - сказала яна, - угаварыла мяне Ірына. I чамусьці мне захацелася кінуць нават тэрміновую работу. Гары яна ясным гарам! Дзень які, Андруша!
        Горава глядзела на яе пяшчотна і насцярожана. Злёгку насцярожана і вельмі пяшчотна.
        - Я даволі лёгка ўгаварыла яе, - сказала яна.
        - Ну і добра, - сказаў Андрэй. - Ах, дзень які!
        -- Давайце па машынах, - сказала Галіна Іванаўна. Андрэй прапусціў жанчын. Потым, разам з Вайвадсам, палез у аўтобус.
        - Браты-разбойнічкі, - прабурчаў за іхняй спіной Стаўроў. - Ушкуйнічкі. "Сарынь на кічку"...
        Прабурчаў амаль тыя словы, што сказала Ганна, і гэта было непрыемна. Стаўроў наогул быў непрыемны Андрэю. Дабра складзены, трохі грузлаваты, з сівеючымі ўжо валасамі, з халоднымі вачыма за шклом акуляраў, з неяк непрыстойна, трохі па-бабску, прыгожым абліччам.
        I горш за ўсё было тое, што завуч паслала Андрэя ў будынак з нейкімі паперкамі, а калі ён вярнуўся, Горава сядзела ўжо ў атачэнні другіх. Справа ад яе сядзеў Стаўроў, злева - Харунжы, данскі казак з вострымі вачыма і вострым тварам. У гэтага ўсё было вострым, нават характар, неўтаймаваны, шальны, рэзка-разумны. Ён мог цэлую гадзіну гаварыць лухту, а потым кінуць нешта такое, чаго і Саламон не сказаў бы.
        Яшчэ ў дзевятым класе, - а было гэта ў канцы трыццатых гадоў, - ён трапіў некуды на Інту: хацеў "адарваць Дон ад Расіі". I вось выстаяў, і быў, нягледзячы на ўсе свае Адысеі, такі гарачы, што ў спрэчках яго з Андрэем ад абодвух ляцела пер'е.
        Супраць яго Андрэй нічога не меў, а вось Стаўроў... Той і тут адразу пачаў з удаванай - а можа, і сапраўднай - тупасцю пытаць Ірыну "како веруе", плявузгаў нешта пра хазараў і вялікае перасяленне народаў. Вельмі хацелася надаваць яму каленкай пад зад. Аўтобус бы вельмі здзівіўся. Але цывілізаванасць не дазволіла.
        Расчараваны Андрэй сеў поруч з Ганнай, даволі далёка ад Горавай, і стаў глядзець у акно.
        Дзень быў цудоўны, а дарога зусім хуткаплынная. Паабапал стаялі пустыя і прасторныя, як храмы, лясы, кранутыя лёгкай сівізной трывалага ранішніка (такога, што і за дзень можа не заплакаць). А пад дрэвамі была прыпудраная срэбрам, хрумсткая на выгляд трава. Усё было добра, нават лёгкі пах гною з раскрытага сілоснага капца ў вёсцы, дзе на хвіліну спыніліся.
        Цякла нейкая няспешная, вельмі разумная і цёплая размова з Ганнай. Ён не запамятаў з яе амаль нічога.
        Толькі аднойчы яны разам прыпалі да шкла, так блізка галовамі адзін да аднаго, што Андрэй адчуў бязважкі дотык пасмы яе валасоў да сваёй скроні.
        - Глядзіце, - чамусьці шэптам сказала яна.
        Па залітай халодным сонцам руні, быццам закутай у блакітнае срэбра, раскрыліўшы вушы, гнаў зайца палымяны ірландскі сетэр, палымяны, як стручок чырвонага перцу.
        I быў у гэтым такі імпэт, такая першабытна-звярыная сіла і радасць, што аж перахапіла подых.
        - Як думаеце, дагонiць? - спытала яна.
        Ён ведаў, якога адказу чакае яна:
        - Ну вядома, не. Куды там. Яму гэта што - размінка. А таму справа жыцця. Дый, не ягоная, не рыжага гэта справа - ганяць.
        А Ірына ўвесь час была спакойнай і халоднай, ані разу не затрымала на ім вачэй. Так, суха прабягала позіркам. I ад срэбнага дня і ад яе халоднасці ў душы нараджаўся нейкі лікуючы адчай.
