РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
7
        
7

        
        Наш камандзір прыбягае на агнявую задыханы, здаецца, раззлаваны, і з першых яго слоў мы адчуваем, што сталася нешта кепскае. Яшчэ не дабегшы да гарматы, ён незадаволена і сіпавата гукае:
        – Ну што?! Дзе рыдлёўкі? Лазняк – ты? Давай сюды ўсе рыдлёўкі – капаць будзем. Жыва! Нечага рот разяўляць! Чулі ось? Ну дык жыва!
        Мы яшчэ дрэнна разумеем яго, а ён ужо хапае з прыступкаў першую рыдлёўку, якой надвячоркам Лёшка дражніў снайпера, і збоч ад гарматы пачынае раскопваць зямлю.
        – Лук’янаў! – гукае Жаўтых. – Мерай адсюль восем крокаў і пачынай. Дзе Задарожны?
        – Задарожнага няма, – кажа Папоў. – Задарожны без дазвол пашол з Лусай.
        – Куды пайшоў? Дармаед! Ну, хай прыйдзе! Свавольнік! Валацуга! – злуецца камандзір і сапе, раскопваючы бруствер. – Лазняк! – зноў гукае ён мяне. – Прыбяры кукурузу. Убок яе.
        – А што, усё ж страляць будзем? – з затоенай трывогай пытаецца Лук’янаў. Жаўтых здзіўляецца:
        – А то як жа? Чулі, што робіцца? Немец праходы размініруе. Зразумеў?
        Лук’янаў няўцямна выпростваецца з рыдлёўкай, паварочваецца да гарматы Папоў – здзіўленыя, мы глядзім на нашага камандзіра і чакаем тлумачэнняў.
        – Ну, што раты разявілі?! – крыкліва злуецца Жаўтых і перастае капаць. – Не зразумелі? Заўтра зразумееце. Чулі – гуло?
        – Чулі, – кажу я.
        – Ну от! Дарма не гудзе – запомніце! – кідае Жаўтых і зноў з ярасцю налягае на бруствер, у якім трэба пракапаць шырокую траншэю – сховішча для нашай гарматы.
        На нейкі час мы заміраем ад нечаканасці і прадчування ліха, што ўсё бліжэй падступае да нас. Зноў трывожны клопат агартае душы – але пакутаваць няма калі. Папоў першы пераадольвае здранцвенне і моўчкі бярэцца за рыдлёўку. Пачынаем капаць і мы.
        Яшчэ праз колькі часу ўсе мы дружна налягаем на рыдлёўкі, ва ўсе бакі выкідваем з яміны зямлю, – часу да ранку засталося не дужа многа, а выкапаць трэба багата. Нядаўняе наша нежаданне рабіць – ужо забыта, мы цяпер разумеем, што заўтра хопіць гора ўсім – і пяхоце, і гаўбічнікам, і нам і што дзяліцца тут няма чым.
        – Значыцца, так! – цяжка сапучы і адкашліваючыся, кажа наш камандзір. Ён убівае ў зямлю рыдлёўку, знімае сумку, распяразваецца і адкідвае ўсё гэта далей, да гарматы. – Значыць, так. Заўтра перш-наперш на золку разбіваем кулямёт. У што б там ні стала! Камандзір палка сам загадаў. Так што трэба пастарацца.
        Жаўтых плюе ў далоні і зноў дыхавічна бярэцца за працу. Побач з ім капае Лук’янаў. Ён ашчадна, бы зямля – якая дарагая рэч, калупае рыдлёўкай, падбірае з долу і паціху выносіць на бруствер. Пасля некалькіх выкінутых рыдлёвак спыняецца і адпачывае з хвіліну. Гэткі працоўны тэмп Лук’янава калісьці раздражняў нас, Задарожны нават сварыўся з ім, але пасля мы прыгледзеліся і зразумелі, што гэты слабасільны, тонкі, надламаны палонам чалавек інакш і не можа. Цяпер мы прывыклі да яго і не звяртаем на тое ўвагі. Папоў, як і заўжды, робіць у нас самую тонкую справу – раўняе скос у доле, па якім заўтра прыйдзецца закочваць гармату ў сховішча. Ён робіць гэта старанна і ўвішна, – усё калупаецца і калупаецца, сагнуўшыся ў чорным доле. Крывёнак кідае зямлю рыўкамі: то вельмі часта, з тупою ярасцю, то замаруджвае тэмп, часам спыняецца, быццам задумваецца аб чымсьці, і ўсё азіраецца туды, назад, у наш тыл. Я ведаю, каго ён чакае, і здагадваюся, што непакоіць яго, але рашаю сам сабе маўчаць, адно толькі капаць, капаць да пякоткіх мазалёў на далонях. Але вось Крывёнак выпростваецца і паварочваецца да мяне:
        – Чуеш? Даўно была?
        – З гадзіну назад, мусіць.
        – Доўга? Гутарылі?
        – Ніколечкі. Адразу пайшла, і ён за ёй.
