РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
9
        
9

        
        Пакуль мы прыносім сняданак, пачынае світаць.
        Неба з кожнай хвілінай святлее, па небасхіле ўсё шырэй разліваецца зеленаваты водсвет далёкага сонца, хутка гаснуць і без таго рэдкія зоркі. Месяц у вышыні растае, губляе сваё ядронае ўночы святло, вузее і бездапаможна вісіць над пасвятлелым прасцягам. На зямлі неўпрыцям знікаюць рэзкія цені, сплывае срэбны месячны бляск, сціпла і слаба асветленае, выступае са змроку ранішняе наваколле – травяністае, перакапанае вайной поле, шэраг слупоў над дарогай, вузкая палоска сланечніку пад вёскай.
        Таропка і моўчкі снедаем.
        Жаўтых першы паспешна даядае з вечка прыпраўленую тушонкай кукурузную кашу (мамалыгу, па-тутэйшаму) і засоўвае ў кішэню недаедзены кус хлеба. Шэры ў прыцемках твар старшага сяржанта ажыўлена-засяроджаны на сваіх камандзірскіх клопатах. Мы таксама выскрэбваем кацялкі, чысцей аблізваем лыжкі, і ўнутры ў кожнага з нас шпарка і няўхільна расце дрыготкая трывога. І мне аж любасна ад тае дзелавой спакойнасці, з якою гэты немалады ўжо, рудавусы, ссінелы з твару, трошкі крываваты ў нагах – звычайны калгасны дзядзька, наш цяперашні камандзір, збіраецца да начальства з дакладам аб гатоўнасці. Быццам для якой звычайнай працы ў полі, дажоўваючы ў роце сняданак, ён за тоненькі раменьчык вешае на шыю бінокль, закідвае за плячо аўтамат, насоўвае на лоб пакамечаную, белую ад сонца пілотку, якая заўжды неяк аблавушкай сядзіць на яго галаве – ад вуха да вуха. Пілотка і іншая абмундзіроўка ў яго не дужа адмысловая, звычайнае б/у, затое ўсё іншае, што вызначае ў ім сяржанта-артылерыста, дагледжана і носіцца ў ашчаднасці. Бінокль хоць і старэнькі, з вышчарбленым акулярам, але пра яго Жаўтых кажа, што не памяняе на новы, нават на трафейны цэйсаўскі. Да сяржанцкае палявой сумкі з настаўленнямі, брытвай і рознай салдацкай драбязою прышпілены компас, – як у начальства. Пад ранак ён надзявае зашмальцаваную сваю ватоўку, на ёй пакручастыя пагоны з чырвонаю лычкай упоперак і на рукаве вышэй ад локця, нібы залатая, паблісквае выразаная з бляхі самадзелка – скрыжаваныя ствалы гармат. Гэта эмблема знішчальніка танкаў. Ботаў Жаўтых не носіць, кажа, што ў іх нездарова нагам, і ходзіць у чаравіках з абмоткамі, якія накручвае нізенька – на далонь ад халявак.
        – Крывёнак, пабудзі Папова, – загадвае старшы сяржант, варушачы вусамі. – Я да камбата.
        Крывёнак, здаецца, абыякавы да ўсяго, што неўзабаве чакае нас, расслаблена ўстае ад кацялка і, валюхаючыся, ідзе будзіць наводчыка, якога Жаўтых перад світанкам паклаў спаць. Папоў, вядома, не выспаўся за якую гадзіну, разбуджаны, сядзіць нейкі час у доле і, пазяхаючы, няўцямна глядзіць перад сабой.
        І тады зноў з-за варожых пагоркаў даносіцца злавесны гул танкаў. Гэты раз гудзе ўжо бліжэй, пачынае нават здавацца, што танкі ідуць сюды, на нас, усе мы ўстрывожана ўзіраемся ў бок ворага, але ўбачыць там яшчэ нічога нельга. Гэты гул, відаць, канчаткова абуджае Папова, ён устае на калені, падпяразваецца, бярэ свой кацялок з ежай і, узіраючыся ў змрочныя пагоркі, ідзе да гарматы.
        – Усё ж нешта яны нам рыхтуюць сёння, – кажа Лук’янаў і бярэцца за аўтамат. Мы з Крывёнкам таксама бяром нашу зброю і ідзём да сваіх баявых месц ля гарматы. Ля разасланае палаткі з рэшткамі сняданка застаецца адзін Задарожны.
