РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
КАЛІ РАЗБІВАЮЦЦА КРЫЖЫ...
        
КАЛІ РАЗБІВАЮЦЦА КРЫЖЫ...

        
        Першыя таполевыя сняжынкі плылі па скверы маленькімі прывідамі.
        – Вось тут быў склеп... Тут і тут...
        Кастусь вадзіў пальцам па аркушы з акуратна перамаляваным планам.
        – Дарэчы, бабуля перадала табе піражкі... З капустай. – Ён дастаў з джынсавага заплечніка каробку ад вафельнага торта, загорнутую ў чорны пакет. – Ад Карла Карлавіча сардэчнае «кар».
        – Яшчэ цёплыя... – Магдаліна не вытрымала, выхапіла прысмаку, як сто гадоў не еўшы, адкусіла: – Дзякую!
        – Таму я збіраюся зараз на Кальварыю. Хмель пісаў пра гільзу... Калі паперы ў ёй, ёсць шанц, што захаваліся. Узяць шчуп, як у археолагаў... Можа, камяні ад падмуркаў знойдзем... А ў гонар чаго чырвоная сукенка? Нібыта першамайскія святы прамінулі.
        Добра, што ў гэты момант Магда не паспела адкусіць наступнага кавалка – так раззлавалася. На сябе, бо няёмкасць і шчымленне не праходзілі, і на гэтага нахабу, якому так лёгка і проста.
        Адказ гучаў выклікам:
        – Мы з Маркам раніцай падалі заяву ў загс.
        Цёмныя вочы Сташынскага толькі трохі прыжмурыліся – нібыта пільней у яе ўглядаўся.
        – Віншую. Вы цудоўная пара. Нявесты колісь былі менавіта ў чырвоных сукенках. Мода на белыя пайшла ад Марыі Цюдор, калі яна выходзіла за французскага прынца.
        – У мяне проста другой сукенкі няма, – скрозь зубы працадзіла Магдаліна. – Я сукенак і спадніц не люблю.
        І ўсё... І ён далей разважае пра магілы ды скляпенні. А чаму Магдзе балюча? Дурніца! Заўсёды ж ведала, што гэты насмешнік зусім ёю не цікавіцца. Ды і яна ім. Гэта ейнае самалюбства вярэдзіць.
        – Слухай, раз ты вучылася ў Літаратурным інстытуце, што ты пішаш?
        Магда нават разгубілася.
        – Артыкулы. Крытычныя.
        – Які з цябе, прабач, крытык? Ні ведання, ні досціпу, ні «рытуальнай злосці». А што для душы?
        І Магда нечакана сказала:
        – Я вершы пішу.
        – Прачытай.
        У паэткі зашумела ў вушах. Марку яна не паказвала свае рыфмаваныя спробы ўжо даўно, з тых часоў, як ён сказаў, што паэта з яе не выйдзе. І нікому не паказвала... Можна ўявіць, як спляжыць іх гэты «спецыяліст»... Але радкі, як прызнанне злачынцы, чамусьці самі рваліся з вуснаў, чамусьці адчувалася: пры гэтым хлапцу – можна:
        
         Толькі магілы ёсць у мяне.
         Траву па-над імі вецер кране,
         І адгукнуцца сурмы нябёс.
         Як над магілаю дрэва – мой лёс.
         Я паўтараю вашы сляды,
         Я разбіраю почырк сляпы,
         Кветкі сплятаю, словамі ўю.
         Я вас не бачыла. Я вас люблю.
        
        Яна чытала яшчэ і яшчэ. Кастусь не лгаў. Ён не захапляўся, не рабіў заўваг. Сядзеў і слухаў. Што тут такога? Птушка спявае. Таполя рассявае белы пух. Магдаліна чытае свае вершы.
        – Запомні, – амаль жорстка сказаў Кастусь. – Цябе не павінна турбаваць, што скажу я ці хто іншы. Слухай сябе. Ты яшчэ дзіця. Але ў цябе пачалі расці крылы. А яны альбо ёсць – альбо іх няма. І ніколі не будзе. Імітацыя палёту, папяровыя самалёцікі, вышыня трыбуны відочныя гэтак жа, як відаць, што чалавек сляпы... Не бойся і не саромся сваіх вершаў. Яны крылатыя істоты.
        – Але мне страшна, – прашаптала Магдаліна. – Чамусьці тое, што да мяне прыходзіць, такое сумнае... Можа, гэта ад таго, што я пачала пісаць на беларускай мове?
        – У рускага паэта Георгія Адамовіча ёсць выказванне: «Грусть мира поручена стихам. Не будьте же изменниками». Так што не бойся. І... пачытай яшчэ.
