РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
2
        
2

        
        Мы – саракапятчыкі. Яшчэ нас называюць ПТА (процітанкавая абарона), яшчэ «пушкары», або з абразаю – «Бывай, радзіма». Апошняе часам злуе нас, мы гатовы тады сварыцца з абразнікам і паказваем яму на нашага камандзіра, старшага сяржанта Жаўтых, які з сорак першага ваюе пры гэтых гарматках і нішто вось – жывы. Але, відаць, абраза таму і дзейнічае, што ёсць у ёй нейкая доля праўды, якой не хочам прызнаваць мы. Вайна ў шмат чым змянілася за тры гады, змяніліся зброя і тактыка, пацяжэлі нямецкія танкі, з’явіліся «тыгры», «пантэры», «фердынанды», а саракапятка ў нас усё тая ж, што і ў сорак першым, з якой тады стралялі па танкетках і лёгкіх каробачках-танках. Вядома, што часам нам бывае нялёгка. Памалу варушачыся, хлопцы бяруцца за справу. Крывёнак, нялёгка ўздыхнуўшы, падступае да расчыненай скрынкі, твар яго крывіцца, праз усю шчаку ад рота да вуха са сну ярка чырванее нядаўні шрам – след нямецкага асколка. Замест вуха ў Крывёнка толькі невялічкая адтуліна ў галаве. Папоў з Лук’янавым ужо труць снарады анучамі. У Папова гэта выходзіць спрытна, спрактыкаваныя яго рукі так і мільгаюць удоўж блішчастых латунных гільз. Лук’янаў жа неяк раздумна, адною рукой павяртае слізкі снарад і няўпэўнена шаруе яго маленькай анучкай, сціснутай у двух пальцах. Крывёнак прымошчваецца побач, а Задарожны, уздзеўшы на крутыя плечы цеснаватую гімнасцёрку, зазірае цераз хлопцавы галовы ў скрынку.
        – Ну, ерунда! Яны і ўтрох справяцца, – кажа ён. – Што таўчыся ўсім...
        Вядома, Задарожны пэцкацца не будзе. Ён сядае ў самы кут акопа і пачынае свой любімы занятак – ссоўваць ніжэй на костачкі каляныя кірзавыя халявы сваіх новых ботаў. Гэта – дзеля таго фарсістага спрыту, які нябачна адзначае ўсю ладную Лёшкаву постаць – і яго кароценькую, з падрэзаным падолам гімнасцёрку, і шырачэзныя суконныя галіфэ колеру хакі, і ліха ссунутую на самае вуха пілотку – і поўніць бесклапотна-гарэзным выразам увесь яго зухаваты брывасты твар. Жаўтых, відаць, хоча нешта прыкрыкнуць на Лёшку, але толькі бурчыць сам сабе, яўна любуючыся нахабнаватаю прыгажосцю гэтага хлопца.
        – Футбаліст!.. Гультаіна!.. Глядзі мне!
        Я прымошчваюся на прыступкі, дзе сядзеў Лёшка, і асцярожна вытыркаю з-за бруствера востры кончык перыскопа-разведчыка. У маленькім яго вочку-акуляры зыбаецца здаўна знаёмы прасцяг – незасеянае з вясны, парослае лебядой і пырнікам поле. Яно скрозь парэзана шэрымі і рудымі крывулякамі акопаў і хадоў зносін, за імі, на нейтралцы, хаваецца ў траве высахлая ручаіна, і ля яе стаіць-іржавее з вясны закураны, з парасчынянымі люкамі танк. Далей горбяцца няроўныя, выгінастыя хрыбціны пагоркаў, на якіх сядзяць немцы. Што робіцца там, у іхніх траншэях і ў тыле, нам нічога не відаць, затое яны зверху аглядаюць усе нашы пазіцыі, траншэі перадавой лініі, хады зносін, усе пратаптаныя ўначы сцежкі, дарогу ўбаку. Адзінае якое-ніякое сховішча ў нашым тыле – гэта вузкая палоска сланечніку, якая ад румынскае вёскі трохі не даходзіць да нашай агнявой. Вёскі, праўда, амаль што няма. Пасля красавіцкіх баёў ад яе мазанак засталіся толькі груды гліны, вывараціны абгарэлага бярвення, парослыя муравой падворкі, бяздомныя каты і скрозь ямы-варонкі.
