РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
4
        
4

        
        Але яна ўсё ж прыходзіць.
        Прыходзіць, калі мы ўжо не чакаем яе і моўчкі, паныла сядзім на брустверы. Побач, на агнявой, нешта лязгае затворам Папоў; Жаўтых стаіць на пляцоўцы паміж станін і па-старэчы глуха пакашлівае.
        Мы чакаем толькі нашых хлопцаў з вячэрай і здалёк яшчэ чуем у змроку іх крокі. Поўныя іх кацялкі цяпер не бразгаюць, хлопцы мякка ступаюць гумавымі абцасамі сваіх «кірзачоў», але да нас даносіцца іхняя гаворка, і мы ўслухоўваемся. Нешта невыразна буркае адзін голас, – напэўна, Лук’янаў, потым адзываецца другі, гучнейшы, – гэта, відаць, Задарожны, і раптам чуецца тоненькі шчыры дзявочы смех. Крывёнак міжвольна ўздрыгвае, устаўляецца ў цемру засяроджаным пільным поглядам і не кратаецца.
        – Вячэра ідзе, – як заўжды глухавата, але з прыкметнай бадзёрасцю ў голасе аб’яўляе Жаўтых. – А ну давай цягні палатку! Ну, што сядзіш? Не чуеш? – буркае ён на Крывёнка і дастае з кішэні вялікі ў драўляным тронку ножык. Гэтым нажом старшы сяржант, як бацька ў вялікай сям’і, заўсёды кроіць у нас хлеб, распячатвае кансервы і б’е цукар.
        Пакуль Крывёнак вытрэсвае заплямленую і запыленую за дзень палатку, яны падыходзяць утраіх. Задарожны весела зубаскаліць нешта, яўна адрасаванае Люсі, і яна тоненька, сцішана смяецца.
        – Палундра! – жартоўна гукае ён, змрочным ценем падышоўшы да агнявой. – Лыжкі к бою, гвардзейцы!
        – Добры вечар вам, – кажа да нас такі незвычайны тут, нейкі мілагучны і любасны голас дзяўчыны. Мы ўсе рознагалоса вітаемся:
        – Здрасце!
        – Добры вечар!
        – Законна! Вечар на «пяць»! – развязна аб’яўляе Задарожны. Ён ставіць на дол кацялкі з крупнікам і чаем, Лук’янаў вымае з-пад пахі бохан і кладзе яго на разасланую Крывёнкам палатку. Але мы ўжо забыліся, што згаладалі, – мы не ведаем, як нам сустракаць, як трымаць сябе перад гэтаю ўвесь дзень чаканаю госцяй. Добра, аднак, што яна не чакае нашага запрашэння – яна тут з намі як дома, – адразу падступае да Жаўтыха, апускаецца на калені і расшпільвае сваю таўшчэзную медыцынскую сумку.
        – Вось мазь, – аб’яўляе яна камандзіру. – У нас не было, дык прасіла аднаго – прывёз з медсанбата. Мазаць тры разы на дзень. І вось бінт, новенькі, для перавязкі.
        – Ну, дзякуй. Але колькі я ўжо іх перамазаў...
        Жаўтых рады ад яе клопату, задаволена сапе і пхае ў кішэню мазь. У яго на назе экзема, якая нямала турбуе камандзіра ў спякотныя дні і якую Люся настойліва лечыць вось ужо каторы тыдзень.
        – То былі так сабе. А гэта не такая. Гэта новая, – запэўнівае яго Люся. – Толькі не палянуйцеся мазаць тры разы ў дзень... Яшчэ забылася: медкамісія будзе ў чацвер. Так што, можа, яшчэ які водпуск атрымаеце.
        – Ого! – не вытрымлівае Лёшка. – От гэта да! На Кубань! Да Дар’і Амяльянаўны. Здорава.
        – Ну, ты!.. Рана яшчэ ржаць! Пабачымо, – кажа Жаўтых і бярэцца за хлеб. Да Люсі нясмела, бы да начальства, падыходзіць Папоў.
        – Таварыш Люся. Многа, многа прасіл хачу, – кажа ён і змаўкае.