        А па скверы ішоў Марк Ялецкі. Нібы не заўважыўшы Сташынскага, загаварыў да Магды:
        – Добра, што тваю сукенку відаць за квартал. Я, між іншым, столік у кавярні замовіў. А ты... – павярнуўся да Кастуся, не хаваючы раздражнення, – адчапіўся б ужо ад дзяўчыны.
        Кастусь узняўся з вінаватым выглядам, ускідаючы джынсавы заплечнік за спіну.
        – Прабач, Марк... Але я не ведаў, які ў вас дзень, пакуль Магдаліна не прызналася. Віншую вас.
        – Кастусь! Вы на Кальварыю? – затрымала яго Магда і зірнула на Марка такімі зялёнымі вачыма, што пярэчыць было нельга. – Марк! Пойдзем з ім! Гэта апошні след!
        У шатах дрэў сноўдалі вароны. Усе планы былі дарэмныя. Нябожчыкаў тут пачалі хаваць нашмат раней, чым месца сталася афіцыйнымі гарадскімі могілкамі. Гэта быў некропаль-лабірынт, дзе магілы былі над магіламі, а памяць жабравала на пагосце.
        На Кастусёвым плане значыліся тры склепы справа ад касцёла. Ад аднаго застаўся падмурак, на месцы другога – паўзарослая яміна ад бомбы. Трэці, ацалелы, не меў блакітнага трохкутніка. На сметніцы ля цаглянай сцяны валяліся ржавыя крыжы, парудзелыя вянкі і расколатая мармуровая пліта з магілы былога мінскага губернатара. Карціну дапаўнялі свежыя яміны і барозны, быццам тут нядаўна гізавала сям’я дзікоў.
        – Ну, што, будзем магілы Кастусёвай драцінай пароць? – з’едліва азваўся Марк. – Ар-рыгінальна я святкую заручыны.
        Кастусь моўчкі садраў газеты са сталёвага шчупа – штыра метр даўжынёй, з разметкай і завостраным канцом. Магда ўявіла, як гэты завостраны канец уваходзіць у мяккую магільную зямлю і ў... Не, далей лепш не дадумваць.
        – Давайце напачатку ў той, ацалелы, склеп!
        – Прыкметы не супадаюць, – змрочна сказаў Кастусь. –Дый мінулы раз замок вісеў. У тым склепе трунары ды прыбіральшчыкі свае прылады звалілі.
        – Склеп перабудоўвалі – увесь як у латках. Наверсе, ля даху, закладзена старымі цаглінамі. Нібыта і са слядамі фарбы ёсць... – Магдзе надта не хацелася пачынаць пошукі сярод магілаў.
        На здзіўленне Кастусю замок вісеў на клямцы, зачапіўшыся зламаным рогам. Унутры кавалкі старога лінолеуму, скрынкі, цэгла, рыдлёўкі, гнілыя анучы, бляшанкі ўтваралі на земляной падлозе кратэры і рыфы. Але ў гэтым адчуваўся парадак – падабенства ложкаў, пасярэдзіне нібыта столік з кавалка фанеры і цаглін. Пад «сталом» тры некранутыя бляшанкі рыбных кансерваў.
        – Бамжы начавалі, – грэбліва скрывіўся Марк, падфутбольваючы нагой пустую бутэльку.
        – Ды не, бамжы калоцца не будуць. Вунь шпрыцы... І піва з бляшанак не п’юць, – запярэчыў Кастусь. – А вось і правы кут... Ну і яміна! Ды што тут рабілася, гранату ўзрывалі, ці што?
        – Вось гэтую?– Магдаліна трымала ў руках дзве жоўтыя жалязякі.
        Кастусь выхапіў знаходку:
        – Паловы ад снарада! Яшчэ першай сусветнай!
        Марк узяў адну з жалезак:
        – І праўда. Стодваццацідвухміліметровы. Такімі з нямецкіх гаўбіц білі.
        Магдаліна кінулася перабіраць смецце:
        – Шукайце ж! Яны былі тут, паперы! У гэтым снарадзе!
         Пошукі цягнуліся ўжо трэцюю гадзіну. Чэрвеньскі дзень доўгі, але ж і ён мусіў скончыцца. Вечарэла. Маладыя людзі нагадвалі ахвяр залатой ліхаманкі. Нават касцюмчык Марка, як гаспадар ні ашчаджаў яго, маляўніча прыўкрасілі брудныя пісягі.
        – А-а-а! Га-га-га!
        Гарлалі не вароны. Крык даносіўся з краю могілак. Вароны хмарай узляцелі над шатамі, але іх карканне не магло заглушыць галасоў прыхадняў.
