РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
1
        
1

        
        Я ляжу ў акопе на разасланым шынялі і доўга гляджу ўгору, у сінюю бездань летняга неба. На паверхні ціха – ні стрэлу, ні выбуху, наўкола ўсе спяць; трохі далей, ля снараднай нішы, нехта моцна сапе, здаецца, вось-вось пяройдзе на храп. Дзень стаіць ветраны, спёка не дужа вялікая, сонца схавалася за бруствер і кіруе ўжо на захад. На беражку акопа матляецца-ляскоча аб высахлы ком чарназёму нейкая былінка, а над усім гэтым высока ў небе лётаюць буслы. Дзве вялізныя птахі, распластаўшы крылы, узнімаюцца ў самую высь і кружацца там, бы купаюцца ў сонечнай раздольнай прасторы. Ветраныя патокі, відаць, патроху адносяць іх убок, за камкаваты акопны бруствер, але яны, лена і важна перабраўшы крыламі, зноў вяртаюць сабе ранейшую вышыню і кружаць, кружаць там доўга.
        Буслы часта з’яўляюцца тут у сонечныя надвячоркі, лятаюць і кружацца, пэўна, выглядаючы дзе якую балацявіну, трысняговую старыцу, лужок, каб палавіць спажывы, напіцца, а то і проста па буслінаму звычаю пастаяць у роздуме на адной назе. Але цяпер яны нікуды не могуць спусціцца, бо скрозь – ля старыц, у прырэчных балацявінах, на ўсіх лужках і дарогах – людзі. Не спраўляюцца буслы нагледзець што здатнае, як на зямлі пачынаюць грукатаць стрэлы – недзе там, у ветранай прасторы, злосна фыркаюць нябачныя чмялі-кулі, буслы палахліва кідаюцца прэч – адлятаюць на захад, некуды ў бок недалёкіх Карпат.
        Без буслоў бяздоннае сіняе неба становіцца пустым і нецікавым, у ім няма на чым зачапіцца позірку, я прыжмурваюся і дрымотна прыціхаю...
        Раптам на брустверы над маёй галавой нешта гучна лопае, бы хто ляскае дубцом па ссохлай пыльнай зямлі, – і я прахопліваюся са сваёй санлівай задумы. У акопе па-ранейшаму ціха, усе спяць, толькі на прыступках туліцца пад брустверам Лёшка Задарожны, наш зараджаючы. Ён у адной, вельмі заношанай, нацельнай сарочцы з матузамі-завязкамі на грудзях; голыя да локцяў, ушчэнт статуіраваныя рукі камечаць зашмальцаваную гімнасцёрку, на якой вісіць канец новага недашытага каўнерыка. Хітраватыя Лёшкавы вочы на круглявым брывастым твары няўцям міргаюць, як гэта бывае ў чалавека, які зрабіў нейкае глупства.
        – Сабака! – невядома да каго кажа Лёшка. – Глядзі ты! Я ж цябе падражню...
        Ён кладзе на прыступкі сваю гімнасцёрку са свежаначышчаным гвардзейскім значком і хапае рыдлёўку, што стаіць побач. Я яшчэ не цямлю, што здарылася, як Лёшка, дурасліва ўхмыляючыся ўсім сваім поўным, паголеным – увогуле прыгожым – тварам, ціхенька вытыркае з-за бруствера точаны чаранок рыдлёўкі.
        «Чвік!» – і на брустверы ўшчэнт разлятаецца вялікая ўсохлая груда.
        Лёшка коратка ўздрыгвае, але свавольна ўхмыляецца і, заўважыўшы, што я згледзеў ягоны занятак, ужо смялей высоўвае з акопа рыдлёўку. Недзе ў варожым баку слаба кахае стрэл, і тут жа новая куля адшчэпвае ад чаранка тоўстую трэску.
        – Не псуй рыдлёўкі! – кажу я Лёшку. – Знайшоў занятак.
        – Ерунда там рыдлёўка! Я ўжо яго падражню, сабаку!..
        І ён зноў выторквае рыдлёўку, але зараз жа хавае яе, і ў той жа час выразна чуецца «чвік», «чвік» – з бруствера пырскае зямля.
        – О, о, законна! Пазлуйся, пазлуйся, – задаволена кажа Лёшка, забаўляючыся з рыдлёўкай. Ён і яшчэ хоча нешта сказаць, але толькі раскрывае рот, як устаялая ціш над акопам узрываецца траскучым грукатам разрыўной буйнакалібернай чаргі. Пясок, груды і ашмоцце кукурузы з бруствера разлятаюцца ў бакі, абсыпаюць твары, галовы, спіны сонных людзей у акопе. Але чарга кароценькая; нарабіўшы вялікага грукату, яна раптам сціхае, і вецер паволі здзьмухвае з бруствера пыл.