        Нейкі час мы моўчкі сядзім на станінах, і, па меры таго як усё больш рассцілаецца-вынікае з-пад змроку знаёмы прасцяг, усё расце, большае наша хваляванне. Крывёнак згортвае няроўную, тоўстую пасярэдзіне цыгарку і нервова, без меры цмыгае яе. Лук’янаў надзявае ў рукавы шынель і зябка месціцца на снарадных скрынках, – як заўжды на світанні, яго пачынае трасці малярыя. На худым, нейкім да часу абвялым твары з глыбокімі зморшчынамі абапал рота і ў выцвілых вачах пад светлымі брывамі – выраз цярплівасці і пакорнасць непазбежнасці. Лёшка, здаецца, злосны і абыякавы да ўсяго, ён сядзіць, дзе сядзеў, не кратаючыся, але тое, што ён не ў гуморы, – выдае трывогу ў ягонай душы. Адзін толькі Папоў, санлявы яшчэ, без усякіх адзнак неспакою, старанна выскрэбвае з кацялка кашу і вузкімі вачыма на расплюснутым бурым твары раз-пораз глядзіць на пагоркі, дзе затаіўся вораг.
        Дзень наступае і няўхільна блізіць наш небяспечны час. Ужо становіцца відаць бы кратом накапаная крывуляка першай траншэі, праз туманную золкую парнасць у лагчыне праступае чорная пляма танка ля ручая, на пагорках яшчэ курыцца дымчастая шэрасць, але яна неўзаметку, з кожнай хвілінаю радзее і саступае месца святлу.
        Пакутліва і вельмі напружана мы чакаем. Кожны засяродзіўся ў сабе, нікому не трэба размовы, ніякія словы цяпер не маюць значэння. Мы прыціхаем, натапырваемся і чакаем хуткага, таго самага часу, калі для кожнага з нас можа вырашыцца ўсё. І ў гэтую часіну нейкім дужа будзённым і таму дзіўным голасам адзываецца Папоў:
        – ...Не можа пасаліць! От повар, нехарош повар!..
        – Што?
        Усе паварочваюцца да наводчыка, яўна збянтэжаныя тым, што ўчулі, і ён ранейшым ціхавата-абыякавым тонам кажа:
        – Каша мала-мала солі, трава каша. Нехарош каша – нехарош повар.
        Мы затойваем прыкрасць, ніхто яму не адказвае: ці да кашы цяпер.
        І вось у полі з’яўляецца наш камандзір. Ён бяжыць ад КП наўпрасткі па траве, і тое, што ён не ідзе, а бяжыць, спяшаецца, яшчэ больш узвінчвае нас. Я станаўлюся за шчытом на калені і раблю найпершае, што трэба зрабіць перад стральбой, – адчыняю затвор. Паварот тугаватай рукаяткі апускае клін, можна зараджаць, хоць – адчуваю я – зараджаць яшчэ рана, але мне ўжо нясцерпна бяздзейнасць, карціць што-небудзь рабіць.
        Жаўтых, напэўна, здаля прыкмячае, як нядобра сцішыліся мы, і, пэўна, каб разбурыць нашу панылую прыкрасць, гукае:
        – Ну, мальцы-ўдальцы! Пальнём зараз! З першага снарада – цэль, і спаць да вечара!
        – Ерунда! – кідае Лёшка і ўскоквае з долу. – Паспіш тут! – Ён ідзе да ўсіх на пляцоўку, неяк беражліва несучы ля сябе свае вялікія, рудыя ад загару рукі. Жаўтых саскоквае з невысокага бруствера, ідзе на сваё баявое месца – злева ззаду ад гарматы, у шырокім гарматным сховішчы.
        – Нічога. Не першы раз! Трымайцеся за зямлю-матухну. Яна выручыць, – спакойна кажа ён і ўзнімае бінокль. – Так!.. Не, яшчэ трошкі пачакаем. А ну, сядайце ўсе!
        Мы, стаўшы на калені, займаем свае месцы – Папоў за прыцэлам, я справа ад яго за шчытом, між станін укленчвае Задарожны, за ім ля снарадных скрынак Крывёнак і Лук’янаў.
        Жаўтых усё ўзіраецца ў бінокль; згінаецца да прыцэла Папоў – мы разумеем, што ўступаем у паядынак, дзе пытанне – хто каго – будзе рашацца тым, хто хутчэй. Калі толькі мы спознімся і немцы раней убачаць нас на гэтай пазіцыі, то нам будзе кепска.
