РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
КАРЛ КАРЛАВІЧ ІДЗЕ Ў ГОСЦІ
        
КАРЛ КАРЛАВІЧ ІДЗЕ Ў ГОСЦІ

        
        – Забірай зараз жа гэтае паскудства і нясі ў школу!
        Маці стаяла перад Магдай з мокрай анучай у руках.
        – Усю хату твой крук загадзіў! У клетцы, бачыш, трымаць шкада! А ты ж у мяне пісьменніца, падлогу памыць – ручкі ўпэцкаеш. Паслухайся хоць разумнага чалавека – я пра Марка кажу, мяне ж ты за разумную не лічыш... Або забірай Карлу, або я яго зараз з балкона шугану!
        Магдаліна прыгнечана маўчала. Маці, яшчэ не старая прыгожая жанчына, прыгорбіўшыся, пайшла на кухню. Адтуль зараз жа раздалося адчайнае стракатанне машынкі-друкаркі – чарговая матчына халтура. У Магды не хапала сумлення крыўдзіцца. Вядома, маці так ганарылася, што дачка паступіла ў маскоўскі інстытут, што выб’ецца ў людзі. А тут – ні вучобы, ні працы, адзін крумкач.
        Так Магда апынулася перад пад’ездам свайго дома з цяжкай клеткай, захінутай пледам у чорна-чырвоныя краткі, у адной руцэ і парасонам у другой. Дожджык перакрэсліваў дарогу ва ўсіх напрамках, і ісці кудысьці відавочна не было сэнсу. Белыя анёлкі абселі каштаны і падскоквалі на пругкіх галінках, ловячы празрыстыя кроплі.
        – Гэта ваша звычайная экіпіроўка для праменаду? – У пытанні чуўся вясёлы жах і нават павага.
        Настырны Кастусь, засунуўшы рукі ў кішэні мокрай наскрозь джынсавай куртачкі, белазуба ўсміхаўся. Магдаліна рэзка завярнула ўбок і рушыла амаль бягом па лужынах, абы сысці.
        – Хоць ад дамы ў вас няшмат, але рэшткі выхавання ўва мне так і змушаюць прапанаваць дапамогу...
        Магда спынілася. Ну і нахабнік! Яна як мага пранізліва зірнула ў Кастусёвы вясёлыя вочы:
        – Прабачце, я вельмі, вельмі спяшаюся!
        І тут падаў адчайны голас Карл Карлавіч:
        – Кар-р-равул!
        І заварушыўся, аж Магда ледзь не выпусціла клетку.
        – Што гэта ў вас там?!!
        – Крумкач... Іван Хмель пакінуў...
        – І куды ж вы яго несяце дажджом?
        – У школу... У жывы куто-ок... – Магдаліна раптам пачала неяк па-дзіцячы ўсхліпваць, стараючыся схаваць ганебныя слёзы ад непрыемнага суразмоўцы.
        Кастусь уважліва паглядзеў на дзяўчыну, нагнуўся, расхінуў посцілку на клетцы. Між прутоў паказалася моцная шэрая дзюба, зірнула чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў, з залатой іскрынкай у цэнтры.
        – Ну, прывітанне! Як цябе завуць, дружа?
        І раптам з клеткі прагучала хрыплае, але цалкам разборлівае:
        – Кар-рл Кар-рлавіч... Пр-рафесар-р...
        А пры ёй не гаварыў! Магда аж плакаць перастала.
        Кастусь жа нібыта і не здзівіўся:
        – Прыемна пазнаёміцца, калега. Малодшы навуковы супрацоўнік Кастусь Сташынскі... Кандыдат гістарычных навук... Можа, прафесар зойдзе да мяне на гарбату? Выключна ў навуковых мэтах... Мая бабуля вельмі любіць птушак, гасцей і выдатна пячэ піражкі.
        Белыя анёлкі-суквецці гайдаліся на галінках каштанаў усё мацней, бо дождж ператварыўся ў залеву. І стаяць на месцы было глупствам.
        ...Прызнацца, пры поглядзе на Кастусёву бабулю не верылася, што яна ўмее нешта гатаваць. Бабуля была па-спартыўнаму падцягнутая, у нагавіцах і прасторнай сіняй блузцы. Сівыя валасы, калісьці, відаць, чорныя, коратка пастрыжаны. Бабуля абыходзілася без акуляраў, затое на шыі віселі каралі з вялізных, з каштан, кавалкаў неапрацаванага бурштыну.
