РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
17
        
17

        
        – Лазняк! – устрывожана кліча Папоў. – Скора-скора сюды!
        Я хуценька выпаўзаю са сховішча на пляцоўку. Папоў напружана горбіцца за прыцэлам, і, наблізіўшыся да яго, я бачу тое, дзеля чаго ён паклікаў мяне.
        У пехацінскай траншэі немцы. Сям-там бачна, як высунецца і схаваецца ствол вінтоўкі, часам блісне на сонцы каска. Відаць, яны там ідуць некуды, мабыць, акружаюць нас. Але гэта не ўсё. Удалечыні, на аб’ездзе міннага поля, зноў паказваюцца аўтамабілі, пярэднія, валюхаючы бартамі, ужо з’язджаюць цераз канаву з дарогі. Папоў пільна пазірае на іх і, паволі пакручваючы махавічкі, вядзе ствалом гарматы за пярэдняй машынай.
        Але ствол споўз назад між станін, затвор не зачыняецца, так стрэліць нельга. Нічога іншага не прыдумаўшы, я ашчаперваю казённік, з усяе сілы ўпіраюся ботамі ў зямлю і нечалавечым напружаннем ссоўваю ствол наперад. Затым піхаю ў яго снарад. Клін, лязгнуўшы, зачыняецца. Здаецца, абышлося – цяпер стрэліць.
        У той час па шчыце нешта гучна ляскае – асколкамі ці металічнай акалінай, нібы жарствой, сцябае мяне па шчацэ. Я хапаю новы снарад, а Папоў, перастаўшы круціць махавікі, паволі нахіляецца, напэўна, каб выглянуць з-за шчыта.
        – Гатова! – крычу я, але Папоў чамусьці не кратаецца. Я скаланаюся ад нядобрага прадчування, а наводчык неяк абвяла навальваецца на механізмы наводкі і дзёўбаецца лбом у край шчыта.
        – Ты што? Папоў!
        Я кідаю снарад, хапаю наводчыка за плечы – ён увачавідкі бялее, затуманеным позіркам слізгае па мне і праз цяжкі апошні стогн шэпча:
        – Лазняк!.. Забілі Папоў... Забілі! Навошта?.. Дурны Папоў!
        – Куды цябе? Куды? Дзе? – недарэчна пытаюся я, не бачачы нідзе крыві. Але ён, апаўзаючы на маіх руках, шэпча:
        – Ой, дурны Папоў! Нашто Папоў! Камбат... кажы...
        – Што, што казаць камбату? Што? Папоў!
        Але, відаць, марныя мае намаганні. Паўзакрытыя яго павекі некалькі секунд часта-часта ўздрыгваюць і раптам сціхаюць. Не маючы сілы паверыць у тое, што сталася, я здзічэла ўзіраюся ў яго потны застылы твар.
        – Сволачы! Гады! – крычу я, і ўсё ва мне шалёна крычыць роспачна-нясцерпным крыкам. Але машыны імчаць па дарозе, я адхінаю нежывога наводчыка і прыціскаюся лбом да гарачай гумы прыцэла. Яны ўжо мільгаюць і мільгаюць міма тоненькай валасінкі трохкутнічка ў прыцэле, я кручу паваротны механізм, пераганяю трохкутнічкам пярэднюю і з невялічкім вынасам цісну на кнопку. Стрэл! У той жа час недзе блізка ля галавы зноў ляскае разрыўная ці бранябойная. Я ўспамінаю: трэ накаціць. Праз пыл кідаюся на дол да казённіка, і мае рукі сутыкаюцца там з гарачымі мяккімі рукамі Люсі. Разматляўшы на галаве валасы, яна, лежачы на зямлі, таксама ўпіраецца ў казённік. Пераплёўшы нашыя рукі ў адным намаганні, мы зрушваем ствол з месца. Затым я зараджаю... У скрынцы застаецца апошні снарад.
        – Ага, гарыць! Гарыць! – крычу я, убачыўшы ў прыцэле, як дыміць на дарозе нахіленая набок машына. Замаруджваючы хаду, яе аб’язджаюць наступныя. Я ўжо не бачу, дзе першая, і б’ю па той, што трапляе бліжэй да трохкутнічка. Гарматка тузаецца, нешта металічна лязгае побач, і я праз неаселы яшчэ пыл бачу, што стральба наша скончана: ствол сарвала з люлькі, казённікам ён убіўся ў зямлю пад брустверам. Люся ляжыць збоч, таксама пабялелая і напалоханая.
