РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
5
        
5

        
        Мабыць, апоўначы ўсходзіць месяц. Ён неяк неўпрыцям выпаўзае з-за небасхілу і, залазячы ўсё вышэй, пачынае свой нетаропкі рух па ўскрайку святлявага чэрвеньскага неба. Неба ўжо так і не цямнее да ранку, яно скрозь свеціцца нейкім невыразным унутраным святлом, прыглушаным да мутнай сінявы на ўсходзе і з зеленаватым адценнем на захадзе. Цёплы паўднёвы ветрык нясе з сабою невыразныя шолахі, таемныя, нібы чалавечыя, уздыхі, рэшткі далёкага гулу – недзе не то грукацяць танкі, не то тужацца на пад’ёме машыны. Далёка, напэўна, па той бок Прута, узлятаюць угору тоненькія зеленаватыя пункцірыкі трасіруючай чаргі. Дасягнуўшы нейкага месца ў небе, яны адзін за адным гаснуць, нібы хаваюцца за якую нябачную хмарку.
        Прыслухоўваючыся да наваколля, мы сядзім укупе ля запарушанай пяском палаткі, на якой ужо не засталося і крошкі ежы. Жаўтых, адкінуўшыся на бок, курыць са жмені, побач сядзіць Папоў; Лук’янаў непадалёк мые рэшткаю чаю нашы запэцканыя кацялкі (сёння яго чарга); Лёшка, вярнуўшыся з недалёкіх праводзін, соладка качаецца ў доле, сапе і стогне ад лішкаў маладое сілы і нейкага душэўнага задавальнення. Адзін толькі Крывёнак не падыходзіць да ўсіх і моўчкі сядзіць наводшыбе.
        – Любата на вайне, га? – пытаецца Жаўтых з сытай задаволенасцю ў голасе. – Любата! Цяпер у нас, на Кубані, ой як горача! Ад зары да зары, бывала, у стэпе. Праца да сёмага поту, а тут ляжы... Спі... Паеў і – на бакавую. Так і ад вайны адвыкнеш. Праўда, Лазняк? Ты колькі ў шпіталі праваляўся?
        – Дзевяць месяцаў без трох дзён.
        – Добра, відаць, цябе цюкнула? У нагу?
        – У бядро, – кажу я.
        – Та-а-ак, – няпэўна выдыхае Жаўтых і, разважыўшы, дадае: – А наогул прападзі яна пропадам, гэта вайна. У японскую ў мяне дзеда забіла. У тую германскую – бацьку. Японцы над тым Халкіным голам...
        – Правільна: Халхін-Голам, – тут жа папраўляе Лёшка.
        – Ну, пад Халхін-Голам... Дык гэта брата Сцёпку пакалечылі. Прыйшоў без рукі, з адным вокам. Цяпер – я. Праўда, тут ужо нічога не скажаш. Тут трэба. Але ўсё думаецца: няўжо і маім дзецям без бацькі расці?
        Пэўна, штось цікавае ўдумаўшы, ускоквае з долу Лёшка.
        – Слухай! Вось ты кажаш: вайна, вайна. А ты падумай, хто ты да вайны быў? Ну хто? Радавы калгаснік! Быкам хвасты закручваў! Кізякі голымі нагамі мясіў! Законна?
        – Ну і што? – насцярожваецца Жаўтых.
        – А то. Быў ты нікудыка. А цяпер? Паглядзі, кім цябе вайна зрабіла? Старшы сяржант. Камандзір гарматы. Кавалер ордэна Айчыннай вайны, трох медалёў «За адвагу». Член партыі...
        – От сказаў! – з’едліва здзіўляецца Жаўтых. – Кавалер! Ці ведаеш ты, што ў майго бацькі крыжоў болей было, чым у мяне медалёў. І што? Думаеш, што змянілася? А то кавалер! – кажа Жаўтых і злосна ёрзае ў доле.
        – Ерунда! – аб’яўляе Лёшка, зноў разлёгшыся на траве. – Мая праўда!
