РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
16
        
16

        
        Неяк усё ж здараецца, што атаку мы адбіваем, ніхто з нас не гіне, і ў Крывёнкавай скрынцы яшчэ ляжаць тры снарады. Не шанцуе толькі нашай гармаце. Ствол яе застаецца на адкаце, наперад не ідзе – недзе прабіла супрацьадкатны механізм, і з-пад казённіка цячэ па зямлі зеленаваты ручаёк верацёнкі. Папоў сядзіць між станін, раскінуўшы ногі, я на жываце ляжу ля сашніка, мы выплёўваем з рота пясок і аддыхваемся. Побач са сховішча вытыркаецца раскудлачаная ветрам галава Люсі – яе вялікія сур’ёзныя вочы ўглядаюцца ў нас, у іх клопат, трывога і боль. Недзе ў акопе варушыцца, тупае, бразгае металічнаю стужкаю Крывёнак.
        Немцы перад намі кудысь пазнікалі, пэўна, да часу пахаваліся ў сланечніку і ў траншэі; у траве, вакол агнявой, горбіцца некалькі трупаў. Але і мы знемаглі. Сіл мала засталося ў целе, пот раз’ядае твар, слепіць вочы, дапякае смага. Нейкі час мы курчымся так за гарматай. Папоў ці то ад стомы, ці ад якой душэўнай скрухі апанурваецца, цяжка дыхае і доўга не размаўляе. Пасля, пэўна, трохі адышоўшы ад стомы, ён пазірае на мяне і кажа:
        – Лазняк, помні трэба. Жаўтых пагібай – помні! Лук’ян пагібай – помні! Салдат пагібай – помні! Глядзі – усё помні! Трэба век помні.
        Ён адварочваецца, выцірае твар рукавом і дадае сцішана:
        – Гармата памірал. Аўтамат бяры, гранат бяры. Нож бяры.
        Так, дайшла чарга да аўтаматаў, нажоў і гранат – я гэта адчуваю. Гарматка паслужыла нам, і нямала, але ўсё ж скончылася і яе служба.
        Я спаўзаю з пляцоўкі ў сховішча, там выпростваюся. Люся нешта нахіляецца над Лук’янавым, збоч ляжыць яе аўтамат, – я бяруся за кожух – гарачы. Не, гэта не ад сонца – гэта яна страляла, а мы ў грукаце і громе нават і не заўважылі таго. Я вымаю дыск, патроны ў ім яшчэ ёсць, але няшмат, – дыск лёгкі. Аўтамат гэты Жаўтыха, я пазнаю яго па ладнай скураной почапцы ад нямецкага карабіна. Затым я пачынаю збіраць патроны – з магазінаў, з падсумкаў, з кішэняў забітых набіраецца на якія дыскі два – не болей. Гэта небагата. Праўда, у нішы ў акопе павінна быць яшчэ, там жа мы некалі хавалі гранаты. Тым і будзем біцца.
        Я сонна накладваю ў магазін аўтаматныя патроны, іх трэба настаўляць там роўненька, але пальцы не слухаюць, і патроны рассыпаюцца ў пазах. Гэта нервуе, ды і стома настойліва робіць сваю справу. У час бою неяк лягчэй было ўтрымліваць сябе ў напружанні, цяпер жа воля расслаблена, слабеюць мускулы. З нейкаю тупою злосцю ў думках я лаю патроны, канструктараў гэтага няспрытнага для снараджэння магазіна і нават камбатаў дазвол, які не прынёс нам паратунку. Затым паглядаю на адкінутую Жаўтухову руку, – гадзіннічак усё цікае, чырвоная стрэлачка рупна бяжыць па чорным цыферблаце – хутка пяць. Толькі яшчэ пяць гадзін, а здаецца, зранку перажыта цэлая вечнасць, цэлая эпоха, за якую вось пагінулі людзі, а жывыя напакутаваліся, перадумалі, перажылі столькі, што іншым хапіла б на ўвесь век.
        Але ўсё ж сама па сабе жыве ва мне і ціхая радасць, і я ведаю – гэта Люся. Я адчуваю яе тут, калі і не бачу, чую яе дыханне, кожны яе рух, яе прысутнасць неяк надае сэнс усёй гэтай нашай безнадзейнай і, можа, не дужа патрэбнай бойцы. Толькі я баюся, ці ўберажом мы яе да канца? Люся ўсё корпаецца над Лук’янавым, адшпільвае ад пояса біклагу і падносіць да ягоных вуснаў. Вада ліецца па запыленай шыі, сцякае на дол, але вось Лук’янаў ціхенька грэбае рукой па зямлі і, абапёршыся на локаць, спрабуе ўстаць. Засмяглыя вусны яго шэпчуць:
        – Я зараз... Зараз...
