РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зямля
I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
XVII. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала
IV
НА ПЕРШАЙ ГАСПАДАРЦЫ
        – То як жа быць? – спытаў Антоні. –
        Давай, брат, думаць хоць сягоння
        Ці так ці сяк, каб даць параду
        І к аднаму ўжо прыйсці ладу
        Раз назаўсёды, аканчальна.
        Вядома, служба – рэч гадальна,
        А ў гэтым пекле і тым болей:
        Не пэўна жыць пад панскай воляй.
        Але з чаго пачаць, мой браце?
        Бо невялікае багацце,
        І як ты знойдзеш канцы тыя,
        Калі кішэні ў нас пустыя?
        – Ну, ты заглядваеш далёка,
        Дык трохі хібіць тваё вока –
        Вось гэта раз; а па-другое –
        У нас ужо ёсць сёе-тое:
        Ну, пляц, зямлі на чвэрць надзела;
        Лічы пад тысячу іх смела.
        А там зямельны банк паможа,
        Быка, карову прадамо...
        Чаго палохацца? дармо!
        Абы ахвоту меў, нябожа!
        А пры жаданні, пры ахвоце
        Сам чорт не страшан у балоце! –
        Сказаў Міхал на словы брата,
        Сказаў рашуча і заўзята.
        
        А маці слухае маўкліва,
        Аб чымся думае тужліва;
        Сказаць штось хоча і ўздыхае,
        Штось за язык яе трымае.
        – Вось як пачнеш так разважанне,
        Агоркне ўсё табе дазвання, –
        Нарэшце маці не ўтрывала:
        – Таго няма, другога мала;
        А як жывеш ды не гадаеш,
        То й ліха тога не зважаеш...
        Так... хоць зямлі свае нямнога,
        Але ўсё ж лепей, як нічога.
        А збудзь яе – пачуеш страту,
        Бо дзе паставіш тую хату,
        Калі няшчасце напаткае?
        Бо гэта служба ўжо такая.
        А там, за светам, на чужыне
        Ніхто цябе, ой, не прыхіне!
        І як там будзе з той зямлёю?
        Не хваціш голаю рукою, –
        Няпэўна ўсё і невядома,
        Дык больш пільнуйцеся вы дому!
        – Ну, вось кабеціна дзіўная! –
        Міхал на жонку нападае. –
        Ці ж мы зямлю сваю збываем?
        Мы на рахункі прыкідаем.
        Ды што, скажы, ну хоць бы й пляц?
        Падумаць – выстраіш палац!
        Па часе будзе і развага,
        Калі ў лоб стукне табе шляга!
        – Вядома, бацькаўшчыны шкода, –
        Сказаў Антось у тоне згоды. –
        Але ж і трэба меркавацца
        І аднаго чаго трымацца;
        І не чужым, а сваім вокам
        Агледзець трэба ненарокам,
        Як мае быць Заблонне тое;
        А можа, выйдзе што-якое.
        Рабіць тут трэба – адно слова,
        Не то што – цуп-луп! – і гатова,
        Бо гэта справа – не пустая;
        Людскі ж язык касцей не мае.
        Я так бы раіў: выбраць час
        І аглядзець усё зараз,
        А там сама пакажа справа,
        Ці варта шуму ўся аблава,
        Бо мо ваўкі ўсе пасхадзілі. –
        На том яны і парашылі.
        Я тут спыню апавяданне,
        Каб значны крок ступіць назад,
        Зрабіць уважлівы агляд
        Прычын імкнення, парывання
        На новым грунце сесці стала,
        І чым жыла душа Міхала.
        А поруч з гэтым мімаходам
        Жыццё мінулае крануць
        І ў цёмны кут яго зірнуць,
        Дзе пад халодным яго лёдам
        Назло ліхім яго прыгодам
        Крыніцы свежыя цякуць.
        
