РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пярсцёнак апошняга імператара
Пралог
Маскоўскія камуналкі
Дым Айчыны...
...і пыл гісторыі
Два крыжы
Кальварыйскія вароны
Сібірскія крумкачы
Ліст застаецца ў сне
Гісторыя працягваецца
Карл Карлавіч ідзе ў госці
Лёсы сплятаюцца
Логвішча адмірала
У нетрах пушчанскіх...
Апошні карнавал
Калі разбіваюцца крыжы...
Агонь і жалеза
Эпілог
...І ПЫЛ ГІСТОРЫІ
        
...І ПЫЛ ГІСТОРЫІ

        
        Сімвал святога Марка-евангеліста – леў. Звычайна на іконах гэты леў зусім не страшны – кучаравы, залацісты, з закручанымі ў кольцы вусамі і вялікімі рахманымі вачыма.
        Як баранчык.
        Марк Ялецкі нічым не нагадваў залацістага кучаравага льва. Хіба што таксама быў дужы, шыракаплечы. Ды яшчэ ў разважаннях меў ільвіную ўчэпістасць. Жалезная логіка і энцыклапедычная эрудыцыя – так паўжартоўна рэкамендаваў сам сябе Марк. Нездарма атрымаў незвычайнае імя па жаданні дзівакаватага дзеда-прафесара. І журналістам Марк быў добрым. З уласцівымі сапраўднаму журна-лісту цікавасцю і скептыцызмам. Таму цяпер Марк, які, як належала сапраўднаму рыцару, прыляцеў па першым жа званку зарумзанай Магды, сядзеў побач з ёю на падлозе пакоя кватэры нумар шэсць, перабіраў раскладзеныя лісты, фотаздымкі і кнігі. Ды касавурыўся час ад часу на крумкача, які зноў узляцеў на шафу і шаргатаў там, як патрывожаны дамавік.
        – Так я і ведаў, што нельга цябе адпускаць... Цябе толькі лянівы не пакрыўдзіць. О, якое рэдкае выданне! – Марк узважваў на руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы. – Я нават не ведаў, што такое ёсць, – «Старый литовский статут 1529 года». Тут, у Маскве выдадзены... 1854 год. Ты сама хоць чула пра літоўскі статут, канстытуцыю Вялікага княства Літоўскага? Ведаеш, што яна напісаная на стара-беларускай мове? Невук ты маленькі...
        – І што, гэтая кніжка дарагая? – насцярожана спыталася Магда.
        – Рублёў за пяцьдзесят і я б набыў. Але б не прадалі.
        – Дык мы павінны адшукаць сваякоў старога! – захвалявалася дзяўчына. – Гэта павінна належаць ім!
        – Дурненькая! – азваўся Марк. – Стары рэпрэсаваны быў, калі якія сваякі і ёсць – даўно ад яго адракліся.
        – А што гэта за нацыянал-дэмакратычная партыя? Рэктар казаў, Іван Канстанцінавіч быў у ёй.
        – Разумееш... – Марк абдумваў словы. – Тады шукалі ворагаў. Прыдумлялі розныя антысавецкія рухі, партыі. Каб было зразумела – за што арыштоўваюць, судзяць, расстрэльваюць. На Беларусі таксама знайшлі антысавецкую партыю – нацыянал-дэмакратычную. А ці была яна? Пастралялі і пассылалі тысячы. Навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Дзеда майго, прафесара, таксама пацягалі. Але чалавек ён учэпісты, здольнасці да прыстасавання фенаменальныя. Таму і цяпер жыве. А ты думала, чаму ён, перш чым дзверы адчыніць, наведніка папараспытвае ледзь не пра сваякоў за мяжой. У дваццатыя гады ў літаратурных арганізацыях Беларусі было чатырыста чалавек. А перад Вялікай Айчыннай у Саюзе пісьменнікаў засталося дзевяць. З іх, здаецца, толькі чатыры беларусы. Гэты Хмель, напэўна, быў пісьменнікам. Таму цябе з інстытута і папрасілі.
        Марк рассунуў па падлозе фотаздымкі.
        – Гэта ён?
        Магдаліна паглядзела на партрэт стройнага афіцэра.
        – Ён, няйначай. А ў якой форме?
        – Войска Польскага. Эх, тут бы спецыялісту паглядзець! Ёсць у мяне адзін знаёмы... Энтузіяст... Цікавіцца такімі дакументамі. Ну што, усё перагледзела?
