РАЗДЗЕЛ X Яе не было ў Маскве ўвесь верасень. Кожны дзень Андрэй прыходзіў у знаёмы будынак з надзеяй яшчэ да таго, як пачуе голас, нейкім шостым пачуццём, усёй істотай адчуць, што яна тут. I кожны раз нясцерпным было расчараванне: пусты дом, пустыя калідоры, пустая аўдыторыя. I галоўнае, няма адказу на дасланую кнігу. Ніколі яшчэ чаканне не было такім вострым. Нават потым. Ён проста прагнуў хутчэй пабачыць маленькую постаць з жоўтым партфелем у руцэ. А постаці не было і не было. Андрэй неяк вiдавочна падзiчэў. Нават Янiс здаваўся яму зараз занадта шумлiвым. Хацелася цiшынi. I ён палюбiў Архангельскае. Не Архангельскае экскурсiённых дзён, а Архангельскае будняў, калi пачынаюць падаць лiсты i парк журботна скiдае сваю прыгажосць. Дзіўна, але ў гэтым бясконцым роздуме нават каханне яго зрабілася слабейшым. Ён радзей думаў аб ёй, менш бачыў яе ў сне. Ён не ведаў, што каханне проста зайшло ўглыбіню, што чалавек заўжды ідзе на такую бессвядомую маскіроўку пачуццяў, калі каханага доўга няма поруч, што чалавек супраціўляецца дарэмнаму раскіданню кахання або нянавісці. А Масква была ў тую восень, як назнарок, нечувана прыгожай, пакорліва-мяккай. Паркі спакойна аддаваліся зазімкам. З кожыым днём меншала сонца на вуліцах і большала затое ў садах. Падмаскоўе мякка гудзела электрычкамі ў сумна-прыбраных, прасторных гаях. А глыбокай ноччу ў парках паміралі пад белай пудрай намаразі вялікія кветкі апошніх вяргінь. Малыя кветкі вяргінь яшчэ трымаліся і сяк-так зносілі начную шэрань і дзённыя дажджы. І вось аднойчы ён, падымаючыся па сходах, адчуў, што нешта змянілася. Нешта было не так. У самім паветры, у мурах будынка, ва ўласным сэрцы. Ён зайшоў у калідор, назнарок не заглядаючы ў канцылярыю. Назнарок спіною да дзвярэй пайшоў да вешалкі. Ён ведаў: яна сядзіць у крэсле ля акна. На ёй неадменна кофтачка жаўтаватага колеру і цёмная, званочкам, спадніца. Але нешта яшчэ павінна было быць, чужое, іншае, тое, чаго не было. Па дарозе Андрэй зірнуў у расклад заняткаў, нічога ў ім не пабачыў, акрамя чорных радкоў, і нарэшце зайшоў у пакой. Яна сапраўды была там, сапраўды сядзела ў крэсле, сапраўды была апранута так, як яму ўяўлялася. I сапраўды было ў яе абліччы нешта чужое. Ён нават не адразу заўважыў, Ага, замест вузла валасоў - іншае. Валасы сабраныя пад патыліцай у завіты... хвост ці што? Андрэй не ведаў, як гэта завецца. Але яму гэта не спадабалася. Гэта было таксама вельмі прыгожа, але неяк знішчала асноўную прыгажосць яе аблічча: выраз высокай разумнай чысціні. Дарэчы кажучы, ён потым паспрабаваў гадзіны дзве паўтараць сам сабе: "Не трэба гэтага, патрэбен стары вузел, ён робіць вас высакароднай, падобнай на старажытную грачанку". I сапраўды, у наступны раз яна з'явілася са старым вузлом. Магчыма, праўда, што яна заўважыла чыйсьці насцярожаны позірк і зразумела, што старая прычоска ей больш да твару. Але гэта было потым, а зараз Андрэй быў уражаны, і гэта адабрала ў яго рэшткі разважлівасці і смеласці. Толькі тут ён адчуў, што ён дурань, што каханне нікуды не ўцякло, што яно проста было ў засадзе