        Крывёнак змаўкае і самотна паглядвае на сцежку. Нашу размову, напэўна, чуе Лук’янаў. Асцярожна ўпраўляючыся з рыдлёўкай, ён кажа:
        – Распусцілі яго. Чалавека такога жывёльнага інтэлекту трэба выхоўваць. А ў нас ён на поўнай самастойнасці.
        – Ага, выхаваеш яго! – глуха і зморана адзываецца Жаўтых. – Ён выхавацелям усе пальцы адгрызе. Глядзі, дакуль няма! Ну, хай прыйдзе, дармаед, футбаліст гэты. Ён у мяне папомніць!
        Ад рыдлёўкі разгінаецца Папоў і кажа з заўсягдашняй сваёй разважнасцю:
        – Лошка смелы. Лошка дужы – добра! Лошка хітры, Лошка ўпарты – нядобра. Марал чытай многа – не трэба. Марал чытай мала – трэба. Так я думай.
        – Я яму дам, – сапе Жаўтых, шырока адмахваючы рыдлёўкай. – Хай толькі прыйдзе! Праўда, Аднавухі? – пытаецца ён у Крывёнка.
        – Не гразіліся б, а даўно далі б.
        – Даўно не было як. А тут не спушчу. Іш, прыліп да дзеўкі! І Люська, глядзі ты, не адшые.
        – Люся нічога, – кажа Лук’янаў. – Яна разумная дзяўчына.
        – Разумная? – з’едліва перадражнівае Жаўтых. – Пры чым тут розум? Ён вунь які бугай – на тое глядзі! А то – разумная.
        – Мне здаецца – нічога асаблівага! – перастае капаць Лук’янаў. – Яны людзі розных узроўняў. А гэта даволі стрымліваючы фактар.
        Жаўтых няпэўна чмыхае, сморкаецца, таксама выпростваецца і прыхінаецца да сцяны сховішча.
        – От кажаш – фактар! Ведаеш, у нас было дзела, на Кубані. Фельчарка адна была ў станіцы, маладая, нішто сабе з аздобы, адукаваная, вядома, і так далей. І што думаеш? Адна, а вакол усе простыя. Прыспела дзеўцы замуж і выскачыла за нашага хахла. Так нішто быў хлопец. А пасля заганарыўся: як жа – жонка – фельчарка! Разбэсціўся, піць пачаў. І біў. І колькі яна нацярпелася ад яго. Мусіла цярпець, бо дзеці. От табе і фактар!
        – Магчыма і такая сітуацыя, – падумаўшы, кажа Лук’янаў. – Але гэта нетыпова. Жанчына таксама выбірае. І куды больш старанна, чым гэта робіць мужчына. Асабліва такі, як Задарожны.
        Праз гадзіну сховішча амаль што гатова, застаецца толькі падчысціць скос ды прарэзаць вузкую шчыліну ў беразе – для ствала. У гэты час на агнявой з’яўляецца Лёшка. Ён нячутна са змроку падыходзіць да нас марудлівым крокам і зморана сядае наверсе – на свежы, толькі што выкінуты з ямы глей. Я, мабыць, першы заўважаю яго крутаплечую постаць, пасрэбраную месцамі, і нешта нядобрае, помслівае з’яўляецца ў маім нутры.
        – Усё ж капаем? – кажа Задарожны са здзеклівым спачуваннем. – Ну і ну!
        Хлопцы паварочваюцца да яго і маўчаць, перастаўшы капаць, адзін толькі Папоў калупаецца ў самым глыбокім месцы – ён праразае шчыліну.
        – Прыйшоў, дармаед?! – пагрозліва пачынае Жаўтых. – Дзе бадзяўся? Хто табе дазваляў? Мы што – ішакі на цябе працаваць? Га? Адказвай!
        Але Задарожны не адказвае і не бянтэжыцца ад такой сустрэчы, – ён нават усміхаецца – мне зблізку відаць, як бліскаюць у яго роце шырокія чыстыя зубы.
        – Эхма! Ну што крычыце?! Што вы разумееце ў высокіх матэрыях! – спакойна і крышку фанабэрыста кажа ён.
        – Глядзі ты! – амаль крычыць камандзір. – Ён яшчэ нас дакарае! Ах ты нягоднік! А ну марш капаць! Я табе пакажу брындаць усю ноч! Вайна тут табе ці пагулянкі?
        Задарожны, аднак, зусім не звяртае ўвагі на камандзіра, бы і не чуе яго.
        – Усё ерунда, браткі! – нейкім разважным, уціхаміраным тонам аб’яўляе ён. – Капітуляцыя. Была Люська і кокнула! Законна!
        Ад тых слоў з хлопцамі штосьці робіцца. Я адчуваю, як побач уздрыгвае Крывёнак, як насцярожваецца і пільна ўзіраецца ў Лёшку Лук’янаў, нават Жаўтых і той на момант перастае крычаць і нібы слупянее.
        – Капітуляцыя! – смяецца Задарожны, адзначыўшы наша здзіўленне. – Гітлер капут і так далей! А дзяўчынка першы сорт, свежанінка! От пабрыкалася!..
