РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
3
        
3

        
        Перш за ўсё: голад – не цётка. Пад вечар усе мы так нагаладаемся, што не памагаюць ні курыва, ні вялізныя цяжкія галовы сланечніку з мяккімі, яшчэ зялёнымі семкамі, якіх мы назапашваем з ночы. Хочацца есці. У гэты час рэдзенькая крупчастая кукурузная каша, якую пасля, паеўшы, усе мы дружна бэсцім, – гэтая каша цяпер здаецца нам незвычайным, жаданым прысмакам. Гэткім жа смачным уяўляецца нам і хлеб – чэрствы, калючы, напалам з кукурузнай мукой. Ад сняданку ў нас застаўся невялікі кавалак яго – рэшта нечае пайкі, – ён ляжыць на верхняй снараднай скрынцы, і кожны з нас міжвольна паглядае ў той бок. Першы не вытрымлівае Лук’янаў. Пакінуўшы на хвіліну сваю чарцёжную справу, ён неяк сарамліва дастае яго запэцканымі пальцамі і, не гледзячы ні на кога, пытаецца:
        – Хлеба ніхто не хоча?
        Коратка зірнуўшы на яго, мы ўсе маўчым. Тады ён аб’яўляе:
        – То я з’ем.
        І ён грызе гэты кавалак, ледзь не вывіхаючы сківіцы пад тонкаю скурай худых, нездаровых шчок, а мы глытаем слінку і адводзім позіркі ўбок.
        Лук’янаў толькі нядаўна вылез з-пад шыняля, бо кожнага дня зранку і пад вечар яго трасе малярыя. Увечары ён трохі ачуньвае, жвавее, і мы даруем салдату яго галодную нястрымнасць, бо ведаем, што ён дужа нагаладаўся ў палоне і дагэтуль не можа наесціся. Хлебны кавалак ён зжоўвае ўвесь да крошкі і пазірае ў неба, на якім журботна дагараюць залацістыя водсветы сонца. На сцяне акопа і на брустверы няма ўжо ніводнага промня, дол увачавідкі засцілае цень, халадае – хутка змярканне.
        Усе мы нецярпліва чакаем гэтага часу. Чакае яго Жаўтых, – увечары ён ходзіць да начальства ў пяхоту, дзе ў яго багата знаёмых, яго ўсе тут ведаюць, бо старшы сяржант – ветэран палка. Чакае вечара Папоў, які адразу, як толькі вылезе з акопа, пачынае аходжваць гармату – выцірае запылены за дзень казённік, прыцэл, страсае чахлы і абнаўляе маскіроўку. Лёшка ўвечары, нібы малады мядзведзь, качаецца на зямлі ля агнявой або сноўдае вакол – ён любіць усялякія дробныя прыгоды, а больш за ўсё дбае пра тое, каб выпіць дзе і закусіць. Лук’янаў наядаецца, як толькі прыносяць вячэру, і дзе-небудзь ціхенька садзіцца, думаючы свае, невядомыя нам думы. Я чакаю вечара, бо тады схоўней, зацішней, можна пасядзець на брустверы і паназіраць ноч, у якой усё прытаілася, прыціхла, але скрозь поўна таемных, далёкіх і блізкіх гукаў. У безлічы гэтых гукаў я стараюся ўчуць крокі – ціхія лёгкія крокі на тылавой сцяжыне. Я чакаю іх доўгія пакутныя суткі, чакаю насуперак сваёй волі, сам не рады сабе.
        Паволі, вельмі паволі цямнее. Неба пакрысе гасіць свой залацісты раздольны водсвет, з усходу на яго наплывае сінявата-шызая мутнасць. У акопе змрачнее, асабліва хутка ў снараднай нішы і пад палаткаю, якой накрыт дальні канец нашага сховішча. Жаўтых падпяразваецца шырокаю румынскаю папружкай з мноствам дзірачак, не дужа зграбна абцягвае гімнасцёрку і падыходзіць да мяне.
        – А ну, дай – зірну!
        Я аддаю яму перыскоп, і камандзір, стуліўшы голаў, водзіць туды-сюды тоненькай трубкай.
        – Ось маячыць, глядзі ты, думае, не ўбачым, – кажа ён, нешта прыкмеціўшы ў варожым баку. – Спяць, дармаеды, снайперы гэтыя. Вось калі б хлопнуць! Шкада – не з рукі: далёка, – кажа ён, аддае мне перыскоп і, раздзьмуўшы вусы, з натугаю, глухавата камандуе:
        – А ну падрыхтавацца за вячэрай! Пойдуць сёння... – на момант ён прыціхае, аглядваючы нас. – Пойдзе Лук’янаў і...
