РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
АПОШНІ КАРНАВАЛ
        
АПОШНІ КАРНАВАЛ

        
        – Крыўдзіш, пане-браце! – Шляхціц у кармазынавым кунтушы падкруціў няцвёрдай рукою руды вус, які зараз жа бяссіла апусціўся, быццам зноў макнуўся ў чашу з гаспадарскім віном. Шляхетныя госці за ягонай спіной загулі разварушаным вуллем. Слова госця – закон! Госць у дом – шчасце ў дом!
        Гэта была кулага – «сармацкі» звычай нязванага гасцявання падчас каляднага карнавалу. Усё, што можна з’есці і выпіць у доме, знікала ў высакародных чэравах. Пасля чаго «аб’едзены» да мышынага галоднага віску гаспадар мусіў далучацца да кампаніі і пераязджаць у маёнтак наступнага небаракі.
         Але гаспадар гэтага маёнтка парушыў звычай. Пан Гаштольд Дарбут стаяў на высокім ганку з драўлянымі калонамі і паглядаў на гасцей разумнымі цёмнымі вачыма з-пад крыху абвіслых павекаў, ад чаго пагляд рабіўся вострым, як дзіда. І ўбор у яго быў не святочны – чорны жупан, зверху кунтуш таго ж колеру, падперазаны простым юлёвым пасам, адзінае ўпрыгожанне – жалезны пярсцёнак.
        – Пані-брацця, дзякую за шчаслівы візіт. Але, як бачыце, я ў жалобе – памерла дарагая мне сваячка...
        – Няўжо пекная пані Дарбутова? – жахнуўся падобны да аблезлага ката шляхціц з велізарным дыяментавым гузам на шапцы.
        Ганарлівыя вусны гаспадара з’едліва скрывіліся.
        – Хоць памерлая была маёй найдаражэйшай сваячкай, панства наўрад ці яе ведае. Яна жыла далёка ад вас, паны-брацця...
        – А ці не хоча пан Дарбут уяўнай сваёй жалобай унікнуць «шчаслівага візіту»?– пракрычаў нехта з-за чужых спінаў.
        Гаспадар паклаў руку на дзяржальна шаблі – яна адзіная з усяго ягонага ўбрання была прыўкрашаная каштоўнымі камянямі.
        – Хто лічыць мяне хлусам?
        Пытанне прагучала амаль мякка. Але госці, сярод якіх хапала задзірак, змоўклі, потым п’яна загулі:
        – Пане-браце не так зразумеў...
        – Няхай вашамосць прабачыць гарачыя словы... Жалоба, вядома. Усе пад Богам ходзім.
        Вазкі няпрошаных гасцей выехалі за вароты маёнтка. Гаштольд Дарбут змрочна назіраў за ад’ездам кулагі. З дома да гаспадара выйшаў светлавалосы хлопец, падобны да маладога Жытніка – залатыя, як калоссе, валасы, светлыя-светлыя вочы.
        – Пра якую нябожчыцу казаў ім пан Гаштольд?
        Гаспадар памаўчаў.
        – Пра волю. Не ведалі яе і ведаць не хочуць... Затапталі ў бруд. І не заўважылі.
        – Але сённяшні «абзэндэн» не прыбавіць вам папулярнасці ў акрузе, – дакорліва прагаварыў хлопец. – Кожны з тых нахабаў мае голас на сейміку. Нават Радзівілы не ганьбяцца ўлагоджваць гэты статак.
        – Сам гаворыш – «статак»... Не, Андрусь, не да твару мне заігрываць з быдлам. Я не пастыр, я паляўнічы. Пойдзем, зоймемся зборамі на інакшае застолле.
        Пан Гаштольд перакладваў паперы ў патаемных шуфлядках сакрэтніка з чырвонага дрэва. Па разной паверхні сакрэтніка плылі велічныя фрэгаты, парусы якіх надзімалі шчакастыя кудлатыя малойцы, апранутыя ніжэй пояса ў хмаркі. Адзін з іх, суровы паўночны вецер Барэй, меў няўлоўнае падабенства з гаспадаром.
        У дзверы кабінета нясмела пастукаліся. Пекная пані Дарбутова была нашмат маладзейшая за суровага мужа. Але яе зялёныя вочы глядзелі засур’ёзна для маладой дзяўчыны. Пані, нібыта вясельны каравай, несла на выцягнутых руках шаблю.
        – Вы маглі не рабіць гэта самі, – прамовіў мужчына, узяўшы зброю.
        Доўгія веі жанчыны здрыгануліся.
        – Мне хацелася ўбачыць вас перад ад’ездам.
        Гаспадар, стараючыся не сустрэцца з паглядам зялёных вачэй, паклаў старую шаблю на стол так беражліва, нібыта яна была жывая.
        – Вы ўпэўненыя, што Сапегі – тыя людзі, за якіх варта паміраць?
        Гаспадар уздрыгнуў, нібыта пытанне выцяла яго, адказаў, як пераконваючы сам сябе:
        – Яны абараняюць Літву ад Кароны.
        – Яны здрайцы. – Жанчына плыла па пакоі ў сваёй смарагдавай сукні, быццам фея Мятлушка з казкі пра забітага каралевіча. – Вы гэта ведаеце. Дамогуцца прывілеяў і кінуць усіх, каго звабілі.
        – Усё ведаю... Але не пайсці, калі клічуць памерці за айчыну, ганебна. На гэтай зямлі кожны павінен мець права маліцца ў той царкве, у якой маліліся продкі, і гаварыць на той мове, на якой яны гаварылі... – Гаспадар абарваў размову, усвядоміўшы, што пачаў разважаць, быццам мае справу з роўным. – Але гэтыя матэрыі занадта складаныя для вашай прыўкраснай галоўкі...
        – Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм... Ці пыл выгнання. Але... можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.
        Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы – аж збялелі...
        Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.
        – Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся?
        Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале. Прос-тую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне – вершнік на кані, з узнятым мячом.
        – Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.
        У дзверы зноў пастукаліся.
        – Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары.
        Пані Дарбутова спахмурнела.
        – Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?
        – Ён мужчына. І ён ліцвін. Шкадаванне недарэчы. – Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. – Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі...
        – Я рада, што выйшла за цябе...
        Голас пані мімаволі здрыгануўся...
        – Настуся! Прабач... Я так і не ўпаляваў табе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў...
        Ён – у чорным, і яна – у смарагдавым... На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце – па-за жыццём і смерцю... Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыне.
        – Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.
        Атрад быў невялікі – дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Нас-тасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе... Як у песні – «месячык з неба, зорку з палонкі – для пекнае пані, для чужое жонкі...».
        Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз – калі ўжо сеў на каня.
        – Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.
        – Я буду чакаць сустрэчы... На гэтым свеце – ці на тым.
        Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы...
        Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі. Можна было больш не бунтавацца. Шкада, гэтага не зразумелі асобныя гарачыя галовы. Мала ім прывілей, а заманулася незалежнасці ад Кароны. Такія бунтаўшчыкі не былі патрэбныя ні Кароне, ні Літве.
        Шляхціц Гаштольд Дарбут за «няіставыя ўчынкі» супраць польскіх войскаў быў асуджаны да зняволення ў вежу. Ад чаго ён памёр там, судовыя паперы не расказваюць. Занатавана – «па волі Божае».
         Пані Дарбутова засталася ўдавой. Суседзі празвалі яе «чорная пані» – дзівачку бачылі толькі ў чорных «сармацкіх» строях.
        Пра маладога Андруся Сташынскага ніякіх вестак гісторыя не захавала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.