РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая зямля
I. Леснікова пасада
II. Раніца ў нядзельку
III. За сталом
IV. На першай гаспадарцы
V. Пярэбары
VI. Каля зямлянкі
VII. Дзядзька-кухар
VIII. Смерць ляснічага
IX. Новы ляснічы
X. На панскай службе
XI. Дзедаў човен
XII. Сесія
XIII. Падгляд пчол
XIV. Дарэктар
ХV. «Начаткі»
ХVІ. Вечарамі
XVII. Воўк
ХVІІІ. Зіма ў Парэччы
XIX. На рэчцы
XX. Каляды
XXІ. Таемныя гукі
XXІІ. На глушцовых токах
XXІІІ. Панская пацеха
XXІV. Вялікдзень
XXV. Летнім часам
XXVІ. Агляд зямлі
XXVІІ. Па дарозе ў Вільню
XXVІІІ. Дзядзька ў Вільні
XXІX. На Замкавай гары
XXX. Смерць Міхала
XXІІ. НА ГЛУШЦОВЫХ ТОКАХ
        
XXІІ. НА ГЛУШЦОВЫХ ТОКАХ

        
        Адбыў свой час панура люты.
        Дзянёк патрошку прыбывае,
        Прыветней сонейка бліскае,
        І рве рачулка свае путы.
        Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу:
        Прайшоў твой час, дзякаваць Богу!
        Пабач, старая: там, у полі,
        Чарнеюць леташнія ролі!
        А ўзгоркі вунь паразумнелі,
        Бо вельмі значна палыселі.
        А лес, глядзі, які вясёлы!
        І дуб смяецца, хоць і голы.
        Паслухай добра: чуеш песні?
        Цяпер яны ўжо не заўчэсні,
        Ужо бо сонейка праменні
        Гатуюць шлюбныя адзенні
        І ткуць карону дарагую
        Вянчаць зямельку-маладую...
        Пара, зіма, табе складацца
        І ўпроч з кудзеляй выбірацца!
        
        І вось у дзень адзін прыўдалы
        Загаманілі перавалы.
        І гоман, спеў і шум усюды,
        Як бы ў цымбалікі і ў дуды
        Зайгралі тысячы музыкаў,
        Бы іх на баль тут хто заклікаў.
        Ідзе вясна з цудоўнай лірай;
        На звон яе зляцеўся вырай,
        І жыцце ўсюды вынікае,
        І пташка песню зачынае.
        – Вясна павінна быць раджайна:
        Вада шуміць штось незвычайна,
        Як гром далёкі – густа, глуха
        І так прыятна нейк для вуха, –
        Міхась, вярнуўшыся з абходу,
        Адзначваў добрую прыгоду.
        А Костусь дома не ўтрывае,
        Паслухаць шум той выбягае;
        І праўда: гук такі цікавы...
        Як мілы гэтыя праявы!
        
        Аб чым гудзе вада так важна,
        Так мілагучна, так працяжна?
        Напэўна, гэтая вадзіца,
        Мабыць, якая чараўніца,
        Калі наўперад многа знае
        І пра раджайнасць нешта бае.
        І нават тата даў ёй веры.
        Праз дзень прыйшоў наказ з кватэры,
        Якога бацька спадзяваўся,
        Каб у Камлішчы ён збіраўся,
        Бо ўжо глушцы затакавалі,
        А іх прад святам палявалі;
        Але ўпярод, да палявання,
        У змрок вячэрні і ў світанне
        Туды на подслухі хадзілі,
        Глушцоў шукалі і сачылі,
        Пакуль паны не прыязджалі.
        