        – Праўда! Я б усе медалі аддаў, толькі б дзяцей зберагчы. Вунь – не скончыцца вайна да новага года – старшы мой, Дзмітрый, пойдзе. Дапрызыўнік. Васемнаццаць год хлопцу. Возьмуць, трапіць у пяхоту, і што, думаеш? Маладое, дурное – у першым-другім баі і пакладзе галаву. Не жыўшы, не ведаўшы. А то медалі! Добра табе, халасцяку, ні кала, ні двара, сам сабе галава. А тут – чацвёра ў доме, і малыя!
        Лёшка маўчыць, камандзір уздыхае, лагодны яго настрой псуецца.
        – Толькі тое і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна – ужо апошняя. Даваюем, і баста. Ужо другой такой не будзе. Не павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося.
        – А што, хай паваююць, – не то ўсур’ёз, не то жартам – яго не зразумееш – пярэчыць Задарожны. – Разумнейшыя будуць. Вайна – таксама быццам акадэмія.
        – Акадэмія! Эх ты! Сам вось скончы гэтую акадэмію, а пасля кажы.
        – Ерунда! Ваююць жа хлопцы. І дзеўкі нават. Вунь Люська, напрыклад. Чым яна горшая?
        – Ну і што ж? Думаеш, правільна гэта? Ці лёгка ёй, дзяўчыне, сярод гэткіх вот, як ты... бугаёў?
        – А што?
        – А нічога! Праўда, Люся – дзяўчына харошая, – кажа Жаўтых. – Даваяваць, ды даў бы ёй бог шчасця. Яна варта...
        Мы ўсе маўкліва згаджаемся (хто ж з нас скажа што супраць Люсі), Жаўтых зацягваецца – ружовым агеньчыкам узгараецца і гасне заціснутая ў яго кулаку папяроса.
        – На добрай зямлі вырасла. У добры час. Што вы думаеце: ад зямлі ўсё. І чалавек. Якая зямля – такі чалавек. Нямеччына – паганая зямля. На ёй, пэўна, адны мухаморы ды порхаўкі розныя растуць. І фашысты яшчэ. Зямля, зноў жа жыццё. Калі жыццё ў маленстве ператрэ добра – будзе чалавек. Залашчыць – прапаў чалавек.
        – Ну, гэта ты загінаеш, – кажа з долу Лёшка. – Ерунда гэта! Пры чым тут зямля, мухаморы... Гэта яна табе дагаджае, Люська, дык ты ўжо так за яе.
        – Дагаджае! – злуецца Жаўтых. – Эх ты, галава яловая. Дагаджае! Не ведаеш ты яе. А я ведаю. Адкуль у яе гэта возьмецца? У яе гэтага і ў крыві не было. Бацька яе вунь які герой быў! Арол! Рэвалюцыю ў нас, на Кубані, рабіў. Васемнаццаць ран меў. Рана памёр. А яна ў чужых людзей гадавалася. Думаеш, соладка было? Думаеш, так гэта – ветрам надула. Таму і такая... справядлівая.
        Але Задарожны ўсё не згаджаецца.
        – Цябе тады перад генералам апраўдала, дык ужо і справядлівая.
        – А што ж – і апраўдала. Уратавала. Калі б не яна – расстралялі б занішто. Дурная справа – не хітрая. Шпокнулі б, і ўсё. Хіба няма дурняў і сярод генералаў? А так вось жыву.
        Я ведаю – хлопцы расказвалі ўжо пра гэты не дужа даўні выпадак.
        На пераправе цераз Буг атрымалася няўстойка. Немцы атакавалі, наша пяхота і артылерыя, што не паспела яшчэ закапацца на плацдарме, рынулася назад. І тут адкуль ні вазьміся – нейкі крыклівы генерал. Ён спыніў на беразе наш разлік і загадаў Жаўтыху развярнуць гармату і біць па ўсіх – па сваіх і немцах, што беглі на гэты бераг. Хлопцы развярнулі гармату, але Жаўтых скамандаваць «агонь» не наважыўся, ды і ў астатніх не падняліся рукі гармату зарадзіць для такой справы. Стаяць яны, а пераправа аж гудзе ад народу. Затор утварыўся. Тады на «вілісе» зноў падлятае той генерал, здзірае са старшага сяржанта пагоны, аўтаматчыкі хапаюць яго і валакуць пад абрыў.