        – Ад шчытавідкі добра дапамагае! – нізкім голасам патлумачыла Яўгенія Іванаўна, заўважыўшы Магдалініну цікавасць. – Я гэтыя кавалкі калісьці сама вылавіла ў Балтыцы! – У бабуліным голасе гучаў гонар. – У сакавіку лёд пайшоў у заліве, а ў ім – бурштынавы слой. А хвалі, а сівер! І ўвесь бурштын ад берага адганяе. Мужчыны стаяць з сачкамі, лаюцца. А я маладая была, адчайная – распранулася, і ў ваду! Муж, дзед Кастусёў, мяне пасля спіртам расціраў са свайго афіцэрскага пайка, і ўнутр – сто грамаў. І нічога, нават насмарку не схапіла! Не тое што цяперашняя хліпкая моладзь. Я ж уральская казачка! Нас у палонках хрысцілі! Ешце піражкі, маладыя людзі. Вось гэтыя – з капустай, а гэтыя, тоўсценькія, – з рысам і мясам. А гэтаму птушанятку я зараз таксама нешта смачненькае дам...
        «Птушанятка», Карл Карлавіч, пачуваўся ў новай хаце някепска. І піражкі сапраўды былі смачнюткія, а гарбата пахла язмінам. Бабуля прымусіла Магду, «кволую гарадскую дзеўчынёху», абхінуцца махеравым пледам, бо «сучасныя рыцары, на жаль, не дадумаюцца да такіх простых рэчаў». Кастусь пакорліва ўздыхнуў на бабулін закід.
        Яўгенія Іванаўна ўсміхнулася:
        – Добра, добра, я супербабуля, я ўсё разумею. Іду ў свой пакой і пачынаю рыхтавацца да заўтрашняй лекцыі. Калі што, паклічаце.
        Магду кінула ў чырвань ад адной думкі, што нехта мог падумаць, быццам яе з гэтым нахабным Кастусём звязваюць нейкія асаблівыя адносіны. Ён жа яе проста выкарыстоўвае – як цікавы дакумент. А параўнаць гэтага хлапчыску з Маркам... Смешна!
        Але сыходзіць нікуды не хацелася. У старой кватэры з высокай столлю, без дываноў і абавязковага крышталю, затое з кніжнымі паліцамі і такімі зручнымі, хоць і цвёрдымі, фатэлямі было ўтульна і спакойна.
        І Кастусь нічога не пытаўся і не кідаў дапытлівых позіркаў. Сядзеў у сваім фатэлі ды вёў свецкую гаворку пра норавы шляхты васемнаццатага стагоддзя.
        – ... А на развітанне гаспадарская дачка мусіла «запіць» з кожным госцем страмянную – трохі пакаштаваць з чаркі, якая падавалася госцю. Вось прыблізна такая чарка была... Як на той паліцы, каля чорнага гаршчэчка.
        Крумкач прагарлаў сваё «Nevermore», і Магда наважылася расказаць.
        Кастусь слухаў яе не перабіваючы. Толькі ў адным месцы, калі гаворка ішла пра доказы візантыйскага паходжання, усхапіўся і некалькі разоў прабегся па пакоі, махаючы рукамі і нешта мармычучы сабе пад нос.
        І вось засталося пераказаць апошнія радкі зніклага паслання. Магда змоўкла. Кастусь зразумеў яе хваляванні.
        – Можаце мне не расказваць далей. Хто я такі? Мэнээс з хіповым хвосцікам. Але я магу звесці вас з аўтарытэтнымі вучонымі і, галоўнае, – сумленнымі. Ёсць прынамсі два чалавекі... Адзін, вядомы пісьменнік, таксама перажыў рэпрэсіі. Вы можаце распытацца пра яго ў каго заўгодна.
        Але Магда рашуча страсянула валасамі, не заплеценымі сёння ў акуратныя коскі, і, заплюшчыўшы вочы, каб ясней прыпомніць напісанае, прагаварыла, як прачытала:
        «Было зроблена тры копіі з рукапісу і з дакументаў.
