РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
5. ДОЖДЖ У ХОЙНІКАХ
        
5. ДОЖДЖ У ХОЙНІКАХ

        
        А дзядзька не зважае на грымоты,
        На тое, што даўно да ніткі змок.
        На руль павесіў сетку з хлебам, боты,
        Упарта кантралюе хісткі крок.
        
        Ці ён веласіпед, ці той памалу
        Вядзе яго то проста, то бачком.
        I з боханаў, дарэшты набрынялых,
        Вада рудая коціцца цурком.
        
        Кабеты, што аўтобуса чакаюць,
        Махаюць з-пад страхі: «Ідзі сюды!
        Ты б хлеб акрыў. Скрозь пошасць... ды якая...»
        А ён бубніць сабе: «Ані бяды...
        
        Мне страхі вашы – плюнуць і расьцерці,
        П'ю малако і ўсё з гарода ем.
        Я і на фронце не баяўся сьмерці...
        Калі жывыя будзем – хрэн памрэм!»
        
        Старая хрысьціцца: «I як не брыдка!
        Пажылы чалавек, і так казаць...
        Я за цябе старэйшая, Мікітка,
        Паслухайся мяне, ідзі ты спаць».
        
        Суседка засьмяялася: «Алена,
        Ці ж ты яго не бачыш па лычы?
        Яму сягоньня мора па калена,
        Відно, пакупкі добра замачыў».
        
        А дзядзька: «Замачыў, бо ёсьць прычына.
        Ды вам, квактухам, гэта не паняць...
        Ад стронцыю, як раіць медыцына,
        Найлепшая вакцына – чарку ўзяць!»
        
        Старая шэпча: «Чаркай толькі бельмы
        Зальеш ды не пазбудзешся пакут...
        А дзе ты купіш, знойдзеш тое зельле,
        Каб вылечыць зямельку, родны кут?
        
        А я палю і паліваю грады,
        Сьляза мая сама сабой бяжыць...
        Ні сонейку, ні дожджыку не рады,
        Дык для чаго тады на свеце жыць?..»
        
        Замоўклі ўсе... I дзядзька стаў цьвярозы,
        I змог веласіпеду рады даць.
        Пайшоў на дождж і адвярнуўся. Сьлёзы
        Былі цяпер кабетам не відаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.