РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
4. ЧАРНОБЫЛЬСКІ ВОЎК
        
4. ЧАРНОБЫЛЬСКІ ВОЎК

        
        Рыжы Лес ён у прыцемку майскім пакінуў,
        Бо адчуў кожнай клеткай – настала пара.
        Цэлы месяц раўлі верталёты, машыны
        I палала ў нябёсах чужая зара.
        
        Гэты жудасны гул і нязвыклае зьзяньне
        Цела ціснулі долу, душылі, гнялі.
        I спрадвечны інстынкт падказаў, што скананьня
        Дух злавесны сышоў на абшары зямлі.
        
        Той зямлі, дзе з шчаняці ён вырас у зьвера,
        Дзе ў раз'юшанай бойцы сяброўку займеў,
        Дзе на месяц зімой іклы вострыя шчэрыў,
        Дзе лятаў, як віхор, па здабычу між дрэў.
        
        Больш не будзе таго, бо жывое – маўчала...
        Ён – апошні. А грукат жалезны мацнеў.
        I тады воўк завыў у бясьсільным адчаі,
        Мох заскуб кіпцюрамі, каб сьцішыць свой гнеў.
        
        Ён адчуў у грудзях боль тупы, недарэчны,
        Перад ім матылі, як сьцяжкі, паплылі.
        І рвануўся, пабег. Зьлосць і вецер сустрэчны
        Разьдзімалі зялёных вачэй вугалі.
        
        Ён яшчэ не згубіў неўтаймоўную сілу –
        Слабасьць возьме ў глухія ціскі спакваля.
        Як раней, напіналіся пругкія жылы
        I з-пад лапаў назад адлятала зямля.
        
        Востры нюх вёў туды, дзе жывое паветра,
        Дзе не падала семя атрутай жуды.
        Ён шукаў дзікі неруш, дрымотныя нетры,
        Каб забіцца ў гушчар ад нязнанай бяды.
        
        Праз усю Беларусь па чахморных закутках,
        Абмінаючы вёскі, на поўнач ён бег.
        Чым далей, тым дарога была ўсё пакутней,
        Не вярталіся сілы, хоць большаў начлег.
        
        Воўк качаўся ў траве, у расе срэбна-золкай,
        Бо здавалася зьверу, што кроў аж кіпіць.
        Ён даўно ўжо не еў, скуб гаючыя зёлкі
        I жаваў іх, і зноўку хацелася піць.
        
        Пад лаўжом каля лужыны сьцішыўся нашча,
        На зьмярканьні прачнуўся – страшны быў сон,
        Быццам вогнішча тлела ў разяўленай пашчы
        I гула галава, як раз'ятраны звон.
        
        Прад вачыма плылі танканогія цені,
        Вось адзін пахіснуўся і сьцішыў хаду.
        Смага кінула тут на калені аленя,
        Ён смактаў прагавіта рудую ваду.
        
        Дух ваўчыны пачуў, ірвануўся нябога.
        Воўк жа ўсьлед паглядзеў і падумаў: «Жыві...»
        Не хацеў ён, зьнясілены, болей нічога –
        Ані плоці жывой, ані сьвежай крыві.
        
        Так ляжаў, распластаны натугаю нейчай,
        Што сьціскала, душыла люцей і люцей.
        Не зьвярынай сьлязой, а сьвятой, чалавечай
        Плакаў той, кім палохаюць людзі дзяцей.
        
        Потым з пасткі сьмяротнай да страчанай волі
        Воўк не бег, а, зубамі скрыгочучы, поўз...
        Зноў на поўнач – гаямі, лагчынамі, полем...
        Касмылямі спаўзала, сьвяцілася поўсьць.
        
        Ля Валожына трасу, што млела ад газаў,
        Ён адолець не змог, бо прыйшло забыцьцё.
        Не адчуў, як пад колам вялізнага «КрАЗа»
        Хруснуў глуха хрыбетнік і счэзла жыцьцё.
        
        Той выпадак вадзіцеля соннага ўсьцешыў,
        З манціроўкай саскочыў з падножкі далоў:
        «О, якая здабыча!» Ды ўбачыў ён плешы,
        На якіх запяклася счарнелая кроў.
        
        «Не, з такое здыхляці мне шкуры не трэба...»
        Злосна дзьверцамі ляснуў і рушыў у шлях.
        Воўк ляжаў на баку, пазіраючы ў неба...
        Адбіваліся эоры ў халодных вачах.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.