        – Што гэта? Што такое? Свінячае рыла! – крычыць з канца акопа наш камандзір Жаўтых. Ён, як і ўсе, прахопліваецца са сну, і, напэўна, нейкае камандзірскае адчуванне падказвае яму, што хтось правінаваціўся. Прыгнуўшыся, без папругі, у расшпіленай гімнасцёрцы, на якой пагойдваецца паўтузіна медалёў, ён цераз людскія целы пералазіць па акопу да Лёшкі.
        – Табе што?.. Цесна ў акопе? – пытаецца старшы сяржант і строга глядзіць на Лёшку. Той, не варухнуўшыся, сядзіць у доле, абсыпаны зямлёй, і, паказваючы свае прыгожыя здаровыя зубы, нахабнавата ўхмыляецца.
        – Нейкі Ганс ледзьве іголкі з пальцаў не выбіў, зараза!..
        – Іголку ў яго не выбіў! Ты што – малалетак? Сысунок? Растлумачыць табе, што да чаго? Футбаліст мне!
        З хвіліну Жаўтых злосна пазірае зверху ўніз на Лёшку, але скрозь усё ціха, і старшы сяржант, супакойваючыся, пачынае абтрэсваць з вусоў і галавы пясок. Потым ён пераводзіць свой яшчэ незадаволены позірк на нас, яго падначаленых. Вочкі ў яго маленькія, няпэўнага выцвілага колеру, яны хаваюцца пад налахмачаныя строгія бровы, і пажылы ўжо, сіні, пабіты порахам твар яго не абяцае дабра.
        – Чаго разлёгся? – буркатлівым, глухаватым голасам гыркае ён на мяне. – Курорт табе, такую матары! А ну, марш назіраць!
        Я пачынаю ўставаць з шыняля, у душы лаючы Лёшку за яго недарэчныя жарты з немцамі, а камандзір тым часам стаіць і азірае іншых.
        – А ты, Аднавухі! Няма чаго прытварацца: бачу, не спіш! Пад’ём! – камандуе ён снараднаму Крывёнку, які нерухома ляжыць у доле, насунуўшы пілотку на чарнявы, скасабочаны шрамам твар. Але Крывёнак не варушыцца, і Жаўтых, нахіліўшыся, тузае яго за рукаў.
        – Хопіць дурня строіць! Каму кажу?
        Салдат нехаця расплюшчвае цьмяныя сярдзітыя вочы і незадаволена пазірае на прыдзірлівага камандзіра.
        – Не нукай! Не запрог!
        – А што ж – кланяцца?
        Крывёнак ляніва ўстае, ямчэй месціцца пад сцяной акопа і, утупіўшы ў дол позірк, бурчыць:
        – Парадкі. Не паспееш задрамаць – пад’ём.
        Жаўтых пераводзіць позірк у кут на астатніх, але тых ужо будзіць не трэба. Ціхманы і худы, як жардзіна, Лук’янаў зважліва сядзіць на шынялі, старанна лыпае вачмі і робіць выгляд, быццам зусім не клаўся. Як заўжды, калі камандзір лаецца, у сіняватых вачах гэтага маладжавага, але дачасна абвялага салдата з’яўляецца пакорная сцішанасць, куточкі яго тоненькіх вуснаў сціскаюцца – ён яўна перажывае сварку. Астатнім жа ад гэтага хоць бы што, бо ўсе мы ўжо даўно папрывыкалі да камандзірскае строгасці, крыку, патрабавальнасці. Побач ужо варушыцца наводчык якут Папоў. Ён, відаць, адчувае, чым кончыцца гэты камандзіраў гнеў, і, не чакаючы загаду, выцягвае з нішы скрынку з недачышчанымі ўчора снарадамі. Папоў паводзіць сябе з гаспадарскай упэўненасцю, без Лук’янавай боязі і Крывёнкавай санлівае незадаволенасці. Выгляд у яго пры гэтым трошкі надзьмуты, шырокі скуласты твар засяроджаны ў сабе, і вейкі вузкіх вачэй прыпухлыя, – але гэта не ад сну і не ад характару – гэта ад прыроды.
        – Ну, а вы чаго гледзіцё? – гыркае Жаўтых на салдат. – Думаеце, калача дам? Не чакайце! Задарожны, Лук’янаў, Крывёнак – за працу! Няма чаго дрыхнуць, дармаеды!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.