РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сяргей Законьнікаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная быль
1. Выбух
2. Зона маўчаньня
3. Чаравічкі
4. Чарнобыльскі воўк
5. Дождж у Хойніках
6. Трэці анёл
7. За калючым дротам
8. Марадзёры
9. Вяртаньне
10. Пераліваньне крыві
11. Страх
12. Віна
13. Палыновая зорка
12. ВІНА
        
12. ВІНА

        
        Жыцьцё пакутамі аплоціш,
        Яму не трэба ні граша...
        Як птушка, б'ецца ў клетцы плоці,
        Баліць, шчыміць мая душа.
        
        За ўсё павінна быць расплата,
        Зь зямлі сваёй куды ўзьляціш?
        I мусіш, хоць невінаваты,
        Чужых злачынстваў несьці крыж.
        
        Я вінаваты, вінаваты,
        Бо гвалт і зьдзек не змог спыніць.
        Той кожны стрэл у Курапатах
        Адчаем у грудзях зьвініць.
        
        Я вінаваты, бо калеюць
        Людскія сэрцы – сівер дзьме
        Адтуль, дзе костачкі бялеюць
        На Салаўках і Калыме.
        
        Я вінаваты, бо наўкола
        Упадак духу так відаць,
        Што продкі гнеўныя свой голас
        З магілаў змушаны падаць:
        
        «А тым, хто мову, род адрынуў,
        Як подлы раб, сагнуўся ў крук,
        Настаў свой меч паміж рабрынаў,
        Цаляй туды, дзе сэрца стук».
        
        Я вінаваты, бо атрутай
        Засыпала маю зямлю,
        А я, адданасьцю прыкуты,
        Яшчэ мацней яе люблю.
        
        Я вінаваты, бо ў заторах
        Сваіх грабежніцкіх уцех
        Згубіў сябе, сабе ўжо вораг
        Сам чалавек, і быць ім – грэх.
        
        Таму вяду з душой гаворку,
        Гляджу ў нябёсы ўсё часьцей,
        Бо позірк палыновай зоркі
        Змушае жыць сьвяцей, чысьцей.
        
        Душы, затурканай, знямелай,
        Нялёгка загартоўваць дух,
        Каб выйсьці ў сьвет, вярнуцца ў цела
        I разарваць замкнёны круг.
        
        Але яна сьмялее гонка,
        Каб далеч волі адкрываць,
        Як карабельная сасонка,
        Што можа небу паківаць.
        
        Багоў няма. Стварылі самі
        Мы ўвесь наменклатурны штат,
        Каб потым стаць прад іх вачамі
        I выканаць любы загад.
        
        Праз цемру рабства пакаленьні
        Прайшлі, каб кожны ўведаць змог,
        Што толькі ўласнае сумленьне –
        I першы, і адзіны Бог.
        
        Так і жыву. Жыцьцё – віною.
        Не час, а кроў мая цячэ.
        I тое, што было са мною,
        Усё паўторыцца яшчэ...
        Паўторыцца яшчэ...
        Яшчэ...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.