        – Паганец! – сіпата кідае яму Жаўтых, і я мярцвею, толькі цяпер зразумеўшы сэнс усёй гэтай яго пахвальбы. Крыўда, злосць і нянавісць да яго скручваюць маю волю ў тугі, балючы вузел, сціскаюцца зубы, і душу раздзірае немы крык: «Паганец! Сволач! Гад!» Збянтэжаны і прыдушаны, я стаю з рыдлёўкай, не ведаючы, што і думаць, і толькі заўважаю, як гэтая вестка неяк нейтралізуе гнеў Жаўтыха і ён, здаецца, не ведае, што сказаць.
        – Бяры рыдлёўку, і капаць! – паспакайнеўшы пасля прыпадку злосці, загадвае Жаўтых, і мяне абурае, што ён гэтак хутка адышоў ад свайго грознага гневу, – я ж прагну Задарожнаму кары. Але Задарожнаму хоць бы што. Ён не спяшаецца выконваць загад, а сядзіць на брустверы, лена раскінуўшы калені, і месяц цьмяна высвечвае яго круты лоб.
        – От насовачка на памяць, глядзі! – бессаромна хваліцца ён. – Заўтра прыйдзе зноў. У адно месца. Хоць жаніся цяпер. Законна! Хе-хе.
        Хлопцы капаюць сабе, роўна блішчыць у небе месяц, а ва мне раптам узгараецца нейкае сляпое шаленства. Чорная хваля гневу кідае мяне з яміны, я падскокваю да задаволена-ўціхаміранага Задарожнага і з усяго маху моцна б’ю яго кулаком у твар – раз, другі, трэці.
        – Ух! – ускрыквае Лёшка і з дзівосным спрытам ускоквае на ногі. Прыгнуўшы па-бычы голаў, ён адразу рынаецца на мяне, б’е мне галавой у грудзі, збівае з ног і навальваецца ўсім сваім цяжкім здаравенным целам. У мяне запінае дыханне, але шаленства надае мне сілы, я як мага выкручваюся, стараюся вырвацца і яшчэ садануць у яго ненавісны ўкормлены твар.
        – Стойце! Стой!!! – крычыць недзе Жаўтых. – Ашалелі, сабакі!
        Я рвуся што ёсць моцы, ад Задарожнага патыхае лютаю сілай, ён шалее, заломвае мае рукі і б’е патыліцай аб зямлю. «Ух ты, сволач!» – крычу я ў думках, напружваюся, ускідваю нагамі, і мы абодва з бруствера рынаем у сховішча.
        Тут я адрываюся ад яго, ён зараз жа кідаецца зноў, але тут сцяна, я ўстойваю на нагах і сустракаю яго кулакамі.
        Нас, аднак, разнімаюць. Жаўтых, Папоў і Крывёнак хапаюць Задарожнага ззаду, адрываюць ад мяне, я выкручваюся ўбок, трошкі апамятваюся, – здаецца, я даў яму – хай помніць. Задыханы, выходжу на пляцоўку, прысланяюся да нашай гарматы і ледзьве стрымліваю сэрца ў грудзях.
        – Сапляк! Сволач! Я табе морду ў біфштэкс перараблю! Біцца мне? – таксама задыханы, грыміць здаля Задарожны і тузаецца з рук хлопцаў.
        – Лошка! Лошка! Не трэба! – угаворвае Папоў.
        – Якога д’ябла! – са знарочыстай строгасцю ў голасе сіпіць Жаўтых, стоячы перад ім. – Ашалелі, дурні! Апомніцеся! Завошта?
        Лук’янаў, прыціхлы і, здаецца, збянтэжаны, стаіць у кутку з рыдлёўкай у руках. У такіх схватках ён, вядома, не ўдзельнічае.
        Я аддыхваюся і маўчу. Я не скажу завошта – хай здагадаецца ён, калі здольны на гэта, а іншым не трэба і ведаць. Мне толькі крыўдна трохі, што, здаецца, мне болей, чым яму, перапала ў гэтае бойцы, а так усе яны – і Лёшка, і Люся, і іншыя, хто заадно з імі, – няхай яны ідуць да д’ябла.
        Доўга пасля гэтай сутычкі старшы сяржант усё бурчыць – абураецца на нас, а я стараюся працаваць, падбіраю з долу пясок і думаю, што ад Задарожнага чаго іншага і не выпадала чакаць. Але чорт з ім, з Задарожным, у маіх пачуццях пачынае расці-разрастацца гідлівая пагарда да той нашай «чараўніцы», да Люсі. Вядома, што ні ў чым яна не вінавата перад намі і вольная ў сваіх учынках, але я цвёрда перакананы, што ў адносінах да ўсіх нас яна зрабіла нешта злачыннае, за што варта вялікае ганьбы. Яна ашукала нешта светлае ў нас, збэсціла сабою ўвесь людскі род, я не хачу цяпер верыць нікому, я хачу крычаць у ноч брыдкія, паганыя словы ёй, я ненавіджу і яго, і яе – абое яны паўстаюць прада мной аднолькава мярзотныя, агідныя і нізкія.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.