РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зямля
I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
XVII. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала
ХVІІІ. ЗІМА Ў ПАРЭЧЧЫ
        
ХVІІІ. ЗІМА Ў ПАРЭЧЧЫ

        
        О добры час дзянькоў прыгожых!
        Ты знік у хвалях часоў божых
        І толькі ў думках і ўспамінах
        Жывеш-гарыш у днях дзяціных.
        Далёка я ад межаў родных
        І дзён галодных і халодных
        Пражыў нямала. Я гадаю,
        Я родны край успамінаю,
        Я ім жыву, я ў ім душою
        І сэрцам кожнаю парою,
        Як той нявольнік прагне волі,
        Так прагну я ступіць на ролі
        Сваіх палеткаў, ніў благенькіх,
        Дарог і сцежачак крывенькіх,
        Што гожа ўюцца спомеж жыта
        Або срэдзь лесу самавіта.
        І ўстануць з’явы, як жывыя,
        Малюнкі сэрцу дарагія,
        І моцна душу парываюць.
        «Ідзі да нас! ідзі», – гукаюць.
        Благаславёны час той будзе,
        Калі я ў родным сваім людзе
        Куточак бацькаў прывітаю
        І радасць жыцця там пазнаю.
        
        О родны край! О край пакуты,
        Нягодай цяжкаю прыгнуты!
        Калі ж ты збудзеш тое гора,
        Што і цяпер там, як і ўчора,
        Як і даўней, цябе знішчае
        І горкім смуткам авявае?
        І ў час вялікі разбурэння
        Не сцерпіць нават і каменне
        Тваіх палёў, глухіх абшараў,
        Дзе след вайны агнём пажараў
        Пранёсся дзіка і няшчадна,
        Каб не заплакаць з таго здзеку,
        Што чалавек – звер чалавеку –
        Так злосна чыніць, неўспагадна!..
        О край мой мілы! Ўсёй душою
        Хачу злучыцца я з табою,
        Ў тваіх палях пазычыць сілу,
        Ў тваёй зямлі сысці ў магілу...
        Дзяціны час!.. Я памятаю
        Зімы прыход у нашым краю.
        Стаіць над лесам шум маркотны;
        Па небе хмары, як палотны,
        Паўночны вецер рассцілае,
        І бель над далямі звісае,
        І ціха стане на падворку,
        І лес жалобную гаворку,
        Свой гоман восені канчае
        І моўчкі зіму сустракае.
        А сетка белая гусцее
        І бліжай, бліжай снегам сее.
        І вось над хатай, над гуменцам
        Сняжынкі жвавыя гуляюць,
        Садок і дворык засцілаюць
        Бялюткім, чыстым палаценцам.
        І тут у хаце не ўтрываеш:
        Кажух на плечы накідаеш,
        Бяжыш на двор, як той шалёны,
        Крычыш, гукаеш здавалёны,
        Зямлі не чуеш пад сабою
        І ловіш белы пух рукою.
        Ўгару зірнеш – як рой пчаліны,
        Снуюцца ціхія пушыны,
        Ўгары знячэўку штурхануцца,
        Глядзіш – і ў пары пабяруцца.
        – О-го-го, брат! – дзядзька кажа. –
        Цяпер зіма напэўна ляжа!
        За санкі, Костусь, трэба брацца,
        Эх, будзеш мець дзе разгуляцца!
        
        І Костусь рады і давольны:
        Цяпер гулянак свет раздольны,
        Адкрыты новыя пуціны
        У круг забаў яго дзяціны,
        І ён ад радасці трасецца
        Ды ў мяккім снезе скачанецца.
        А снег станоўка і заложна
        Так і шуфлюе. Лес набожна
        Стаіць, маўчыць і ўсё святлее,
        Як бы, здаецца, весялее.
        Назаўтра ўстанеш – свет змянёны,
        У новых хутрах вербы, клёны,
        І ўсюды чыста, бель такая,
        Што проста вочы адбірае.
        Ў парканах шулы, як салдаты,
        Стаяць у струнку, зухаваты,
        Башлык высокі, шапкі новы,
        «Ура!» гукнуць табе гатовы.
        
        Ідзе з лапатай дзядзька з хаты
        І адграбае снег заўзята.
        Ў гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, –
        Не хоча мець удзень замешкі,
        Бо ўдзень на рэчку і на тоні
        Схадзіць рыхтуецца Антоні.
        Мы знаем, ён – рыбак з уроды,
        І ўсякіх рыб ён знае ходы,
        Калі якая нерастуе,
        Што ёй пад густ, чаго бракуе;
        І нораў кожнай рыбы знае,
        Аб іх трактат ён прачытае,
        Ды так, што люба і паслухаць,
        Дзівіцца больш ды лоб чухаць.
        І гэта ўсё не з кніг набрана,
        Не з слоў вучонага паўпана,
        Якіх цяпер усюды досыць;
        Ўсё гэта ўласны розум зносіць,
        Свая мазолілась галоўка,
        А не чыя там калатоўка.
        