        – Ну што, Папоў, кажы.
        – Жона многа, многа пісьмо не слал. Чаму не слал – не знай Папоў. Нада штаб дакумент пішы. Папер пячатка стаў.
        – Паслаць запытанне? – здагадваецца Люся.
        – Во-во: запытанне...
        – Добра. Я папрашу заўтра ў штабе. А скажы мне свой адрас.
        Папоў чухае патыліцу і ўздыхае.
        – Якуція. Раён Оймякон...
        – Гэта ён баіцца, што жонка к шаману перабегла... Пакуль ён тут кукурузу есць, – зазначае Лёшка. Люся крыўдліва папракае яго:
        – Ну што вы, Задарожны? Заўсёды з жартамі. Ці нельга сур’езней?
        – Жона нету хадзі шаман. Шаман нету Якуція, – сур’ёзна кажа Папоў, робячы націск у слове «Якуція» на «і».
        – Не слухай ты яго, Папоў. Я зраблю заўтра, – проста абяцае Люся, збіраючы сваю сумку.
        – Ну, давай бліжэй ды павячэрай з намі, – запрашае камандзір Люсю. Тая, аднак, ускоквае з долу.
        – Не, не. Вы ешце. Я ўжо...
        Яна зашпільвае на баку сумку, і мне раптам становіцца вельмі крыўдна ад таго, што яна вось-вось пойдзе і застануцца адно толькі мае думкі і маё доўгае чаканне новага няскорага вечара. Яна спяшаецца і на хаду заканчвае справы.
        – А як у вас з акрыхінам, Лук’янаў, вы ўсё хварэеце? Акрыхін папілі?
        – Яшчэ на два прыёмы максімальна, – сцішана, але з нейкаю годнасцю адказвае Лук’янаў.
        – Гэта мала. Наце вам яшчэ трохі. Толькі прымаць рэгулярна. А то некаторыя выплёўваюць...
        – Ого! З такіх ручак выплёўваць! – прытворна здзіўляецца Лёшка. – Ось мяне ніякая халера не бярэ! А то б з тваіх, Сінявочка, ручак па кілаграму гэтай атруты з’ядаў. Далібог! Каб я здох! Толькі па адной штучцы з пальчыка.
        – Ох і весялун вы, Задарожны! Насмешнік! – смяецца Люся.
        Жаўтых тым часам раскладвае на палатцы шэсць роўных салдацкіх паек і, бачачы, што мы марудзім разбіраць іх, прывычна гыркае:
        – Ну, чаго чакаеце? Калача? А ну хапай мне жыва!
        Не, нам няёмка паказаць перад гэтай дзяўчынай нашу галодную нястрыманасць, мы марудзім яшчэ, адзін толькі Задарожны, так, нібы нікога тут чужога няма, усаджваецца на зямлю, па-турэцку падкурчыўшы ногі. Вялізнаю пяцярнёй ён лапае акраец і адразу адкусвае ад яго ладны кавалак.
        – Нечага драмаць – крупнік прастыў. Налягай, гвардзія! Сінявочка, калі ласка, да мяне, будзем на пару, так сказаць, есці і так далей, – з лёгкасцю слабадскога дзецюка звяртаецца ён да дзяўчыны. Люся спрабуе яго абысці.
        – Не. Вы ешце, а мне яшчэ ў другі разлік, да Скварышава трэба.
        – Без цябе? Ні ў жысць, – ускоквае і загароджвае ёй шлях Лёшка. Ён наглавата разводзіць свае разлапістыя рукі і затрымлівае дзяўчыну. – Только зняць пробу. Ну хоць адну лыжачку...