        "Д'ябал з ім!"
        Потым з ружовага марознага дыму ўзнік Загорск - барвяны, залаты, стракаты, юонаўскі, глазурны, як пернік. Увесь як цяжкаватая, трохі гнятучая казка.
        Так, гэта не Нерль. Там усё было - вясна, біццё, тут - усё ўлада, багатая крывёй.
        Ірына старалася трымацца далей ад яго. Увесь час далей і ўвесь час поруч са Стаўровым. I ўрэшце Андрэй нават неяк прымірыўся, што яна далёка, што яна не чуе яго пытанняў або адказвае на іх двума словамі, быццам шэлег старцу кідае. Прымірыўся і стаў хадзіць з Ганнай, перабольшана мяккім тонам размаўляць з ёю. А сам, увесь напружаны, адчуваў, што гэты дзень скончыцца грандыёзным скандалам.
        Шкадаваў толькі Ганну. Добрая, ружовая, з марозу, яна ўвесь час казала нешта таксама добрае:
        - Глядзіце, духаўская царква. Як дзяўчына ў сарафане! I гэты кафляны паясок каляровы... якраз пад грудзьмі. Дзіва!
        А над ракай Сергія ў вечным жоўтым зарыве свечак, пад нямоўчны спеў галасоў, схіляла галаву зусім як тыя, тут жа, на рублёўскіх абразах.
        - Чуеце? "Нашэсце іншапляменных"… Словы якія!
        І хаця рукою махаць хацелася Андрэю на тое, што вырасла гэтага "Нашэсця іншапляменных", - ён маўчаў.
        Проста быў уражаны тым, што адбывалася. Нядобра гэта было, гульня з людзьмі. Ён разумеў гэта і, аднак, заставаўся пры сваім.
        У дзверы плыло марознае паветра. I яго водар, водар заінелых дрэў, мяшаўся з водарам яе цёплай скуры.
        ...Па дарозе ў рызніцу Андрэй аскандаліўся. Ірына пайшла дамаўляцца ў дырэкцыю. Усе стаялі і чакалі яе. I тут нейкая дзяўчына, вельмі вытанчаная з выгляду, праходзячы паўз яго, упусціла кніжку. Ён нахіліўся быў, але дзяўчына, яшчэ шпарчэй, выхапіла кніжку з-пад яго рукі, сказала скорагаворкай:
        - Бач ты, які прэндкі на чужое дабро.
        Вакол зарагаталі. Андрэй ледзь не праваліўся на месцы. Каб неяк выблытацца з няёмкага становішча, ён сеў на прыступкі і, калі Ірына выйшла, сказаў басам, але ў наўмысна дзіцячым, дурасліва-слёзным тоне:
        - Iрына Сяргееўна, мяне крыўдзяць.
        Толькі тут на імгненне сухасць знікла з яе вачэй, і яна спытала:
        - Ну што, ну што з вамі? Што?
        I нейкая такая пяшчота была ў яе голасе, што Андрэю быццам цёплым крылом правялі па сэрцы.
        А потым зноў халодная складка вуснаў. I зноў поруч Стаўроў.
        У рызніцы міліцыянер з рэвальверам хадзіў, ледзь не наступаючы ім на пяты, відавочна мяркуючы, што пісьменнікі - гэта мазурыкі і авантурысты. "Неча сумленным людзям кніжкі пісаць!"
        А Андрэю ўсё гэта зіхаценне золата было смешным. Ён ведаў: памяць учэпіста зберажэ ўсё: ваздухі, аклады, цяжкія, як догма, кнігі. Але ўсё золата не варта было аднаго разьблення па слановай косці работы безыменнага мастака.
        I ўсё гэта разам не варта было не толькі яе, але нават аднаго імгнення радасці, якая жыла ў ім, калі ён бачыў гэтую жанчыну.
        Скандал усё ж выбухнуў. Здаецца, чаго было Стаўрову чапляцца да Андрэя? А ён прычапіўся. Калі яны абедалі ў рэстаране. Нехта заўважыў, што Грынкевіч "усё з дзяўчатамі". I тады Стаўроў з непрыхаванай з'едлівасцю сказаў:
        - Нічога. Ім у яго таварыстве бяспечна.
