РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
ЛОГВІШЧА АДМІРАЛА
        
ЛОГВІШЧА АДМІРАЛА

        
        Англійскі адмірал Фрэнсіс Дрэйк быў піратам.
        Напачатку ён рабаваў няправільна – усіх, хто вёз багатыя тавары.
        Пасля перайшоў на правільны рабунак – пачаў пераймаць толькі караблі паганых іспанцаў. А гэта, згадзіцеся, зусім іншая справа. Нават калі выпадкам трапляўся пад руку героя і разявака-суайчыннік.
        Прафесар Ілья Яфрэмавіч Ялецкі быў аўтарытэтам па гісторыі марксізму-ленінізму.
        Гэта ў недасведчаным юнацтве ён з алоўкам у руках чытаў агента імперыялізму Піцірыма Сарокіна.
        Калі карабель з Піцірымам Сарокіным на борце і яшчэ з парай дзесяткаў буржуазных філосафаў ды пісакаў, выкрытых савецкай уладай, адплываў ад кранштацкіх берагоў, студэнт факультэта грамадскіх навук Беларускага універсітэта Ілья Ялецкі граміў падступную ідэалогію на падставе прац любімага настаўніка Льва Троцкага.
        А праз нейкі час, з палубы надзейнага карабля марксізму-ленінізму, малады таленавіты навуковец вёў прыцэльны агонь па здрадным трацкізме.
        Прафесару пераваліла за восемдзесят. Ён быў паважаны, мудры, непатапляльны чалавек.
        Марк яшчэ раз націснуў на кнопку званка.
        – Х-то там?
        – Дзядуля, гэта я, Марк. Адчыні.
        За дзвярыма памаўчалі.
        – Марк, гэта ты?
        – Ну я ж.
        – А хто з табою?
        Марк набраў у грудзі паветра, шумна выдыхнуў, каб стрымаць раздражненне, і ветліва працягваў дыялог праз дзверы.
        – Са мной Магдаліна, мая нявеста. Дзядуля, ты яе памятаеш. Мы прыходзілі да цябе зімой. Адчыняй.
        Але за дзвярыма, абабітымі чорнай скурай, зноў запанавала маўчанне.
        – А хто з вамі яшчэ?
        – Мой сябар, Канстанцін Сташынскі. Ён працуе ў Інстытуце гісторыі.
        – Не ведаю ніякага Сташынскага. – Зноў паўза. – Гэта ты, Марк?
        «Плённая» размова працягвалася яшчэ хвілін дзесяць. Нарэшце забразгалі замкі, пацягнула пахам лекаў. Між дзвярыма і сцяной паказаўся твар Оле-Лукойе, гэткага дабрэннага старэчы з наіўнымі блакітнымі вачыма і няўлоўнай хітрынкай. Так і здавалася, што ён зараз папытаецца: «Які парасон пакруціць над вамі, маладыя людзі? Чорны ці каляровы?»
        Праз тры гадзіны кампанія сыходзіла па лесвіцы ў самым змрочным настроі. Вядома, іх досвед абагаціўся сентыментальнымі ўспамінамі пра вабнасці опернай спявачкі Ларысы Пампееўны Александроўскай, запуск першага мінскага трамвая і хітрасці рыбалкі на ляшча, якога раней вадзілася ў Лошыцы – хоць рукамі лаві.
        Нельга сказаць, што прафесар ім у нечым адмаўляў. Марк нават перабраў з ягонай ласкі папяровыя завалы на антрэсолях. І цяпер Магда несла перад сабой, як партрэт нябожчыка, пустую папку.
         – Высцебаў, як дзяцей... – з міжвольным захапленнем падсумаваў Кастусь. – Задаеш пытанне, атрымліваеш адказ... Усё лагічна, грунтоўна, цікава... І зусім пра іншае!
        – Але ж папку знайшлі, – заўпарцілася Магда. – Значыць, і рукапіс павінен быць у Маркавага дзеда!
        Яны стаялі перад пад’ездам са стылізаванымі калонамі, ружовымі ад промняў вечаровага сонца.
        – Я ведаю, хто з ім можа плённа пагаварыць, – разважаў услых Кастусь. – Звярнуся да Івана Глебавіча... А можа, паспрабаваць праз інстытут?
        – Кінь, чалавеча. – У сонечных акулярах Марка люстравалася вечаровае неба. – Магу сцвердзіць дакладна – змесціва гэтай папачкі знішчана.
        – Адкуль ты ведаеш? – ускінулася Магда.
        – Ды ўжо ж ведаю... Там, на антрэсолях, такіх пустых кардонак штук сорак. Дзед нізавошта не стаў бы захоўваць у сябе падазроныя паперы. Калі не мог выкарыстаць – на лецішча і ў печку.
        – Не можа быць! – збялеў Кастусь. – Ён жа... навуковец! Не мог не ўсведамляць каштоўнасці...
        Марк толькі нявесела ўсміхнуўся:
        – Давайце канчаць з гэтымі доследамі. Рукапісу няма. Можна, вядома, прысвяціць рэштку жыцця пошукам. Але для чаго, сябры мае? Пачакайце абурацца, падумайце самі. Я не супраць, каб паперы былі знойдзеныя. Кастусь напіша новы артыкул, Магда ўзбагаціцца звесткамі пра свой радавод, і я буду хваліцца, што ажаніўся з наследніцай візантыйскіх імператараў. Але класціся плазам, нарывацца на непрыемнасці, марнаваць час, грошы, нервы – каб у якім філалагічным выданні з’явілася пару дзесяткаў каструбаватых вершаў?
        Кастусёў твар мяняўся, як неба на захадзе.
        – Вершы Валошкі не былі каструбаватымі.
        Марк паціснуў плячыма.
