РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зямля
I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
XVII. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала
X. НА ПАНСКАЙ СЛУЖБЕ
        
X. НА ПАНСКАЙ СЛУЖБЕ

        
        У той жа дзень, праз час каторы,
        Прыйшоў сюды Марцін з каморы,
        Ляснік таксама пры кватэры.
        Загады розныя, паперы
        Яму ў лясніцтве даручалі,
        Калі з наказам пасылалі.
        Яшчэ здалёк, аж каля кліна
        Антось заўважыў тут Марціна.
        – Ну, прэцца ўжо Марцін з наказам!
        Згарэў бы ты, панок, з ім разам! –
        Дабра так пану пажадалі,
        Але з цікавасцю чакалі,
        Што ім Марцін тут заспявае.
        – Ну, што нам васпан сказаць мае?
        – Наказ прынёс я да васпана!
        Наказ такі, каб заўтра зрана
        Твой брат Антось шоў да адбору,
        А сам Міхал аб гэту пору
        Настройваў лыжы да сялібы –
        Падбаць панам наконта рыбы;
        Бяры там невад з рыбакамі,
        Паноў парадуй шчупакамі:
        Галодны, можа, небаракі,
        А мо абрыдлі ім прысмакі –
        Вяндліны, мяса і катлеты,
        Павысыхалі, як шкілеты,
        Іх вецер з ног чуць не скідае! –
        Марцін тут жарту падпускае.
        – Ну вось, ужо і даў задачу!
        – Ты нездаволены, як бачу;
        Але пастой, Міхал, даслухай,
        Тады ты ўжо глуздом парухай:
        Пан прыказаў яшчэ васпану,
        Злавіўшы рыбы, каб тады жа
        Сам васпан вёз і да Нясвіжа
        Таму другому калашману,
        Што падпіраюць князеў замак,
        Для цешчаў іх і розных мамак.
        – Наказ нічога для пачатку!
        Што ж далей будзе, пане-братку?
        Э-гэ-гэ-гэ! не мець спакою! –
        Міхал затрос тут галавою. –
        Ой, дасца гэта служба ў знакі!
        На карк уссядзе д’ябал ўсякі.
        Хіба ён літасць, сэрца мае?
        Ўжо двух у службу запрагае:
        Адзін на рыбу – той ў адборку...
        Няма на іх, вужак, паморку,
        Вось на такіх чартоў лазатых,
        На гэтых джынджыкаў праклятых!
        Быў чалавек, што можна б ладзіць,
        Дык вось няма – памёр! Не вадзіць
        На добрых нам паноў ніколі.
        А вось такі «Рак», ліха долі,
        Не будзе мець табе і зносу.
        Так, брат: для нашага ён лёсу!
        І ёсць жа прыказка такая:
        «Кляні ты пана – пан сычае!»
        Міхал хадзіў і бунтаваўся
        І на ляснічага злаваўся.
        – Ідзе работа, сеяць трэба,
        Ляжыць няўзораная глеба,
        А ты й каня бяры ў прыдачу...
        Сказаць-то лёгка – даў задачу!..
        Ото бяда! ото галеча!
        А меў бы кут свой, чалавеча,
        Ці ж бы служыў? цярпеў бы здраду?
        Даўно б у морду плюнуў гаду!
        Пайшоў ты к ліху! праваліся!
        Сам гэтым хлебам падавіся!
        – Вось тут-та, брат, і гора тое
        І гэта ліха насланое,
        Што нам няма дзе зачапіцца,
        І мусім з гэтым мы згадзіцца,
        Пад дудку панскую скакаць
        І іх загады выпаўняць.
        Цябе ж дзяруць, як тую ліпку! –
        Марцін з кішэні вынуў піпку,
        Цыбук заядла прадзімае
        І піпку пальцам набівае.
        – Цьфу! лае, бэсціць з-за нічога!
        А мух, брат, мух у носе многа!
        І так нясецца ён, васпане, –
        Тычына шапкі не дастане!
        Не пазірае табе ў вочы,
        Глядзіць, бы воўк той, заўжды скрыва
        І заўжды злосны ён надзіва,
        І заўжды лаяцца ахвочы...
        Ды чорт яго бяры, Міхале!
        Што зробіш гэтакай завале?
        Ось будзем жыць сяк-так памалу,
        Ці гэта ў першы раз Міхалу
        Такія справы мець з панамі?
        Няхай яны лепш здохнуць самі,
        Чым мець праз іх яшчэ згрызоты.
        Хіба ж, Міхале, мы сіроты?
        І пан, калі нам пашанцуе,
        Пад нашу дудку затанцуе:
        Няпраўда – згіне племя злое!
        – Калі ж та будзе свята тое?
        Хіба як возьме нас магіла?
        Не наша, браце, а іх сіла!..
        Адно, брат, тут: старацца трэба
        Прыдбаць сваю скарынку хлеба,
        Бо людзі кажуць: «Хлеб служачы
        Не надта добры хлеб – сабачы!»
        І не сабака страшан воўку,
        Калі прыйшлося сказаць к слоўку,
        Мой пане-браце, мой Марцяга,
        А непрыемна яго звяга! –
        Яшчэ крыху паразважалі
        І трохі злосць сваю сагналі.
        Марцін пайшоў, але для пана
        Было яшчэ крыху дадана
        Не вельмі добрых пажаданняў,
        І пацер розных, і літанняў.
        Але дабра, палёгкі, толку
        Не прыбыло з таго й на голку.
        