        Грынкевічу было ўсё адно, але Стаўроў увесь час прыдзіраўся да яго. Таму гнеў абудзіўся зноў.
        Выпрастаўшыся, - за сталом запанавала раптоўная цішыня, - ён сказаў халодным голасам:
        - Шкада, што тут няма тваёй жонкі. А то вельмі хутка твая галава, акрамя даволі рэдкай чупрыны, была б упрыгожана яшчэ тым-сім. Неяк ужо ўгаварыў бы сябе, перасіліў.
        Стаўроў апусціў галаву, таму што ўсе маўкліва адобрылі адказ. Але Андрэю гэта было хоць бы што. Добрай была толькі іскра раптоўнай павагі ў вачах Ірыны.
        Ён раззлаваўся. Пазбягаў яе вачэй, назнарок пайшоў ад усіх шукаць "таварыша іераманаха" (цьфу!), каб той адчыніў ім трапезную. Ён усё жыццё не любіў "хлебных ідэалаў" і таму - маючы на ўвазе хутчэй стаўровых, чым духам богу віннага іераманаха, - шэптам сказаў Ганне:
        - Сволачы! Не вераць ні ў бога, ні ў д'ябла, не вераць нават у бессмяротную душу... Сытыя, налітыя крывёй, абыякавыя да зямлі...
        У Горавай быў надзвычай тонкі слых. Вось і зараз яна, стоячы наўздалёк, прыўзняла спуджаныя вочы. Але ён не мог ужо ўстрымацца і кінуў:
        - I для такіх гнід дойліды будавалі ўсю гэту казку. Падмяніць трапезнай ахвярнасць і адданасць?
        Ён назнарок не ўспамінаў пра баявое мінулае лаўры, пра Асляблю і Перасвета, як не хацеў помніць і тое, што сярод стаўровых здараюцца аб'ектыўна сумленныя хаця і абмежаваныя тыпы. Упершыню ў жыцці яму хацелася быць несправядлівым.
        ...Аўтобус ляцеў, заносячыся на паваротках. А на душы была спакойная адчайная пустэча, як там за акном, дзе ўзыходзіў круглы халодны месяц.
        Замёрзлыя ставы адлівалі пад яго святлом, ружовым, як вада.
        I па іх лёдзе, паміж безжыццёва чорных вярбовых шкілетаў, ненатуральна імпэтна імчалі па крузе надламаныя цені канькабежцаў. Ганна сказала праўду, усё гэта было падобна на тую кругавую віхуру, што імчала сярод іншых Франчэску і Паоло.
        Ад зямлі ўздымаўся туман. Ганна сказала, што гэта на цяпло, і ён згадзіўся, хоць добра ведаў, што гэта наадварот, на холад.
        У маўчанні, у дрымотнай цеплыні ён адчуў раптам пільны позірк суседкі.
        - Вы кахаеце яе?
        Ён маўчаў, і тады Ганна дадала шэптам:
        - Яна вартая... Але вам не трэба. Не прападайце вы за ёй, Андруша. Не рвіце абаім сэрца. Яна вельмі нешчаслівая. Але ўсё адно: вам не трэба. Надарвецеся.
        Падумала: "А можа, і трэба. Не мне раіць. Я толькі вельмі яе люблю. Вельмі". I раптоўна ўстала, пайшла кудысь на задняе сядзенне.
        Ён сядзеў, гледзячы ў акно. Напэўна, усіх вясковых хлопцаў месяц выцягнуў у гэту ноч на вуліцу, Зноў прамільгнула ружова-срэбнае, аблямаванае фантастычна скрыўленымі чорнымі вербамі, люстра става. А па ім беглі, беглі, беглі цені. Не трэба было расплывацца гэтым ценям, не трэба.
        Нехта сеў поруч з ім на сядзенне. Андрэй павярнуў галаву і ўбачыў яе.
        - Дайце цыгарэту, - сказала яна цiха.
        Наступнае з болем вырвалася з яе грудзей:
        - Не кройце вы маю душу. Не кройце...
        Ён маўчаў. I тады, быццам здаючыся, яна прашаптала горка:
        - Заходзьце да мяне… Заўтра… У адзінаццаць...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.