        Міхал... вы лепш спытайце самі
        Пра палясоўшчыка Міхала:
        Яго ўся воласць наша знала,
        Ён быў вядомы між панамі!
        Ды што паны?! сам князь Антоні,
        Я памятаю, як сягоння,
        Не раз з Міхалам меў размову.
        І знаў жа службу леснікову!
        Ён ведаў, як свае пяць пальцаў,
        Ну, да мала ўсіх мікалаўцаў.
        Патрава здарыцца, пакража, –
        Як бачыш, вызнае, дакажа
        І дойдзе ўжо да галубочка,
        Як бы па нітцы да клубочка.
        Дык і не дзіва, што Міхала
        У нас любілі вельмі мала.
        Міхал сам гэта чуў і ведаў,
        Ды што ты зробіш? Так з прадзедаў
        Было-вялося і вядзецца,
        І ўсё ўпустую люд таўчэцца;
        Ды будзе час паразумення –
        Таўкне пад самае карэнне...
        І вось што, братцы, дзіўна ў свеце,
        Вы толькі добра паглядзеце:
        Той чалавек, што першы, збоку,
        Ўжо без таго не ступіць кроку,
        Каб не ткнуць пальцам на другога,
        Як на заклятага, ліхога, –
        Ён тое самае ўчыняе,
        За што другога бэсціць-лае,
        Як толькі скуру яго ўздзене
        Ці чуць кранецца яго кія –
        Такім яшчэ ваўком завые,
        І дзе ён добрасць толькі дзене?
        На што вада, але і тая
        Не ўсюды роўны нораў мае:
        Спакойна ў ямах і заторах,
        Але капае дол у горах
        І страшна пеніцца, бушуе,
        І грунт каменны там свідруе.
        А сіла ў тым, на мой пагляд,
        Які выконваеш загад.
        
        Міхал, як толькі ажаніўся,
        Тады ж ад бацькі аддзяліўся,
        Бо стала цесна. З той прычыны
        Хадзіў на сплаў ён, на віціны,
        Разоў са два схадзіў у Прусы –
        Куды не трапяць беларусы?
        Але абрыдла гэта справа,
        І адвярнуўся ён ад сплава;
        Пайшоў на службу таўкануцца,
        Бо дома недзе разгарнуцца.
        Наўперад ён праз час каторы
        Быў пры падлоўчым на каморы.
        Стары ляснічы па-сваему
        Цаніў Міхала, як служаку:
        Ганяў усюды небараку,
        Як бы скаціну тую нему.
        Не раз на жалабы Міхала
        Ляснічы так казаў, бывала:
        – Што ж? добры конь і цягне дужа!
        І не пускаў Міхала з гужа.
        Міхал яму рабочых ставіў,
        І сенакосы яго правіў,
        І догляд меў за панскім статкам,
        А службу нёс сваім парадкам,
        Бо што ты зробіш тут? стараўся.
        Ў другое месца перабраўся –
        Яму уважыў пан ляснічы,
        І сеў Міхал у страшнай дзічы,
        Дзе лес адзін, хмызняк ды поле
        Ды ветру посвісты на волі.
        Было зямелькі там валока,
        Дзе можна б моцна і глыбока
        Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца –
        Было на чым разварушыцца.
        Але бязгнойная, пустая
        Зямлі валока была тая,
        Дзе рос сівец ды пырнік густа
        І дзе спакойна каля куста
        Ляжаў шарак, бо там ніколі
        Саха зямлі не бараздзіла.
        Было маркотна і няміла
        У тым пустым, здзічэлым полі.
        Міхал наехаў без нічога.
        І вось жыві тут, разжывайся,
        Хоць сам у соху запрагайся,
        Ўпрагай і жонку на падмогу
        З трыма малымі хлапчукамі.
        Але стаў цвёрдымі нагамі
        Міхал на гэты грунт няплодны.
        – Не плач: не будзем тут галодны;
        Бог дасць, сяго-таго прыдбаем,
        Дабра якога дачакаем, –
        Так разважаў ён сваю жонку. –
        Жывым не кінешся ў палонку!
        Зямлі – зірні – як скінуць вокам.
        За гаспадарку ненарокам
        Міхал на новым месцы ўзяўся:
        Каня, кароўку расстараўся,
        Завёў свіней, дзве-тры авечкі.
        Тым часам з дому для падмогі,
        Саху забраўшы і нарогі,
        Антось прыехаў і на грэчку
        Узняў маргоў са два папару.
        І ажывіліся амшары,
        Запахла свежаю раллёю,
        Як бы сам Бог тут над зямлёю
        Прайшоў і глянуў міласціва.
        Антось заложна і цярпліва
        У землю ўкладваў свае сілы.
        На божы свет, як бы з магілы,
        З зямлі травінкай далікатнай,
        Густою шчотачкаю здатна
        Выходзяць дробныя зярняткі.
        Як у калысачцы дзіцятка,
        Калі ўжо трошкі акрыяе,
        Сваю галоўку падымае
        І навакол глядзіць здзіўлёна, –
        Так гэта збожжайка зялёна
        Да сонца цягнецца лісткамі,
        Бы к матцы дзіцятка рукамі.
        Тым часам хлопцы падрасталі,
        Старэйшым дома памагалі.
        Прайшоў гадок, мінуў другі,
        Ў касьбу запахлі мурагі.
        На полі ветла, самавіта
        У рад стаялі копкі жыта,
        Так аздабляючы загоны.
        А ў агародзе мак чырвоны,
        Раскрыўшы гожыя лісточкі,
        З іх ткаў прыўдалыя вяночкі
        Вакол галоўкі маладзенькай,
        Такой прыгожай, зеляненькай.
        