        Спакою тут Міхал не знае,
        Як бы на колы вада тая,
        Міхал ідзе ды йдзе ў абходы,
        І не ухілішся ад шкоды:
        То дуб ссякуць, бярозу зваляць,
        А там і лес табе падпаляць
        Або патравяць сенажаці,
        Пажнуць траву на корм цяляці.
        Народ жадзён, бо жыве ў сціску,
        Гатоў у вочы сыпнуць прыску,
        Зрабіць зумыслу дзеля здзеку,
        Не, не ўнаровіш чалавеку!
        І свой жа брат цябе кусае,
        Бо кожны выслужыцца хоча:
        Адно гаворыць табе ў вочы,
        Але другое ў мыслях мае
        І ўжо здарэння не мінае
        На чым хоць-небудзь зло спагнаць,
        Як мае быць цябе даняць.
        А там надыдзе тое лета,
        Глядзі, каб ягад без білета
        У лесе бабы не збіралі
        І на грыбы каб білет бралі.
        Так вось заўсёды свет зачынен,
        І сам жа ты яшчэ павінен
        Падатак пану свой даваць –
        Грыбоў і ягад назбіраць.
        А пан табе не спагадае,
        Сваю работу загадае:
        То пастуха згадзі, служанку,
        Да ночы біся спазаранку.
        А там надыдзе касавіца –
        Ўставай, чуць гляне зараніца,
        Ідзі, касцоў наймай і жней –
        Ні ў чым адмовіцца не смей!
        Рабі ўсё борзда, гладка, чыста.
        Але пагода наравіста,
        І ў часе самае работы
        У небе ўсходзяцца грымоты,
        І невады за невадамі
        Працягнуць хмары над грудамі,
        Спусціўшы пасмачкі-палосы,
        Зальюць і копы і пракосы.
        І за той жарт Ільі-прарока
        Не будзе мець на цябе вока.
        Служы, працуй на пана-ката,
        А сам не ўправішся, дык брата
        Бяры ты з дому на падмогу,
        Няхай з табою нага ў ногу
        Ідзе па службе, памагае,
        А не то, й сына прыпрагае.
        Ці ж гэта лад? ці ж то парадак?
        Згрызот нямала, многа звадак.
        І як ні біся, ні старайся,
        Хоць на кавалкі разрывайся,
        Прычэпку знойдзе і аблае,
        Яшчэ й пад носам наківае.
        А ты цярпі, маўчы зацята
        І слухай споведзь пана-ката.
        
        І крыўда ў тым, мае вы людзі:
        І хто ж то волю даў паскудзе?
        Нашто зямля іх, катаў, носіць?
        Ой, хто ж ад іх не загалосіць?
        А дзе на іх шукаць управы,
        Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы»
        Паноў за здзекі не карае?
        І хто цябе тут падтрымае?
        Каму паскардзіцца і дзе?
        Хто гэту крыўду адвядзе
        І трохі згладзіць перашкоды?
        І між сабою няма згоды:
        Адны другіх бы тут паелі
        Або ўтапілі б, каб прымелі.
        Адзін другога не пакрые,
        Глядзяць, як ворагі ліхія,
        Гатовы ліха прыкупіць,
        Каб спатайку цябе ўкусіць.
        А пан з таго і карыстае
        І па чарзе ўсіх пералае.
        
