РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зямля
I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
XVII. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала
XIX. НА РЭЧЦЫ
        
XIX. НА РЭЧЦЫ

        
        Ніхто з дамашніх не згадае,
        Чым рэчка Костуся зваймае,
        Якая іх звязала сіла
        І чым яна так хлопцу міла.
        Бывала, толькі чуць разднее,
        Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,
        Глядзіш – на рэчку ён шыбуе
        І лёд сякеркаю мацуе,
        То падбяжыць і скаўзанецца,
        І сам сабе ён засмяецца;
        То спыніць крок, замрэ, застыне –
        Такая радасць тут хлапчыне!
        Лядок закохкае, угнецца
        І вось-вось зломіцца, здаецца,
        Але нястрашны і знаёмы
        Для хлопца гэтыя надломы,
        Палоскі-стрэлы гаваркія,
        І моцны скрэпы ледзяныя.
        Марозік крэпіць, лёд таўшчэе,
        І рэчка вольная нямее,
        Да дна вадзіца вымярзае
        І ходу, бедная, не мае,
        І цесна там ёй, і няміла
        Яе халодная магіла;
        Але дарма: жывую сілу
        Не запраторыш ты ў магілу,
        Мароз бязжаласны і люты!
        Хоць ты звязаў і крэпка путы,
        Скаваў і рэчкі і азёры
        І ўсё заціснуў пад запоры,
        Разлёгшысь лёдам і снягамі
        Над чыстым полем і лугамі,
        Ды ты жыцця, брат, не здалееш,
        Як ты ні дурыш, ні шалееш.
        Глядзі – скрозь ковы ледзяныя
        Сачацца кропелькі жывыя,
        Дарогу новую шукаюць
        І лёд вадою заліваюць.
        І праўда: рэчачка-крынічка,
        Хаця і мелка, невялічка,
        Але такую сілу мае,
        Што лёд угору падымае
        І ломіць глызу, як націну.
        – Гэ, брэшаш ты, мароз, не згіну
        Я пад карою ледзяною,
        Пабарукаемся з табою! –
        Як бы гаворыць смела, гулка
        Марозу бойкая рачулка.
        І між марозам і вадою
        На гэтай рэчачцы зімою
        Такія справы вынікаюць,
        Што надта Костуся займаюць.
        Калі на рэчку ён ні прыйдзе,
        Глядзіць – штось новае там выйдзе:
        То лёд, уздуўшыся гарбамі,
        Бубніць, як бубен, пад нагамі,
        То ападзе наніз, угнецца,
        На дно пластамі пакладзецца,
        А па кустах, на абалоні,
        Ціскі парваўшы і супоні,
        Вада шырока разальецца,
        І снег на кашу пабярэцца,
        І як ні гне мароз, ні гладзіць,
        Але нічога не парадзіць,
        І чуць ён толькі аслабее,
        Чуць-чуць адліжкаю павее,
        Глядзіш – вадзіца лёд злізала,
        Ў раўку пясочак паказала,
        І хвалькі жвавыя за хваляй,
        Як і нябыта, бягуць далей,
        Пакуль мароз не засярдуе
        І сілу зноў ён не пачуе,
        Каб закаваць раўчук праворны
        За розум надта непакорны.
        
        І вось надарыцца часамі
        Мароз над ўсімі маразамі;
        Ідзе сярдзіта, пагражае,
        Па даху гонтамі страляе;
        У завітушках дым бялявы
        Нясе, як воблак кучаравы,
        І потым з ім набок рванецца,
        Бы пісар-вухар расчаркнецца.
        А як вакенцы размалюе
        І розных дзіваў там намосціць, –
        Яму аматар пазайздросціць,
        І прад марозам ён спасуе.
        Мароз – штукар і жарты любіць,
        Не раз, штукуючы, загубіць
        Таго, хто ў рукі пападзецца,
        Яшчэ над бедным насмяецца:
        «Прыляж, бядача, ты з дарогі –
        Няблізкі хатнія парогі, –
        Мароз дарожным падпявае, –
        Лажысь – пасцелька пухавая
        І ўся агоньчыкамі ззяе!
        Засні, сагрэйся, мой пахілы,
        Пакуль табе прыбудуць сілы,
        А я салодкі сон навею
        І гожай казкаю сагрэю».
        І хто паддасца нагаворам,
        Засне навекі пад прасторам
        Халодных зор, снягоў глыбокіх,
        Сярод дарожак адзінокіх.
        Мароз – мастак і, пыхту поўны,
        Узносіць слуп на неба роўны,
        Высокі, вогненны, крывавы!
        Той слуп – і страшны і цікавы –
        Гарыць злавесна, ўвесь чырвоны.
        Мароз на небе ставіць троны,
        Вянцы на месяц ускладае,
        Па снезе зоркі рассыпае,
        І так прыгожа, так старанна
        Бярозе белай тчэ убранне,
        Бы той дзяўчыне пад вянчанне.
        І як з-за лесу сонца ўстане
        І на бярозу тую гляне,
        Засвецяць ў інеі праменні,
        Як найдарожшыя каменні.
        
