РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
15
        
15

        
        – Лошка!!! – раптам крычыць Папоў. – Хлопцы, Лошка!!!
        Мы з Крывёнкам выскокваем з акопа, Папоў здаровай рукой паказвае ў поле, туды, дзе няма ні ворагаў, ні нашых. Сапраўды, цераз пагорак у наш бок нехта бяжыць.
        Гэта яшчэ далёка, і відаць толькі, як коціцца па зялёным маленькая фігурка чалавека ў зеленавата-жоўтым, аблезлым на сонцы адзенні. Але тое, што ён кіруе сюды, ні ў кога з нас не выклікае сумнення.
        Чалавек тым часам знікае ў лагчыне за бліжэйшым пагоркам, некалькі хвілін мы чакаем, не зводзячы з таго месца вачэй, і ён зноў паказваецца з-за блізкага грэбня і зноў хутка бяжыць уніз.
        – Маладэц Лошка! – задаволена, амаль радасна кажа Папоў.
        Добра было б, каб толькі яму не пашкодзілі немцы. Яны не так ужо і далёка і, пэўна, бачаць з дарогі адзінокага салдата і, вядома, могуць абстраляць яго. Я засцярожліва азіраюся на дарогу, але там нікога – адно толькі дымна смыляць-дагараюць аўтамабілі; другія, скасабочыўшыся, нерухома стаяць у канаве. Падбіты танк побач таксама недзе смыліць унутры, на ветры ўюцца рэдкія пасмы дыму, па-ранейшаму смярдзіць бензінам, фарбай, паленай гумай і яшчэ нечым гаркавата-салодкім – ад яго пад грудзямі робіцца блага.
        Але чагосьці змаўкае Папоў, яшчэ болей нахмурваецца зацяты Крывёнак; адчуўшы нечаканае, я шукаю ў полі маленькую постаць нашага пасыльнага і таксама дзіўлюся. Ён ужо бяжыць цераз лужок ля ручая, і ўжо відаць некаторыя драбніцы ягонай постаці. І тут мне пачынае здавацца, што гэта не Лёшка і нават не салдат і не мужчына – прытрымліваючы пад пахай нейкую ношу, кідаючы позіркі ў бакі, бяжыць жанчына ў вайсковым.
        Самае зоркае вока, аднак, у Папова, ён некалькі секунд востра ўглядаецца ўдалячынь і з радасным здзіўленнем ускрыквае:
        – Луся?!
        Так, гэта Люся. Як ні недарэчна, але гэта яна. Я і сам ужо бачу і пазнаю, як хуценька мігацяць у траве спрытныя ногі ў чорных халяўках ботаў і развяваецца на ветры залацістая шапка яе валасоў. Пад пахай у яе санітарная сумка, і мне здаецца, што я бачу нават, як глыбока ўрэзваецца почапка ў дзявочыя грудзі. Вядома ж, Люся шыбуе да нас...
        Зноў самотнае, тужлівае пачуццё невядома чаму апаноўвае мяне – і няпэўная стрыманая радасць і трывога: чаго бяжыць яна? Мо што здарылася з Лёшкам, можа, яго параніла, і яна нясе нам камбатаў загад? Можа, яна думае, што ён тут, і таму не вытрымала, бяжыць, шукае яго? Але тады не трэба і яе, няхай бы яна лепш не паказвалася нам сёння. А можа, гэта яе паслаў сюды камбат Троцкі з якім загадам? Але не. Чаго гэта Троцкі будзе пасылаць санінструктара, хіба не знайшлося якога салдата ў палку! Я ўсё думаю і не магу даўмецца, чаго яна наважылася на гэта ў такі час, у такую небяспеку, калі мы тут самі сядзім як на вуголлі.
        – От маладэц! Ну, маладэц! Ох, Луся! – захапляецца Папоў, узлёгшы жыватом на бруствер, і на яго спатнелым шырокім твары блукае лагодная наіўная ўсмешка. Крывёнак жа, здаецца, да болю сашчапляе сківіцы і, не сказаўшы ні слова, лезе назад у акоп, да сваёй рыдлёўкі.
        А я ўжо не магу адарвацца ад Люсі. Яна бяжыць! Не перастаючы, усё мільгаюць і мільгаюць на сонцы яе загарэлыя каленькі і матляюцца-рвуцца з галавы валасы. Яна пераскоквае цераз абмялелы травяністы ручай і, трошкі запаволіўшы бег, узнімаецца на пагорак, дзе мы. Тут яе немцы з дарогі не бачаць, але хутка яна выйдзе на роўнае, і тады будзе самае страшнае. Толькі б праскочыла яго, толькі б паспела!..