        Бярэ Міхал свае прылады,
        Якія стрэльбе датыкаюць;
        Цяпер зайцы ў лясах гуляюць,
        Іх упалюеш без прынады,
        Тым болей што ганчак харошы –
        Ёсць сэнс прайсціся па парошы.
        
        І чуць што толечкі разднела,
        У маткі снеданне паспела,
        Але яе ўсе падганяюць,
        Барзджэй рассыпацца жадаюць,
        Каму куды і ў чым хто здольны –
        Дзянёк прыдасца часам вольны.
        – Пакінь, Міхась, ты сучку дома,
        Мо дзе забіўся тхор між лома:
        Ў карчах на рэчцы следу многа,
        Іх там пярэсмыкі, дарога.
        І да тхароў быў дзядзька падак,
        А тхор цяпер дабёр і гладак:
        У Свержні Іцка з Моўшам проста
        Да шкуркі ўліпнуць, як кароста.
        А Такса талент такі мела,
        Што за тхарамі чуць не млела.
        – Бяры сабе, хай астаецца, –
        На просьбу бацька паддаецца.
        І Таксу ў хаце запіраюць,
        А ў лес Сівалку запрашаюць.
        Выходзіць бацька першы з дому
        Мясіць снягі па буралому.
        На ім кучомка, верх зялёны,
        Кажух кароценькі, чырвоны,
        А стан шырокая папруга
        Сціскае спрытна, лоўка, туга;
        На меднай спронжцы лось красуе
        І з жоўтай бляхаю фасуе,
        А праз плячо паўзверх кажуха
        Ідзе раменны пас, бы ў зуха;
        На гэтым паску – знак блішчасты,
        А на плячах – шнур пакручасты.
        І вось як бацька выйдзе зрана
        Ды стрэльбу накрыж перакіне –
        І ў палясоўшчыцкім ён чыне,
        Дапраўды, змахвае на пана!
        
        І дзядзька доўга не чакае,
        Маўчком ён Костусю ківае;
        А Кастусёк даўно гатовы –
        У іх раней была намова
        Схадзіць у луг на азярыны
        І патрывожыць род тхарыны,
        На рэчцы загарадзь паправіць
        І новы буч яшчэ паставіць,
        За пояс дзядзька закладае
        Сваю сякерку, Таксу кліча,
        Кусок аладкі ў нос ёй тыча
        І вон за дзверы выпускае,
        А Костусь з торбаю, з лапатай
        Даўно чакае іх за хатай.
        Спаткаўшы Ўладзю на дрывотні,
        Раскажа дзядзька ўвесь парадак,
        Бо той, наеўшыся аладак,
        Глядзіць за домам неахвотна.
        Яму ты слова – ён другое,
        Заўзята юха, хоць малое.
        І дзядзька часам загарыцца,
        Гатоў няўслушніку па пысцы
        Праехаць шорсткім сваім пальцам,
        Бо што ты зробіш з падшывальцам?
        І дзядзька, плюнуўшы сярдзіта,
        Ідзе, спаткнуўшысь на карыта,
        А ўслед яму смяецца Ўладзя.
        – Павыскаляйся яшчэ, гадзе, –
        Антось яму, – дальбог, вярнуся,
        Расквасіць кірпу не збаюся!..
        Ото «гладыш», абы напроці,
        Абы нажэрціся! К рабоце
        І на вяроўцы не зацягнеш,
        У лес пабегчы толькі прагнеш.
        Ну, трасцу дам табе цукерку!
        Гулу падсуну ў табакерку! –
        Бубніць Антось ужо з сабою,
        Ідучы скораю хадою.
        І доўга Ўладзю дзядзька журыць,
        І Костусь бровы свае хмурыць:
        І ён на брата сэрца мае,
        Бо Ўладзя дзядзьку зневажае,
        А дзядзька поле толькі міне,
        Глядзіш – і злосць яго астыне.
        Задраўшы ўгору хвост трубою,
        Сама давольная сабою,
        Снуецца Такса між кустамі,
        Бяжыць і спыніцца часамі,
        Наставіць вушы, разважае,
        Вушамі нос свой павярае
        І ні зрухнецца, бы застыне,
        І лапу нават чуць узніме.
        А дзядзька Таксу падганяе:
        – Шукай тхара! шукай, малая!
        І Такса кінецца стралою
        Туды, дзе цэлай чарадою
        Стаяць алешыны крывыя,
        Пад іх карчагі патайныя.
        І часта тут – былі здарэнні –
        Заб’ецца тхорык пад карэнні.
        І тут усіх рух апануе.
        Фатыгі Такса не шкадуе:
        Дзярэ, грызе, пішчыць, скавыча,
        Бо знак дае, што ёсць здабыча.
        І дзядзька ўвесь, як на пружынах,
        Як дзік, мітусіцца ў галінах,
        Туды зірне, сюды памкнецца,
        Ну, на кавалкі так і рвецца.
        – Ты ж стой, брат, тут! Пільнуй, як вока:
        Ён тут, галубчык, недалёка!
        І не пудлуй, не дай, брат, маху, –
        Валі рыдлёўкаю без страху... –
        І дзядзька мовы не канчае,
        Ён кол маланкаю хапае.
        – Тхор! тхор! Дзяржы яго! – галосіць,
        Гарачка дзядзьку так і носіць,
        Бяжыць, тхара ён даганяе,
        Напагатове кол трымае.
        За дзядзькам Костусь прэ без духу.
        – Дзяржы тхара, дзяржы псяюху! –
        А тхорык бедны ў куст зашыўся,
        Няма ратунку, ашчарыўся,
        На Таксу сам ён нападае
        І чмыс яе грызе, кусае,
        Пішчыць, дзярэцца, смрод пускае,
        Але нішто не памагае:
        Таўкуць калом яго, рыдлёўкай,
        За шкурку плаціць тхор галоўкай.
        – Вось гэта, Костусь брат, удача! –
        І дзядзька рады, чуць не скача
        І гладзіць Таксачку па вушку,
        Яе ён лашчыць, як дачушку;
        Яна ж за гэта ласкі слова
        На смерць, на ўсё пайсці гатова:
        Вачамі ў вочы так і зорыць,
        Віхлястым хвосцікам гаворыць.
        