і зараз возьме яго без бою. Пакутліва адчуваючы ўласную дурнаватую ўсмешку, адчуваючы, што ўся кроў кінулася яму ў твар, ён падышоў да Галіны Іванаўны і зрабіў чарговае глупства: пацалаваў ёй руку. Немагчыма ж, немагчыма было цалаваць руку той, другой. I тады ён склаўся амаль напалам (крэсла было нізкім) і паціснуў вузкую руку з тонкімі пальцамі: - Дзень добры. - Дзень добры, Андрэй. Я атрымала вашу кнігу. Але мяне не было ў Маскве. Андрэй ведаў, што гэта няпраўда. Але гэта было ўсё адно. Яна магла рабіць усё. Яна была вышэй усяго такога. - Ну і як? - задаў ён дурное пытанне. - Пагаворым пасля, - сказала. яна. Грынкевіч ведаў: тон яго і выгляд не належаць да лепшых. Хутчэй да горшых. Ён усё разумеў, і ў гэтым была ягоная кара. Ён сустракаўся з многімі, ён меў вопыт, ён ведаў жанчын (у той меры, у якой гэта, наогул, даступна мужчынам). Але тых ён не кахаў. Перад сапраўдным каханнем мужчына - безабаронны. I тады ён вырашыў проста сядзець і маўчацы Слухаць і прызвычайвацца. Гэта дало пэўныя вынікі, як любіў гаварыць стараста курса. Але Андрэй з жахам адчуваў, што яму ўсё горш і горш. Знікла некуды таварыская вольнасць у размовах, жахлівей за ўсё здавалася падысці і сказаць пару простых слоў. Ён бачыў часам, што яна кідае на яго неўразумелыя позіркі, але нічога не мог з сабою зрабіць. Ён ведаў, адносная свабода можа вярнуцца толькі пасля рашаючай размовы, а на гэта яму якраз не хапала мужнасці. Ён адразу прыпамінаў, што ён пачвара, што ў яго доўгая постаць, непрыгожая пасадка галавы, занадта ганарыстая, што надае яму падабенства з пеўнем. Рукі здаваліся яму жаночымі, вочы - зіркатымі, ногі - нязграбнымі, манеры - дрэннымі. Адукацыя ў яго была - непатрэбная, моў ён не ведаў, акрамя польскай ды лацінскай, ды яшчэ трошкі нямецкай. Але які дурань будзе размаўляць з жанчынай па-латыні. А нямецкая - гэта ж груба, як бурчанне ў жываце. Што на гэтай мове пісаў Гётэ - неяк не прыходзіла яму ў галаву. Тым больш не прыходзіла ў галаву, што ёсць нядрэнная свая мова. Словам, усё давала падставу для вартых жалю меркаванняў аб сваёй асобе. А між тым усё гэта было не так. Нічога асабліва брыдкага ў ім не было. Чалавек як чалавек. З Марыяй яны пасля вакацый віталіся - і толькі. Яна пачала чагосьці прыпадаць да Горавай, і Андрэю гэта не вельмі падабалася. Мала чаго можа наплявузгаць. Потым даводзь, што ты не вярблюд. Яніс пачаў нешта заўважаць. Аднойчы голасна выказаў дурное прыслоўе, што каханне і асла вывучыць скокам. Словам, адусюль былі адны непрыемнасці. I ўсё ж Андрэй не верыў у горшае. Не верыў таму, што яна, дасціпная, як мала хто з жанчын, была ў адносінах з ім зусім не такой, як з другімі. У слоўных баталіях з хлопцамі яна любіла не пакінуць ад апанента (а сярод іх былі дасціпныя і сапраўды разумныя людзі) каменя на камені. I толькі да аднаго Андрэя ставілася з выключнай мяккасцю, ніколі не закранула яго нават ценем рэзкага слова. Ён адчуваў гэта і таксама як мог абараняў яе ад непатрэбных сутычак. Яе курс хацелі ўрэзаць. Андрэй арганізаваў петыцыю супраць гэтага. Было і другое. Але яна не