        Мароз – паважны. Як вяльможа,
        Знасіць свавольніцтва не можа,
        І на той час, як ён пануе,
        Па небе хмарка не вандруе,
        І ўсе стварэнні занямеюць,
        І патыхаць вятры не смеюць.
        Ўсё ціха, мёртва, нерухома.
        Сядзіць звяр’ё між буралома
        І знака жыцця не пакажуць,
        Вароны дзюба не развяжуць,
        Ўсе нахахорацца, ні зыку –
        Ўладарства холаду вяліка.
        І верабей з усёй раднёю
        Не шкне, схаваўшысь пад страхою.
        Адзін мароз адно ўладае,
        На ўсё ён рукі накладае,
        Ўсё гне халоднаю нагою;
        І лес пад сіняю смугою
        Застыў, стаіць, як амярцвелы,
        Башлык надзеўшы чысты, белы.
        І толькі ён, мароз заўзяты,
        Мароз занадта зухаваты,
        Адзін па лесе пахаджае,
        Бо роўных ён сабе не мае.
        Зазнаўся, ой, мароз, зазнаўся!
        Ды дзень яшчэ не зачынаўся:
        Пастой, мароз, пастой хваліцца –
        Мо і цябе хто не збаіцца!
        І толькі зоркі пабялелі,
        У хаце дзверы зарыпелі,
        Скрыпяць калодзежы, вароты,
        Пайшла разгульвацца работа.
        Ідуць па воду маладзіцы,
        Як макаў цвет, гараць іх ліцы;
        Бяжыць з кудзеляю дзяўчына,
        За ёю хлопец-малайчына
        Адкулься зараз увязаўся,
        І смех і гоман там зачаўся.
        Прыгрэбнік глуха б’е дзвярамі,
        Жанкі трушком ідуць з кашамі,
        Лучыну імі прыкрываюць
        І жарам холад выганяюць.
        А там мужчыны ўзварухнулісь,
        Ў гумно па сена пацягнулісь,
        Ды толькі – звычай такі маюць –
        Мароз пахваляць і палаюць,
        А падхадзіўшысь каля дому,
        Бяруць сякеру, сані, бому
        І едуць ў лес вазіць калоды –
        Ляжаць на печы няма моды.
        І хоць мароз крапіць пякучы,
        Да ног даходзіць скрозь анучы
        І снегам вочы зашывае, –
        Мужык жыве і не шманае;
        З саней саскочыць, хлысне пугай
        Каня і вылае «дзяругай»,
        Бяжыць, аб плечы б’е рукамі,
        Яшчэ й прытупвае нагамі,
        І так блазнее, так дурэе,
        Аж покі лоб не замакрэе.
        
