РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
13
        
13

        
        – Цікава! От цікава, дакуль мы тут выседзім? Пакуль у палон пабяруць, ці як? – падае ад гарматы паспакайнелы ўжо голас Задарожны. Засцярожліва сагнуўшыся за шчытком, ён пільна азірае абшар, але скрозь пуста. За вёскаю ж тысяччу перуноў грыміць бой, і па выбухах-стрэлах чутно, што ён на адным месцы і не цішэе, а нарастае. Недзе па-над дарогаю, вылятаючы з-за пагоркаў, выюць нямецкія міны, але рвуцца яны далёка за вёскай. Папоў моршчыцца, ціхенька вохкае і ўсё не знойдзе ніяк мясціны для сваёй рукі – то туліць яе да грудзей, то кладзе на калені, то выцягвае ў цяньку пад сцяной. Лёшку ён не адказвае.
        – Было б геройства, – бурчыць Задарожны. – А то дурнота адна. Пазабіваюць, і ніхто не даведаецца. Напішуць – прапаў без весткі. Або яшчэ лепш – у палон здаўся.
        Папову напэўна непрыемна чуць гэта, і ён цвердзіць сваё:
        – Камандыр Жаўты не адступай – і Папоў не адступай. Трус адступай.
        – Жаўты, Жаўты! Што мне Жаўты! Жаўтому цяпер усё роўна. А мы жывыя яшчэ.
        – Эх, Лошка, Лошка! – ківае галавой Папоў. – Дрэнны твой галава. Малы галава...
        – Што галава! – агрызаецца Задарожны. – Вось глядзі: хоць бы ты! Геройства, можна сказаць, праявіў – танк падбіў, – а толку што? І ведаць ніхто не будзе. Зноў жа Лук’янаў – чым не герой? Пад агонь лез. А яго ледзь не злачынцам лічаць.
        – Лук’ян, так? – пытаецца Папоў і чагосьці задумваецца. Нешта сур’ёзнае пакутаю адбіваецца ў яго наіўных вачах. З паўхвіліны ён думае, а пасля кажа:
        – Пэўна, Лошка, твой праўда. Трэба ідзі камбат Троцкі і скажы. А хто хадзі? Лошка хадзі? Лазняк хадзі? – пытаецца ён і пазірае на нас.
        Гэта нялёгкая справа – пад абстрэлам прабірацца туды і назад па шляху, дзе тысячы небяспек чакаюць цябе. Але ў тых небяспеках хоць якая-небудзь надзея на паратунак, седзячы ж тут, наўрад ці дачакаешся чаго добрага. І менавіта таму мне вельмі няёмка сказаць, што пайду я. Лёшка ж, крыху разважыўшы, рашае:
        – Я пайду.
        – Гавары камбату: Жаўты пагібай, Лук’ян добры салдат. Не трэба яго пісаць дрэнна. І загад трэба, як гармату кідай. Папоў будзе чакай. Дзень чакай, вечар чакай. Ідзі, Лошка, – устае з месца Папоў. Лёшка разварушваецца, весялее, глыбей насоўвае на галаву пілотку і бярэ аўтамат.
        – Я ў абход. Аўфідэрзэй! – буркае ён і, прыгнуўшыся, бяжыць убок, у абход вёскі. Мы застаёмся ўтрох. Папоў ідзе на станіну і пачынае назіраць замест Лёшкі.
        – Правільна Папоў рабі? – пытаецца наводчык і сам сабе адказвае: – Правільна рабі. Лук’ян медаль трэба. Папоў загад трэба.
        І, памаўчаўшы, раздумна дадае:
        – Адын салдат, шыбка смелы салдат, танк падбівай – маладэц салдат! Другі салдат, мал-мала смелы салдат, немца страляй – два раз маладэц салдат.
