РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
7. ЗА КАЛЮЧЫМ ДРОТАМ
        
7. ЗА КАЛЮЧЫМ ДРОТАМ

        
        Затрымалі ў зоне раніцой бабулю.
        «Што ж вы гэта робіце? Ці загад не чулі?
        Скрозь жа радыяцыя, гэта ж не навіна.
        Дык жыўцом навошта лезці ў дамавіну?
        
        Дык чаму блукаеце вы па зоне ўпотай,
        Што, каго шукаеце за калючым дротам?»
        Ля сялібы роднай, быльнягом урослай,
        Слухала салдатаў, як дзіцё дарослых.
        
        Зьнізу ўверх глядзела з-пад брывоў сівенькіх,
        Выцірала сьлёзы чорнай, ссохлай жменькай:
        «Вы, сынкі, не бойцеся... Што ўжо мне пашкодзіць?..
        Дзеці не пускалі, уцякла, як злодзей.
        
        Самі мае ножанькі прывялі дадому
        Шляхам невядомым, сьцежкаю знаёмай.
        Вы не лайце, дзеткі... Паглядзець ахвота,
        Як тут наша хатка за калючым дротам?
        
        Вось яе адведала, і лягчэй мне стала,
        Можа, і знайшлося тое, што шукала».
        Як зямелька – рукі, як валошкі – вочы,
        Як не пашкадуеш, хочаш ці не хочаш.
        
        «Ну, да агароджы прыбрылі... А потым?»
        «Трохі падкапалася, прапаўзла пад дротам...»
        Рагатнуў старэйшы: «Дыверсант, і толькі!
        А што ж тут схавалі пад крысом ватоўкі?»
        
        «А нічога... Кут мой каля ложка голы...
        Не забрала ў тлуме абразок Міколы.
        Вось ён, мой балесны... Твар яму абмыла.
        Бач, як засьвяціўся, вызвалены з пылу».
        
        «Ну пайшлі, бабуля! Зараз на машыне
        Наш шафёр да станцыі хуценька падкіне».
        Між хлапцоў плячыстых крочыла памалу,
        Ды каля варотаў запратэставала:
        
        «Вы сабе служыце, не ідзіце сьледам.
        I сюды прытупала, і назад даеду...»
        Засьвярбелі вочы, моўчкі, вінавата
        Цыгарэты ў вуснах сьціснулі салдаты...
        
        Потым паглядзелі, ды за паваротам
        Зьнікла ўраз старая, як і не было тут.
        Толькі ў чыстым полі, што не сьпеліць колас,
        Быццам шолах жыта, чуўся ціхі голас:
        
        «Вы не лайце, дзеткі... Добра мне...
        Паверце... Хатку паглядзела, можна і памерці...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.