РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
СІБІРСКІЯ КРУМКАЧЫ
        
СІБІРСКІЯ КРУМКАЧЫ

        
        Зэк № 1-756 у калоне гэткіх жа, як сам, дахадзягаў цягнуўся ў свой барак.
        Адзінае, што вылучала гэтага зняволенага, – вялікая птушка, якая сядзела ў яго на плячы, як чорны анёл-ахоўнік.
        Гэта, вядома, быў непарадак, і гады тры таму птушка зрабілася б мішэнню для канвойных, а зэк загрымеў бы ў БУР – страшную лагерную турму.
        Але апошнія тры гады, пасля смерці «галоўнага кормчага», тут усё змянілася. Ахова ўжо не ведала, як трактаваць сваіх вязняў. Амаль кожны дзень кагосьці з іх даводзілася выпускаць на волю. А пры пераходзе з катэгорыі быдла ў катэгорыю чалавека былы зэк мог ператварыцца ў кагосьці вельмі ўплывовага і паважанага, напрыклад, у генерала і Героя Савецкага Саюза, як гэта адбылося ў мінулым месяцы. І ахоўнікі моўчкі цярпелі крумкача.
        Вязень падабраў яго паўмёртвым птушанём. Тады найбольш абурыліся іншыя зняволеныя – дадаваўся яшчэ ядок. Але калі крумкач падрос, самі пачалі яго падкормліваць.
        А ўладальніка крумкача ўсё не вызвалялі. Зэк №1-756 не скардзіў-ся. Яму і так пашанцавала. Ён пражыў ужо дваццаць пяць лішніх гадоў на гэтым свеце. Тады, пасля ягонага адчайнага ўчынку, пра які не хочацца ўспамінаць, яго на нейкі час вызвалілі. Потым – вайна. Войска Польскае. Ваяваў добра – бо ўжо не шкадаваў жыцця, купленага занадта дарагой цаной. Потым – цэлыя два гады, калі здавалася, усё самае благое – за спіной і можна пачынаць нармальнае жыццё. Ён нават зноў пачаў пісаць вершы. І з горыччу разумеў, што ім ніколі не ўзляцець да вышыні вершаў таго, сінявокага, хто загінуў. І зноў – савецкі лагер...
        У зоне яго паважалі. Ён ніколі не «шасцярыў». Калі здзекі перавышалі нармальную чалавечую трываласць і кожная клетачка спакутаванага цела маліла здацца – перад вязнем паўставалі сінія-сінія вочы... Сінейшыя, чым у яго самога... Яны глядзелі з маўклівым дакорам, і вязень выплёўваў разам з крывёй упартае «не...».
        Цяпер у яго ёсць надзея падоўжыць свой зямны шлях. Хаця б дзеля гэтага крумкача – вось хто сапраўды адданы! А крумкачы жывуць, кажуць, гадоў па трыста... Ды яшчэ ёсць адна справа на зямлі... Той скрутачак папер, спісаных цвёрдым, круглым юначым почыркам, пра які ён адзін цяпер і ведае.
        Марылька таксама ведала пра той скрутачак. Але Марылькі больш няма... Перажыла вайну – і памерла ад запалення лёгкіх. Застудзілася, цягаючы маразамі паламаныя шпалы на дровы ў дзіцячы дом. Калісьці ён, безнадзейна закаханы, выратаваў ёй жыццё. Тым адзіным спосабам, які быў яму даступны. За гэта яна пракляла яго.
        Але не варта варушыць мінулае. А то зноў пачне балець сэрца і сінія вочы зірнуць проста вунь з тае аблачынкі.
        Крумкач узляцеў – ён, напэўна, разумеў, што ягоны цяжар стамляе саслабелага чалавека, і кружляў невысока над калонай людзей у ватоўках.
        – Кррум-кррум!
        Вязню ж пачулася – «Кароль! Кароль!».
        І з аблачынкі над высокімі сібірскімі соснамі зірнулі сінія-сінія вочы...
        
        Яшчэ праз трыццаць гадоў, у хуткім цягніку Масква–Мінск, дзесьці на перагоне між Ярцавам і Смаленскам, на верхняй паліцы спальнага купэ плакала ў прапахлую хлоркай, злямцаваную казённую падушку няўдалая студэнтка Магдаліна Дарбут. Плакала, стараючыся, каб ніхто не пачуў ейнага плачу, сама не разумеючы, аб чым яе туга... Можа, па сваіх ніколі не бачаных дзеду і бабцы – раней ведала толькі іхнія імёны: Антоній і Марыя. Па хлопцу і дзяўчыне, што сустрэліся пяцьсот гадоў таму ў маленькім ліцвінскім мястэчку, каб спазнаць самае салодкае і самае горкае на зямлі – каханне... Плакала па сабе... Па бацьку... Па Марку... Па ўсім свеце – такім несправядлівым і такім прыўкрасным...
        А ў галаве круціліся апошнія радкі пісьма, напісанага на старонках старой кніжкі:
        «Для чаго я выжыў?
        Я так даражыўся сабой. Але аднойчы зразумеў – з усіх сваіх сяброў я быў самы бяздарны. Цяпер ахвотна б аддаў сваё жыццё кожнаму з іх – якую карысць прынеслі б яны Беларусі! Як збяднеў без іх свет!
        Але запозна. Цяпер я думаю, што пражыў гэтулькі для таго, каб сустрэць цябе. Я зноў раблю эгаістычна – перавальваю на твае худзенькія плечы свой цяжар. Я зразумею, калі ты адмовішся. Мая спадчына не прынясе табе ні грошай, ні славы. Тым больш, ведаючы ўсё – пра што я тут распавёў і пра што змаўчаў, – ты, можа, не пераступіла б парог маёй хаты. Але я ўсё-ткі прашу цябе – вельмі прашу: знайдзі той рукапіс... Дзеля аднаўлення справядлівасці. Цяпер можаш лічыць прачытанае страшнай казкай, загарнуць кніжку, і я шчыра жадаю табе шчасця. Калі ж табе мала непрыемнасцяў – прачытай наступныя радкі вельмі ўважліва, пятнаццаць, лепш дваццаць разоў запар. Гэта вельмі важна. Добра?
        І не праклінай мяне, як даведаешся ўсё.
        Мяжа між добрымі намерамі і паскуднымі справамі сцёрта мільярдамі крокаў...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.