        «Ну, вось і ўсё! Прайшлі! Не стрымалі!»
        Машыны, аб’язджаючы падбітыя, шпарка імчаць па дарозе да вёскі, цяпер мы іх не стрымаем. Па гарматным шчыце б’юць кулямёты ці аўтаматы, кулі ляскочуць па метале і разлятаюцца ў бакі. Кінуўшы ўсё як ёсць на пляцоўцы, я саскокваю ў сховішча да аўтаматаў. Туды ж адпаўзае Люся.
        Схапіўшы аўтаматы, мы высоўваемся з-за бруствера – немцы бягуць па траве з траншэі, бягуць, падаюць, узнімаюцца зноў. Іх чалавек з пятнаццаць. Побач у акопе густым грымоццем трашчыць кулямёт Крывёнка. Я пускаю першую, другую чаргу, бачу, як кулі разбіваюць зямлю ля траншэі, аўтамат калоціцца ў руках – некалькі немцаў падае. Затым я кідаюся на другі бок сховішча, да Люсі, яна таксама б’е доўгай лапаткою чаргой, і на мяне з яе аўтамата сыплюцца гарачыя гільзы. І раптам яна спыняецца, сціхае, прысядае пад сцяною і пачынае таропка рваць рукаятку. Заела! Я вырываю ў яе аўтамат, даю свой, перазараджаю двойчы. Люся прыцэльваецца, але я тузаю яе за гімнасцёрку, яна азіраецца. «Перабягай! – крычу я. – Мяняй месца!»
        Я ўпершыню звяртаюся да яе на «ты», у яе ясных, поўных напружання вачах коратка ўспыхвае ўдзячная сяброўская прыхільнасць, толькі цяпер мяне гэта не радуе. Цяпер усе мае такія пакутныя адносіны да яе трацяць свой былы сэнс, я вельмі хачу толькі зберагчы яе, не даць загінуць раней, чым загіну сам. Люся прысядае, пераносіць аўтамат на два крокі далей і зноў прыцэльваецца. Дзіўна, але здаецца, быццам яна зусім і не баіцца. Твар яе спакойны, толькі вочы звужаны і шчокі страцілі былую здаровую, загарэлую чырвань. У мяне ж усё дрыжыць унутры, але знешне рухі, здаецца, спакойныя, я баюся толькі чагось празяваць, не паспець, не ўбачыць і кідаюся сюды-туды ў сховішчы.
        Мы б’ёмся на два бакі. Крывёнак у акопе раптам змаўкае, я трывожна ўслухоўваюся – але спакваля ягоны кулямёт грукоча далей, у самым канцы нашай пазіцыі. Ага, гэта ён б’е туды, па дарозе. Адтуль, дзе нерухома стаяць чатыры машыны, рэдкім шырокім ланцугом бягуць сюды яшчэ дзесяткі два немцаў.
        Так, час ад часу ўсё горш...
        Кінуўшы на брустверы аўтамат, я бягу ў кут, дзе ляжаць нашы гранаты, хапаю іх усе тры, і, калі разгінаюся, мой позірк зноў сустракаецца з затуманеным позіркам Лук’янава. Салдат тузаецца з зямлі, каб устаць, і, выцягнуўшы руку, з адчаем патрабуе:
        – Дай!
        І я кідаю яму лімонку, астатнія РГД кладу сабе пад ногі і падхопліваю аўтамат. Я страляю па тых, што бягуць, што ляжаць, б’ю кароткімі чэргамі, ужо не зважаючы на сваю бяспеку, аж покуль аўтамат не змаўкае. Пасля, прысеўшы, выкідваю пусты дыск і ад хвалявання доўга не магу трапіць у пазы новым.
        – Дзе яны? Дзе? – стогне Лук’янаў, і ў ягоных паблеклых вачах дагараюць адчай і рашучасць.