        Нешта нявырашанае, недадуманае камяком засядае ў маёй свядомасці, чамусьці хочацца крыкнуць, затрымаць Лёшку, але ён хутка знікае ў апусцелай траншэі, а я так і не магу даўмецца, адкуль мая незадаволенасць. У гэты час ззаду чуецца ціхі працяглы стогн. Гэта Лук’янаў. Я паварочваюся і ціхенька дакранаюся да яго калена.
        – Лук’янаў! Га, Лук’янаў!
        Ён ледзь-ледзь прыўзнімае павекі.
        – Дрэнна мне. Душыць. Ох!..
        – Пацярпі трохі, – кажу я. – Адаб’ёмся – выручым.
        – Толькі не кідайце! – безуважны да майго суцяшэння, просіць ён. – Дабіце лепш. Застрэльце...
        Я ведаю, у такіх выпадках няма чаго крывіць душой, угаворваць, ашукваць, – чалавеку ў такім стане трэба сказаць праўду.
        – Ладна, – абяцаю я. – Так не пакінем.
        – Дзякуй, – ціха шэпча ён і, цяжка дыхаючы, супакойваецца.
        Так, здаецца, яму ўжо не жыць.
        А сёння вось напаследак аказалася, што і Лук’янаў неблагі салдат. Я ведаю, што зусім ён не смелы, гэта не тое што Задарожны, які мог падзівіць нас сваёй паказной смеласцю. Лук’янаў – ціхі, слабасільны інтэлігент, няўдачнік у вайне, відаць, ніколі ён не вылучаўся адвагай, але вось калі давялося рашыцца на цяжкае, хоць мо і баючыся, а рашыўся. Але ж вось наважыўся на цяжкае і Задарожны. І тут мне раптам здаецца, што Лёшка ахвотна пабег у тыл толькі таму, што там Люся. Можа, яшчэ ўчора згаварыліся яны, і, можа, яна там чакае яго? Зноў панылая злосць агартае мае адчуванні. Агідная дзяўчына! І чаго яна так сноўдала на нашу агнявую, чаго гэтак ласкава абыходжвала ўсіх, калі цікавіў яе адзін толькі Лёшка? Чаму тады яна жартавала ўсё над Крывёнкам, гэткаю добранькай ставілася да мяне? Навошта яна набівалася са сваёй увагай, насіла лякарствы Лук’янаву, Жаўтыху, калі падабаўся ёй Лёшка? І вось цяпер няма больш Жаўтыха, памірае Лук’янаў, але ўцалеў гэты Задарожны, – хай яна супакоіцца і ашчаслівіцца, зласліва думаю я.
        Здаецца, я пачынаю адчуваць у сабе сталую нянавісць да яе. Ужо калі б давялося выжыць, я сказаў бы ёй аб гэтым, цяпер я не пасаромеўся б, – вялікая злосць да гэтай незразумелай дзяўчыны пачынае перасільваць ва мне ўсе мае ранейшыя шчырыя пачуцці да яе.
        – Лазняк! – раптам устрывожана гукае Папоў. Я мігам пераадольваю тлумную дрымотную знямогу і выскокваю са сховішча. Наводчык няўцямна азіраецца на станіне, а цераз бруствер да нас пералазіць незнаёмы салдат, які немаведама адкуль узяўся тут і незаўважаны падышоў да агнявой.
        – Адваюваўся! – кажа ён нейкім недарэчна бесклапотным голасам, быццам мы дзе-небудзь на занятках у тыле. І тут мы з Паповым насцярожваемся і моўчкі ўзіраемся ў яго збялелы васпаваты твар, на якім у незразумелым дзікаватым выразе застылі яго нейкія п’яныя вочы. Але самае горшае нават не ў вачах. Праваю рукой салдат заціскае левую, якая, нібы бранзалетам ад гадзінніка, перавязана вузенькай брызентавай дзяжкай, і ад самай гэтай перавязкі на нейкім ашмотку скуры вісіць зусім адбітая, скрываўленая, з растапыранымі пальцамі кісць.