        Адну я перадаў Антосю. Ведаю, што ў час уцёкаў паперы былі з ім.
        Другая копія ў архіве прафесара Сахнут-Бічэўскага, у папцы з надпісам «Копіі судовых актаў сельскагаспадарчага суда Мінскай губерні. Пачатак ХІХ ст.».
        Трэцяя – на Кальварыйскіх могілках. Склеп злева ад касцёла, на фасадзе трохкутнік з блакітнай цэглы з вокам. Гільза закапаная ў правым дальнім куце, 50 см.
        Твой дзед падпісваўся «Алесь Валошка». Мы з ім абодва былі сінявокія».
        Пераказала – і жахнулася: цяпер назад не павернеш. А Марк строга загадаў выкінуць з галавы ўсе гэтыя справы! Як ён раз’юшыцца!
        Твар Кастуся гарэў ад узрушэння.
        – Мой сябра напісаў артыкул «Загадка Алеся Валошкі». Нідзе не надрукавалі – сказалі, бяздоказна. Сенсацыя, высмактаная з пальца. З паэтаў, што пачыналі напрыканцы дваццатых, Валошка быў найярчэйшы. Усё, што ўдалося знайсці, – чатыры вершы ў газеце. Прычым у тых нумарах, што захаваліся ў бібліятэках, публікацыя выразана! Але і гэтага дастаткова. Сапраўдны талент. Ні пафасу, ні сялянска-пралетарскай тэматыкі. Толькі роздум і пачуццё. Нібыта сцверджана, што пад псеўданімам Валошка друкаваў раннія вершы ці то Глебка, ці то Броўка. Але мой сябрук перакананы, што быў такі паэт, дасюль неадкрыты. Адкапаў нейкую кнігу выдання 1933 года, дзе на абачыне ў спісе будучых выданняў ёсць зборнік вершаў Алеся Валошкі «Чырвоныя канваліі». Гэты зборнік не з’явіўся ніколі. І ніколі больш не друкаваўся паэт Алесь Валошка.
        – Рукапіс, пра які гаворыць Іван Хмель, гэта рукапіс «Чырвоных канвалій»? – задумліва папыталася Магдаліна.
        – Думаю, так. А дакументы – доказы каралеўскага паходжання і, можа, некаторыя планы змоўшчыкаў. Каралеўства Беларусь! Як гэта... прыгожа! – Кастусь не змог уседзець на месцы і ўзбуджана хадзіў па пакоі.
        Карлу Карлавічу, напэўна, гэты рух спадабаўся, бо ён таксама закульгаў па падлозе, нібыта перадражніваючы хлапца. Магдаліна рассмяя-лася. Але Кастусь нават не звярнуў увагі, працягваючы разважаць:
        – Сахнут-Бічэўскі! Знакаміты прафесар! Яшчэ дарэвалюцыйнай школы! Знаўца антычнасці і сярэднявечча! Расстраляны ў трыццаць сёмым. Напэўна, як шпіён Рымскай імперыі. У ягоны архіў рукапіс Валошкі схаваў няйначай любімы вучань... Як вы называлі? Міхась?
        – Так... А прозвішча не памятаю. Нібыта Зарэйка...Ці Зварэйна...
        – Ніколі не чуў. Хаця гісторык. І гэты знік бясследна. Але схаваць паперы ў прафесарскі архіў – выдатная ідэя!
        – А мне здаецца, там адразу знайшлі б?
        – Нічога падобнага! – запярэчыў Кастусь. – Папка падпісаная. А папак – тысячы. Нават калі нехта будзе звяраць і пабачыць неадпаведны матэрыял, наўрад ці пачне адразу разбірацца. Ведаеце, колькі такіх «неадпаведных» папак у нашых дзяржаўных архівах? Урэшце трэба будзе распытацца ў бабулі – перад вайной яна была студэнт-кай Ленінградскага універсітэта, у час блакады працавала кімсьці накшталт вартаўніка ці архіварыуса... А на пачатку вайны многія архівы з Беларусі вывезлі ў Піцер. Лукаш Бэндэ, напрыклад, амаль усю беларускую рэпрэсаваную літаратуру туды перапёр... Хоць наў-рад ці бабуля ведае. Яна ж у мяне біёлаг. Спецыяльнасць – арніталогія. Лекцый ёй цяпер мала даюць чытаць. Пенсіянерка. У сельгастэхнікуме былыя студэнты дапамаглі прыладкавацца, дзве лекцыі на тыдзень. У свой час доктарскую не абараніла – з-за нашага спадчыннага паскуднага характару.