        Ён секунду раздумвае, каго прызначыць другім, але побач ускоквае Задарожны.
        – Што гэта ты такі хуткі сёння? – здзіўляецца камандзір. Лёшка ладна надзімае свае крутыя аб’ёмістыя грудзі, вялікімі пальцамі спрытна рассоўвае пад дзягай зборкі; каўнер яго гулліва расшпілены на два гузікі і бялее свежай палоскаю марлі.
        – Трэба, – усміхаецца Лёшка і падміргвае адным вокам.
        – А-а! – здагадваецца Жаўтых. – Вядомая рэч. Ну што ж: справа маладая. Не тое што нам, старыкам...
        Чорт бы яго ўзяў, гэтага хвацкага Лёшку, думаю я. Заўсёды ён арыентуецца першы, першы скарыстае момант, які я празяваю. Гэта ж сёння на нашай кухні дзяжурыць Люся, санінструктар, малодшы сяржант медыцынскай службы – тая самая наша Сінявочка, якую чакаю я і якую цяпер першы ўбачыць Лёшка. Адразу робіцца нецікавым увесь гэты вечар, не радуе і хуткая вячэра, мне хочацца толькі маўчаць і пакутаваць сабе ў адзіноце.
        – А што ж – законна! – кажа Лёшка сваё любімае слова і прысланяецца плячом да сцяны акопа. Яшчэ трэба трошкі счакаць, бо светлавата.
        Урэшце змрок шчыльней захутвае зямлю, зблізку відаць кучы кукурузы і сям-там чорныя плямы варонак, але варожыя пагоркі ўжо стуліліся ў дымчаста-змрочным тумане, і на небе загараюцца адзінокія зоркі.
        Мы вылазім на волю. Дзіўна, як хораша тут – прывольна і шырока – і як багата паветра, і я думаю, што зусім мала трэба чалавеку, каб адчуў ён неадмысловую асалоду жыцця, кароценькую, на некалькі хвілін, шчаслівасць, бо, пачакаўшы, шчаслівасць знікае: чалавек занадта ўжо хутка прывыкае да добрага і перастае адчуваць яго.
        Пяхота таксама заварушылася – недзе наперадзе чуецца лаянка, нехта прыцішана гукае нейкага Солада, бразгаюць у змроку кацялкі. Задарожны з Лук’янавым выпраўляюцца наўскасяк да палоскі сланечніку.
        Хутка будзе вячэра. Я кладуся на закіданым кукурузаю брустверы і гляджу ўгору. У высокім і яшчэ светлаватым небе сям-там гараць маленькія рэдкія зоркі – іх неяк дужа мала, зусім не тое што ўзімку. Я ледзьве знаходжу ўгары коўш Вялікай Мядзведзіцы, па даўнім школьным звычаі праводжу ад яго роўную лінію і бачу Палярную ў хвасце Малой Мядзведзіцы. Там, далёка на поўначы, збоч адрогаў Карпат, што сіняватай смугою выступаюць на гарызонце ў ясны сонечны дзень, – там ляжыць недзе мой край, мая зняволеная, знявечаная Беларусь. Хутка ўжо споўніцца доўгі і пакутны год, як я пакінуў яе, – пакінуў ледзьве жывы, абвязаны бінтамі, з перабітым сцягном. Самалёт перанёс мяне да жыцця і паратунку, я зноў узяў у рукі зброю, але там недзе засталіся мае землякі, мае старэнькія бацькі, сёстры, засталіся ў лясах партызаны роднага мне атрада «Мсцівец». Я не трапіў да іх назад – вайсковы лёс закінуў мяне на самы левы фланг вялікага фронту, але мая душа там – у далёкае лясное старонцы. У вялікім горы, як той бусел, кружыць яна над яе палямі, пералескамі, вялікімі і малымі шляхамі, над пазелянелымі ад моху стрэхамі нашых нябогаў-вёсак. Не зыходзяць з думак, стаяць уваччу нашыя хлопцы – сціплыя, цярплівыя да ўсіх нягод партызаны з «Мсціўца» – жывыя і тыя, каго ўжо няма на свеце. І ў гэтым невялічкім разліку я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я – беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы не так якое расейскае слова, чую ад Задарожнага абразлівае «трапка», – хай сабе я не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсць у мяне свая вартасць, і ён, як бы ні хацеў, не можа абразіць мяне.