        – Папоў, наводзіць пад ніжні абрэз! – распараджаецца Жаўтых, ужо не адрываючыся ад бінокля. – Та-ак! Зарадзіць!!! – сіпата, спакойна, але з залішняю строгасцю камандуе ён, і я адчуваю па тым, што хоць трошкі, але хвалюецца і ён. Задарожны натрэніравана і размашыста ўсоўвае ў патроннік снарад, затвор, коратка лязгнуўшы, зачыняецца. Папоў прыліпае да прыцэла, і мы затойваем дыханне.
        Ідуць апошнія хвіліны санлявай ранішняй цішыні. Неба за нашымі спінамі ўжо наліваецца водсветам блізкага сонца... Гэтыя апошнія імгненні перад адкрыццём агню асабліва нясцерпныя, тупым болем ныюць усе нервы – хутчэй, хутчэй! Але Жаўтых глядзіць, ён спакайнейшы і лепш ведае, калі трэба скамандаваць.
        – А чаму без каскі? Дзе каска? – нечакана гучыць у цішы яго строгі голас. Гэта ён да Папова, які туліцца ў сваёй запэцканай змазкай пілотцы. Жаўтых так крычыць заўсёды, калі наводчык перад стралянінай не надзявае каскі, якую камандзір заўсёды возіць з сабою і без якой ён не дазваляе наводчыку ўступаць у бой. – А ну, Крывёнак, – каску! Каску яму, жыва!
        Папоў, аднак, не адрываецца ад прыцэла, усё ўглядаецца ў яго, пакручваючы рукаяткі наводкі, а Крывёнак тым часам прыносіць з акопа няновую ўжо, пашкрэбаную каску і нахлабучвае яе на наводчыкаву галаву. І раптам, не паспявае яшчэ ён адысціся на сваё месца, як недзе далёка ў варожым баку раздаецца знаёмае імпэтнае «та-тата-та-та-та-та!». Адначасна імпэтна лязгае па крыле шчыта, фуркае над галовамі, чмякае ў зямлю і збоч на брустверы над камякамі зямлі ўзлятае слабенькі дымок пылу. Я інстынктыўна ўгінаюся за казённік. «Спазніліся! Празявалі!» – б’е ў голаў благая думка. Каб нешта рабіць, я азіраюся, – за мною гнецца да зямлі Лёшка, ён лаецца, а за ім далей, неяк бокам, абапёршыся на локаць, апускаецца на дол Лук’янаў. З-пад ягонай пілоткі на каўнер незашпіленага шыняля і на дашчаную снарадную скрынку нешта хуценька капае. Лук’янаў неяк увачавідкі бялее, хапаецца рукой за галаву і здзіўлена ўзіраецца – на далоні кроў.
        – Сволачы! – лаецца Лёшка. Да Лук’янава кідаецца Крывёнак, даволі спакойным голасам ён пытаецца:
        – У каго пакет?
        У мяне ў кішэні перавязачны пакет, я дастаю яго і кідаю хлопцу, хачу і сам падацца туды, але каманда Жаўтыха спыняе мяне:
        – Стой! Ціха! Прыгніся! Прыцэл шэсць – адзін снарад, агонь!
        Кулі б’юць па брустверах, пырскаючы ў бакі зямлёй, я соўгаю па лінейцы ўказальнік адкату, прыгінаюся. Тут, за казённікам, трошкі схоўней, чым на адкрытай пляцоўцы. Уся наша агнявая курыцца пылам ад куль, разлятаецца ў бакі зямля, шмаццё кукурузы лязгае па шчыце. Што і казаць: няўдалы пачатак, трэба як мага хутчэй упраўляцца, інакш можа быць кепска.
        – Бах!!! – нечакана і грымотна б’е ў вушы стрэл. Гармата тузаецца назад, пад казённікам з’яўляецца пустая гарачая гільза, з яе вузкае шыйкі курыцца дым.
        Я не бачу за шчытком выбуху, але чую яго далёкае раскоцістае «ках-х-х!». У ствале ўжо новы патрон, і Папоў асцярожна, дужа акуратна і спакойна падкручвае махавікі.
        – Фіць-фіць! Чвік!.. – праносіцца побач варожая чарга.