        Людскія постаці рухаліся між помнікаў, быццам гулялі ў дзіўную гульню. Спыняліся, падскоквалі, тузаліся, набліжаючыся да склепа...
        – Яны крыжы на помніках ламаюць, гады! – Кастусь рынуўся напярэймы.
        – Магда, дай мне руку! Сыходзім! – Марк пацягнуў дзяўчыну ў супрацьлеглы ад крыку бок.
        Магда ўпіралася і крычала:
        – Кастусь! Стой! Пачакай! Мы міліцыю паклічам!
        – Ідыёт твой Кастусь! Ты не будзь ідыёткай! Бяжым!
        Але постаці ў чорных скураных куртках з заклёпкамі абкружылі Магду і Марка. Яны не былі страшныя – падлеткі ў скуранках. Сімпатычныя твары, дагледжаныя, спартыўныя целы... Страшнымі былі вочы. Пустыя, як у аглушанай рыбіны.
        – Вашыя дзяды тут таксама могуць ляжаць. – Кастусёў голас зрываўся ад гневу.
        Магда зірнула з-за Маркавага пляча. Гісторык, неяк дзіўна выпрастаўшыся, ішоў між двух падлеткаў, якія быццам па-сяброўску да яго прыціскаліся. Раптам Магда зразумела, што яму заламалі рукі. Дзяўчына не паспела ні спалохацца, ні ўсвядоміць, што адбываецца: так імкліва ўсё здарылася.
        Адзін з прыхадняў зароў:
        – Яны ў нашым склепе капаліся!
        Хутка са склепа данесліся лаянка і выццё. Няўжо з-за кансерваў хвалююцца?
        – Ампулы дзе?!!– Вочы іх зрабіліся зусім белыя.
        – Умазку нашу забралі!
        – Ды яны мянты!
        Магда нічога не разумела. Да Марка падышоў хлопец у скуранцы. Ён быў нашмат старэйшы за пуставокую дзятву. Смуглявы твар з жаўцізной. І вочы не шалёныя, як у тых. Разумныя, нават сумныя вочы. Як у добрага гаспадара, які ідзе калоць любімае свінчо.
        – Адкуль ведалі пра ўмаз? Аддайце...
        – Паслухайце, мы нічога не ведаем пра ваш умаз. Гэта непаразуменне. – Марк гаварыў важка, унушальна...
        Смуглявы зіркнуў на яго раскосымі вачыма амаль весела.
        – А якога ражна перапаролі склеп? Костачкі калекцыянуеце?
        – Гэта я іх сюды прывёў! – Кастусь таксама гаварыў цвёрда і важка, і ўсе павярнуліся да яго. – Я гісторык! Зараз пакажу пасведчанне з інстытута. Я маю права на археалагічныя даследаванні.
        Кастусь падняў свой джынсавы заплечнік, які валяўся ля ўвахода ў скляпенне, дастаў зялёную кніжачку.
        – Вось...
        Смуглявы ўзяў дакумент, няўважна пакруціў у руках і кінуў назад Кастусю.
        – А ў гэтай гільзе былі дакументы, якія нас цікавяць.
        – Праўду казаў Цяпа! Знайшоўся пакупнік на паперкі! – выгукнуў нехта за спіной у Магды. – А мы іх паліць хацелі!
        Са склепа даляцела адчайнае:
        – Цяпа! Яны бібулкі з кайфам патрушчылі! Усе пяць!
        Смуглявы спыніў скавытанне сваёй зграі.
        – Што рабіць будзем?
        Марк па-ранейшаму гаварыў ветліва і спакойна, але Магда са здзіўленнем заўважыла, што ён спацеў.
        – Мы, відаць, зрабілі вам нейкую шкоду. Гэта выпадкова. Мы кампенсуем.
        – Сто рублёў, – змрочна кінуў смуглявы, якога чамусьці гэтак смешна і бяскрыўдна звалі Цяпам.
        – Марк, не турбуйся, – вінавата прагаварыў Кастусь. – Гэта цалкам мая віна. Я знайду грошы. А вы, – звярнуўся Сташынскі да смуглявага, – як я зразумеў, маеце патрэбныя мне дакументы. Я гатовы іх таксама выкупіць.
        Цяпа падумаў.
        – За паперкі вашы цана спецыяльная. Нясі яшчэ сто – не памылішся. А можа, мне яшчэ што заманецца. Я фантазёр. Ну, шуруйце па грошы... Дзяўчынка пакуль з намі пасядзіць, мы яе вінцом пачастуем.
        – Ды я з вамі пасяджу, – Кастусь гаварыў нязмушана весела. – У гэтых сёння свята, яны дакументы ў загс падалі. Марк, ты Янку Гарэламу патэлефануй. Ён усё зробіць. Пасля разлічымся.