        Хлопцы ўсе знямелі, не ведалі, што і думаць. Камбат Перабежчыкаў збялеў і схаваўся недзе за перакулены аўтамабіль. Начальнік артылерыі падвярнуўся паблізу, але калі згледзеў генеральскую папаху, адразу падаўся кудысь далей ад гэтага ліха. Здавалася, Жаўтыхова жыццё ўжо скончана самым паганым чынам.
        І тады да разлютаванага генерала кінулася Люся. Яна дагнала ягоны «віліс», спыніла яго на пераправе – хлопцам з гэтага берага не чутно было, што адно аднаму крычалі яны, толькі раптам з «віліса» выскоквае ад’ютант, бяжыць да абрыву, Люся – за ім, і там яны з-пад самых аўтаматаў вывалакваюць Жаўтыха.
        – От! Не памог ні камбат, ні якія геройскія хлопцы. А дзяўчына ўратавала. Ось што значыць зямлячка, – з гонарам кажа Жаўтых.
        Месяц паціхеньку сунецца ў небе; на ўтаптаным доле варушацца нашы кароткія цені; пахне травой, раскапанай зямлёй, роснаю свежасцю дыхае сонны абшар.
        – Такое не забудзецца, такое доўга помніцца будзе. Да магілы, – разважна прадаўжае Жаўтых. – Ну, але і мы аднойчы яе выручылі. Тут, мабыць, не ўсе ведаюць. Каторыя маладзейшыя – не былі. Не чулі. Хто ўжо адтуль застаўся? – азіраючы нас, пытаецца камандзір. – Папоў, раз, ну, Крывёнак. Астатнія навічкі.
        Неяк надвячоркам на фланг нас перакінулі, – зацягнуўшыся, кажа Жаўтых і затоптвае абцасам цыгарку. – Сталі ў вішанніку, я якраз пераабувацца сеў. Хлопцы акоп капаюць. Гразь – на кожным боце паўпуда. Аж прыбягае салдацік – так і так. У хутары немцы раненых акружылі. Дваццаць чалавек там і адна дзеўка. Адбіваюцца, памажыце. А хутар – вунь ён: кіламетр з гакам. Чуем, страляніна ідзе. Але дзе яна не ідзе – скрозь грыміць. Не дакапалі мы акоп, кінулі лапаткі, я з салдатамі – аўтаматы ў рукі і туды. А Папоў зарадзіў і давай паліць. Адзін, а ладна так, браце, паліў – беглі і радаваліся.
        – Снарад туды страляй, снарад сюды страляй. Хата не чапай, – задаволена ўсміхаецца ў змроку Папоў.
        – Ага, ладна прылаўчыўся. З гадзіну мы караскаліся на той бугор, а Папоў не пускаў немцаў. Са сцен той мазанкі ўсю гліну пазбіваў, але сваіх не зачапіў. Падбеглі, ударылі збоку, немцаў турнулі і – у хату. А там пехацінцы, сапёры і, глядзім, – Люся, параненая ў нагу. Павыцягвалі ўсіх, пасля як хто з-пад агню выбіраліся. Люсю Крывёнак выносіў. Абшчапіла яна яго за шыю, так ён і валок дзеўку цераз усё поле. А з мінамёта немец лупіў – думаў я, прападуць абое. Але абышлося. Толькі я з тыдзень баяўся – а ну, думаю, камбат снарады праверыць. Засталося з дзесятак. Папоў і бранябойныя расстраляў. Добра, што танкі тады нас мілавалі... Было!..
        – Было, законна! – пацвярджае Лёшка і бесцырымонна ўрываецца ў наш сцішаны, па-начному раздумны настрой. – Вось у мяне такое было! У шпіталі. Як родная стала. Нават больш. От гісторыя...
