РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зямля
I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
XVII. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала
XXІІІ. ПАНСКАЯ ПАЦЕХА
        
XXІІІ. ПАНСКАЯ ПАЦЕХА

        
        Якраз пад Вербніцу ў суботу,
        У самы снег і гразь і слоту
        Ў будан Міхал з Алесем пхаўся.
        Конь Ножык клыгаў, аступаўся,
        Вада пад коламі плюхцела.
        – Бадай тут іх нуда паела!
        Вязі з гумна для іх салому
        І стол цягні апошні з дому,
        Каб мелі дзе на чым пажэрці,
        Бога не нашага вы чэрці, –
        Міхал паноў кляне і лае;
        А ён загад з кватэры мае
        Сюды, ў будан, каб смачна спалі
        І гора бы паны не зналі,
        Завезці стол, услон, саломы.
        «Будуй ты ўсюды ім харомы.
        Завошта ж ім, спытаць, пашана?
        Навошта Бог трымае пана?
        Дзеля таго, каб панавалі
        І нашым братам папіхалі?
        Ці ласку ў Бога заслужылі,
        Каб іх тут песцілі, тулілі?..
        Эх, брат! усё то – ашуканства!
        Калі-нібудзь ім згіне панства».
        І чуў Міхал нутром, душою –
        Не мае грунту пад сабою
        Вось лад такі на гэтым свеце:
        Адны ў пашане, тыя ў смецці
        І век жывуць пад нейкім страхам,
        Ўсе ж выйшлі ў жыцце адным шляхам!
        І што ты зробіш? пакарайся
        І аднаго гужа трымайся.
        
        Да буданоў ён пад’язджае.
        Пад’ехаў, коніка спыняе,
        Знімае стол, услон, салому,
        Алеся шле з канём дадому,
        А сам агонь тут раскладае,
        Салому сушыць, прыбірае,
        Бо заўтра будзе паляванне.
        Паны пад вечар прыязджаюць,
        Іх на кватэры ўжо чакаюць,
        Сюды прыпрэ іх у змярканне.
        
        Пад вечар неба праяснілась
        І ўсё вакол развесялілась:
        «Глядзі – панам і тут шанцуе:
        Сама пагода ім слугуе,
        І сонца свеціць, стала ціша –
        Багатым чорт дзяцей калыша», –
        Міхал у думках зазначае
        І сам з сабою разважае.
        І рупіць гэта паляванне,
        А заўтра ранкам у світанне
        Яму падводзіць трэба пана.
        Ану ж глушэц неспадзявана
        Зляціць куды ці так зарвецца,
        Калі на гэта павядзецца,
        А ты свяці тады вачамі
        Перад ляснічым і панамі.
        
        – А, ты ўжо тут! тырчыць, як паля!
        Здароў, як маешся, Міхале?
        – А так і маюсь, ягамосцю! –
        Не то з усмешкай, не то з злосцю
        Міхал з будана адазваўся,
        А Пальчык громка засмяяўся.
        – Ты, брат, як пан той у будане.
        – А што ты думаеш, васпане?
        Хіба не пан? – Міхал падняўся,
        Як пан, у бокі важна ўзяўся
        І з панскай мінай пахаджае,
        Па-польску Пальчыка пытае:
        – Цо повеш, галган? Цо потшэба?
        Я далэм тобе, дурню, хлеба!..
        Ідзь до д’ябла! – Пан праўдзівы! –
        Са смехам Пальчык адзначае;
        Абодвух смехам пашыбае
        Спаткання гэты тон жартлівы.
        
        Праз паўгадзіны ўсе сышліся.
        Цяпер размовы павяліся
        Наконт паноў і палявання.
        Ох, дасць Ракоўскі залівання,
        Калі панам не пашанцуе
        І сам глушца не запалюе;
        Так і ўскіпіць, як рак чырвоны, –
        Такі ён кручаны, шалёны!
        Сам вінават – цябе аблае,
        За няма-што з гразёй змяшае.
        Ох, і паганая урода,
        Прышыбла б дзе яго калода!
        Абрыцкі моўчкі дым пускае
        І люльку пальцам прыціскае,
        Аб чымся думае сукрыта;
        Усмешка нейкая разліта
        І на твары і пад вусамі.
        І толькі ўскіне ён вачамі
        То на таго, то на другога,
        Ды не прамовіць ён нічога,
        Бы засмучае штось старога.
        
