РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
6. ТРЭЦІ АНЁЛ
        
6. ТРЭЦІ АНЁЛ

        
        Хоць людзі не хацелі, ды плылі
        На трэцяй хвалі высяленьня з зоны...
        Здалося, круг зрабіў вакол Зямлі
        «Уазік», што абпоўзаў паўраёна.
        
        Каля гасьцініцы змахнуў я пыл,
        Твар потны спаласнуў вадой халоднай.
        А есьці не было ніякіх сіл –
        Разьбіла ўшчэнт журбой неверагоднай.
        
        Хацелася зваліцца і заснуць,
        Ды так, каб болей гэты сьвет не бачыць,
        Каб не замольваць страшную віну
        За тое, што не можаш перайначыць
        
        Нічым ніколі палыновы дзень
        З сьляпучым сонцам у смузе варожай,
        Дзе і зямля, і тысячы людзей
        Заложнікі, і ты між іх – заложнік...
        
        Ішоў каля запыленых машын,
        Што ў белы сьвет паўзьлі зь сялянскім скарбам,
        Не мог глядзець у вочы тых жанчын,
        Якія небу пасылалі скаргі.
        
        Я – проста чалавек. Як разьвяду
        Жах новы вавілонскага зрушэньня?
        Сасьмяглым горлам піў, каўтаў бяду,
        Аглухлы ад жальбы і галашэньня.
        
        Я ведаў – тут бясьсільны нават Бог,
        Але, наскрозь прабітаму трывогай,
        На скрыжаваньні хойніцкіх дарог
        Хацелася мне стаць на хвілю Богам...
        
        Хістаў таполі вецер ля акон,
        Чарнобыльскай гадоўлі хіжы вецер.
        I сьніўся мне бязладны страшны сон,
        Нібы адзін застаўся я на сьвеце.
        
        Зямля ляцела ў прорву, а наўзбоч
        На воблаках трубілі сьмерць анёлы...
        Да скону буду помніць тую ноч,
        Бабульчын ціхі шэпт у сьценах голых...
        
        Бабуля ў Бога верыць пачала
        Пасьля, здаецца, шостага дзесятка.
        Да гэтага не тым яна жыла –
        Крыж несла на гарбу ўдавы-салдаткі.
        
        Яе мужык даўно сканаў ад ран,
        Пасечаны сьвінцом на грамадзянскай.
        I мусіла ўзьнімаць жыцьця дзірван
        Спрадвечнай цягавітасьцю сялянскай.
        
        Хатуль цяжкі на плечы ўскінуў лёс,
        Яна і тры маленькія дачушкі.
        Не высыхала ад бяссонных сьлёз
        Да новае начы яе падушка.
        
        Але на людзях ні сьлязінкі ўдзень,
        Як камянела, каб набрацца сілы.
        Кароў даіць – больш важкі працадзень.
        А жыць жа трэба. Трыццаць год даіла.
        
        Дамоў з калгаснай фермы прыбяжыць,
        А там раве ў хляве свая карова.
        Штогод араць, палоць і малаціць,
        Яшчэ клапоты – сена, подсьціл, дровы.
        
        А потым, як пярун, па ёй вайна,
        Падпальвалі фашысты двойчы хату.
        Ды з новай, што агорала яна,
        Як ластаўкі, ляцелі ў сьвет дзяўчаты.
        
        Да скону лёгкай на нагу была,
        То да адной, то да другой – дарога.
        Калі на ногі ўнукаў падняла,
        Тады бабуля ўспомніла пра Бога...
        
        Нядзеля. Вечар. За сталом сядзім
        Мы зь ёй на кухні. Галава пустая –
        Задачка не выходзіць, і прытым
        Пад нос бабуля Біблію чытае:
        
        «Тре-тий Ан-гел вос-тру-бил,
        и у-па-ла с не-ба боль-шая-я звез-да,
        го-ря-ща-я по-доб-но све-тиль-ни-ку,
        и па-ла на треть-ю часть рек
        и на ис-точ-ни-ки вод.
        И-мя сей звез-де по-лынь;
        и треть-я часть вод
        сде-ла-лась по-лынь-ю,
        и мно-ги-е из лю-дей
        у-мер-ли от вод,
        по-то-му что о-ни ста-ли горь-ки».
        
        Уздрыгваю, бо мроіцца ў акне
        Анёл з трубой, і ў сенцах чую крокі.
        «Бабулька, не палохай ты мяне,
        Бо праз цябе не вывучу я ўрокі».
        
        Яна злуецца: «Не перашкаджай.
        Чаго разьвесіў лапухамі вушы?
        Мяне не слухай. Сеў рашаць – рашай!..»
        I зноў сухімі вуснамі варушыць...
        
        Кідаўся ад сцяны і да сьцяны
        Мой ложак і валок у пашчу згубы...
        I чорныя, як вугаль, груганы,
        А не анёлы, узьнімалі трубы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.