        І ён у жывапісных выразах пачынае нам маляваць «гісторыю», што здарылася з ім у Палтаве, дзе стрэлася яму такая «ягадка-сястрычка», і як даставала яна абмундзіроўку, і як ён, пераапрануўшыся, выходзіў да яе за агароджу, і пра ўсё, што было далей. Мы моўчкі слухаем. Яно і цікава, гэтыя Лёшкавы прыгоды, і трохі аддае ад іх нейкаю агідай, калі хочацца не паверыць, перабіць, сказаць: «Няпраўда! Хлусіш!» Але ніхто нічога не кажа яму, усе з прытоенай цікавасцю слухаюць да канца.
        Калі ён змаўкае, Жаўтых прыўстае на каленях і ўглядаецца ў чорныя пагоркі.
        – Вы не заўважаеце: штось дужа ціха ў фрыцаў? – кажа ён. – І ракет не кідаюць. Можа, мяняюцца, ці што?..
        Але хто ведае, што там робіцца ў немцаў? Толькі, сапраўды, тое, што яны сёння не свецяць ракетамі, трошкі трывожыць нас сваёй незразумеласцю і загадкавасцю. Праўда, пакуль усё ціха, і не хочацца думаць пра што благое.
        Зводдаль ад пехацінскай траншэі, здаецца, нехта ідзе. У начным месячным змроку відаць, што гэта чалавек, але хто – разгледзець яшчэ нельга. Толькі падходзіць ён усё бліжэй і кіруе да нас. Здаецца, там двое, і ідуць яны не па сцежцы, дзе ходзяць усе, а наўпрасткі па прасцягу. Яшчэ праз нейкі час мы бачым дваіх у касках і чуем знаёмы голас, ад якога адразу змаўкае Лёшка і ўсе губляюць цікавасць да яго баек.
        – Ну што, артылерысты? – гучыць з цемры надломлены барытон нашага камандзіра батальёна, капітана Троцкага. – Дружна спіце?
        – Ніяк не, таварыш капітан, – кажа Жаўтых і спаважна ўзнімаецца насустрач. Мы сядзім, дзе сядзелі, толькі паварочваемся да камбата і насцярожваемся, бо ведаем, што так сабе капітан не прыходзіць. І сапраўды, Троцкі набліжаецца да пляцоўкі агнявой і строга, з затоенай да часу пагрозаю пытаецца ў Жаўтыха:
        – Чаму вартавога няма?
        – Дык мы ж усе тут. Ніхто не спіць, таварыш капітан, – тлумачыць наш камандзір. Але яго тлумачэнне і асабліва зварот «таварыш капітан» гучыць як апраўданне.
        – Ага, усе тут! А хто назірае за праціўнікам?
        – Дык вось усе назіраем...
        – Гм!..
        Ён ідзе далей уздоўж акопа, моўчкі мінае нас; з ім побач тупае прыціхлы Жаўтых і ззаду валачэцца сувязны з аўтаматам упоперак грудзей. Ля гарматы Троцкі спыняецца, нешта думае і пытаецца ў Жаўтыха:
        – Колькі вы тут сядзіце, на гэтай агнявой?
        Жаўтых пераступае з нагі на нагу і разважна ўдакладняе:
        – На гэтай агнявой? На гэтай мы, таварыш капітан, так з дзесятага ці дванаццатага – чатыры дні, значыць...
        – І за чатыры дні, старшы сяржант, вы не маглі выкапаць укрыцце для гарматы?
        – Дык загаду не было. Думалі, можа, яшчэ куды пераставяць. Увесь час жа перастаўляюць, перасоўваюць.
        – Перасоўваюць! – з’едліва кажа капітан. – Яны думалі! Вы што, першы дзень на вайне?
        Жаўтых маўчыць, а Троцкі ва ўпор падступае да яго.
        – Вы мне менш думайце. Вы салдаты. Хай генералы думаюць, – са стрыманай злосцю кідае Троцкі. – Вы мне заўтра знішчыце кулямёт, вунь той буйнакаліберны, – тыцкае ён пальцам у цемру. – Дзесяць снарадаў вам на тое і дзесяць хвілін часу.
        – Адсюль? – пытаецца Жаўтых.
        – Адсюль. Адкуль жа яшчэ?