        Побач на мулкія сцяблы маскіроўкі апускаецца Крывёнак. Ён не кладзецца, як я, а моўчкі сядае і пазірае ў ноч. Мне знізу добра відаць яго насцярожаная, ваўкаватая ў рухах постаць. Галава ў Крывёнка вялікая, лабатая, пілотка на ёй абыякава перакручана ўпоперак. Хлопец ён дробнай касці, але з норавам, маўчун і, як кажа Лёшка, зусім без пачуцця гумару, таму яны прынцыповыя ворагі. Мяне ён таксама не вельмі вабіць сваім характарам, але мы тут маладзейшыя з ім, гэта міжвольна нейкай маўклівай агульнасцю з’ядноўвае нас. Яшчэ мы з ім пэўным чынам дарослыя сіроты. Нашыя сэрцы глухія да хвалюючага слова «пошта», мы не кідаемся, як усе, да салдата, што прыносіць са штаба пісьмы, ніхто нам ніколі не прыслаў і аднаго трохкутнічка. Мае бацькі гэтага не могуць, бо ў акупацыі, у Крывёнка ж даўно іх няма.
        Але ўвогуле ён някепскі таварыш, хоць і ўпарты, і гэтая ўпартасць не раз ужо карала яго няшчадна. Некалі здарылася так, што ён, вяртаючыся з санбата, дзе яму залечвалі рассечаны твар, спаткаў на дарозе разведчыкаў з двума немцамі. Немцы гэтыя былі «языкі», за імі некалькі начэй запар поўзалі хлопцы ў тыл к ворагу і цяпер з радасцю ад труднай удачы вялі іх у штаб. Але дзе Крывёнку было разбірацца ў тым, калі яшчэ балела шчака і помста распірала яго нутро. І ён не стрываў. Не паспелі канваіры здзівіцца, як іхнія «языкі» ўжо ляжалі на дарозе пабітыя. Ашалелыя хлопцы замест немцаў прывялі ў штаб Крывёнка, пад вокам якога расплываўся вялізны сіняк.
        У штабе яго бязлітасна вылаялі разведчыкі, штабныя камандзіры, палітработнікі і ўрэшце для канчатковай расправы прывялі да камандзіра дывізіі. Той, таксама не шкадуючы, збэсціў дурня салдата, які сапсаваў гэткую важную справу. Крывёнак не сказаў ніводнага слова ў сваё апраўданне, увесь час маўчаў, і палкоўніку напэўна здалося, што ён каецца. Таму, накрычаўшы, камандзір запытаў:
        – Ну, ты зразумеў? Зробіш для сябе вывады?
        Крывёнак, насупіўшы пакалечаны твар, маўчаў.
        – Ты зразумеў, што нарабіў? Адказвай, я ў цябе пытаюся!
        – Трапяцца – усё роўна пазабіваю, – зацята паабяцаў баец.
        Гэты адказ і вырашыў яго лёс. Неўзабаве Крывёнак быў ужо ў штрафной роце, дзе яму, аднак, пашанцавала: ён выжыў тры доўгія месяцы і нават не быў паранены. Пасля на шматлікіх дарогах вайны ён адшукаў сваю часць і аднойчы, нікім не чаканы, з’явіўся ў батарэю. Як напамінак аб няўдалым мінулым, ён прывалок з сабою трафейны кулямёт – нейкую няўклюдную чорную тарахцёлку, і Жаўтых, разважыўшы, залічыў яго ў кулямётчыкі, вядома, па сумяшчальнасці з абавязкамі гарматнага нумара.
        – Слухай, Крывёнак, – пытаюся я ў хлопца, – адкуль ты родам?
        – А ніадкуль.
        – Як гэта?
        – А так. Радзіўся пад Смаленскам. Пасля, як маці памерла, дзе толькі не бадзяўся. Усе дзетдомы абышоў.
        – Дрэнна ўсё ж так... без роднага кутка.
        – На чорта мне куток. Табе многа карысці з яго?
        – Многа, – кажу я, падумаўшы. – Ты не ведаеш гэтага.
        – А мне пляваць. Гадаў біць усюды няблага, – буркае Крывёнак. Голас у яго раздражнены, абрывісты, без усякае адзнакі сцішанай чалавечай лагоднасці.
        – Чаго гэта ты нервовы такі? – пытаюся я, стараючыся як-небудзь тонам ці словам не раззлаваць таварыша. Але Крывёнак лаецца.
        – Ты б не быў нервовы. Распісалі б табе так морду – нябось занерваваў бы.