        «Хутчэй! Хутчэй!» – стукае ў скроні думка. Я імгненна азіраюся: Лук’янаў ляжыць на баку, і Крывёнак, няўмела раскручваючы белы, чысцюткі бінт, абмотвае яму галаву. Скрозь павязку праступае і распаўзаецца бурая пляма крыві.
        – Бах!!! – б’е новы наш стрэл, і правае вуха глухне, нібы ў яго забіваюць тугі корак. Я таропка пазіраю на ўказальнік адкату – адкат, здаецца, нармальны.
        – Прыцэл сем! – з лютасцю ў голасе камандуе ззаду Жаўтых.
        Значыць, недалёт, трэба яшчэ прыстрэльваць. Кулямёт б’е доўгімі чэргамі, і гэта, мусіць, ратуе нас, бо толькі першыя кулі з чаргі трапляюць паблізу, іншыя ж ідуць з рассейваннем навокал. Усе мы тулімся долу, Лёшка ляжыць на баку, прыціскаючы да грудзей патрон, – позіркі нашы сустракаюцца, і я не знаходжу ў ягоных вачах варожасці. Мне таксама цяпер не да злосці – Люся і ўсё, што звязана з ёю, адступаюць цяпер далёка, у нейкае невыразнае даўняе ўчора.
        Папоў працуе, аднак, таропка і дакладна. Не паспяваю я да канца адчуць сваю прыкрасць ад першых стрэлаў, як бахае новы, трэці стрэл і зараз жа ззаду крычыць Жаўтых:
        – Адмеціцца па разрыву!
        Гэта ўлюбёны прыём нашага камандзіра. Ёсць пэўныя правілы прыстрэлкі прамой наводкай, але Жаўтых амаль заўжды карыстаецца толькі гэтым – адмячаннем па разрыву, які ні разу яшчэ не ашукаў нас. Папоў, згорбіўшы спіну, ледзь-ледзь, аднымі далонямі, кратае махавічкі наводкі і цісне кнопку спуску. Я выглядваю з-за шчытка – снарад праз пыл з бруствера ідзе ўдалеч і рвецца на пагорку.
        – Верна! – радасна і натужна, з усяе сілы крычыць Жаўтых. – Тры снарады, беглы агонь!
        «Слава богу! – спадае ў душы прыкрае трывожнае напружанне. – Трапілі, цяпер дабіць!»
        – Бах! – грукае стрэл, гармата тузаецца, з казённіка са звонам вылятае гільза. Лёшка, на імгненне прыўзняўшыся на каленях, дасылае наступную, і праз дзесяць секунд зноў:
        – Бах!
        На агнявой – кіславаты парахавы смурод, пыл. Шостая гільза звонка лязгае ў доле аб папярэднія, і вось жаданая каманда:
        – Ва ўкрыцце!
        «Ёсць! Здаецца, удалося! Яшчэ трошкі, яшчэ...»
        Мы ўсе хапаемся за гармату, я перапаўзаю цераз станіну, вырываю з восі стопар, нехта ззаду выдзірае з зямлі сашнік. Жаўтых хапаецца за левую станіну. Прыпаўшы да самай зямлі, налягаю на кола, штурхаю – гармата зрушваецца з месца. Папоў трошкі спазняецца штурхнуць левае кола, гармата перакошваецца на пляцоўцы, і Жаўтых злосна крычыць на яго:
        – Папоў, такую тваю растакую! Штурхай!
        На Папова камандзір крычыць рэдка, толькі ў баі пад агнём, – тут ён нікога не вылучае, тут у яго ўсе роўныя, і, паслухаўшы збоку ў такі час, можна падумаць, што ён з кожнага гатовы садраць скуру. Папоў не крыўдзіцца на тое, як не крыўдзіцца ніхто, – у насунутай на вочы касцы ён упіраецца каленямі ў зямлю, плячом – у кола, гармата зрушваецца з месца і, цяжка гойдаючыся, ідзе ва ўкрыцце.
        – Та-та-та-та-та... – стукае здаля кулямёт, але мы ўжо звярнулі станіны, я напружваюся, што, здаецца, разрываюцца ад натугі грудзі, і штурхаю ў кола аберуч, аж покуль гармата не пачынае каціцца паціху сама. Хлопцы і Жаўтых кіруюць яе станінамі, а апошні, на каленях, учапіўшыся за правіла, штурхае схуднелы, з акрываўленай шчакой Лук’янаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.