        – У мяне з сабой трыццаць рублёў... Вазьміце як залог, – з палёгкай прагаварыў Марк, сунуў грошы смугляваму і пацягнуў за сабой Магдаліну. – Сто семдзесят за намі... Я хутка...
        Не паспелі адысці некалькі крокаў...
        – Э, не... Адкуль нам ведаць, будзеце вы гэтага, з хвосцікам, выкупляць ці не? Дзяўчынка застанецца.
        Магда адчула, што Маркава рука ўздрыгвае.
        – Я з ёй застануся.
        – Ты, дзядзька, па грошы пойдзеш, нявесту сваю выкупіш, – распарадзіўся Цяпа. – А раз паненка нашай кампаніяй грэбуе – з ёй гэты хіпі пасядзіць. А мы прыглядзім, каб ён табе рогі не наставіў.
         Марк знікаў за дрэвамі, але страху не было. Чаго баяцца тут, у цэнтры горада, калі вунь за агароджай – аддзяленне міліцыі, вунь ходзяць людзі, ездзяць машыны... Да таго ж, яшчэ дастаткова светла...
        – Кыця-кыця-кыця! – Між магілаў рухалася дзіўная постаць – старая ў капялюшыку, у доўгай цёмнай сукенцы, на якую было накінута нешта падобнае да рыбацкай сеткі.
        – Зноў гэтая вар’ятка... – зашыпеў Цяпа. – Значыць, зараз бабулькі ад касцёла паваляць... Давайце гасцей сюды... Мы з лысым павартуем, а Сева па «траўку» збегае – грашыма ад дзядзькі разжыліся.
        Кастуся і Магду штурханулі ў склеп. За імі зайшлі яшчэ чацвёра, зачынілі дзверы... Скрозь сляпое акенца святло прасявалася так ашчадна, як у краіне ценяў па той бераг Леты. Падлеткі ўселіся на кучы смецця. Засвяціўся агеньчык цыгарэты, варухнуўся, паплыў убок – быццам далёка-далёка блукаў нехта з чырвоным ліхтарыкам.
        Магда заціснулася ў кут – і таму, што месца было мала, і са страху. Пад нагамі нешта пахруствала... Цяпер, у цемры, усвядомілася, што яны не проста ў старым будынку, а ў склепе, за брамай на той свет, і страшна падумаць, што – пад нагамі... Кастусь стаў побач.
        – Не бойся...
        Раптам цемра выбухнула рогатам. І Магда інстынктыўна прыхінулася да Кастуся... Яны ўпершыню былі блізка адно да аднаго. Дзяўчына схавала твар у яго на грудзях. І страх знік.
        Побач гучалі анекдоты пра «вучылак». Напэўна, беспрытульнікі, што збіраліся на гэтых могілках паўстагоддзя таму, былі больш шчаслівыя, чым гэтыя падлеткі ў скуранках, – яны не мелі, на каго крыўдаваць. А ў гэтых былі жывыя бацькі...
        Агеньчык цыгарэты з дзіўным пахам пераплываў ад аднаго ценю да другога. Магда падумала, што і яны з Кастусём цяпер – цені... Плынь жыцця абцякала іх. Сэрца Кастуся білася моцна і хутка... І Магда адчула, што яе ўласнае сэрца зноў абрываецца і ляціць... Куды? Дзяўчына скаланулася...
        Рука Кастуся асцярожна кранула яе валасы... Пагладзіла... Затрымалася... Ён туліў яе галаву да сябе. Але ягоная рука дрыжэла... І Магда раптам зразумела, што ён адчувае тое самае, што і яна!
        ...І зямля загайдалася пад яе нагамі – сапраўды бы донне Харонавага чоўна. І, каб не знікнуць назаўсёды ў краіне ценяў, Магда ўхапілася за таго, хто стаяў з ёй побач і чыё сэрца білася ўсё хутчэй, хутчэй – быццам ён даганяў сваё скрадзенае шчасце...
        – Нешта госці нашы прыціхлі... – Промень ліхтарыка, як клінок, разануў па цемры. – Во, глянь, што робіцца! З кім жа тады дзяўчына заяву падавала? З гэтым хвастатым ці з тым дзядзькам?
        
         Калі яны адышлі адно ад аднаго, за расчыненымі дзвярыма скляпення дрэвы велічна змыкалі цёмныя шаты, між лістоты міргала першая зорка, фізіяноміі падлеткаў у скуранках крывіліся ўсмешкамі, а Цяпа гаварыў:
        – Та-ак... Недаглядзелі мы, хоць дзядзьку абяцалі. Трэба чырвонец саступіць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.