        – Прабачце за кашчуннасць, але гэта так – ні Ясеніна, ні Ахматавай, ні нават Маякоўскага ў беларускай паэзіі дваццатых не магло быць. Адны правінцыйныя варыянты Дзям’яна Беднага. Змяшай у кучу ўсе гэтыя іхнія вершаваныя руні ды палеткі ды паспрабуй адрозніць, якому Глебку-Жылку належыць, – не адрозніш! Ды яшчэ мова – нераспрацаваная, з русізмамі. Я не думаю, што тыя вершы будзе перапісваць у сшытак дзяўчынка, каб перачытваць і плакаць над імі. Наўрад ці юнак стане вучыць іх на памяць і ў яго будуць палаць шчокі і шчымець сэрца ад прагі жыцця і подзвігу. Не працытуе іх філосаф у роздуме пра жыццё і смерць. Творчасць таго пакалення, пры ўсёй павазе да яе, толькі кокан, шалупінне, з якога магла вырасці нацыянальная літаратура, вартая суседскіх. Так што не трэба перабольшваць. Няма «Чырвоных канвалій» – вазьмі ў бібліятэцы які «Васільковы россып» ці «Цэхавыя будні» і атрымлівай тую ж насалоду.
        – Нават калі вершы майго дзеда – не вершы генія, якое гэта мае значэнне? Паэт мае права на вяртанне. – Голас Магды тонка дрыжэў.
        – А ты хочаш зноў вылецець са студэнтаў? – Марк быў амаль жорсткі. – На журфаку таксама патрэбныя ідэалагічна правераныя студэнты.
        Кастусь, які дагэтуль упарта разглядаў асфальт пад нагамі, ускінуў галаву.
        – «О Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет! У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш...» Я чытаў гэты верш, і ў мяне палалі шчокі, і хацелася подзвігаў... А мая маці спявала мне, маленькаму: «Падаюць сняжынкі – дыяменты-росы, падаюць, бялюткі, за маім акном... Расчасалі вішні шоўкавыя косы і ўранілі долу снегавы вянок...» І яшчэ пра тое, як «шэпчуцца явар з калінаю ў сумнай даліне над ярам»... І вочы ў яе вільгатнелі. Але Магда мае рацыю, што паэт – геній ці не – мае права на вяртанне. Больш за тое – калі народ не вяртае сваіх паэтаў, мастакоў, сваіх мудрацоў і сваіх герояў, ён захворвае. Гістарычнае малакроўе – вось як я гэта называю.
        – Так-так... Народ – гэта глабальна. Такія дэкларацыі і мой дзядуля ацэніць. – Марк глядзеў проста ў неба, і па ягоных акулярах плылі ружовыя аблокі.
        Кастусь пачырванеў.
        – Можаш не верыць, казаць пра пафас, але... Калі я ўяўляю тых маладых людзей, іх наіўныя надзеі, і як яны спрачаліся, верылі, кахалі, я звязаны з імі наўпрост, нібыта мы ў карагодзе трымаемся за рукі. Яны бліжэй да мяне, чым ты, Марк. Пытаешся, дзеля чаго займацца пошукамі старых папер? А дзеля чаго яны, нашы равеснікі, аддалі свае жыцці, дзеля чаго маўчалі на допытах, апошнім намаганнем волі ратуючы не сябе – а тыя «паперы»? А нам страшна ці нецікава... – Кастусь пакутліва шукаў слоў. – Гэта... усё роўна як у буру не злавіць кінутую на бераг з чоўна вяроўку. І бура паглыне човен разам з тымі, хто на ім. Але яны – гэта і мы. Мне... проста балюча, калі нешта вартае патанае ў прорве часу. Як быццам адбіраецца асабіста ў мяне.
        – Хлопчык над прорваю ў жыце... – Ялецкі гаварыў без насмешкі – гэтага б Магда яму не даравала, – але з паблажлівым жалем. – Але ці паспрачаешся з Эклезіястам, гісторык? Род прыходзіць, род сыходзіць... І няма памяці аб ранейшым, як не будзе памяці пра нас. На целе гісторыі застаюцца не пацалункі, а шнары. Найдаўжэй памятаюць не вартых, а тых, хто найбольш уразіў чалавецтва. Як у Андэрсена – не мастак, які зрабіў цудоўны гадзіннік, а мацак, які яго разбіў, абвяшчаецца жаніхом прынцэсы.
        – Але прынцэса ўсё роўна засталася з мастаком... – нягучна прагаварыла Магдаліна.
        З пад’езда выйшла кабета з гаспадарчай сумкай, прайшла між маладых людзей, падазрона азірнулася. Асаблівы недавер у яе выклі-каў Кастусь са сваёй фрызурай-хвосцікам. Дзіўны хлопец ветліва пакланіўся, і кабета прыспешыла крок.
        – Час разыходзіцца, а то прымуць за дамушнікаў. Дзякуй, Марк, за дапамогу. Не сумуйце, прынцэса. Усе астатнія росшукі зраблю сам. Дарэчы, наша дамова ў сіле – знойдзенае належыць вам!
        Але прынцэса за гэты час прыняла рашэнне.
        – Буду шукаць разам з вамі!
        І Марк чарговы раз з горыччу пераканаўся, што ягоная жалезная логіка бяссілая супраць дзявочых капрызаў.
        Дом з жоўтай цэглы са стылізаванымі калонамі адплываў у заходзячае сонца, як пірацкі карабель. Ноч уздымала над ім чорны сцяг пераможцы, а ў кватэры на трэцім паверсе стаяў ля акна стары адмірал і з-за ледзь рассунутых фіранак трывожна назіраў за трыма фігурамі, якія адыходзілі ад ягонага пад’езда ў цёплы чэрвеньскі прыцемак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.