        – Адсюль нельга, таварыш капітан, – пярэчыць камандзір гарматы. – Тут нас накрыюць.
        – Магчыма, – згаджаецца капітан, і ад таго, якім тонам сказана гэта, агідны халадок западае ў нашыя грудзі. Адзін за адным мы ўстаём і падступаем да камбата. – Калі вы не акапаецеся як мае быць, могуць і накрыць.
        – Як тут акапаешся, калі для бліндажа ніводнае палкі! – злуецца і Жаўтых. – Усё на соплях.
        – Гэта вашая справа, – абыякава адказвае капітан. – Шукайце.
        – Не, так няможна, – кажа Жаўтых, падумаўшы. – І разлік і гармата прападуць. А што, з закрытай пазіцыі нельга? Вунь гаўбічнікі, дармаеды, ні разу за цэлы тыдзень не стрэлілі... Ось ім і задаць бы гэтую задачу...
        Мы ўсе маўчым, бо разумеем, што ад нас патрабуецца, уяўляем сабе, што можа быць заўтра, і ўнутры само па сабе вырастае жаданне, каб Жаўтых як аднекаўся, пераклаў гэтую задачу на каго іншага. Але Троцкі не такі, відаць, камандзір, каб даць угаварыць сябе, адмовіцца ад уласнага намеру, мы ўжо ведаем яго, гэтага прыдзіру, самага строгага з усіх трох у палку камбатаў.
        – Вы зразумелі задачу? – холадна пытаецца ён у Жаўтыха.
        Але і наш камандзір таксама з характарам і, калі яго раззлаваць, можа паказаць сваю ўпартасць хоць каму хочаш.
        – Што задача? – пераходзіць ён у наступ на камбата. – Трэ было раней яе ставіць, ён вунь тры дні лупіць адтуль. А гэтак і кулямёт не разаб’еш, і гармату загубіш. Тут жа пад самым носам. Трэба падрыхтавацца.
        – Рыхтуйцеся!
        – Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш...
        – Вось што! – абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам. – Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.
        Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.
        – Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей – у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш...
        – Галоўная небяспека – мінамёты, – уздыхае Лук’янаў. – На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.
        Жаўтых нейкі час маўчыць, услухоўваецца ў цемру, напружана стараецца нешта зразумець і ні на кога не зважае, быццам не чуе, што кажуць хлопцы. Пасля, вылаяўшыся, лезе ў акоп, паўхвіліны поркаецца ў цемры і вылазіць з палявою сумкай на баку і аўтаматам на грудзях.
        – Я хутка, – кажа Жаўтых. – Папоў, застаешся за мяне. Крывёнак, шагам марш!
        Салдат, падумаўшы, нетаропка ўстае, вешае аўтамат і ідзе за камандзірам.
        – Да начарта пайшоў, – кажа Лёшка. – Можа, абыдзецца.
        Начальнік артылерыі – даўні Жаўтыхоў знаёмы, ён паважае гэтага камандзіра гарматы і зважае на яго прэтэнзіі. Але хто ведае, ці ўдасца цяпер Жаўтыху перайначыць загад камбата?
        Хлопцы, здаецца, таксама занепакоіліся, прыціхлі і сядаюць на брустверы бліжэй адзін да аднаго – як заўжды перад няпэўнасцю або небяспекай. Цяпер неяк і Лёшка Задарожны пачынае здавацца мне звычайным, някепскім хлопцам, ураз адступае ў даўнюю далеч усё дрэннае ад яго, што паўгадзіны назад атручвала маё жыццё. Падсвядома мы адчуваем, што галоўнае ў нашым лёсе – тое нашае заўтра, сілы для якога мы можам узяць толькі ў сабе і спадзявацца толькі адзін на аднаго.
        – Яму-то што! – рэзка кажа Задарожны. – Яму абы загадаць. А мы тут свае галовы паложым. Па-дурному!..
        – Нашто так гаворыш – па-дурному?! – адгукаецца з цемры Папоў. Ён калі пры Жаўтыху не скажа за дзень і аднаго слова, а застаўшыся за камандзіра, вельмі ўжо чулы да кожнага слова і да кожнага ўчынку. – Мы прыдадзены пяхоце... Мы далжон страляць!
