РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
9. ВЯРТАНЬНЕ
        
9. ВЯРТАНЬНЕ

        
        Памёр стары. Сканаў з наказам дзецям,
        Які шаптаў, аж покуль не заціх:
        «Ніколі... не бадзяўся я... па сьвеце...
        Хачу ляжаць... на могілках... сваіх...»
        
        Не ведаў ён, якая цяганіна
        Пачнецца для журботнае радні.
        Спачатку не выпісвалі машыну,
        Хоць сотню вёрст агорвай на кані.
        
        А потым не пускалі іх у зону,
        Ноч адбылі ў машыне ля труны.
        I ўсё ж былі вароты адамкнёны,
        I да пагоста рушылі яны.
        
        Высокі бор стаяў жалобнай вартай...
        I сын сказаў пасьля такіх трывог:
        «Нічога, бацька... Мы – народ упарты.
        I ўсё-ткі ты ў пясочак родны лёг...»
        
        У зоне пуста. Толькі вінаваты,
        Як спадцішка, дымок над камінком.
        Старыя людзі засялілі хату,
        Жывуць сабе, як схімнікі, крадком.
        
        На ўсе ўгаворы дзед махае кіем:
        «Нікуды! I дарма агітаваць.
        А вашы тры чырвонцы грабавыя
        Не трэба. Дайце век дагараваць!..»
        
        I сырадой бабуля зноўку цэдзіць
        У спрытныя старыя гарлачы,
        I з малаком цячэ праз марлю цэзій...
        Хто ў гэтым лёсе можа памагчы?!.
        
        Хоць зарасьлі дарогі палявыя,
        Хоць у бары зязюльчын голас змоўк,
        Перасяленцы – мёртвыя, жывыя –
        Вяртаюцца, вяртаюцца дамоў...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.