8. МАРАДЗЁРЫ Адным на ўсё жыцьцё – пакуты, гора, А гэтыя з бяды куюць рублі. Паўзуць, паўзуць, як вошы, марадзёры Па нежывой, атручанай зямлі. Б'юць вокны і ламамі крышаць дзьверы, Хоць і цячэ па карку ліпкі жах. Пакінутыя хаты і кватэры Абмацваюць, як трупаў, па начах. Сьпяшаюцца, грабуць гарэлку, рэчы, Зьдзіраюць, бо ў цане, і абразы. Не трэба ўзвальваць ім дабро на плечы, Матарызованыя ёсьць вазы. Пачырванее ад натугі морда – Не паддаецца, а такі каўнер! Якая прыгажуня носіць горда Хамут радыяцыйны той цяпер? Дарунак – тэлевізар каляровы – Галантны хмыр любоўніцы прывёз. Рэактар свой у хаце. Будзь здаровай! А ён сюды не суне болей нос. Паўзуць, паўзуць, як вошы, марадзёры Не толькі ў зоне. Іх у нас – спаўна. I нішчаць, і бяруць дзяржаву зморам, I як яшчэ дасюль ліпіць яна? Закладваюць пад наша заўтра міны Чыноўныя драпежнікі-сычы: Даюць каманду рэкі перакінуць, А потым вінаграднікі сьсячы. Туды-сюды без толку грузы шпараць, Станок валютны мокне пад дажджом, Ляжаць, пыляцца на складах тавары, Якіх нідзе не знойдзеш днём з агнём. Свайго яны абслужаць з-пад прылаўка Або дадому – завядзёнка тут. Астатнім, што ні выкінь,– будзе даўка. Навошта бударажыць просты люд? Мы ўсе для іх – даступныя мішэні... Хто ж корміцца з крутога мазаля, Каб выжыць, выварочвае кішэні Да самага апошняга рубля. Нялёгка ад зарплаты да зарплаты, Ад пенсіі да пенсіі трываць. А побач злодзей, прайдзісьвет закляты, Па рэстаранах можа глякаваць. А ты кусай счарсьцьвелую скарынку, Бяззубы інвалід або ўдава. У марадзёраў з ценевага рынку Не забаліць па гэтым галава. У іх ужо мільярды ў абароце, Пляваць ім на дзяржаву і закон. Яны трымаюць у сваёй аброці I тых, хто ўлез у верхні эшалон. Ды закрані ці паспрабуй праверыць Пяшчотныя адносіны радні: Той мафіі, якая на паверхні, З той мафіяй, што недзе ўглыбіні. Закруціцца без рыпу кола згоды, Што можна і няможна пойдзе ў ход. I зноўку станеш ворагам народа, Хоць галаву кладзеш ты за народ... Глядзіць на нас, разгубленых, з дакорам Наступны дзень, яго рашаем лёс... Паўзуць, паўзуць, як вошы, марадзёры... I хто іх спыніць? Дзе Ісус Хрыстос?
|