        – Ой, хлопці, адваюваўся, так рады! У каго е ножік? – пытаецца салдат і сядае акрай пляцоўкі. Мы ўзіраемся ў яго збялелы твар, на якім па-ранейшаму не здрыганецца ніводзін мускул. Гэты яго спакой здзіўляе і бянтэжыць нас, я кідаюся да нашых нябожчыкаў, дастаю з камандзіравай кішэні ягоны ножык і вяртаюся наверх.
        – Ой, ой! – кажа Папоў. – І не баліць?
        – Адстаў, – неўпапад адказвае салдат. – Всі пабіглы, а мэнэ як вдарыць! Ачнуўся, гляджу, параніты...
        – Ты што, не чуеш? – крычу я ў самы ягоны твар. У засяроджаных салдатавых вачах адбіваецца кароценькае намаганне ўчуць і зразумець пытанне.
        – З шістой роты я, – глухавата адказвае ён. – Панасюк. Тэпэрыча дадому пійду. На, адріж, хлопэц.
        Пераадольваючы гідлівасць, з нейкім недаверам да яго розуму, я пераразаю шкуматок скуры, кісць назаўжды аддзяляецца ад рукі, салдат бярэ яе за ўказальны палец і неяк беражліва кладзе ў ямку пад бруствер.
        – Пахаваты трэба. Стількі парабіла. А бінтэц е? – зноў пытаецца ён без ніякага ценю болю. – Тэпэр полечусь і – у Іванівку. А рука не лыха. Спецыяльнасць у мэнэ – пчаляр, і аднаруч упраўлюся.
        Кроў з перабітай рукі амаль што не ідзе, відаць, раменьчык добра пераціснуў яе, толькі некалькі кропель падаюць на запыленыя салдатавы чаравікі. Але ўсё ж трэба перавязаць, ды ў нас няма чым.
        – Дай гімнасцёрку, – тузаю я ягоны падол, аднак салдат ухіляецца.
        – Ну, скажэш: вона ж нова. Тількі ў травэні атрымлівалі. Ты спідняй адірві.
        Мы пазіраем на яго са здзіўленнем, а салдат, сапраўды не адчуваючы, відаць, ні болю, ні страху, паварочваецца да мяне бокам, і я шкуматаю кавалак ад яго нацельнай сарочкі. Затым як-колечы абкручваю яго руку.
        – Адваюваўся! – радасна паведамляе ён і заклапочана дадае: – От тількі медаль згубыв, – і варушыць напаказ грудзьмі. Сапраўды над кішэньчыкам тырчыць коса прышпіленая шэрая стужка медаля «За адвагу» – самога медаля няма. – Тэпэрыча не с чым і додому показатыся.
        Мы маўчым, чакаем, што будзе далей.
        – Ну от гарно, – кажа ён, калі я закончваю перавязку, і ямчэй месціцца над невысокім брустверам. – Спічну трохі і пійду.
        – Там жа немцы. Куды ты пойдзеш?! – крычу я яму ў вуха.
        – Га? Вінніцкі я. А вы звідкіля?
        – Табе што, не баліць? – пытаюся я. Але Панасюк, відаць, зусім аглухлы, ён толькі пазірае на мяне і неяк знямогла прыкрывае свае рудыя з сінню павекі. Я зноў пераглядваюся з Паповым – наводчык пільна глядзіць на нашага нечаканага госця і, пэўна, таксама нічога зразумець не можа. Мне дзіўна, як гэты салдат не адчувае болю, гэта ж, пэўна, так страшна балюча, а ён нават не паморшчыцца, разважае пра дом, толькі выгляд яго нейкі дужа не адпаведны яго нетутэйшаму настрою.
        Шмат загадак ледзь не кожнага дня выстаўляе вайна, і хоць даўно ўжо не навічок я на ёй, але ўсё ж часцяком ніяк не магу зразумець загадкава-супярэчлівую сутнасць многіх яе незвычайных з’яў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.