        І часта ў добрую пагоду
        Ідзе Міхал дамоў з абходу,
        І хоць чуваць, што ныюць ногі,
        Але зварочвае з дарогі
        І робіць крук, бо як стрымацца,
        Каб не зайсці палюбавацца
        І ярыною і жытамі?
        Ідзе, а ветрык з каласкамі
        Вядзе прыемную размову
        І цешыць душу леснікову.
        Міхал падыдзе і прыстане
        І лаву жыцейка агляне
        Ды возьме ў пальцы асцярожна
        Яшчэ няспелы і парожны
        Ён колас жытні і паглядзіць,
        Рукою лёганька пагладзіць,
        Нібы сынка свайго малога,
        І ў сэрцы дзякаваў ён Бога.
        
        У тым кутку, глухім і дзікім,
        Стараннем дзядзькавым вялікім
        І цяжкай працай хлебароба
        Набыта розная надоба;
        Ўсё зацвіло, загаманіла,
        Бы жыватворчая тут сіла
        Ад сну прыроду абудзіла.
        Гумно паўнела з кожным годам,
        І багацеў хлявец прыплодам,
        І грош стаў лішні завадзіцца,
        Было што есці, чым акрыцца,
        І быў парадак, лад у хаце.
        Ўжо з тым кутком зжылася маці,
        Даўно прывыкшы к адзіноце;
        А цэлы рад збаноў на плоце
        Казаў аб тым, што гаспадыня
        Была ўжо ў моцнай каляіне
        І што яе таксама справа
        Вялася добра і рухава,
        Бо тут збаны не так стаялі:
        Яны за тое ўжо казалі,
        Што малака было даволі.
        
        Ў пастаўніку, пры самым полі,
        Свіння, як хворая, стагнала,
        Хоць гэтай хворасці не знала,
        Яе такая ўжо натура:
        Стагнаць і лыч трымаць панура,
        Як бы ёй цяжка жыць на свеце.
        А парасяткі, яе дзеці,
        Ўсяму дзівілісь несканчона,
        Бо надта рохкалі здзіўлёна.
        Другі гурток другой жывёлы,
        Дзесятак кур, пявун вясёлы
        Каля платоў чарвей шукалі;
        Квактуха голасна квактала,
        А кураняткі чарадою
        Паслушна ўсюды йшлі за ёю.
        Тут кожна рэч аб тым казала,
        Што маладая гаспадарка
        Ішла ўпярод паспешна, шпарка
        І большы круг яна займала.
        
        Часамі хмурнаю вясною
        Цяплом павее, цішынёю,
        І хмарак сівыя фальбоны
        Падуць, апусцяцца наніз,
        І неба яснага абрыс
        Зірне скрозь цяжкія заслоны,
        І дзень тужлівы, засмучоны
        Аздобіць сонцаў агняпіс,
        І ўсё вакол павесялее,
        На момант сцішыцца, замлее,
        На ўсё адбітак ляжа згоды,
        І нікнуць подыхі нягоды.
        Зямельцы неба усміхнецца.
        Глядзіш – тады табе здаецца,
        Што холад згінуў назаўсёды.
        
        Але ці ж так? Эх, негадана
        Вятруга ўсходзіцца паганы,
        І даль палёў маркотна стане,
        Жалобы цень яна апране,
        І ўсё нейк смутна пазірае,
        Чагось нядобрага чакае.
        Так і ў жыцці: бягуць часіны,
        Ліхія, добрыя хвіліны,
        Адна змяняецца другою.
        Не ўспеў Міхал з сваёй сям’ёю
        І пяць гадкоў спазнаць спакою,
        Як сталі чуткі пачувацца –
        Ляснічы сам даваў намёкі –
        Праз час не вельмі так далёкі
        Ў другі куток перабірацца.
        І гэта вестка ўсіх смуціла,
        Рабіць ахвоту ўсю адбіла:
        Рабі, працуй, кладзі ты сілы
        У гэты дол чужы, пастылы
        І горкім потам аблівайся;
        Зрабіў парадак – выбірайся
        Ды йзноў ідзі адсюль у госці...
        Эх вы, паны! Эх, ягамосці!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.