        Ўжо Костусь двойчы неўзаметкі
        Саскокваў з печы на разведкі,
        У вокны доўга прыглядаўся,
        Ў малюнкі так ён углыбляўся,
        Што ў іншы свет перабіраўся.
        На шыбе ўсё: снапкі ржаныя,
        Чароты хвацкія, буйныя,
        І розных красак, траў нямала.
        У душу летам патыхала,
        А з ім і вобразы другія
        Ўставалі, сэрцу дарагія.
        Вось тут лясок, вось крыж пахілы,
        Як вартаўнік чыёй магілы,
        На ціхай горцы пахіліўся,
        Бы аб пакойніку маліўся;
        Там нібы рэчачка цікава
        Звілася ў вербах кучаравых...
        Ўсё так павабна, так прыгожа
        І так на праўду ўсё пахожа,
        Што хлопец сам не памятае,
        Дзе ён і што ён разглядае.
        – Не стой ты, хлопец, пры аконцы:
        З акна, як з зяўры, дзьме бясконца!
        Зноў будзеш кашляць, – кажа маці.
        А хлопцу ўжо абрыдла ў хаце,
        Ніяк блазноце не сядзіцца,
        На рэчцы хоча апыніцца.
        А тут яшчэ, як на спакусу,
        Чуць дзядзька з хаты паказаўся,
        Мароз ужо прымайстраваўся
        І белым пухам сеў на вусу.
        І хто з двара ў дом ні прыходзіць,
        Пра холад гутарку заводзіць:
        – Ну ж і мароз – аж нос зрывае!
        А як на ўсходзе чырвань грае!
        Слупы такія паўставалі,
        Пажарам страшным загулялі!
        Такія з’явы ў божым свеце! –
        Ну, як тут вытрываць, скажэце?
        Кастусь у запечку стхарыўся,
        Абуцца ў лапці прымудрыўся,
        А ў лапцях вушкі скураныя
        Былі ўжо досыць пажылыя;
        Цішком сабраўся, апрануўся
        Ды ў лес з сякеркаю кульнуўся.
        А лес, як добры той знаёмы,
        Стаіць збялелы, нерухомы
        Абапал рэчачкі сцяною,
        Над ёю сплёўшыся страхою,
        Далёка кінуўшы галінкі;
        А маладзенькія ялінкі
        Пад белым пухам чуць заметны;
        Яны так мілы, так прыветны,
        Бы тыя красачкі-дзяўчаткі,
        Надзеўшы гожыя апраткі.
        Затое ж хвоечкі малыя
        Стаяць, як сіраты якія,
        Ад снегу выгнуўшысь дугою,
        На дол прыпаўшы галавою.
        «Пагнуў вас снег, мае хваінкі!
        Эх вы, гаротныя націнкі!» –
        Над імі Костусь разважае,
        І жаласць хлопца пашыбае.
        І ён да хвоек падбягае,
        Сняжок з іх ціха атрасае –
        І хвойкі зразу ажываюць,
        Ўгару макушы падымаюць,
        Спярша павольна, бы баяцца,
        А потым пойдуць разгінацца.
        А хлопчык рады і смяецца,
        Стаіць з мінуту, не схіснецца,
        Аддаўшысь нейкім думкам-марам,
        Аж б’ецца сэрца яго жарам.
        
        Але пара, пара за дзела!
        І ён да хвоек падбягае,
        Замерла рэчка між лясамі,
        Бярозы голымі сукамі
        Спляліся з вольхамі над ёю;
        Яліны цёмнай чарадою
        Навіслі густа салашамі.
        А вось старая дзеравяка
        Упала ў рэчку, небарака:
        Відаць, што бура палажыла
        І мост жывы з яе зрабіла.
        А лёд, бы мур сцямна-зялёны,
        Чуць пасярэдзіне падняты,
        Ляжыць, цяжэрны і зацяты,
        Вартуе ходы ўсе і гоны,
        Каб і стрыжэньчык не прабіўся.
        І вось тут Костусь прыпыніўся,
        На лёд глядзіць, штось разважае
        І ў ход тапорык свой пускае.
        Лядок закашляў, заіскрыўся,
        На срэбра-друзачкі пабіўся;
        Ляцяць крупінкі ледзяныя,
        Бы ўлетку пырскі дажджавыя,
        І чуць апошні лёд зламаўся,
        З зямлі клубок вады падняўся
        І з шумам коціць паўзверх лёду,
        Пачуўшы волечку-свабоду,
        Ўсё большы, большы круг займае..
        Але што гэта так спявае?
        Адкуль тут музыка нясецца?
        Чыя тут песня ў душу льецца?
        Такога спеву-сугалосся,
        Што тут над рэчкаю панёсся,
        Ніхто не зложыць, не зайграе.
        Ці гэта казку лес складае?
        Ці даль ачнулася нямая
        І немасць песняй парушыла,
        Што спакон векаў утварыла?
        Ці то нябёсы адамкнулісь
        І ціха-ціха адгукнулісь
        Зямлі, ўсяму яе стварэнню?
        Ці то вясна йдзе ў аддаленні?
        Вось звоны звоняць ціха, гожа,
        Спявае жаваранка божа,
        А ёй утораць пташак хоры
        На безгранічнай дзесь прасторы,
        Між мора гэтых зыкаў дзіўных
        Нясецца ў хвалях пераліўных
        Здалёку песня салаўіна...
        Расце, гарыць душа дзяціна
        І ўсё на свеце забывае
        І шчасце, радасць спажывае.
        І хоць дазнаўся ён прычыны,
        Адкуль той звон і спеў птушыны,
        Але як стане прыслухацца,
        Пачне сапраўды сумнявацца,
        Што гэта іней так з вадою
        Вядзе размову тут зімою.
        Дык вось чым рэчка хлопцу міла,
        Чым так яго прываражыла!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.