РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
ГІСТОРЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА
        
ГІСТОРЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

        
        Гэта было ў панядзелак, а дзесятай раніцы, калі кожны самавіты грамадзянін мусіў шчыраваць на працоўным месцы, дадаючы мёду ў грамадскія соты. І мала хто задумваўся пра хуткае прышэсце пчаляра з дымаром.
        У гэты дзень Магдаліна ўпершыню запляла валасы ў дзве тоўстыя кароткія касы. Правую перацягнула жоўтай гумкай, а левую – фіялетавай.
        Швэдар быў звычайны, доўгі, цёплы... Таму проста неабходна было надзець пад яго кароткую спадніцу ў краткі і вязаныя ў палоску гетры.
        Але вязаныя ў палоску гетры – гэта ведае кожная інтэлектуальная кабета – валодаюць здольнасцю вяртаць легкадумны настрой.
        І Магдаліна, замест таго каб пайсці ва універсітэцкі аддзел кадраў, дзе яе чакаў Марк, рушыла ад свайго пад’езда зусім у іншы бок. Аблачынкі над ёй штурхаліся, наплываючы на сонца, ветрык гладзіў па косах, мінакі касавурыліся на паласатыя гетры, і зусім не абавязкова было займацца справамі.
        – Магдаліна! Пачакайце!
        Ад аўтобуснага прыпынку з другога боку вуліцы бег хлопец у джынсавай куртцы. «Спецыяліст» Кастусь Сташынскі! У Магды не было ніякага жадання з ім сустракацца, але не ўцякаць жа...
        – Ледзь знайшоў вас! Марку званіў – той мяне проста паслаў. Добра, наш агульны знаёмца ўспомніў, што ваш дом нібыта насупраць гэтай кнігарні...
        Магда змрочна вывучала трэшчынку ў шэрым сухім асфальце, з якой паказваліся зялёныя дзюбкі травы, і нецярпліва пастуквала наском чаравіка. Няўжо ён не заўважае, што яна не хоча з ім размаўляць?!
        – Я праверыў тыя старонкі! Ёсць стары спосаб выяўляць напісанае нябачным атрамантам – патрымаць паперу над парамі ёду. Тры бутэлечкі ёду звёў! Я ўпэўнены – на тых аркушах сапраўды нешта было напісана!
        Магдаліна недаверліва зірнула на ўсхваляванага суразмоўцу, амаль жадаючы, каб ён жартаваў. Але цёмныя вочы Кастуся глядзелі сур’ёзна.
        – Цяпер на лістах ясна відаць сляды пяра. Але разабраць, што там было напісана, ужо не зможа ніхто, хіба асобныя словы. Я спецыяльна кансультаваўся. Аўтар запісу націскаў на пяро ледзь-ледзь, а апошняя старонка ўвогуле не прачытваецца. Ёсць такі атрамант... У ім пачынаецца хімічная рэакцыя, калі трапляе на святло. Кнігу вам перадалі загорнутую ў нешта шчыльнае?
        Магда няўпэўнена пацвердзіла:
        – Так... Зверху былі газеты, а знутры такая чорная папера, відаць, пакет ад фотапрыналежнасцяў.
        – Ну вось...
        – Лухта нейкая! – не здавалася Магдаліна. – Які сэнс пісаць святлоадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.
        – Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, – заківаў Кастусь. – Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель ведаеце на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілінаў пяць, чытаючы? Так?
        – Ну, напэўна...
        – А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?
        Магда задумалася.
        – Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць...
        – Каб вы іх запомнілі! – усхваляваўся Кастусь. – І... вы помніце, праўда?
        У Магдаліны раптам закружылася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць...
        – Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! – і рушыла подбегам – зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталяванага, абароненага жыцця.
        Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.
        – Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю?.. – Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. – Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць прыступ.
        Магдаліна злосна прыкусіла губу. А Кастусь працягваў вельмі сур’ёзна:
        – Год таму я быў у камандзіроўцы ў раённым музеі. І там выпадкова даведаўся, што ў адной мясцовай сям’і захоўваецца рукапіс філосафа дзевятнаццатага стагоддзя Альгерда Андрыеўскага. У тысяча восемсот шэсцьдзесят трэцім ён, як і ваш прадзед, біўся на баку інсургентаў, быў паранены, схоплены і пасаджаны ў Бабруй-скую крэпасць. Там і памёр. Ягоны маёнтак перайшоў ва ўладанне таго, хто выдаў інсургентаў... – Цяпер Магда слухала, стаіўшы дыханне. – Пра Андрыеўскага забыліся. Рукапіс захоўваўся ў нашчадкаў здрадніка. Адзіны ацалелы рукапіс! Разумееш? Адзіны! І калі і ён знікне, мая Беларусь акажацца збяднелай яшчэ на адно імя. А іх столькі ў яе адабралі! І гэты чалавек... Ён сягаў думкай у будучыню чалавецтва, а ад яго на роднай зямлі, за якую аддаў жыццё, не застанецца нічога! Зусім нічога! Ты адчуваеш, як гэта несправядліва? – Кастусь гаварыў так горача, што на іх з Магдай пачалі азірацца. Хлопец суцішыў голас: – У сям’і паважаных, заможных людзей мяне сустрэлі, як быццам я абакраў мясцовую царкву. Як я зразумеў, у тым родзе з пакалення ў пакаленне перадавалася варожасць да былой ахвяры. Псіхалагічныя штучкі – пачуццё віны спараджае нянавісць да бязвінна пакрыўджанага. Карацей, я і грошы прапаноў-ваў, і страшыў Акадэміяй навук, і прасіў па-чалавечы. І зразумеў, што яны зараз жа, як я пайду, гэты рукапіс, якому раней не надавалі ніякага значэння, знішчаць. Проста цуд, што яны не зрабілі гэтага раней! Адзінае, што прыходзіць у галаву, – колішнія ўладары маёнтка захоўвалі «кампрамат» на законнага ўладальніка. І хоць маёнтка даўно не стала і сутнасць справы забылася, спадчыннікі па традыцыі рукапіс хавалі. І я яго... скраў.
        – Нічога сабе! – не вытрымала Магдаліна. – Гэта ж... нядобра!
        Кастусь злёгку пачырванеў.
        – Я разумею, што нядобра... Але я паклаў у той куфэрак пяцьдзесят рублёў – усё, што меў. Дый злодзей з мяне аказаўся ніякі – дагналі, далі ў каршэнь... Добра, у міліцыю не пацягнулі. Але рукапіс я абараніў. І з дакладам пра Андрыеўскага мяне нават запрашалі на канферэнцыю ў Чэхію.
        – Гэта ўсё азначае, што вы ад мяне не адчэпіцеся, – задумліва, але без варожасці прагаварыла Магдаліна.
        Кастусь моўчкі хітнуў галавою.
        Магдаліна тузанула сябе за касу.
        – Мне трэба падумаць... Можа, што-небудзь і ўспомню...
        У аўтобусе, які вёз яе да дабрадзейнага Марка, Магда чамусьці сцягнула з кос жоўтую і фіялетавую гумкі, і яе валасы ляглі звыклай неахайнай капой.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.