        – Ўставайце: едуць! – Ўсе ўсхапілісь,
        Захвалявалісь, захадзілісь,
        Знакі на грудзях папраўляюць
        І на спатканне выбягаюць
        І ўраз спыняюцца, стаяць –
        Паноў тых трэба прывітаць.
        Паны ў калясцы пад’язджаюць.
        Хурман тут лейцы падцінае,
        Стаенных пару прыпыняе,
        А пан Абрыцкі з леснікамі
        Скланілісь нізка прад панамі.
        Паны чуць-чуць адно зірнулі,
        На іх увагі не звярнулі,
        Як бы не людзі то стаялі,
        І ў свой будан павандравалі.
        Тут леснікі бягом да брычкі,
        Бо знаюць панскія прывычкі,
        Нясуць іх стрэльбы і пакункі,
        Прылады розныя, ладункі
        І ў будане іх прыбіраюць,
        Панам, як могуць, дагаджаюць.
        Паны ж не бачаць іх, не чуюць,
        Бярэ іх нейкі рух, жартуюць;
        Усё іх цешыць, забаўляе,
        На лад вясёлы падымае:
        Будан, агонь, начлег цікавы,
        Прасцецкі стол, салома, лавы,
        Таксама цешыць паляванне, –
        Ім тут цікава ўсё дазвання,
        Апроч людзей, што ім так дбаюць
        І ўсе іх глупствы выпаўняюць.
        Тут быў Ракоўскі, пан ляснічы,
        З Нясвіжа глаўны кіраўнічы
        Маёнткаў княжацкіх, пан Свіда,
        І трэці пан, даўгі, як дзіда,
        Быў пан Кржывіцкі, равізовы,
        Яшчэ нябачаны тут, новы.
        Цямнее ў лесе. Ноч надходзіць,
        Марозік злёгку націскае.
        На небе месяц усплывае,
        Задуму смутную наводзіць
        І лес маўклівы азірае.
        Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы,
        А залатыя пералівы,
        Вуглёў міганне-дрыгаценне
        Ім ткуць чароўнае адзенне:
        Шчыты агнёвыя, кароны,
        То ярка-светлы, то чырвоны.
        Шугае полымя бурліва,
        А іскры-зорачкі шчасліва
        Бягуць-плывуць бліскучым роем
        Угору ў голькі к тоўстым хвоям
        І ў верхавінах прападаюць,
        Бы вочкі плюшчаць, уміраюць.
        Тут светла, весела, ўсё жыва,
        А ў лесе цьма ляжыць маўкліва,
        Глядзіць панура, неласкава,
        Што не ў свой час ідзе забава.
        Дрыгучы блеск вакол гуляе,
        І цьму адгэтуль адганяе,
        І піша здольныя малюнкі,
        І фарбаў розныя гатункі
        Па тоўстых хвоях раскідае,
        Дзівоты чараў выяўляе.
        