павінна была ведаць аб гэтым. Гэта было без патрэбы. Яна была вышэй гэтага. Грынкевіч баяўся прыцягнуць увагу другіх да сваёй зацікаўленасці гэтым чалавекам. Таму ён ніколі нікога не распытваў аб ёй, старанна ўнікаў размоў з сябрамі на гэту тэму. Ён не ведаў, як яна жыве, хто з яе сваякоў дарагі ёй і ці ёсць яны наогул. Тое-сёе ён высветліў сам, напрыклад адрас яе бацькоў (па тэлефоннай кнізе). Ён некалькі разоў хадзіў ля гэтага будынка і ў думках насяліў яго самымі прыемнымі людзьмі. Потым выявілася, што вокны выходзяць не на вуліцу, а ў вузкі, падобны на студню, двор і ў вокнах, якія ён умоўна выбраў для яе, жылі, цалкам, магчыма, зусім дрэнныя людзі. Ён чытаў яе кнігі і ведаў, што ў яе ёсць стрыечная сястра. I тое і другое было горш за яе. I вось усё. Тым не менш ён жыў ад сустрэчы да сустрэчы. А цяга ўсё расла і расла. Ён ведаў, што ўсё гэта можа задушыць яго, штурхнуць на дзікія ўчынкі. Таму ён цвёрда вырашыў у бліжэйшыя дні пагаварыць з ёй. Быў канец верасня. Залацістая празрыстасць гэтых асенніх дзён, а можа, і тое, што ён вось-вось вырашыць свой лёс, трошкі супакоілі Андрэя. У гэты дзень Грынкевіч і Вайвадс адшукалі ў раёне Астанкіна старыя могілкі і сядзелі там на лаўцы ў адной з далёкіх алей. Спрачацца яны амаль кінулі, кожнаму было не да таго. Але нават думаць і маўчаць разам было прыемна. Так вось, рука да рукі, яны з'явіліся і ў інтэрнат. Андрэй ледзь паспеў скінуць паліто, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Баранаўскас, а за ім з'явілася цяжкаватая постаць Вайвадса. Грынкевіч добра ведаў яго, што адразу здагадаўся: здарылася нешта няладнае. - Што такое? - тон пытання быў цвёрды і насцярожаны. - Бачыш... Словам, табе трэба быць мужным... Яны хоць каго маглі давесці да вар'яцтва сваімі падыходамі. - Хто? - спытаў Андрэй. Баранаўскас працягнуў яму прамакутнічак тэлеграмы. Дзіўна, у Андрэя нават не калаціліся рукі. "Бацька памірае. Прыязджай. Маці", - прачытаў ён. Далей быў правал. Ён не траціў прытомнасці, ён, як сказалі потым, вельмі разумна і холадна адказваў на пытанні сяброў. Але помніў ён ужо толькі канец збораў: зачынены чамаданчык і паліто, у рукаў якога аніяк не жадала трапляць рука. - Ціха, ціха, - супакойваў яго Баранаўскас. - Я спакойны, - адказаў ён. ...Ноч была пеклам. Цягнiк, грукочучы, iмчаў, глытаючы кiламетры. А ён ляжаў на верхняй палiцы, тварам угору, i думаў толькi аб адным: "Толькi б паспець. Толькi б ён выжыў". А колы запаволена грукаталi: - Па-спе-еш ці не? Па-спе-еш ці не? А потым раптам пераходзілі ў паскораны ляск: - Спяшай-ся, спяшай-ся! Кроплi наўкос паўзлi па шкле. Грынкевiч ляжаў i думаў аб тым, што за чалавек яго бацька. Успаміны плылі перад вачыма. Зрэдку лёгкія і ружовыя ад часу, часцей - такія, якім нават час не мог дапамагчы. - Спяшайся! Спяшайся! - спявалі колы. Калі ён сядзеў у таксі на прывакзальнай плошчы, - твар ягоны быў такі, што шафёр пасунуўся бліжэй да сваёй дзверцы. Машына шалёна імчала вулкамі, правальвалася на спускі і пад віядукі, узлятала на масты і зноў нырала з іх. Мільгалі дамы. А Андрэй сядзеў і пад штуршкі