        – Усё нібыта. Нічога цікавага.
        – Калі нешта цікавае было – не хвалюйся, табе не аддалі...
        – Кр-рр! – пацвердзіў з шафы Карл Карлавіч, і Марк плюнуў з перапуду.
        – Гэта, трэба сказаць, не найлепшая частка тваёй спадчыны.
        А пасля яны гулялі па могілках Данскога манастыра, і першыя зялёныя дзюбкі травы паказваліся на чорнай глебе магіл, нібыта нябожчыкі імкнуліся павітаць новае жыццё, далучыцца да яго хоць травінкай, хоць пяшчотным дыханнем першацвету. І Марк сказаў Магдаліне:
        – Ты малая і дурненькая. Але павер мне – усё будзе добра. Вернемся дадому, перавядзешся на філфак. Справім вяселле – у нашай улюбёнай кавярні, там, дзе падаюць дзічыну, запечаную ў фользе, пад галасы птушак. Народзіш дзіця... Працаваць пачнеш у маёй газеце. І ўсё будзе добра.
        І чаму ў Магдаліны скрухай варухнулася сэрца? Мусіць, ад здрадлівай чалавечай натуры, якой аднаго добрага, вырашанага, самавітага мала, а хочацца яшчэ чагосьці...
        Ну ды што ўзяць з дзіцяці (праўда, дзіцяці поўнагадовага), але якое ўсё яшчэ можа сарваць пралеску са старое магілы і зусім пра гэта не задумацца, не пацягнуць за кволым бледна-зялёным сцяблом ланцуг метафар, алюзій, сімвалаў і філасофскіх разважанняў, аж пакуль не абаўецца вакол сэрца.
        Магда і пра скрутак, перададзены суседкай старога, успомніла толькі ў цягніку, калі Карлуша зашаргатаўся ў сваёй клетцы, засунутай на самы верх, на месца матрацаў.
        Марк спаў насупраць, на верхняй паліцы. Магда ціхенька вый-шла з купэ. Не таму, што не давярала жаніху. А проста... Ён ужо забраў за яе дакументы з інстытута, пазваніў за яе маці, уладзіў справы са спадчынай... Колькі можна быць пад апекай!
        У няроўным святле тамбура Магдаліна разгарнула таямнічы скрутак. Кніжка памерам з далонь, з цёмна-зялёнай выцертай во-кладкай без назвы. На польскай мове... Магда з цяжкасцю разбірала асобныя словы, здагадваючыся пра сэнс астатніх: «Зборнік паэзіі польскіх паэтаў з дадаткам заўваг, аб сутнасці быцця, духу і цела сапраўднай паэзіі з прадмовай Адама Пянкевіча. Першы выпуск. Вільна, друкарня Ёзэфа Завадскага, 1835 год».
        Раней Магдаліна ніколі не трымала ў руках такіх старых кніжак. У бібліятэцы, дзе яна працавала, самай старой кніжкай было асобнае выданне паэмы Мікалая Асеева «Будзённы» 1922 года. Магда нават выставіла яе на стэндзе пад шклом, як надзвычайную рэдкасць. А тут... Чаго варты адзін змест – Адам Міцкевіч, палкоўнік Цыпрыян Гадэбскі, палкоўнік Антоні Гарэцкі (з чаго б гэта палкоўнікі цугам ішлі ў паэты?), Францішак Карпінскі, Алёйза Фелінскі... Ці дзед клапаціўся пра ейнае духоўнае выхаванне?
        Дзяўчына перагарнула апошнюю старонку і ўбачыла некалькі незадрукаваных лістоў, як значылася, «Для зацемак». Лісты былі скарыстаныя па прызначэнні – спісаныя такім дробным почыркам, як макам нехта сыпануў.
        «Мілая прынцэса!»
        Так называў яе стары... У Магды закалацілася сэрца. Як добра, што яна не паказала скрутак Марку! Уся таямніца дарэшты дастанецца ёй.
        «Мілая прынцэса!
        Часу ў мяне мала. А старэчае шматмоўе перашкаджае лаканізму. Хаця што значаць час і прастора для Усявышняга, які знітоўвае і разрывае лёсы? Шлях, які прывёў вас да маіх дзвярэй, пачаўся пяцьсот гадоў таму... І вы, мілая, чыстая дзяўчынка, не ўяўляеце, колькі бруду, крыві і здрады было на гэтым шляху... Але і – высакародства, мужнасці, любові! Проста ўявіце, што я расказваю вам казку...»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.