        Люсі, відаць, зусім не хочацца есці, але паспрабуй адчапіся ад гэтага Лёшкі. Крывёнак нерухома сядзіць на брустверы і, мне здаецца ў змроку, толькі кусае вусны, гледзячы, як распінаецца Лёшка. Мне таксама чамусьці вельмі ніякавата ад гэтага і вельмі хочацца, каб яна не паслухала Лёшку і пайшла. Па-ранейшаму сумна расставацца з ёю, але гэтая прыліпчывасць Задарожнага становіцца зусім ужо нясцерпнай. І ўсё ж яна не ідзе, а ён далікатна і настойліва бярэ дзяўчыну за яе вузенькія плечы і падводзіць да свайго месца каля палаткі. Мне здаецца, што Люся адштурхне яго нахабныя заграбастыя рукі, я ўжо хачу крыкнуць: «Адчапіся, прытвора!», ды Люся раптам паслухмяна і лёгка сядае з ім поруч, Лёшка рад, ён дамогся свайго і, змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, гукае ў наш бок:
        – Гэй, Крывёнак! Не ясі – дай лыжку!
        – Ідзі да д’ябла, – буркае Крывёнак і выцягваецца ў доле, а я ў нейкім бяздумным імкненні дастаю з-за халявы лыжку і даю Люсі. Толькі Люсі яна не дастаецца – Задарожны вырывае яе з маіх рук, а сваю з нахабнаватай услужлівасцю перадае дзяўчыне.
        – Ну, я толькі паспытаць, – смеючыся, але, здаецца, задаволена кажа Люся. – Калі вы ўжо такія гасцінныя...
        – Мы? Ого! Мы і самога румынскага караля кукурузай накармілі б. Пальчыкі б аблізаў! – самаўпэўнена хваліцца Задарожны. Люся дробненька смяецца і зачэрпвае крупніку. Нейкі час усе маўчаць, бразгаючы ў кацялках, пасля Жаўтых аб’яўляе:
        – А крупнік быццам і нішто: есці можна... Ну, што там чуваць у вашых медыцынскіх тылах? – пытаецца ён у дзяўчыны. – Ці хутка нам, дармаедам, у наступленне? А то ўсю малдаўскую кукурузу паямо.
        – Ерунда! Куды спяшацца?! Ад кукурузы гэта не залежыць, – кажа Задарожны. Але Жаўтых не любіць, калі яму хто пярэчыць.
        – От шмат ты разумееш. Не залежыць! А ну скажы, Лук’янаў, ці залежыць наступленне ад харчу?
        – Безумоўна, залежыць, – ціха зазначае Лук’янаў. – Харч – эканамічны фактар, састаўны элемент усіх дзеючых на вайне сіл...
        Люся слухае гутарку, з’ядае з Лёшкавага кацялка некалькі лыжак крупніку, але кідае позірк убок і бачыць нас двух на брустверы.
        – Што ж гэта: я ем, а хлопцы сядзяць галодныя...
        – Ерунда, жывы будуць. Госцю першае месца. Законна!
        – Мы не хочам, – бадзёра пацвярджаю я. Крывёнак усё маўчыць, і Люся грозіць мне пальцам.
        – Ой, ведаю: змовіліся! І вы, Лазняк, хлусіць сталі – не спадзявалася.
        – Ну што вы? – кажу я нейкім не сваім, блазняцкім голасам. – Мы так...
        Люся, аднак, ужо ўглядаецца ў панылую постаць Крывёнка.
        – А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? – смяецца Люся. Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае:
        – А табе якая справа?
        – Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! – сур’ёзнее Люся.
        Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна, каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку.
        – А ну асцярожней там! – строга гукае да яго Жаўтых. – Што раскачагарыў!
        – Будзем есці, – кажу я Крывёнку. Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй.
        «Ось табе і радасць! – думаю я. – Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай».
        З новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю – на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп.
        – Ну вось так! Павячэралі – дай бог паснедаць, – кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок. – Будзем піць чаёк і закурым...
        Але папіць чаю яму не ўдаецца. Не спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае:
        – Пі-у-у... Пі-у-у... Пі-у-у-у-у-у!!!
        – Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! – ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. І зноў угары вые: «Пі-у-у... Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!»
        – Лажысь! – пагрозліва крычыць Жаўтых. – У акоп!!!