        – Ну, твар – не рукі, не ногі. Людзі з усякімі тварамі жывуць.
        – Жывуць! – Хлопец ёрзае на зямлі і адхінаецца ўбок на локаць. – Ведаю, як жывуць. Кожнаму, хто размаўляе, адвярнуцца хочацца.
        – Гэта ты дарэмна. Дзяўчат жа ў нас няма. Чаго саромецца?
        – Каб жа не было...
        «Каб жа не было». Ага! Вядома, гэта ён мае на ўвазе Люсю. Гэта праўда, яна заўсёды мяняецца, суравее і змрачнее з твару, калі сустракаецца позіркам з Крывёнкам, хоць і паводзіць сябе з ім, як і з іншымі. Ды і Крывёнак, здаецца, стараецца быць далей ад яе, ніколі не загаворыць, не павітаецца... І тут раптам мяне азарае здагадка, ад якой ажно халаднее на сэрцы. Няўжо? Але пэўна ж так. І Крывёнак, нібы ў пацвярджэнне маёй думкі, кажа:
        – Надвячоркам задрамаў – Люся прыснілася. І быццам да ранення гэта. Твар мой – як у людзей. Ажно прачынацца цяжка было...
        Ну вось! Так яно і ёсць. І яму яна не дае спакою ў жыцці, і ён, напэўна, гэтак жа, як і я, пакутуе з-за яе. Дык вось чаму ён стаў нервовы, грубы да ўсіх, асабліва калі прыходзіць яна.
        Стаіўшы дыханне, я чакаю, што яшчэ скажа ён, але Крывёнак маўчыць. І я таксама маўчу, бо што я магу сказаць яму? Сказаць, што і мне яна снілася двойчы, што і я вось цяпер ляжу і думаю, ці прыйдзе, – так хочацца бачыць яе, чуць яе голас, чым-небудзь дагадзіць ёй. Незвычайная, незразумелая і ніколі не адчуваная пяшчота да гэтай дзяўчыны перапаўняе маё нутро.
        Эх, Люся, Люся! Калі я прыйшоў у полк, яна яшчэ была ў гэтай батарэі санітарным інструктарам. Нямала я бачыў дзяўчат-санінструктараў і ў іншых часцях, – яны неяк з гонарам ставіліся да нашага брата, болей гарнуліся да афіцэраў, але гэта і адштурхоўвала нас ад іх. Люся ж была надзіва таварыская, простая і ў той жа час вельмі прыгожая дзяўчына. Невялічкая, жвавая, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо гадоў на шаснаццаць, яна не спакушалася афіцэрскім сяброўствам і паводзіла сябе так, нібы і не ведала, якая яна слаўная.
        У нас яна мела такую да сябе прыхільнасць усіх – і байцоў, і камандзіраў, і маладых, і старых, – што ўсе мы ледзь не навыперадкі хацелі зрабіць ёй штосьці прыемнае, як-небудзь аблегчыць яе нялёгкае франтавое жыццё.
        Праўда, яна не з тых, што ахвотна прымалі заляцанні і спагаду іншых, – яна сама рабіла нам нямала турбот сваімі клопатамі пра наша здароўе, быт, гігіену. Мусіць, таму, а мо з якой іншай прычыны, начальства і вырашыла, што лепей будзе, калі забраць яе ў палкавую санчасць.
        Яе перавялі ад нас, але на яе месца нікога не далі. І гэтая дзяўчына ўсё не забываецца на сваю батарэю, амаль кожную ноч наведвае нашы агнявыя, і, здаецца, палавіна з нас употай закахалася ў яе. А яна нібы нічога з таго і не бачыць, па-ранейшаму вясёлая, клапатлівая, аднолькавая да ўсіх, па-ранейшаму дбае пра наша акопнае жыццё. І ўсё ж часта здаецца мне, што гэта не так сабе, што нехта з нас таемна прываражыў да сябе яе сэрца, інакш не прысохла б яна так да нашай батарэі.
        Вось такая яна, гэта дзяўчына, наша Сінявочка, як завуць яе ў палку.
        Мы маўчым і цярпліва чакаем, услухоўваючыся ў кожны гук з тылу. Гукаў наўкола многа, акопныя людзі ўночы павылазілі з зямлі, толькі тых, якіх мы чакаем, не чуваць.
        – Так, ну што ж, – адказвае Крывёнак на нейкія свае думкі. – Позна ўжо.
        І здаецца мне, што гэта ён пра яе, што і ён чакае, і ў мяне ўжо ные-баліць нутро, бо думаецца: Люся не прыйдзе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.