РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
ЛІСТ ЗАСТАЕЦЦА Ў СНЕ
        
ЛІСТ ЗАСТАЕЦЦА Ў СНЕ

        
        Такія хлопцы ніколі не падабаліся Магдаліне. Ён глядзеў на яе ветліва, але неяк... суха, ці што? Без той «паляўнічай» іскрынкі, якая мімаволі запальваецца ў вачах у мужчыны пры поглядзе на прыгожую дзяўчыну і якую Магдаліна, хоць раздражнялася роллю «аб’екта палявання», прывыкла сустракаць у вачах суразмоўцаў.
        На Марка, на яе самавітага, інтэлектуальнага Марка Ялецкага, хлопец пазіраў трохі з большай цікавасцю, але таксама без асаблівае павагі. А між тым зазвычай нават пры першым знаёмстве з Маркам размаўлялі неяк па-асабліваму. Японцы сказалі б: «У яго ёсць свой тыгр». Але гэты маладзён у заношанай джынсавай куртачцы, ды яшчэ з доўгімі валасамі, сцягнутымі на патыліцы ў куртаты хвосцік, як чамусьці раздражнёна вырашыла Магдаліна, занадта многа пра сябе думаў. А кабінет у яго – не большы за грузавы ліфт. Няйначай, былая кладоўка. Толькі і ўлез пісьмовы стол, завалены папкамі, ды шафа. І ўсё абклеенае кепскімі ксераксавымі копіямі сярэднявечных гравюр.
        Няўжо так можа выглядаць «выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі», як рэкамендаваў яго Марк?
        Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фота-здымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.
        – Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель... Янук Хмель... У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»... І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое – па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым годзе. Пра Дарбутаў ведаю шмат – але пра тых, што бралі ўдзел у паўстанні шэсцьдзесят трэцяга. Дваіх з гэтага роду тады расстралялі, і чацвёра ці пяцёра былі сасланыя. Вы, значыць, іх спадчынніца...
        Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.
        – Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, – незадаволена спыніў знаёмца Марк. – Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.
        – Колькі разоў табе казаць, – цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. – Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.
        – Затое я магу, – не вытрымала Магдаліна. – Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!
        – Ты адкуль гэта ўзяла? – уразіўся Марк. – Нічога раней не гаварыла!
        – Я сама толькі два дні таму даведалася... Вось... – Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага... Характар у таго, відавочна, кепскі, але... Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам...
        – На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.
        Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.
        – Нешта я не бачу тут запісаў, – нарэшце незадаволена сказаў Марк.
        Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.
        – Вось тут, у самым канцы...
        І аслупянела. Лісты былі на месцы. На месцы была назва «Для зацемак». Але пад ёй не было нічога! Ніводнага радка! Чыстыя пажоўклыя старонкі!
        – Яно было напісана тут... – прамармытала Магдаліна, гладзячы дрыготкімі пальцамі паперу.
        Марк раз’юшыўся.
        – Ну, усё... Дайшла са сваімі дзядамі... «Нашчадак візантыйскіх імператараў»! Хутка будзеш на сценах касмічныя пасланні чытаць. Давай сюды... – Ён груба выхапіў з рук Магдаліны кнігу. – Пайшлі...
        Дзяўчына бязвольна рушыла за жаніхом.
        – Чакайце! – ірвануўся за імі Кастусь. – Дайце мне гэтую кнігу! Хоць на дзень! Я яшчэ пагляджу!
        Марк злосна сунуў яму ў рукі зялёны томік.
        – На, вывучай... Можа, якое пасланне праявіцца. І ўсе астатнія дакументы твайму інстытуту перадамо. Рабіце што хочаце. А мне трэба гэтую дзеўчынёху да нармальнага стану прывесці. І крумкача гэтага паганага сплаўлю ў жывы куток.
        Магдаліна выпадкова заўважыла, што фанабэрысты Сташынскі стаіць у дзвярах свайго кабінеціка і глядзіць ім услед, прыціскаючы злашчасную кнігу абедзвюма рукамі да грудзей.
        Дзяўчыне аж закарцела на развітанне выкінуць нешта адпаведнае свайму вар’яцкаму статусу – гаўкнуць на гэтага цікаўніка, ці што...
        Добра, стрымалася.
        Назаўтра была субота, і Марк павёз яе за горад, на пікнік. Калісьці яны любілі падобныя вылазкі. Але з мінулай вясны, калі выбухнуў рэактар у Чарнобылі, на прыродзе Магда пачувалася няўтульна. Тады многія напалохаліся – пілі ёд, накапаны ў шклянку з вадою, не адчынялі фортак... Марк нават прынёс Магдзе дзве таблеткі ад радыяцыйнага апраменьвання. Такія таблеткі захоўваліся ў індывідуальных аптэчках грамадзянскай абароны – на выпадак, калі вораг скіне атамную бомбу. Але пасля першых звестак аб аварыі выратавальныя лекі былі апячатаныя. Каб панікі не было. Знаёмы Марка ў сваім даследчым інстытуце ўзначальваў сектар грамадзянскай абароны і ўласнаручна мусіў апячатваць сховішча з аптэчкамі. Вось яны з парторгам і ўхапілі сабе па дзесятку пігулак.
        Магда заглынула таблетку адразу, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.
        Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяя-ліся з тых, хто працягваў змагацца з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.
        Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону... Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.
        І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары – Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце – інжынер-канструктар, асабліва хва-ліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік – бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.
        І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду – толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква – Мінск. Нават цешыць самалюбства – мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!
        Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.
        – Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Nevermore», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, – зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.