РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
АГОНЬ І ЖАЛЕЗА
        
АГОНЬ І ЖАЛЕЗА

        
        Марк прынёс Магдзе белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.
        – Ну што, у разліку?
        Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст.
        – Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.
        – А паперы з гільзы? – азваўся Кастусь.
        – А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. – Вочы Цяпы таксама ненатуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева быў прынёс...
        – Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў...
        – А я фантазёр.
        Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці. Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.
        – Што вы хочаце яшчэ атрымаць? – Кастусь стараўся быць спакойным.
        – А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відовішчаў! – Голас смуглявага гучаў лена. – На хлеб мы ад вас атрымалі... Цяпер нам патрэбныя відовішчы.
        Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя.
        Цяпа спыніў іх:
        – Каханне і смерць... Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз... Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі – прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін – і паперы вашыя.
        – Цяпа ў нас паэт! – горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.
        – Гэта проста пераходзіць усе межы! – зароў Марк. – Ану, пайшлі адсюль!– і тузануў Магду за руку.
        – Стрыптызу не будзе. А што за другім разам?– гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.
        – Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.
        – Па якіх правілах?
        – Сам-насам, да першай крыві.
        – Неціка-ава. Давайце да трэцяй, – працягнуў хтосьці з падлеткаў.
        – Да сёмай! Гэта крута!
        – Добра, давайце да сёмай...
        Святло ліхтара ля касцёла дазваляла разглядзець, як блішчаць вочы чалавекаў у скуранках.
        – Ды ці маеш патрэбнае нам?
        Адзін з хлапчукоў – яго зусім разабрала «траўка», так што хістаўся чарацінай, – дастаў з чорнага пакета пляскатую кардонную каробку і працягнуў смугляваму. Той няспешна зняў накрыўку.
        – Вось... Падыдзі зірні...
        Кастусь коратка ўздыхнуў:
        – Яны...
        – Вы сабе як хочаце, а я ў гэтым шоу не ўдзельнічаю. – Голас Марка грымеў на ўсе могілкі. – У мяне яшчэ дваццаць рублёў ёсць, бярыце, і разышліся.
        Цяпа скрывіўся:
        – Схавай грошы, дзядзька. Давай, Сева, падпалі паперкі. Відаць, пакупнікам яны без патрэбы.
        На рагу першага аркушыка расцвіла чырвоная кветка...
        – Марк, Магда, ідзіце дамоў, – цвёрда сказаў Кастусь. – Гэта ўжо мая справа. – І да смуглявага: – Давай пагуляемся ў ножычкі.
        Смуглявы задаволена ўсміхнуўся і пацягнуў маланку на скуранцы.
        – Распранайся да пояса...
        – Не трэба! Лепш я... – Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыготкімі рукамі пачала расшпільваць куртку.
        – У-у-у! – зацікаўлена загулі падлеткі.
        Але Кастусь раўнуў:
        – Калі ты зараз гэта зробіш, я буду гуляць у ножычкі з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!
        Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх дагнаў адзін з хлопчыкаў.
        – Вы... гэта... міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі... А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было.
        Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей... Дарэмна. Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што, калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя, і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.
        Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.
        – Се-ем!
        Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прыса-дзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.
        Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца... Між магілаў павольна рухалася чыясьці постаць...
        – Кастусь! Што з табой?
        У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае, – спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.
        – Усё нармальна... Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог – чатыры – тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.
        – Прыдурак! – прашыпеў скрозь зубы Марк. – Паперы дзе?
        – Тут... – Кастусь паказаў на заплечнік.
        – Давай... Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў.
        Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.
        – Магдаліна, пайшлі...
        – А ён?
        – О Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!
        Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:
        – На табе тры рублі на таксі.
        Той адмоўна пакруціў галавою.
        – Дзякуй, свае ёсць. І заўтра вярну дзвесце рублёў.
        Ялецкі толькі фыркнуў:
        – Янку свайму вернеш. Ягоныя грошы.
        Магда вырвала руку з рукі жаніха.
        – Якое таксі... З яго ж кроў капае!
        – Перажыве...
        