        Толькі б паспела, але дзе тут паспееш! Занятыя Люсяй, мы не бачым адкуль, толькі раптам на гарматным шчыце лопае і адлятае прэч куля. Папоў ураз спаўзае ніжэй, я таксама прыгінаюся да зямлі, каб не вытыркацца з-за бруствера, і ў той жа час далёкая і кароткая ў пяць куль чарга б’е па пяску і гармаце.
        – Сволач немец: у сланечнік хадзі! – кажа Папоў. – Ох, Луся!
        Я кладуся на гарачую зямлю пад брустверам і раз-пораз коратка пазіраю туды, дзе павінна паказацца Люся. Апошнія да роўнядзі метры яна прападае з нашага зроку, але павінна вось-вось з’явіцца. Папоў курчыцца пад нізенькім шчытком гарматы, ён занепакоіўся і крычыць на Крывёнка:
        – Што ты! Кідай лапат, страляй! Скора-скора!
        Крывёнак адстаўляе рыдлёўку і высоўвае над брустверам кулямёт. Грукатлівая доўгая чарга б’е па далёкіх сцяблах сланечніку.
        І вось Люся паказваецца. Яна выбягае з-за схілу, спыняецца на момант, акідваючы поле вачыма, і зноў бяжыць да нас ужо наўпрасткі. Нам ужо відаць яе твар – успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны; трапяткая бліскаўка медаля мігаціць на яе невялічкіх грудзях. Яна азіраецца ў бакі, паглядвае на нас і, здаецца мне, усміхаецца. Толькі чагосьці яна падае. Скалануўшыся, я высоўваюся з-за бруствера, азіраюся – не, са сланечніку не страляюць. Упёршы куртаты прыклад у плячо, Крывёнак пільна ўзіраецца туды. Ага, гэта з другога боку – з траншэі! Некалькі чэргаў прыглушана даносіцца адтуль – значыць, і там ужо немцы. Але Люся ўсё ж ускоквае і, прыгнуўшыся, шпарка падаецца наперад.
        Здаецца, нам будзе блага. Я пазіраю на Папова, ён – на мяне, і мы, разумеючы адзін аднаго, пераводзім погляды ў поле. Калі немцы з абодвух бакоў і спераду – гэта дрэнь. Яны акружаюць нас...
        – Лазняк, павяртай! Скора-скора!
        Мы ўдвух крыху заносім станіны, Папоў пачынае круціць махавікі, пасля сцішваецца ля прыцэла, і гарматка грымотна падскоквае. Карцеч сотняю куль разбівае дзірван, узнімае на траншэйным брустверы воблака пылу, і аўтаматныя стрэлы сціхаюць. Я зноў зараджаю, але наводчык толькі ўзіраецца ў прыцэл і не страляе.
        – Ага, нядобра! – зласліва бурчыць ён. – Ага, прыпаліў!
        І Люся, вось яна, вось. Апошнія метры яна паўзе – хуценька, спрытна, толькі варушыцца-выгінаецца ў траве яе вузенькая спіна ды ўсё залацее-рассыпаецца на галаве кучомка валасоў. Ніколі не бачыў я, каб так спрытна поўзалі нават заўзятыя пехацінцы-салдаты. Яшчэ некалькі крокаў, яшчэ! Люся мінае прылеглую кукурузную кучу, падпаўзае да бруствера і спыняецца, з-пад рассыпаных валасоў усмешліва пазірае на нас і аддыхваецца. Я ўвесь напружваюся, быццам мне, а не ёй цяпер пераадолець самае страшнае – бруствер, і сам сабе шапчу:
        – Ну, скоранька! Скоранька! Скакай!
        І вось яна ўніз галавой куляецца цераз бруствер у глыбіню гарматнага сховішча, падае з пляча сумка з чырвоным крыжам на вечку, і мы кідаемся да дзяўчыны. Не, яна, здаецца, не ранена, яна толькі адкідваецца спінай да сцяны, закідвае голаў і шалёна-шалёна дыхае. Тонкія яе ноздры на роўным ладным носе ходзяць хадуном. Я гляджу, як гэтак жа апантана б’ецца на яе шыі сіненькая жылка, як ціха і вельмі зморана дрыжаць на зямлі яе абадраныя тонкія пальцы, і цёплая пяшчотная хваля расплываецца ў маіх грудзях. Як гэта я мог кепска думаць пра яе, чаму я столькі наверз у думках на яе, – хіба ж не відаць, якая яна самая найлепшая ў свеце, гэта дзяўчына!
        – Ой, хлопчыкі! Хлопчыкі!.. – хоча сказаць яна нешта, але яшчэ задыхаецца ад стомы.
        – Луся, вада трэба, – кажа Папоў, стоячы перад ёй на каленях. – Няма вада... – ён бездапаможна аблізвае тоўстыя засмяглыя вусны.