        Мы стаім тут, на травяністым палетку з параскіданымі сям-там кучамі высахлай леташняй кукурузы. Адна такая куча, крыху большая за іншыя, хавае і нашу гарматку, да якой з аднаго боку прымыкае гэты кароценькі, крокаў на пяць, акоп-ровік.
        Старшы сяржант, напэўна, ужо не злуецца. Згарнуўшы цыгарку памерам ледзь не з буйнакаліберную кулямётную гільзу, ён сядзіць на дне, курыць, і клубы шызага духмянага дыму напаўняюць акоп. Гэта нам тут даюць такі тытунь з трафейных румынскіх прыпасаў, – Жаўтых калі ўвечары прынясе кілаграмовую нізку вялікага зжоўклага лісця, і мы тыдзень курым яго ўсім разлікам. Вядома, каб накурыцца такому курцу, як наш камандзір, трэба згортваць цыгарку памерам ледзь не з гаўбічны ствол.
        – Слухай, Лук’янаў, – кажа праз дым Жаўтых, – ты не палікмахерам да вайны быў?
        – Не, – сур’ёзна адказвае Лук’янаў і ўзнімае на камандзіра вочы. – Я на архітэктара вучыўся, толькі... вайна.
        – А-а... А я думаў, палікмахер. Ужо дужа далікатна ты анучку трымаеш, – кажа Жаўтых і раптам загадвае: – А ну, тры мацней! Не разарвецца, не бойся!
        Лук’янаў відавочна бянтэжыцца, зацінаецца ў сабе, пачынае церці хутчэй, але слізкі снарад вышчоўквае з рук і падае ў пясок.
        – Ну от, гарота! – махае рукой Жаўтых. – Ідзі сюды, другую работу дам.
        Салдат змрочна выцірае ад пяску снарад, пасля – аб падол гімнасцёркі рукі, а Жаўтых дастае з свае кірзавае сумкі пацёртую, пакамечаную картку ПТА.
        – Ты гэта вось... намалюй як трэба. А то прыходзяць – чапляюцца, чаму няма? Хаця б не было каму, а то поўны разлік грамацеяў: архітэктар, футбаліст ды настаўнік, – не забываецца ён намякнуць і на маю колішнюю вучобу ў настаўніцкім тэхнікуме. Я, аднак, змоўчваю.
        Лук’янаў прыкметна весялее, новая работа яму, вядома, больш па характары. Падкурчыўшы пад сябе ногі, ён прысланяецца спінай да акопнай сцяны і пачынае чарціць схему нашых арыенціраў і агню. Жаўтых сядзіць насупраць і пільна, з затоенай цікавасцю назірае за кожным рухам ягонага алоўка.
        – Во тут, бачу, ты майстар. І куст якраз такі, двайны, як спарыш... І танк – як «тыгр», далібог. Добра.