        – Не трэба. Ляжы. Яшчэ на вады, – кажа да яго Люся і нахіляе біклагу. Лук’янаў яшчэ п’е, кадык на яго худой шыі сутаргава скача ўгору-ўніз, і салдат падымае ссінелыя павекі.
        – Дзякуй, – ціха кажа ён ужо апрытомнелым голасам. Затым занепакоена азірае бруствер, неба і аслабела пытаецца: – Дзе немцы?
        – Ляжы, ляжы, – лагодна супакойвае яго Люся. – Усё добра, ляжы. Не трэба пра немцаў.
        Відаць, гэта насцярожвае Лук’янава, вочы яго засяроджваюцца ў сабе, робяцца пільнымі, і ён пераводзіць позірк на сцяну сховішча.
        – Мы не ў санчасці? Не?
        – Маўчыце. Будзеце размаўляць – горш будзе, – бы малому, растлумачвае Люся. Лук’янаў неяк супакоена апускае павекі, закусвае вусны і з насцярожанай развагай пытаецца:
        – Здаецца, я памру? Так?
        – Ну што вы? – здзіўляецца Люся. – Навошта так думаць! Вось адаб’ёмся, і возьмуць вас у шпіталь, і ўсё добра будзе.
        – Адаб’ёмся! – шэпча Лук’янаў, кусае вусны і зноў спрабуе ўстаць.
        Люся далікатна, але настойліва кладзе яго на лапаткі. Раптам нейкім чужым натужаным голасам ён патрабуе:
        – Дзе мой аўтамат! Дайце аўтамат!
        – Ну ляжыце ж! Што вы такі неспакойны! – угаворвае Люся.
        Я снараджаю патронамі тры аўтаматныя дыскі, трэба яшчэ споўзаць па той бок пляцоўкі ў акоп, каб пашукаць якія запасы. Наверсе, здаецца, пацішэла, грукоча і бахае далёка за вёскай, а тут толькі там-сям кахаюць і рэхам раскочваюцца ў небе вінтовачныя стрэлы. Папоў з-за кола назірае за полем.
        Я перапаўзаю пляцоўку і звальваюся ў акоп, у якім адзінока сядзіць Крывёнак. Ён кідае на мяне не дужа прыязны позірк і падкурчвае пад сябе ногі.
        – Лук’янаў апрытомнеў, – кажу я. – Жывы. А ты ўсё злуешся?
        Крывёнак сцінаецца, туліцца і нічым не рэагуе на маё пытанне. Гэта ўрэшце злуе і мяне – знайшоў яшчэ час паказваць характар, калі тут усё наша жыццё ледзьве ліпее на адным валаску.
        – Ну і дарма, чорт бы цябе ўзяў, – кажу я. – Што ты зацяўся! Ты ведаеш, што нам загадана?
        – Чуў! – буркае хлопец.
        – Ну?
        Але Крывёнак маўчыць, ад яго ўжо не даб’ешся ніводнага слова. Я разграбаю ў нішы зямлю, што навалілася з бруствера, выкопваю тры нашы гранаты, выцягваю з-пад пяску важкі засмолены пачак з патронамі. Здаецца, болей тут нічога няма.
        – А ў цябе колькі? – пытаюся я ў Крывёнка. Ён неахвотна ківае на кулямёт, з прыёмніка якога звісае напалову набітая патронамі стужка.
        – Гэта ўсё?
        Я пакідаю хлопцу лімонку і з астатнім перапаўзаю пляцоўку. Люся сядзіць як сядзела над Лук’янавым, абапершыся на адстаўленую назад руку, а ён стогне і з частымі прыпынкамі аслабела гаворыць:
        – Ну, навошта ж ашукваць?.. Навошта?.. Хіба гэтым паможаш!.. Чалавеку праўда патрэбна...
        Люся маўчыць, а ён, трошкі перадыхнуўшы і неяк паспакайнеўшы, задышліва аб’яўляе:
        – Ведаю, памру... У грудзях душыць... Ногі адняло... Так... Праўда ж?.. Ну, скажыце!.. Шчыра, – сіпіць Лук’янаў, і ў грудзях яго нешта ціхенька булькае. Люся маўчыць.