        Я не адказваю, ускокваю, – ага, яны не стрывалі, яны зноў заляглі непадалёк ад сваёй траншэі. Некалькі іх даўганогіх постацей кідаецца назад цераз бруствер, некалькі застаюцца ляжаць у траве. Крывёнак б’е з кулямёта ўслед. Тыя, ля дарогі, таксама залягаюць, і спакваля ў полі не відаць нікога. Адно толькі рой куль над намі, пырскаюць зямлёй брустверы, разлятаюцца ўшчэнт разбітыя груды...
        Стуліўшыся пад брустверам, мы трохі слухаем, не верачы, што зноў адбіліся, пасля Люся першая апускаецца на дно, і раптам плечы яе ўздрыгваюць ад плачу. Я палохаюся, здаецца мне, нешта з ёй здарылася, хапаю яе за рукі, якімі яна затуляе свой твар, але яна ўсё сутаргава, без слоў хліпае.
        – Люся! Што з табой? Не трэба! Не трэба!..
        І яна раптам абрывае плач, коратка пазірае на мяне сур’ёзнымі вялікімі і мокрымі ад слёз вачмі і неяк адразу супакоена кажа:
        – Нічога. Усё. Прабач...
        Яна выцірае рукавамі вочы, закідвае назад растрэсеныя валасы, заклапочана пытаецца:
        – Дзе яны?
        У мяне таксама трошкі спадае напружанне, і толькі цяпер я разумею, што Папова з намі няма і што я – нейкім чынам камандзір над гэтай жменькай жывых людзей. Ніколі мне не даводзілася быць камандзірам, заўжды камандавалі іншыя, а я толькі слухаўся, а цяпер вось, у такі трудны час, – я сам сабе і ім гаспадар. Цяпер можна кінуць усё гэта – разбітую гармату, агнявую гэтую праклятую пастку, і можна паспрабаваць як выбрацца, пакуль яшчэ канчаткова не закрылі нам адзінае выйсце ў лагчыну. Цяпер не трэба прасіць дазволу, угаворваць Папова, цяпер усё можна рашыць самому.
        Эх, бедны Папоў, ненадоўга перажыў ты свайго камандзіра, аддыхваючыся, думаю я. Але што гэта ён шкадаваў, паміраючы? Ці мо ў чым каяўся? Можа, у тым, што трымаў тут усіх нас? Ці, можа, што паслаў Лёшку? Ці яшчэ што дапякло яго напаследак? Якую гэта пакутную і загадкавую рысу падвяла смерць яшчэ ў адным чалавечым жыцці?
        Але таго ўжо не ўведаеш, і я, адклаўшы аўтамат, паўзу на пляцоўку, бяру наводчыка за запыленыя, працёртыя на костачках боты і валаку ў сховішча. Прапацелая яго гімнасцёрка загортваецца пад дзягай і агаляе запалы худы жывот з сінім шрамам на правым баку. У сховішчы ўправіцца з ім мне дапамагае Люся, і мы ашчадна кладзём забітага ў сонечны прыпёк ля ног іншых. «Ну, от і чацвёрты», – кажу я тужлівым шэптам, а Люся закусвае вусны. Лук’янаў ціхенька стогне і ўжо не расплюшчвае вачэй. Рука яго, аднак, не выпускае гранаты – толькі, здаецца, марна яго чаканне. Напаследак я зазіраю на Жаўтыхова запясце – гадзіннік усё стукае, на ім палова восьмай.
        Не, трэба біцца з усяе сілы. Гэта маё перакананне і маё рашэнне. І я адчуваю ў сабе новую сілу, упартая злосць напружвае мае мускулы – чорта з два мы ім паддамося! Можа, гэта і безнадзейная справа, можа, гэта канец, але інакш не дазваляе мне мой характар і мой партызанскі гонар. Інакш мне нельга, бо калі я не абаранюся тут, аддам у палон Лук’янава, што скажуць тады ў палку, што падумаюць пра мяне і маіх землякоў?.. Праўда, я не герой, не храбрэц, я вельмі звычайны і, здаецца мне, нават баязлівы хлопец, але няўжо я не змагу стрываць да канца? Ды яшчэ тут Люся, мілая, харошая Люся. Так цяжка мне гінуць з ёю, але, здаецца, яшчэ больш нестрыванай была б мая трусасць тут, перад ёй. Няхай даруе яна мне маю жорсткасць, але я буду бязлітасны да сябе, да Крывёнка, можа, і да яе – так трэба.
