РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
ДЫМ АЙЧЫНЫ...
        
ДЫМ АЙЧЫНЫ...

        
        Магдаліну Дарбут паклікалі да рэктара першы раз. І яна з цікавасцю разглядала загрувашчаны кніжнымі шафамі кабінет. Гіпсавы Максім Горкі пільна пазіраў на крышталёвую попельніцу, мусіць, прымерваючыся, каб распаліць там маленькае вогнішча, як любіў пры жыцці. Але сённяшні гаспадар кабінета быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і не кранутая цыгарэтай попельніца блішчэла ўсімі гранямі.
        – Вы ведаеце чалавека, якога завуць Іван Канстанцінавіч Хмель?
        Пытанне прагучала не з вуснаў рэктара, які сядзеў за сталом, чытаючы нейкія паперы, а з левага кута. Магда аж сцепанулася. У крэсле сядзеў прыемны чалавек у бездакорным сінім у тонкую шэрую палоску касцюме. І аблічча ў яго было прыемнае, усмешлівае... Вось толькі Магдаліне ад гэтае белазубае ўсмешкі чамусьці зрабілася непамысна. Немагчыма было нават уявіць – адказаць усмешкай.
        – Ну дык ведаеце вы Івана Канстанцінавіча Хмеля?
        Магда разгубілася.
        – Здаецца, не...
        – Гэтага не можа быць. Падумайце. Іван Канстанцінавіч Хмель, тысяча дзевяцьсот трынаццатага года нараджэння, жыў па адрасе Крывакаленны завулак, дом чатырнаццаць, кватэра шэсць.
        Стары з крумкачом! Ну трэба ж! Магда, блытаючыся, распавяла пра грамадскае даручэнне. Рэктар упарта маўчаў. А незнаёмец у сінім касцюме нахіліўся наперад, нібы рыбак, што назірае за кругамі вакол паплаўка.
        – Значыць, выпадак... А як вы патлумачыце, што ваш падапечны, які памёр тры дні таму, зрабіў вас сваёй адзінай спадчынніцай?
        Магдаліна агаломшана глядзела на суразмоўцу. Рэктар нарэшце прыўзняў сівую галаву і кінуў з-пад акуляраў на Магдаліну дзіўны востры погляд. Нібыта папярэджваў аб нечым.
        – Вы камсамолка? – прагучала злева нібыта недарэчнае пытанне. А за ім – іншыя. Зусім як у таго старога... Пра сям’ю, пра бабуль і дзядуль, кім былі, дзе жылі... Ізноў – пра візіт да старога дзівака. Што гаварыў, няўжо нават не намякаў пра будучы запавет?
        Нарэшце пытанні скончыліся, чалавек у сінім касцюме падняўся, кіўнуў на развітанне рэктару і выйшаў. Запанавала цішыня.
        – Мне можна ісці?– знервавана запыталася Магда.
        Рэктар сядзеў, не гледзячы на яе, – неблагі чалавек і неблагі пісьменнік, навучаны выжываць. Як ні старайся – ніякіх эмоцый нельга было прачытаць ні на ягоным твары, ні ў голасе.
        – У вас ёсць здольнасці, Магдаліна... Вы ведаеце, які сур’ёзны конкурс у нашу ўстанову. Мы прынялі вас, і гэта адзнака і... вялікі аванс. Да нашых студэнтаў прад’яўляюцца вельмі сур’ёзныя патрабаванні, на іх ускладзеная вялікая адказнасць...
        Магдаліна напружана ўслухоўвалася ў плынь гладкіх фраз, якія закалыхвалі свядомасць сваёй плаўнасцю, акругласцю, нявызначанасцю. Пакуль нарэшце да яе не дайшоў сэнс, які хаваўся пад гэтай плыткасцю і акругласцю, – ёй прапаноўвалася пайсці з інстытута! У які яна паступала тры гады запар! Дзеля паступлення «адтрубіла» два гады ў заводскай бібліятэцы, каб мець належны працоўны стаж! Чаму?!!
        Рэктар гаварыў пра філалагічны факультэт у родным горадзе Магдаліны, варта толькі даздаць пару прадметаў, каб туды перавесці-ся... Зірнуў на твар сваёй студэнткі і змоўк. Цень чалавечага пачуцця мільгануў за акулярамі ў металёвай аправе. Рэктар чамусьці расчыніў акно – кабінет адразу напоўніўся гулам машын і вясёлымі галасамі, рукой паклікаў да сябе Магдаліну. Загаварыў ціха, так што яго голас амаль губляўся ў вулічным шуме.
        – Не трэба так адчайвацца. Павер, дзяўчынка, тваё жыццё на гэтым не канчаецца. З іншымі бывала горш.
