РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
11. СТРАХ
        
11. СТРАХ

        
        Хоць выйшлі на сьвятло з глухіх скляпеньняў,
        Але яшчэ адкрыць баімся вочы.
        З палёгкай выціснуць з душы здранцвеньне
        I рабскую пакорлівасьць не хочам.
        
        Такія мы. На гэта ёсьць прычына –
        Жылі ў краіне лягернай, астрожнай,
        Жывёльны страх перад плюгавым чынам
        Зьвіваў сабе гняздо ў крывінцы кожнай.
        
        Стаў нацыяналізм тутэйшай тэмай,
        Як шуфлем, лепшых пад яго гарнулі,
        Пяклі з даносаў справы на «нацдэмаў»,
        Дзе кропку у канцы стаўляла куля.
        
        А зьверху над цівунскім, хіжым збродам
        Стаяў «наш бацька» самай строгай вартай.
        Ён не людзей, а цэлыя народы
        Зьнішчаў ці тасаваў, як шулер карты.
        
        I чорны воран баляваў начамі,
        Ён каркаў і вучыў усіх без стомы,
        Што можна выйсьці ў «людзі», у «начальства»
        Цаною здрады самаму сьвятому.
        
        Сваімі крыламі ў крыві пялёхаў,
        Іх разьвінаў над лёсамі з размахам.
        I так дзядоў, бацькоў ён запалохаў,
        Што праўнукам яшчэ дрыжаць ад страху.
        
        Ды вось глыток жаданае свабоды,
        Свабоды мудрых думак, творчай працы.
        I кожны можа для свайго народа,
        Для будучыні нашай пастарацца.
        
        Рабочыя, сяляне, інжынеры,
        Вучоныя, настаўнікі, паэты –
        Мы ўсе – адна сям'я з высокай верай...
        Калі ж, нарэшце, зразумеем гэта?
        
        Зноў дзеляць нас на чыстых і нячыстых,
        Запрэгчы хочуць у старую збрую.
        Не толькі ў скверах з кульбай – сталіністы,
        Яны яшчэ і судзяць, і кіруюць.
        
        А зь імі тыя, хто ў сваё карыта
        Дабро піхаў, каб аж падняўся коптур,
        Хто кроў смактаў зь дзяржавы і адкрыта
        Ёй гандляваў у розьніцу і оптам.
        
        I чорны крук не адляцеў далёка
        (А век у гругана гадоў пад трыста!),
        Глядзіць, глядзіць сваім крывавым вокам,
        Дзе ў зрэнцы помста сьвеціцца агніста.
        
        Хто праўду скажа, тым – праклён, пагрозы
        Або дубінкі, газы – не іначай...
        Калі памёр тыран, ліліся сьлёзы...
        Чаму па мове, мой народ, не плачаш?
        
        Чаму не скажаш: «Патрабую школы
        Вярнуць і ўсё, што зь імі заняпала,
        Каб годна, вольна ў гарадах і сёлах
        Маё сьвятое слова загучала»?
        
        Чаму не хочаш з крыўдаю змагацца
        I галаву ўгінаеш моўчкі ў плечы,
        Калі зямлю – на ўсе вякі багацьце –
        Дачасьнікі і труцяць, і калечаць?
        
        Чаму не разумееш і дагэтуль,
        Што ловішся на простую нажыўку,
        Калі табе з чыноўных кабінэтаў
        Даюць падпісваць зжоўклую фальшыўку?
        
        Ты столькі вынес і пакут, і гора,
        Што заслужыў навечна, назаўсёды
        Мець лёс не нарыхтоўчае канторы,
        А роўнага між роўнымі народа.
        
        Сыноў, што з вераю жыцьцё вянчалі,
        Ці ж мала Беларусь узгадавала?
        Стаяць, як знак ахоўны, за плячамі
        Скарына, Каліноўскі і Купала.
        
        Народ мой, слухай голас іх прарочы,
        Ён недарма трывожыць гаркатою.
        Прачніся, адкрывай шырока вочы,
        Не разьмініся з праўдаю крутою.
        
        Калі ж і зараз ты не загукаеш,
        А будзеш жыць пад страхам і прынукай,
        Чарнобыль не такі яшчэ чакае
        Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.