        – Люся, бяры новы магазін, – кажу я. – На гранату. Усім па адной. Адна ў рэзерве.
        – Лазняк, – сіпіць з долу Лук’янаў. – Вы мяне кіньце... Я ўжо...
        Я не адказваю. Мы рыхтуемся да самага горшага. Пакуль ёсць патроны, будзем адбівацца, а там... Што ж, не мы першыя, і не мы апошнія, як кажуць людзі.
        Я прыціскаюся грудзьмі да сцяны сховішча, затуляю за бруствер галаву і чакаю. Паніжэлае сонца паліць мне твар, і па-ранейшаму да знямогі хочацца піць. Люся перазараджае аўтамат і сядае ў цень, пад сцяну насупраць. Галоўнае, нешта зразумець, рашыць, думаю я, на нешта наважыцца – усё астатняе лягчэй. Самае горшае – няпэўнасць. Няпэўнасць знешняя – у абставінах і ўнутраная – у сабе, калі не ведаеш, што табе трэба, і кідаешся ва ўсе бакі, як пацук у дзежцы. Мне цяпер робіцца ўсё выразна, зразумела і лёгка. І перад Люсяю лёгка, цалкам знікае тая пакутная няўпэўненасць у сабе, няёмкасць, што дапякала мне ўвесь час нашага знаёмства.
        – Не так проста нас тут узяць! Хай паспрабуюць! – азіраючыся, кажу я, каб падбадзёрыць Люсю, якая запытальна і з нейкай няпэўнай надзеяй паглядвае на мяне. Дзяўчына маўчыць і ўсё ўслухоўваецца ў гукі наверсе, а Лук’янаў стогне, падымае ссінелыя павекі і пытаецца, ледзь варушачы ў руцэ гранату:
        – Ну, дзе яны? Чаму не ідуць? Хоць бы паспець... Паспець...
        Нейкі час ён ляжыць нерухома, заплюшчыўшы вочы, пасля зноў расплюшчвае і кліча Люсю:
        – Пячэ вельмі... Душыць... Пэўна, усё... Вады, сястра! Вады!
        Люся нахіляецца і паднімае з зямлі яго пажоўклую з худымі тонкімі пальцамі кісць.
        – Пацярпіце. Няма вады... І не трэба гаварыць. Нельга вам.
        – Сястра, – кажа ён яшчэ, – чаго вы тут? Хто вас паслаў?
        – Сама.
        – Навошта, га?
        – Так! Шкада вас стала, – проста адказвае Люся.
        – Шкада! – шэпча Лук’янаў і заплюшчвае вочы. – Спачуваць – гэта добра... Толькі на мяне не зважайце... не варта. Пашанцуе – напішыце... бацьку напішыце... Усю праўду.
        «Ну дзе яны? Чаму не ідуць?» – пачынае грызці мяне нецярпенне. Неяк пакутна ные ўсё цела, баляць ногі, і тлумна хіліцца долу галава. Я баюся, што магу заснуць, чагось недагледжу – і здарыцца нешта дрэннае. Страляніна пакуль прыціхае, немцы хаваюцца, але што будзе далей? Крывёнак не адклікаецца нічым, толькі шархаціць чымсь у зямлі.
        – Люся, вы беражыце сябе, – прыцішваючы стогны, шэпча Лук’янаў. – Беражыце. Вы прыгожая... Гэта так многа!.. І не трэба так... шкадаваць нас. Не варта... А мне ўжо ўсё. Канец! Як недарэчна! Як пагана! Эх!.. Каб хоць адзін дзень! Адзін дзень жыцця!.. Я б інакш... Эх!..
        Здаецца, ён памірае. Вочы яго заплюшчваюцца, шчокі ўваліліся, шчацінне на іх узнімаецца і тырчыць рэдкаю шчоткай, тонкія ноздры худога носа варушацца.
        Так, ён памрэ. Ля яго, навек ужо нерухомыя, ляжаць Жаўтых, Панасюк, Папоў. Хто ж ляжа наступны? Кола гэтай магчымасці няўхільна вузее, чарод усё бліжэй... Нешта мулка-даўкае сціскае мне горла. Як заўжды ў такім стане, мне карціць вылаяцца, але побач Люся, і я да болю ў вушах сціскаю зубы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.