        – Але...
        Рэктар жэстам спыніў рэплікі Магдаліны.
        – Я правяраў тыя спісы, што вам давалі з ЖЭСа... Там нічога не ведалі... Разумееш, тут такі шэраг супадзенняў, у які цяжка паверыць. Але я бачыў усякае. Веру, што ты ўблыталася выпадкова. Ён... вораг савецкай улады. Калісьці ўваходзіў у партыю беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Так што з ягонай спадчынай... будзь асцярожная. Я б раіў адмовіцца ад яе. Тым больш там нічога каштоўнага. Кнігі, паперы.
        Магдаліна прагаварыла:
        – А калі я адмоўлюся... Мне можна будзе застацца ў інстытуце?
        – Ну, баюся, нічога выправіць нельга... У любым іншым інстытуце абышлося б. А тут... Вядома, я б мог нічога не гаварыць, проста на сесіі ты б атрымала дрэнныя адзнакі. А нашто гэта табе, выдатніцы? А ад спадчыны адмоўся. У будучым будзе лягчэй. Цябе перастануць звязваць з гэтай небяспечнай асобай. Дзед што-небудзь абяцаў? Тлумачыў?
        Востры пагляд з-пад акуляраў. Магдаліна моўчкі пакруціла галавой.
        – Ну, ідзі... Падумай...
        Крыўда працяла Магдаліну... Крыўда, якая знясільвае слабых. Магдаліна дасюль не ведала, слабая яна ці моцная. Самым лагічным было б для яе цяпер узненавідзець старога, які ні за што сапсаваў яе жыццё... Напісаць заяву, адмовіцца ад спадчыны. Але... Нездарма Магдалініна маці ўздыхала, што ў дачкі бацькаў характар. Бацька загінуў тры гады таму з-за, як лічыла маці, сваёй упартасці. Ведаў жа, што лёд тонкі... І добра, каб чалавека палез ратаваць, – а то нейкі дварняк, які і патрапіў у палонку, відаць, не без чалавечае дапамогі... А бацька і сабак не вельмі любіў... І вось цяпер Магдаліна таксама заўпарцілася. Усе максімалісцкія ідэалы патрабавалі ад яе – не здавацца. «Гэта дарога вельмі цяжкая. – Значыць, гэта мая дарога»... і ўсё такое падобнае. Сябра Марк быў бы ўражаны. Выхаваў дзяўчыну на рыцарскіх прынцыпах з невялікай памылачкай: замест Чароўнай Дамы – рыцар у спадніцы...
        Наступныя дні прайшлі як у тумане. Вакол Магдаліны ўтварылася нібыта кола пустэчы. Большасць аднакурснікаў пачуваліся, як блізкія пры безнадзейна хворым. Светка вінавата адводзіла позірк. Магдаліна зразумела, што распытвалі і яе. Магду не пазнавалі – уся напятая, з падцятымі вуснамі, яна нагадвала стралу, ускладзеную на тугую цеціву. І кожны стараўся сысці з ейнага шляху. Толькі Сашка Тарасаў, вечна п’яны Сашка з разбойніцкай фізіяноміяй стэпавага хана, аўтар аповесці пра тэатр ліліпутаў, дырэктарам якога насамрэч неяк пабыў, – Сашкава біяграфія была надзвычай бурлівая – перастрэў апальную аднакурсніцу на калідоры.
        – Ты, дзеванька, плюнь на іх. Яны тут толькі мазгі прамываюць. А пісаць калі сама не навучышся, добры дзядзька не навучыць. Я ж таксама адсюль сыходжу. На фіг мне гэта... У іх Андрэй Платонаў двор мёў, пакуль яны лекцыі чыталі. Хочаш вінца? Не? Ну, трымай хвост пісталетам.
        Былі хаджэнні па нейкіх кабінетах, зноў празрыстыя намёкі на тое, што раіў рэктар...
        Урэшце – зноў кватэра нумар шэсць. Пакойчык за шчыльнымі дзвярыма. Стосы кніжак, перавязаныя шпагатам. Фотаздымкі ў каробках з-пад абутку. Ашчадная кніжка – дзвесце шэсцьдзесят рублёў зберажэнняў. І – клетка з крумкачом.
        Мажны дзядзечка з партфелем – напэўна, з жыллёвай службы, папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.
        Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала – ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-насам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?!! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач...
        Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама захрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі... Магда схамянулася – ён жа, мабыць, галодны... І ў гэтай цеснай клетцы... Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.
        – Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?
        Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. Вяртацца дадому... Напэўна, каб бацька быў жывы, зразумеў бы... А цяпер трэба нешта тлумачыць маці, Марку...