        – Ну ж і «Рачок»! ото ж уз’еўся!
        Чаго на нас ён так насеўся? –
        Казаў часамі дзядзька дома. –
        І як служыць тут – невядома.
        Ото ж зараза ўжо прыўдасца!
        Нашто на свеце гэта трасца?
        Служы яму ты ўсёй сям’ёю,
        А сам ты хоць жабруй зімою.
        Сказаць, ну, меў бы ты пасаду,
        Дык чорт бы з ім, цярпеў бы гаду,
        Але што тут? асот, галота,
        Шэсць дзесяцін – чаго? балота!
        Другія маюць па валоках,
        Як Ліхтаровіч у Затоках.
        І што ж? адзін ён службу мае,
        Ніхто туды не зазірае,
        Ніхто там свету не завяжа
        І нават носа не пакажа.
        А ты круціся, хвост авечы,
        Канца няма той талачэчы,
        Ну, проста служба гэта гадзіць,
        І кожны нос тут свой усадзіць.
        – Вядома, хто дальш ад кватэры,
        Таму менш стукаюць у дзверы,
        Да іх дайсці не так-то скора,
        І там жывуць сабе без гора, –
        Гаворыць з зайздрасцю і маці, –
        А тут, як дзе на воўчай гаці,
        Як на пярэсмыках якіх,
        Цябе трывожаць кожны міг.
        Але ж і самі вінаваты,
        Калі так коціцеся з хаты,
        Дзе толькі пан ні загадае.
        Ці ж ён на гэта ласку мае?
        Чаму ж на вас і не налегчы?
        Чаму ў хамут вас не запрэгчы,
        Калі яго так баіцеся
        І так за службу берацеся?
        Адзін вось служыць – ну і годзе!
        Што патураць яго той модзе?
        Дзе ж? мала двух, дык трэці Ўладзя!
        Чаму ж на карк табе не ўссядзе?
        А трэба часам агрызнуцца,
        Бо так і будзеш заўжды гнуцца.
        – Ого! ты смела каля печы,
        І праўда: кажаш ты дарэчы,
        А ты б сама вось паспытала,
        Тады б не тое заспявала, –
        Сказаў Міхал крыху сярдзіта. –
        І будзе нехаця зашыта
        Твая тут губа, мая міла:
        Яго тут права, яго сіла!
        Або ты знойдзеш праўду ў свеце?
        Каму пажаліцца, скажэце?
        Судзіцца будзеш з ім? За што жа?
        І хто табе тут дапаможа?
        Хіба цябе ён тут трымае?
        Служыць гвалтоўна прымушае?
        Не хочаш службы, ну, палайся,
        Бяры манаткі, выбірайся.
        Але куды? дзе твой прытулак?
        Нагатавалі табе булак?
        Каму ты міл, скажы, ў бядзе?
        Эх, не прыхілішся нідзе!
        Паскачаш дроздзіка, бы скочка,
        Калі няма свайго куточка.
        А як прачуюць гэта людзі,
        Ад іх адбою тут не будзе...
        Чаму ж яму не казырыцца?
        І вон прагнаць не пабаіцца;
        Ты з ім не зграешся ніколі,
        Раз ты прымушан да няволі.
        – Ну, й будзе ездзіць – што за дзіва!
        Калі маўчаць яму цярпліва.
        Чаго баяцца? не прагоніць
        І горш ужо не запалоніць.
        І хто ж, як ты, на свеце служыць?
        Аб глупству кожнаму ён тужыць,
        Не спіць, не есць і ног не чуе,
        У лесе днюе і начуе,
        З людзьмі грызешся, як сабака, –
        А доля ўсё ж твая аднака.
        Чаго ж так надта выдыгацца?
        За што так падаць? так старацца?
        Затым, каб больш цябе ганяць?
        Часцей ў аглоблі запрагаць?
        І будуць ездзіць, і не знайся,
        А ты маўчы, а ты старайся!..
        Каму, каму, а ўжо Антосю
        Сказаць бы можна, каб прыйшлося,
        Бо ён на службу не наймаўся.
        – Або я, думаеш, збаяўся? –
        Гаворыць дзядзька, ў хаце храбры. –
        А калі што, дык і за жабры.
        – Паслухаць вас, усе вы хваты!
        А чуць да дзела – душа ў пяты!
        Няма чаго мянціць языкам,
        А крык, як быў, і будзе крыкам.
        – Няхай крычыць, і ты крычы!
        – Хіба што жабаю ў карчы;
        Прынамсі, з гэтакім паспехам, –
        Міхал аклікнуўся зласмехам.
        Вось так пачнуць казаць, бывала,
        Ды з тых размоваў толку мала,
        І толькі горш удражніш раны,
        І свет заткуць гушчэй туманы.
        
        А пан за службу шчыра браўся,
        Па лесе лётаў, прыглядаўся,
        Каб дзе заўважыць непарадак –
        На гэта вельмі быў ён падак.
        Але ён злы быў асабліва,
        Як граў у карты нешчасліва.
        Тады яго асцерагайся,
        Як ад заразы ўжо хавайся.
        Раз ён віхрыўся, ды няўдала:
        Для злосці стравы бракавала.
        Вось у Парэчча пан шыбуе,
        Крычыць, Міхала патрабуе,
        Каня спыніўшы каля брамы.
        Міхал у гэты момант самы
        Прыходзіць з лесу, йдзе да пана.
        – Чаму на флянсах у васпана
        Сляды быдлячыя? – пытае,
        А сам так скрыва паглядае,
        Насупіў твар і зрушыў бровы.
        – Былі там панскія каровы!.. –
        Ох, тут ляснічы як уз’есца!
        Ну, не знаходзіць сабе месца!
        Ды як затупае нагамі!
        Крычыць, махае кулакамі,
        А вочы тыя, як у змея.
        Ад злосці больш яшчэ чарнее,
        З астатніх слоў Міхася лае,
        З пасады выгнаць пагражае.
        Міхал маўчаў, ды нечакана
        Ён сам як рушыцца да пана!..
        Ляснічы зразу ўзад падаўся...
        – Чаго пан гэтак раскрычаўся?
        Завошта пан мяне так лае?
        Згарыць яна няхай, такая
        І служба гэта, і пасада,
        І гэта крыўда, й гэта здрада,
        І гэта панская адплата!..
        Няхай яна будзе праклята!.. –
        Міхал тут плюнуў, завярнуўся –
        Хоць раз, ды добра агрызнуўся!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.