колаў па бруку падлічваў удары пульса, якія там, зусім блізка, здавалася яму, усё слаблі і слаблі. Машына моцна села ў каляіну, паблізу ад былога лабаза. Разлічыўшыся з шафёрам, Андрэй пабег. Бегаў ён добра, але тут, як уяўлялася яму, рухі яго былі не хутчэйшымі за рух слімака на лісце капусты. Ён кінуў свой груз на ганак нейкага дома, ірвануўся наперад і выскачыў на галоўную вуліцу. I тут насустрач яму трапілася пляменніца. Ішла, сціснуўшы ў кулаку нейкія паперкі. - Што? - аднымі вуснамі спытаў ён. - Жывы? - Ты што, не ведаеш? Памёр яшчэ раніцай. Яе маладзенькі свежы тварык яшчэ не прызвычаіўся за кароценькае жыццё адлюстроўваць на сабе гора. Таму выраз гора на яе твары быў хутчэй выразам халоднай пагарды, і Андрэй спачатку не паверыў ёй. - Іду даваць тэлеграмы, - сказала яна, і толькі тады сэнс таго, што яна сказала, увайшоў у свядомасць. Калі яна знікла за рогам дома, яму захацелася сесці на зямлю і не ўставаць як мага далей. Але страшэнным намаганнем волі ён прымусіў сябе ісці. Дома заставалася маці. Ён не меў нават права плакаць, адзіны мужчына ў сям'і. Ля дома стаяў народ. Нейкія людзі змянялі адзін аднаго. Бацька ляжаў галавою ў кут у сваім старэнькім гарнітуры. Аблічча было спакойнае, бровы трохі прыўзнятыя, быццам ён зазірнуў кудысьці за край і пабачыў тое, чаго нікому не дадзена ўбачыць. Маці падышла і прынікла галавою да грудзей Андрэя. Не, ён дарэмна думаў, што яму давядзецца падтрымліваць яе. Яна не магла дазволіць сабе слёз. У хаце таму, што яна была гаспадыня - маці ўсіх тут. На могілках - таму, што не хацела, каб слёзы бачылі аматаркі бясплатных прадстаўленняў. Далейшае праляцела бы ў сне. Дзесяткі людзей, што ўспомнілі аб чалавеку тады, калі ён перастаў ім быць... распухлы ад слёз тварык пляменніцы, дзядзька, разгублены ўпершыню ў жыцці... прамая постаць маці, машына, якая павольна паўзе, пакідаючы за сабою калматыя лапкі ялін. Могілкі былі старыя: беластвольны бярозавы гай на беразе Вастроўкі і зялёная драўляная цэркаўка з гонтавым купалком. Калыхаліся ў вадкім блакітным небе галіны бяроз з пустымі шапкамі грачыных гнёзд. Паветра было халоднае, як кветка астры пад восеньскім дажджом. На шляху да магілы, калі Андрэй хацеў падтрымаць труну, нейкі дбайнік старых звычаяў паспрабаваў адцягнуць яго: - Нельга. Сыну нельга. Перад ім устаў раптоўна дзядзька, адсунуў крыкуна магутным плячом і сам паклаў на плячо Андрэя кепку. - Нічога. Ён цябе безліч разоў на плячах насіў. Пранясі і ты яго... раз. Ля магілы граў аркестр, чыталі прамовы. Новы начальнік установы быў на пасадзе зусім нядаўна і двойчы зблытаў імя нябожчыка па бацьку. I ўсё гэта было не так, як трэба трымаць сябе, калі памёр чалавек. Падтрымліваючы маці, Андрэй глядзеў на верхавіны бяроз, каб не глядзець на натоўп, і думаў: "Людзі адыходзяць. I хоць мне нясцерпна цяжка, я веру, што жыццё яшчэ ёсць. Таму, што маці абаперлася на маю руку". Працяг думкі ён хацеў быў адкінуць, але потым мужна дакончыў яе. "I таму, што ёсць на зямлі яна. Пакуль яны ёсць - жыццё яшчэ не скончана". Труна ўваходзіла ў нетры зямлі.
|