        Яна паступова адыходзіць ад стомы, раўнее яе дыханне, дзяўчына пазірае на нас, бы шукаючы каго, і позірк яе падае на раскіданыя ногі нябожчыкаў. Трывожная засмучанасць ураз гасіць усё ранейшае ўзбуджэнне на яе твары.
        – Хто гэта?
        – Адзін пехацінец, – кажу я. – А там камандзір і Лук’янаў.
        – Камандзір?
        – Камандыр, Луся, камандыр, – уздыхае Папоў.
        Мы чакаем, што яна скажа нам, я трошкі супакойваюся ўжо ад трывог за яе, мяне цяпер пачынаюць трывожыць немцы, што абыходзяць нас з двух бакоў. Але Люся, наморшчыўшы пераноссе, журботна ўглядаецца ў забітых і маўчыць. Тады Папоў пытаецца:
        – Задарожны прападал?
        Яна абуджаецца са змярцвення, уздыхае, падкурчвае пад сябе ногі, папраўляе кароценькую спаднічку на абдзёртых да крыві каленьках і тлумачыць:
        – Задарожны паранены. У руку. Прыйшоў у санроту перавязвацца, кажа: да хлопцаў бег, не дабег. Ды куды яму, параненаму! Ну, то я і пабегла.
        Штосьці нядобрае ўстрывожвае мяне.
        – Што, здорава паранены?
        – Ат, драпіна, – махае рукой Люся і прыкусвае губу.
        – А нашто вам трэ было бегчы? – ваўкавата пытаюся я ў дзяўчыны.
        – Дазвол вам прынесла, – кажа яна. – Сказаў камбат расстраляць снарады і прабівацца. Там дужа цяжка. Танкі сорак чацвёрты полк акружылі. Гаўбічнікі ўсе загінулі. Цяпер самаходчыкі б’юцца.
        Я не слухаю ўжо апошніх яе слоў – сэнс новага загаду панылаю млоснасцю распаўзаецца ў целе. Куды ж тут праб’ешся цяпер, каб хоць гадзіну раней! Папоў, расшырыўшы свае вузкія, з прыпухлымі павекамі вочы, нейкі час няўцямна пазірае на Люсю, а затым злосна плюе ў пясок.
        – Позна! Нашто бегла? Дарма бегла! Там Гітлер, там Гітлер, там Гітлер, – тыцкае ён у бакі. Затым, змаркатнелы, адварочваецца, прыціскае да грудзей перавязаную руку, і грымаса пакуты з’яўляецца на яго твары.
        – Ладна, Папоў, не злуйцеся, – уздыхае Люся. – Вы ж мае родныя хлопчыкі. Давайце вашу руку, пагляджу, што там.
        Папоў адмахваецца ад яе, адводзіць руку, ёрзае на каленях. У вачах яго – клопат, але рука напэўна ўсё ж баліць, і неўзабаве ён працягвае ёй сваю «ляльку». Люся расшпільвае сумку, хуткімі трапяткімі пальцамі нешта перабірае там і дастае бінт з ёдам.
        У той час з-за пляцоўкі, з акопа, доўгай чаргой грукае кулямёт Крывёнка. Папоў вырывае ў Люсі так і не разбінтаваную руку і, прыгнуўшыся, грабецца да гарматы. Я бяру аўтамат і лезу за ім.
        Ну, вядома ж, на нас ужо ідуць немцы. Са сланечніку іх высыпае ў поле чалавек з дваццаць, яны на хаду, не цэлячыся, пачынаюць лупіць з аўтаматаў. Кулі сцябаюць бруствер, цокаюць па метале гарматы, джагаюць у паветры над агнявой. З другога боку – з пехацінскай траншэі, таксама выскокваюць і бягуць сюды.
        Вось яно, здаецца, пачынаецца самае горшае. І Люся!.. Трэба ж было ёй улезці ў гэтую пастку, бегчы сюды – дурное дзяўчо! Якога д’ябла сунулася сюды па сваёй ахвоце? Цяпер вось прападзе нізашто...
        Крывёнак дробна калоціцца за кулямётам, і той шалёна пырскае наўкола гарачымі гільзамі. Папоў цэліцца ў тых, што бягуць ад траншэі. Я з гільзаю ў руках курчуся між станін і, напяўшыся ўсім целам, чакаю першага стрэлу. Але Папоў марудзіць, і я ведаю: ён падпускае бліжэй, – блізка ўжо ім паратунку не будзе. Добра, што Крывёнак прывалок яшчэ скрынку, бо карцечы ў нас засталося толькі сем гільз – восьмая ў мяне ў руках, адна ў ствале, адну мы ўжо выпусцілі... «Трымайся, Лазняк, трымайся! Трывай! Час твой настаў, проба твае годнасці прадаўжаецца. Помні, помні каляіны!»
        – Гах! – рвецца назад гармата, і ўсё тоне ў дзікай калатнечы грому, бліскавіц, пылу і гарачых, задышлівых думак...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.