        – Ерунда! Прыдадзены не прыдадзены, а будзеш выконваць усё, што ім уздумаецца, – дык і тыдня галавы не праносіш. А да Берліна яшчэ вунь колькі!
        – Чаму не праносіш? У галаве розум ёсць – праносіш. Няма розум – не праносіш! – пераконана зазначае Папоў. Лук’янаў хутаецца ў шынель і раз-пораз уздыхае. Цяпер, без камандзіра, ён крыху жывее і далікатна, стараючыся нікога не перабіць, кажа:
        – Звычайны канфлікт: камандзір пасылае – баец баіцца, здаецца, што загад несправядлівы. Псіхалагічная непадрыхтаванасць да ахвяравання. Адсюль і ўсе непаразуменні.
        Задарожнага, аднак, не пераконваюць ніякія довады, ён крыху маўчыць, ловячы не зусім выразны ход думак Лук’янава, і затым са злосцю пярэчыць:
        – Ну ўжо ерунда! Калі загад правільны, дык я нутром яго разумею. А калі не, дык ты мне нічым не дакажаш. Як ні круці.
        – Навошта даказваць? – паціскае плячыма Лук’янаў. – Загады не даказваюцца. Тут важна не чыё алібі, а патрэбен вынік.
        – Ох, які ты разумны! – прадаўжае злаваць Задарожны. – Вынік! Ты б сказаў гэта Троцкаму. Мо ён цябе камандзірам паставіў бы.
        Лук’янаў змоўчвае крыху, пэўна, прыкідваючы, ці варта адказваць на грубасць, а затым спакойна заўважае:
        – Што з вамі спрачацца не па сутнасці!
        – Падумаеш, знайшоўся мне «па сутнасці». Разумнік такі! Думаеш, я дурней за цябе? Так думаеш? Ось дудкі! Я, брат, хоць інстытутаў не канчаў, але і ў палон не здаваўся. Немцам рукі не паднімаў, не тое, што ты!
        Мы ўсе прыціхаем, з прыкрасцю адчуўшы, што спрэчка пераступіла мяжу добразычлівасці і што будзе сварка. Але Лук’янаў сядзіць як сядзеў – у нерухомасці, уражаны грубасцю Лёшкі, які, мяркуючы, што яго перамога, змаўкае да часу. Такое абыякава стрываць нельга.
        – Сволач ты, Задарожны, – коратка і як мага спакайней кажу я.
        Лёшка зараз жа паварочваецца да мяне.
        – Чаго гэта я сволач? Што я няправільна сказаў? Што? Самі вы сволачы!
        І тады на яго, як заўжды запальчыва і з акцэнтам, накідваецца Папоў.
        – Нашто так гавары? Нядобра гаворы, Лошка (ён заўжды так называе Задарожнага, не вымаўляючы як трэба яго імя), – Лук’янаў правылна казаў, ты нядобра казаў. Ты нядобры таварыш.
        Задарожны сапе і лаецца:
        – Пайшлі вы ўсе да д’ябла: нядобра, нядобра! Што я, ізвіняцца павінен? Ось паглядзім, што заўтра будзе – добра ці нядобра.
        – Дурны Лошка! Нядобры Лошка! Эх ты! – ківае галавой Папоў. Задарожны ўскоквае з бруствера, адыходзіць убок і раззлавана сядае зводдаль – панылы і злосны. Мы маўчым, тоячы прыкрасць на яго, – не хапала аднаго клопату, дык вось яшчэ гэтая сварка. І ў часе гэтай маўклівасці з-за варожых пагоркаў даносіцца глухі, быццам падземны, грукат, нібы дзе далёка заводзяць танк, – ён прагрукоча і сціхае, потым, пасля нядоўгага часу, пачынае зноў. Хлопцы міжвольна ўслухоўваюцца, стараючыся разгадаць сэнс гэтага загадкавага гулу.
        – Лазняк! – гукае мне Папоў. – Вартавым трэба. Трэба слухай. Добра слухай. Сёння не харошы Гітлер.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.