        Хоць дзядзька наш не паляўнічы,
        Ды меў ахвоту і да дзічы.
        І часам, праўда, вельмі рэдка –
        Я сам у гэтым буду сведка –
        У лес надумае пайсці,
        Зайцоў крыху там патрасці –
        Зайцоў жа там было багата.
        Вось у нядзельку раз ці ў свята
        Антось рыхтуе паляванне.
        Дае ён хлопцам прыказанне,
        Хоць тыя самі без прыказу
        Ахвотна годзяцца адразу,
        А наш дарэктар асабліва.
        У лес збіраюцца шумліва.
        – Эх, шкода, брат: няма клякотак!
        Ну, хоць бы з парачку трашчотак! –
        Гаворыць дзядзька. – Ну, нічога,
        І так мы зробім шуму многа
        І ўсім зайцам задамо страху! –
        Дае дарэктару ён бляху.
        – Звані ў яе, бі, чым папала,
        Абы мацней яна гучала –
        На ўсю Свяржэнскую граду! –
        Алесю даў скавараду,
        Перагарэлую, старую,
        Ды незвычайна галасную.
        – Бяры напільнік з рукаяткай,
        Бубні ў яе наском і пяткай;
        А Кастусю я дам званок,
        А ты, бальшун, трубі ў ражок, –
        Такое справім мы ігрышча,
        Што лес застогне і засвішча,
        Ну, нежывы – і той ачнецца,
        Калі аблава ў нас пачнецца!
        
        Ідуць у лес. Антось зарання
        Размеркаваў усё дазвання:
        Адкуль, якую зоймуць лаву,
        І як вясці самую справу,
        Куды і як зайцоў зганяць,
        І дзе ён будзе сам стаяць.
        Антось пазіцыю займае,
        Шчаслівых вынікаў чакае,
        Калі зайцоў пужнуць няждана,
        І трохі чуе ў сабе пана.
        
        Прачнуўся лес ад бразгатання,
        Ад таго шуму палявання:
        І крык, і лямант захаплення,
        Гудзе лес зверху да карэння.
        Дарэктар рвецца на кавалкі.
        Зламаў на блясе ўжо дзве палкі,
        Дзярэцца нема, лямантуе, –
        Такі там гвалт – хай Бог ратуе!
        За пень ён лапцем зачапіўся
        І змоўк тады, як паваліўся.
        Алесь грыміць скаварадою
        І пацяшаецца гудою,
        На ёй вызвоньвае ён штучкі,
        Але напільнік выпаў з ручкі,
        Зляцеў у снег – і будзь здароў...
        
        Нідзе не бачылі зайцоў,
        І дзядзьку стрэліць не прыйшлося,
        Але пачулі ад Антося:
        – Забілі зайца, не забілі,
        Але ж, брат, гуку нарабілі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.