        Сядзяць паны, як страхі тыя,
        А міны важныя такія,
        Ўсе непрыступны і ўсе горды,
        Рашучы погляды і цвёрды,
        А ў кожным слове, ў кожным руху
        Відна знявага да «псяюху».
        «Псяюхі» ж ім усяк слугуюць
        І для вячэры стол гатуюць,
        Ў агонь бярвенні падкідаюць
        І прад панамі выдыгаюць.
        І вось за стол паны садзяцца,
        Ім заманулась частавацца;
        Кілішкі «вудкай» наліваюць
        І чаркі з чаркамі стыкаюць,
        Жуюць смажэнне і вяндліну
        І хваляць добрую часіну.
        А «вудка» больш развесяляе;
        Пан равізовы зачынае:
        «Ешчэ Польска не згінэла,
        Пукі мы жыемы».
        Паны адны перад другімі
        Шыкуюць жартамі сваімі,
        Свой розум, гонар выстаўляюць
        І дубальтоўкі выслаўляюць.
        Ракоўскі, злосны з леснікамі,
        Зусім не той цяпер з панамі.
        Паны ў хвальбе не зналі меры,
        Самім сабе не мелі веры,
        Ды пра лганнё сваё маўчалі,
        Не падсяваючы, ўсе лгалі.
        – А я, – тут Свіда выступае,
        Ён вус угору падымае
        І панству кідае з запалам: –
        Седм вількув забів едным стшалэм!
        Паны на момант слупянеюць,
        Жаваць іх сківіцы не смеюць:
        Загнаў пан Свіда ім загвоздку,
        Як бы у горла сунуў костку.
        – Дальбуг, цекаве, даен слово! –
        Сказаў нарэшце равізовы.
        – Гм, як жа гэта, проша пана? –
        Ўсіх зрэзаў Свіда нечакана
        І верх цяпер над імі мае.
        Паноў аж зайздрасць разбірае.
        – То пан жартуе, як то можна? –
        Паны развагу вядуць розна:
        Сказаць: салгаў – не выпадае,
        Паверыць – веры не хапае;
        А паўнамоцны ў здаваленні,
        Як бы агорнуты ў праменні,
        Навокал горда пазірае
        І важна шчокі надзімае,
        Як бы паноў ён і не бачыць.
        – Няхай жа пан то растлумачыць!
        – А так, панове: едным стшалэм! –
        Зноў ткнуў іх Свіда як бы джалам.
        Ў канцы дае ім тлумачэнне:
        Забіў ваўчыцу на шчаненні.
        Паны – ляснічы й равізовы –
        Як па камандзе, б’юць галовы:
        – І як то мы не дагадалісь!
        І доўга ўсе яны смяялісь.
        Назаўтра рана чуць разднела,
        Чуць-чуць на ўсходзе пасвятлела,
        Была кароткая нарада,
        Каму вясці якога пана.
        «Абы не гэтага шатана,
        Хоць бы не мне ўсучылі гада», –
        Міхал падумаў аб ляснічым.
        «Абы не з гэтым паляўнічым», –
        Так і другія разважалі,
        Пераглядаліся, чакалі.
        Але як Свіда быў тут глаўны,
        А з леснікоў найболей слаўны
        Міхал даўно ўжо тут лічыўся,
        То ён Міхалу даручыўся,
        Кржывіцкі Пальчыку застаўся,
        А ў трэцяй пары аказаўся
        Ніхто другі, як наш Гавака;
        Аж уздыхнуў ён, небарака.
        Размеркаваўшысь такім чынам,
        Паны па розных пуцявінах
        Ідуць на токі з леснікамі.
        Міхал здалёк пайшоў цянькамі;
        Гатовы план даўно ён мае,
        Ідзе і Свіду навучае,
        Гаворыць з прыціскам, хоць ціха,
        Каб не ўстрывожыць тое ліха.
        – Вось тут, паночку, «такавіска»,
        Глушэц асочаны ўжо блізка,
        Няхай жа пан ідзе ціхутка,
        Бо гэта штучка вельмі чутка:
        Не асцярогся – і прапала.
        І Свіда слухае Міхала,
        Што толькі той ні загадае.
        Міхал над панам волю мае,
        Цяпер ён пан хоць на мінутку.
        «Скачы ж, браток, пад маю дудку,
        Прызнай жа мне і ты пашану?» –
        Міхал у думках кажа пану.
        – Як скокну я – і пан хай скача;
        Спынюся я – і пан спыніся!
        Глядзі ж, панок, не памыліся,
        Каб тут не вынікла няўдача!
        Міхал замёр, стаіць маўкліва,
        А з ім і Свіда нерухліва.
        У лесе значна пасвятлела,
        І вось дзесь блізка, перш нясмела
        Заграў глушэц і абарваўся
        Ды зноў зачаў, разбалбатаўся.
        Міхал даў знак. Скок-скок! спыніўся,
        З ім радам Свіда апыніўся.
        – Ці бачыць пан? унь-унь чарнее...
        Ой, не: хай пан цярпець умее! –
        А Свіда стаў пароць гарачку
        І ўжо у стрэльбе ўзвёў сабачку.
        – Не руш! не руш, пан! о, крый божа;
        Пан папсаваці справу можа!
        Яшчэ мінуту улучылі,
        На крокаў дваццаць падступілі.
        Цяпер глушэц, як на далоні,
        Сядзіць, бы шула, у заслоне
        Хваёвых лапак, хвост мятлою,
        Як бы любуецца сабою,
        Балбоча, крэхкае і свішча;
        Глушэц склікае на ігрышча,
        А мо хваленні жыццю правіць
        І гэты бор спрадвечны славіць.
        Міхал і Свіда той часінай
        Стаялі моўчкі пад ялінай.
        Пан Свіда стрэльбу падымае
        І доўга цэліцца... страляе.
        Бух! – грукнуў стрэл, лес узбудзіўся!
        Дымок раўнюткаю стралою
        Жахнуў старую гэту хвою,
        З якой глушэц даўно зрадніўся;
        І раптам з ёю разлучыўся,
        Умомант звяў і страціў сілы
        І не паспеў разняць ён крылы,
        На мяккі дол, на мох зялёны
        Упаў, насмерць акрываўлёны;
        Ўзнялась галоўка і апала,
        Два разы лапка задрыжала,
        Навек застыла нерухома.
        А Свіда рад быў, рад, вядома:
        Рублём Міхала ён трактуе,
        Цыгарай хвацкаю частуе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.