        Магдаліна зноў застагнала, згадаўшы свайго жаніха. Марк Ялецкі, станоўчы, надзейны, іранічны Марк, проста не паверыць у выпадак. Абавязкова вырашыць, што яна, горкае несвядомае дзіця, утварыла чарговае глупства.
        Марк прыкмеціў Магду, калі яна неяк зайшла ў ягоную рэдакцыю. Правіў ейныя літаратурныя спробы. Забяспечваў кнігамі. Вадзіў на тусоўкі. І ў рэшце рэшт само па сабе вырашылася, што Магдаліна стане ягонай жонкай. Марк быў на дзесяць гадоў старэйшы, пяць гадоў таму развёўся. Былая жонка, вядомая артыст-ка, дамаглася «волі творчага самавыяўлення». І Ялецкі абвесціў, што сам «выхавае» сабе нявесту, бездакорную дзяўчыну. Магда аказалася для гэтага ўдзячным «матэрыялам» і шчыра імкнулася адпавядаць ідэалам Марка, прымаючы яго беражлівае апякунства. Ад часу недарэчнай гібелі бацькі дзяўчына ўпершыню адчувала такую абароненасць.
        Марк доўга абдумваў мару Магдаліны пра Літінстытут. Урэшце вырашыў, што нядрэнна «навесці лоск» на будучую жонку. Ажаніцца са сціплай бібліятэкаркай і ажаніцца са студэнткай прэстыжнай ВНУ – розніца... Ён пераканаў Магду больш не пасылаць на творчы конкурс вершы, а сабраць артыкулы і падацца на літаратурную крытыку. Творчыя магчымасці Магды Марк ацэньваў досыць рэалістычна, таму адразу сказаў, што года ў Маскве з яе будзе досыць. Да таго ж, уздыхаў ён з затоенай скрухай, гэта будзе ім выпрабаваннем. Яны абое – вольныя творчыя людзі, і іх лучнасць мусіць быць добраахвотнай. У цноты нявесты ён верыць непахісна.
        Небарака Марк сам не падазраваў, як глыбока зачапіла за ягонае сэрца юная бібліятэкарка з зялёнымі вачыма, з характарам свавольным, як веснавая ручаіна...
        У дзверы пакоя нясмела пастукалі. Крумкач узляцеў на шафу. Знаёмая па першым наведванні кватэры суседка працягнула Магдзе невялікі скрутак.
        – Вось... Іван Канстанцінавіч незадоўга да смерці прасіў мяне схаваць і калі што – перадаць вам. Асабіста ў рукі і без сведкаў.
        Магда няўважна ўзяла пакунак. Але суседка не спяшалася сыходзіць. Абвяла позіркам пакой.
        – Каго цяпер паселяць? Не дай Бог, якіх алкашоў... Прасілі ў начальства, каб каму з нас пакой адпісалі. Дык не, не выходзіць па плошчы. Бюракраты. Будуць падсяляць. З Іванам Канстанцінавічам добра было. Ціха. Часам які цвік забіць дапаможа. А куды ж вы гэтую мэблю падзенеце? Забераце?
        Магда паціснула плячыма.
        – Навошта яна мне?
        – Ну чаму, шафа вунь якая зручная... Змястоўная... У мяне б у пакоі якраз стала...
        Магдаліна ўнутрана ўсміхнулася з гэткай наіўнай хітрасці.
        – Ну дык забірайце яе сабе... І канапу таксама. І ўвогуле... Я толькі кнігі і дакументы забяру. А астатняе – самі глядзіце...
        Суседка ўзрадавалася, пачала нешта шчабятаць пра тое, як любіла нябожчыка і якім ён добрым чалавекам быў. Таму і памёр так хутка, не мучыўся. Лёг і не прачнуўся.
        З шафы пачуўся хрыплы роспачны крык. Магдаліна ажно пачырванела ад сораму – як яна магла забыцца пра птушку? Можа, раздобраная суседка і Карла Карлавіча прытуліць? Але кабета грэб-ліва скрывілася ў бок крумкача:
        – Цьху... Сіла нячыстая... напалохала... І вось жыве ж такая поскудзь і чалавека перажыве!
        І Магдаліна нічога не сказала ёй. І засталася ў чужым пакоі, з чужымі рэчамі і сам-насам са сваёй бядой...
        Пераглядаць рэчы не было моцы. Ісці ў інтэрнат настолькі не хацелася, што Магда вырашыла заначаваць на гэтай чорнай цвёрдай канапе, у кампаніі крумкача. Скразняк варушыў на акне занавескі, і можна было ўявіць, што вось-вось з’явіцца прывід былога гаспадара.
        Але пасля перажытага магчымае з’яўленне прывіду Магду не ўзрушвала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.