        – Ну, што ж!.. Толькі не думаў... Так, не думаў... Жахліва і недарэчна... Тры гады вайны і – упустую... – пакутна гукае ён. – Эх! А яны ўсё збэсцілі.
        Нешта надарванае чуецца мне ў голасе гэтага нечакана ажыўшага чалавека, і я, перастаўшы пхаць у дыскі патроны, насцярожваюся ў сабе. Збялелы твар Лук’янава пакрываецца буйной расою поту.
        – Канец! – кажа Лук’янаў і сціхае, быццам удумваючыся ў сэнс гэтага слова. – Што мне цяпер таіць! Навошта? Хто я? Трус пархаты! – ціха, але з нейкім незвычайным напружаннем кажа ён. – Усё жыццё баяўся. Усіх! Усяго! І дарма... Нахлусіў я тады пра палон...
        Адчуваю, гэтыя словы скіраваны мне, узнімаю на яго позірк і сустракаюся з яго вачмі. Але ён зараз жа адводзіць позірк убок.
        – Так, Лазняк, нахлусіў я. У палон сам здаўся. У акружэнні. Са страху. Узняў рукі і пайшоў. Затым пачаў разумнець. Ды позна... І вось усё... Канец! Нішто не памагло... Эх! Навошта было?.. Навошта? – хрыпіць ён.
        Гэтае прызнанне на хвіліну бянтэжыць мяне. Значыць, зусім ён не той, за каго выдаваў сябе, мала што ён гэткі разумны – ён баязлівец. Баязлівец – агідны на вайне чалавек, але можна зразумець яго і дараваць яму, калі ён шчыра імкнецца перамагчы страх у сабе. Здаецца, нялёгка далася гэтаму чалавеку перамога над самім сабой, але хоць і дарагой цаной, пэўна ж, ён перамог, і сёння мы не можам ні ў чым дакараць яго. І ўсё ж тое, што ён ашукваў нас, плёў пра свае няўдачы і рабіў выгляд несправядліва пакрыўджанага, нішчыць ва мне ўсякае спачуванне. Праўда, цяпер ужо не трэба яму ні спагады, ні спачування, відаць, не страшна яму і асуджэнне – перад канцом, – адчуваю я – адзіна важнаю ў яго рэштках жыцця засталася неспатольная патрэба ў праўдзе.
        – Ну ладна, ладна. Маўчыце, – супакойвае яго Люся. Яна таксама, здаецца, бянтэжыцца, абое мы не ведаем, як рэагаваць цяпер на гэтыя словы, але злосці ў мяне да яго няма, хоць няма і спагады.
        Лук’янаў стогне, сутаргава варушыцца, матляе на доле галавой. Люся стрымлівае яго:
        – Вы ўсё ж паляжыце ціха: так лягчэй. Не трэба нервавацца.
        – Не, ужо ўсё. Хутчэй бы! Пячэ ў грудзях... Бог мой! Як неразумна! І мой бацька! Што ён думае?.. Але што ж! Храбрасць – талент, стараннем яго не асвоіш. Я бесталанны. А каму патрэбны такі? Чалавек-трава. Як гэта агідна!..
        Ён плача. З вачэй на скронях скочваецца некалькі мутных слязін. Люся, наморшчыўшы пераноссе, з унутраным болем моўчкі глядзіць на яго. Не часта даводзіцца нам чуць такое, і абаім нам трохі ніякавата слухаць яго. Але мы адчуваем, што яму вельмі нялёгка, і гэта разам з непадробнаю шчырасцю, што імкне з ягонай душы, утрымлівае нас ад пагарды да гэтага няладнага чалавека.
        – Эх ты, Лук’янаў! Трэ было раней думаць, – кажу я.
        – Каб жа раней!.. Цяпер я быў бы другі... А то так позна! Ось не баюся ж... Ні праўды, ні немцаў. Дзе яны? Дайце гранату! Ну дайце ж гранату!
        – Навошта вам граната? – кажа Люся. – Вы ж не кінеце яе.
        Лук’янаў напружваецца, прыўстае на локцях, упірае ў мяне свой дрыготкі перадсмяротны позірк.
        – Лазняк, дай!.. Можа, я напаследак...
        – Каб жа яна была, – хлушу я.
        Ён зноў падае спінай на дол, і некалькі слязін самі сабой сплываюць з яго вачэй.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.