        Я таксама пазіраю на невялічкі аркуш паперы, адарваны ад бланка «баявога лістка» – нічога асаблівага, звычайны чарцёж. Жаўтыху, вядома, не па сіле такія малюнкі, бо хоць ён і камандуе разлікам, аднак, здаецца, мае самую нізкую ад усіх нас адукацыю – два ці тры класы. Праўда, ніхто пэўна таго не ведае, але ва ўсякім разе ніхто ў нас ніколі не бачыў, каб Жаўтых што пісаў ці чытаў услых. Усякае пісьмовае афармленне, што трэба разліку (імянны спіс, картка ПТА, справаздачы на снарады), ён даручае Лук’янаву, Папову або мне, кажучы пры тым, што ў яго няма часу, а сам заўжды сядзіць побач і курыць. Лук’янаў, вядома, самы пісьменны тут і, напэўна, самы разумны – не бяда, што ён так няўмела-асцярожна ўпраўляўся са снарадамі. У нас ён прызнаны аўтарытэт наконт розных навук, і нават Задарожны, які наогул не прызнае нікога разумнейшым за сябе, часцяком звяртаецца да яго, калі трэба ўдакладніць, у якіх фільмах здымаўся Чарлі Чаплін, колькі год Вялікаму тэатру ў Маскве, каму перад вайной прайграў маскоўскі «Спартак» або хто такая Марыя Сцюарт. Лук’янаў без цікавасці паслухае пытанне, неахвотна, бы малому, коратка адкажа, але відаць, што ведае ён яшчэ не такое, а куды больш значнае. Праўда, на вайне яму не шанцавала. Ён быў у палоне, нешта перажыў кепскае, і ўвесь ён нейкі надламаны, пакрыўджаны, але, здаецца, неблагі, хоць у нас ён нядаўна і мы яго ведаем мала.
        Куды лепш ведаем Лёшку Задарожнага, ён хітрэц і лежабока – вунь і цяпер снарадаў так і не чысціць, а ўсё аходжвае, камечыць свае боты. Але Задарожны вельмі дужы хлопец, а гэта ў нашай артылерыйскай справе – немалаважная якасць. Праўда, ён мае прывычку часам злоўжываць сваёю сілай, памучыць каго, жартуючы, і тут перападае таму ж слабаку Лук’янаву і калі-нікалі Крывёнку. Адзіны, да каго ён адносіцца з нейкай павагай (пасля камандзіра, вядома), – гэта якут Папоў. Але Папоў асаблівы ў нас чалавек, і пра яго трэба сказаць асобна.
        Асаблівы ён ужо хоць бы таму, што наводчык. Усе нашы розныя няўдачы адбываліся па розных прычынах, але ўсе нашы поспехі – падбітыя ў красавіцкіх баях два танкі, спалены аўтамабіль, расстраляныя два кулямёты – справа спрытных рук і зоркіх вачэй Папова. Вочы ў яго сапраўды вельмі відушчыя, такія маленькія, трошкі нават занадта вузенькія і скошаныя, як у мангола, але другіх такіх вачэй у нашай батарэі няма. Гэткія ж асаблівыя і яго рукі – спрытныя і даўгапалыя, нібы ў музыканта. Гэтымі рукамі ён увесь час майструе што-небудзь – то футарал для прыцэла, то наразае ўзор на дзюралевым партсігары, то са снараднае гільзы выпілоўвае камсастаўскую спражку з зоркай. І ўсё ў яго выходзіць такое ладнае, адмысловае, што не розніцца бадай з фабрычным. Яшчэ ён дужа ўжо рупны, клапатлівы і старанны, асабліва калі давядзецца часова застацца за камандзіра гарматы. Тады ўжо ён замуштруе і нас і сябе, і мы ў такі час трошкі наракаем на яго. Я зайздрошчу яго ўмельству, яго вытрымцы і тайна сам сабе мару стаць калі-небудзь гэткім наводчыкам, як ён. Жаўтых заўжды беражэ яго ад працы, ад сцюжы, ад стомы – калі трэба зрабіць што цяжкае, куды збегаць ці пастаяць лішнюю гадзіну на варце, – камандзір ніколі не назначыць на тое Папова, а ўсё болей мяне ці Лук’янава або Лёшку, калі той чым-колечы не аднекаецца.
        Вось так мы і жывём тут – невялічкі артылерыйскі разлік, шэсць чалавек, – курчымся доўгія дні ў вузкім акопе і з нецярплівасцю чакаем змяркання, калі пачынаецца іншая пара сутак са сваімі справамі і сваімі, адметнымі ад дзённых, клопатамі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.