        Прыгнуўшыся, хлопцы ўскокваюць, я перавальваюся цераз бруствер і падаю з усімі ў чорную цемру акопа. Нехта навальваецца на мяне, балюча выцяўшы абцасам у спіну. Зямля пад намі рвецца, уздрыгвае раз, другі, трэці: па галавах, скурчаных спінах лапочуць груды, і нечакана зноў усё сціхае.
        – Сабакі! – кажа ў напружанай цішы Жаўтых. Штурхаючыся ў цемры, ён пачынае ўставаць. – Засеклі ці наўгад?..
        За камандзірам варушацца іншыя, здаецца, усе цэлыя.
        – А божачка! І напалохалася ж, – раптам зусім блізка ля мяне адзываецца Люся, і я ўздрыгваю – яе цёплае пругкае і трошкі дрыготкае цела толькі што прыціскалася да маёй спіны. З незразумелай няёмкасцю я паварочваюся, абсыпаю спінай зямлю ў акопе і даю дзяўчыне месца.
        Мы ўсе ўстаём у акопе і ўслед за Жаўтыхом пачынаем вылазіць на паверхню, а ля палаткі, быццам нічога і не здарылася, сядзіць Лёшка і даядае суп з кацялка.
        – Ну і хуткія ж на пад’ем! – напаўжартоўна і здзекліва кажа ён. – Трах-бах, і ўжо ў траншэі. Ваякі!
        Яму ніхто не адказвае, Жаўтых стаіць, услухоўваючыся ў трывожную ціш. Наперадзе, над пагоркамі, узлятае ў неба першая сёння ракета; губляючы агняныя кроплі, яна разгараецца, міргае па кукурузных кучах далёкім мільготкім агнём і гасне.
        – А ты не дужа таго! – кажа Жаўтых. – Глядзі, каб калі бокам не вылезла. Дажартуешся.
        – Хе! Ерунда! Дзвюм смярцям не бываць – адной не мінаваць. Што мне, падумаеш!..
        Хлопцы зноў прысядаюць каля палаткі, недаверліва азіраючыся на чорныя пагоркі, а Люся, пэўна, яшчэ не перажыўшы свайго страху, стаіць на выхадзе з акопа.
        – Ой, няўжо вы не баіцеся? – роўным голасам пытаецца яна ў Задарожнага.
        – А чаго? І не падумаў.
        – Смелы! Зайздрошчу смелым, – кажа яна і ўздыхае. – А я ўсё не прывыкну. Колькі нацярпелася, і ўсё боязна. Трусіха такая...
        І тады я бачу Крывёнка. Нікім не заўважаны, ён зацята і маўкліва сядзіць на ранейшым месцы ля бруствера. Трошкі апанураны ад свае нястрыманасці перад дзяўчынай, я бяру з палаткі акраец. Крупніку ўжо няма: перакулены наш кацялок валяецца на зямлі.
        Задарожны тым часам са смакам даядае, устае на ўвесь свой немалы рост, пацягваецца, адчуваючы застаялую сілу ў маладым дужым целе, і зноў гаворыць да Люсі:
        – Смялей, дзяўчынка! З намі не прападзеш! Хадзем, правяду цябе да другога разліку.
        – Не, дзякуй – я сама, – адказвае Люся і выходзіць з агнявой. – Дзе гэта мая сумка? Не памятаю, дзе і кінула.
        – Ось тут. У мяне, – нейкім прыдушаным голасам упершыню адзываецца Крывёнак. Лёшка выхоплівае ў яго сумку і аддае Люсі. Яна надзявае яе цераз плячо і абыходзіць агнявую, каб выйсці на сцяжынку ў другі батальён. Поруч ідзе Задарожны.
        – Дзякуй за вячэру, хлопчыкі. Да пабачэння.
        – Аўфідэрзэй! – па-блазнерску кідае нам Задарожны.
        – Прыходзь калі, – кажа Жаўтых Люсі. – Не забывай нас.
        – Дзівакі! Як жа вас забыць? Вы ж мае родненькія, – даносіцца зводдаль ласкавы голас, і ў мяне сціскаецца сэрца. Крывёнак пераварочваецца на жывот, і з грудзей яго вырываецца цяжкі, як стогн, уздых.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.