        Карлуша, якому абрыдла бессэнсоўнае хаджэнне, узляцеў на паліцу. Адтуль адразу ж зваліўся зялёны гліняны збаночак і раскалоўся напалам. Магда сцялася... Зараз будзе чарговае «выгнанне з раю»... Але Кастусь толькі задумліва паглядзеў наверх:
        – Трэба будзе там яму седала прыбіць... Палку такую... Уздоўж усёй сценкі. Бацька ўвечары вернецца, зробім.
        І зноў захадзіў па пакоі, разважаючы пра кальварыйскі склеп, які, магчыма, зруйнаваны, але наведацца туды трэба, пра архіў Сахнут-Бічэўскага, пра рукапісы і дакументы... І Магдаліне чамусьці стала сумнавата. Вось спецыяліст і задаволены... Даведаўся ўсё, што хацеў. Дзяўчына разумела, што яна сама больш не ўяўляе для яго цікавасці. Узнялася з канапы.
        – Што ж, дзякуй за піражкі, за Карла Карлавіча...
        – Я вас чымсьці пакрыўдзіў? – Кастусь стаяў перад Магдалінай.
        Дзяўчына адвяла вочы.
        – Ну, вы цяпер справіцеся без мяне... Вы спецыяліст...
        – Вось вы якога пра мяне меркавання... – Сташынскі глядзеў амаль што сумна. – Ну, што ж... Пераконваць не буду. Але ўсвядомце: усё, што я знайду, належыць вам. І рукапіс, і ўсё іншае... Я не змагу без вашае згоды гэта выкарыстаць.
        – А калі я згоды не дам? – недаверліва папыталася Магдаліна. – Калі забараню друкаваць усё, што тычыцца майго роду?
        Кастусь нават збялеў, на хвілю паверыўшы ў такую магчымасць.
        – Гэта будзе... прыкра. Але я стрымаю дадзенае слова, – памаўчаў, дадаў больш спакойна: – І ўсё-ткі вы так не зробіце. Я ведаю пра ваш учынак у Маскве. Магчыма, гэта быў з вашага боку капрыз, дзіцячая ўпартасць. Але іначай было б... ганебна.
        Калі Магдаліна апранала свой падсохлы плашч, у калідор вый-шла Кастусёва бабуля.
        – Спадзяюся, мой унук здагадаўся наліць вам другі кубак гарбаты? Або ён зноў нудзіў адно пра сваю навуку?
        Кастусь пачырванеў.
        – Бабуля, пакінь гарэзаваць. Гэта нявеста Марка Ялецкага, ну, памятаеш, таго журналіста з кракадзілавым дыпламатам. Ён прыходзіў, калі пра дзеда артыкул пісаў да Дня Перамогі.
        – Кракадзілавы дыпламат памятаю. Шкада, у нас партыі «зялёных» яшчэ не створана на такіх «аматараў дзікай прыроды». А нявеста – гэта прыгожа. Цяпер мужчыны гавораць або «мая дзяўчына», або «мая жонка». Ніякіх прамежкавых станаў. Заставайцеся, дарагая дзяўчынка, у сваім рамантычным статусе падаўжэй.
        – Бабу-уля! – зусім збянтэжыўся Кастусь і хапануў са стэлажа вялізны парасон з касцяной ручкай.
        Магдаліна яшчэ паспела ўбачыць, як Карлуша сеў на плячо Яўгеніі Іванаўне, і тая набыла незвычайнае падабенства з пракаветнай сівілай.
        На вуліцы Магда адзначыла сама сабе, што хоць бабуля – арнітолаг, у кватэры ніводнага птушынага чучала. Не было і клетак. Птушкі лёталі на фотаздымках, ды букет з шыкоўных пер’яў красаваўся ў вазе.
        Напэўна, Карлушу будзе там някепска.
        На падыходзе да ейнага дома Кастусь папярэдзіў, што як толькі нейкія звесткі будуць, ён паведаміць.
        А ля пад’езда Магдаліну чакаў Марк.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.