        На асветленай вуліцы Кастусь прагаварыў, гледзячы ў зямлю:
        – Даруйце, калі ласка... Бывай, прынцэса.
        І пайшоў...
        І яны ўжо ніколі не...
        Гэта сапраўды горш за смерць!
        – Кастусь! Пачакай!
        Магда расшпіліла куртку, сарвала з сябе, працягнула Марку.
        – На... І аддай мне, калі ласка, паперы дзеда. Я іду з ім. З Кастусём.
        Марк не зрэагаваў, толькі здзіўлена падняў бровы.
        – Магдаленка, я ўжо прывык да тваіх выбрыкаў. Але мусіць жа быць мяжа? Не забывай, што мы пачалі сямейнае жыццё.
        Але Магда наблізілася да Кастуся, і яе зялёныя вочы палалі.
        – Ты кахаеш мяне?
        Кастусь памаўчаў і сказаў вельмі проста:
        – Я б памёр за цябе, – зірнуў на Ялецкага: – Прабач, Марк. Я праўда гэтага не хацеў.
        – Ты проста нягоднік, – пагардліва азваўся той і звярнуўся да нявесты: – Магда, не дуры. Пасля сама будзеш вельмі шкадаваць.
        – Прабач, Марк. Можа, я і пашкадую, але...
        – Ты не пашкадуеш, прынцэса!!!
        Кастусь схапіў дзяўчыну на рукі, падняў над сабой, закружыў:
        – Я хачу тры сыны-каралевічы і тры дачушкі-прынцэсы!
        – На сваю мэнээсаўскую зарплату карміць іх будзеш?– Сталёвы голас Марка вярнуў закаханых на зямлю.
        Магда падбегла да жаніха – абразліва шчаслівая.
        – Марк, міленькі, я нічога не магу змяніць. Ты мужны, добры... Аддай мне рукапіс і... даруй.
        У прывідным святле ліхтара твар Марка здаваўся сапраўды высечаным з каменю.
        – Гэта мая памылка. Трэба было зрабіць цябе жанчынай. Ты ж усё роўна вернешся да мяне! Хто яшчэ будзе з табою так нянькацца? А паперы, прабач, я пакіну сабе.
        – Чаму? – разгубілася Магда.
        – Таму што напачатку імі павінны заняцца адпаведныя органы. А то налятуць зараз усялякія энтузіясты з хвосцікамі...
        Кастусь неўразумела паспрабаваў усміхнуцца:
        – Марк, ты жартуеш?
        – Мне не да жартаў, як ты мог бы здагадацца.
        Кастусь збялеў.
        – Гэта... гэта подла!
        Магда маліла:
        – Марк, дарагі... Я разумею, гэта тваё самалюбства... Але столькі жанчын мараць пра такога мужчыну, як ты! Ты для мяне проста занадта добры. Я не падманвала – я проста не ведала, што такое каханне. Прашу, не рабіся ворагам. Ты ж не хочаш сапраўды перадаць паперы майго дзеда гэтым...
        – Не толькі хачу, але і павінен, – важка, нават насмешна сказаў Марк і рушыў да аўтобуснага прыпынку.
        – Стой! – кінуўся ўслед Кастусь. – Аддай рукапіс!
        – Забяры, падонак, як забраў маю нявесту! – Марк раптам зрабіў рэзкі рух рукой, і Кастусь сагнуўся напалам, хапаючы ротам паветра. Але зноў дагнаў Марка...
        Яшчэ хвіля, і яны ўдвух пакаціліся па зямлі... Марк падмяў пад сябе хлопца і біў з такой злосцю, што Магда падумала – заб’е... Але вось наверсе – Кастусь...
        – Магда! Дыпламат!
        Дзяўчына кінулася да Маркавага чамаданчыка, паспрабавала ад-крыць...
        Проста ля іх спынілася міліцэйская машына. Трое здаровых міліцыянтаў расцягнулі ваякаў.
        – Супакоіцца! Вашы дакументы!
        Марк дастаў з задняй кішэні нагавіцаў чырвоную кніжачку, разгарнуў... Міліцыянт, што трымаў Ялецкага за каршэнь, адышоўся і разам з двума саслужыўцамі ўзяў пад казырок.
        – Якія будуць распараджэнні?
        Марк змрочна абтрос безнадзейна сапсаваны касцюмчык.
        – Забярыце ў дзяўчыны дыпламат. Давайце сюды... – Адчыніў, упэўніўся, што каробка на месцы. – Завязіце мяне на Валадарскага.
        – А з гэтымі што рабіць?
        Ялецкі азірнуўся на Магду і Кастуся. На хвілю яго вочы бліснулі нянавісцю і жорсткая ўсмешка перакрывіла вусны. Але змянілася стомай.
        – Адпусціць...
        Машына ад’ехала. Цікаўныя, што на разумнай адлегласці назіралі за сцэнай, расчаравана вярнуліся на прыпынак. А пацалункі, абдоймы – падумаеш, відовішча...
        Яны пайшлі пешкі. Праз аксамітную цемру – дзве іскрынкі, якія свяціліся адна для адной. Час ад часу яны спыняліся і зліваліся ў адну.
        – Я б цяпер пераплыў Дняпро! – мройна прагаварыў хлопец.
        – А мне б цяпер хлеба з салам, – гэтак жа мройна прагаварыла дзяўчына, прыхінуўшыся галавой да пляча свайго спадарожніка, і рассмяялася: – А яшчэ кажуць, што каханне адбірае апетыт!
        – Дык у мяне ж засталіся піражкі, што ты не даела! – узрадаваўся хлопец. – Адзін знойдзецца для прынцэсы напэўна...
        Кастусь палез у свой заплечнік і раптам замёр.
        – Што з табой? – спалохалася Магдаліна.
        – Ты ведаеш... Цяжка паверыць, але... Марк, здаецца, забраў пакет з тваімі піражкамі!
        – Ты хочаш сказаць...
        – Вось ён, рукапіс!!!
        У святле ліхтара Магда прачытала першыя радкі, напісаныя на пажаўцелай паперы цвёрдым круглым почыркам, і ледзь не выпусці-ла сшытак:
        
         Толькі магілы ёсць у мяне.
         Траву па-над імі вецер кране...
        
        Можа, гэта сон? Гэта ж яе вершы?!!
        Але далей ішло іншае:
        
         Я да сваіх не ўздымуся нябёс.
         Толькі магілы – шлях мой і лёс.
         Бедны нашчадак, за спадчыну гэту
         Не папракай небараку-паэта.
         Разам з табой на пагост уздымусь.
         Спіць у магілах мая Беларусь.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.