        Два буданы ў бары стаялі:
        Адзін – салаш яловы просты,
        Другі драўляны і з памостам;
        І вось, як панства наязджала,
        То тут яно і начавала.
        Ляснік у будцы сваёй гнуўся,
        Хоць да агню ён больш гарнуўся;
        Але і тут было няміла:
        Адзін бок мёрз, другі смаліла.
        Міхал сабраўся, апрануўся
        І ў лес павольна пацягнуўся:
        Ў лясах снягі яшчэ ляжалі,
        Ды ўжо з узгоркаў саступалі
        І больш туліліся ў лагчынах
        Ды па цяністых раўчавінах.
        Зіма і тут збірала клумкі.
        Міхал ішоў, з ім йшлі і думкі,
        А з імі вобразы ўставалі
        І ў сэрцы водгук выклікалі.
        І часта хваля абурэння,
        Глухі пратэст нездавалення
        Яго ахваціць і ўскалыша
        І гневу знак ў душы напіша.
        Панам пацеха і забава,
        І ў іхнім гусце гэта справа;
        А ты, як Каін, валачыся,
        У будане па тыднях гніся,
        Ды часам пану не ўнаровіш
        І «пся крэў», «дурня» часта зловіш,
        З апошніх слоў цябе аблае,
        А то і горш яшчэ трапляе.
        Была б свая зямля і хата!..
        Ды будзь ты тры разы праклята
        І служба панская і ласка
        І доля вечная падпаска!
        І многа розных дум устане,
        Пакуль будан той з лесу гляне.
        Між буданоў агонь палае,
        Міхала Пальчык там чакае;
        З другога боку йдзе Гавака,
        Стары аб’ездчык і служака.
        Сядзіць Абрыцкі на калодзе
        І грэе ногі, люльку курыць,
        Зачаў гаворку, балагурыць
        Аб рознай рознасці, прыгодзе.
        Чаго ён толькі не ўспамяне!
        Каму ў душу ён не загляне!
        І абгаворыць, пасмяецца;
        Панам таксама дастаецца,
        Бо пан Абрыцкі, сказаць смела,
        Між імі цёрся жыцце цэла;
        Быў на Палессі, на Валыні –
        Дзе толькі доля не закіне!
        Сядзеў з ім поруч Дземідовіч,
        З другога боку – Астахновіч,
        Ўжо леснікі немаладыя,
        І хлопцы сталыя, такія,
        З якімі можна выпіць чарку,
        Таксама й ездзіць па іх карку,
        Чаго Абрыцкі не цураўся.
        Па службе выйдзе папушчэнне
        Ці так няважнае здарэнне,
        Абрыцкі пэўна ўжо падкусіць,
        Данесці пану аб тым мусіць
        Ды ад сябе яшчэ прыбавіць,
        Каб чалавека абясславіць;
        Дык на яго не мелі вока
        І з ім трымаліся далёка,
        Хоць гэта ў вочы не казалі.
        Ды леснікі здарэнне зналі,
        Калі Абрыцкі абмахнуўся
        І пад Пшавару падвярнуўся.
        Пшавара быў ляснік сярдзіты,
        Апроч таго, не лыкам шыты:
        Шырок, плячыст, як дуб стары,
        І з ім да трох не гавары!
        І дужы быў ён не па меры.
        Ён быў з Абрыцкім на кватэры,
        І вось які быў тут учынак:
        Пшавараў конь каля драбінак
        Стаяў і хрумстаў сабе сена,
        Сянцо мурожнае, бы пена.
        Вярхом Абрыцкі прыязджае,
        Сюды свайго каня стаўляе,
        Пшавара гэта зауважыў.
        – О, каб яго пярун распляжыў!
        Які то гад, які вужака,
        Які то кручаны сабака
        Пусціў каня да майго воза?
        – Якая страшная пагроза
        І што за тон такі мужыцкі? –
        Азваўся з гонарам Абрыцкі. –
        Ну, я пусціў, то што тут будзе?
        Табе што з гэтага прыбудзе? –
        Ўскіпеў Пшавара ў момант вока;
        Дуга была тут недалёка –
        Ляжала тут жа пад рукою –
        І за Абрыцкім ён з дугою!
        Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі,
        Бяжыць, як можа, без аглядкі,
        Але Пшавара даганяе,
        У ход дугу сваю пускае.
        Абрыцкі – некуды дзявацца –
        Спыніўся, кінуўся кусацца!
        Пшавара й гэты бой прыймае:
        Схапіў Абрыцкага, трымае,
        Зубамі сам дае ён здачы
        І нават гыркнуў па-сабачы:
        – Калі кусацца, дык кусацца!
        Было з чаго тут пасмяяцца!..
        Тут сам падлоўчы паказаўся,
        Ад смеху ён чуць не качаўся.
        На ўсіх пазіцыях пабіты,
        Абрыцкі збавіў тон сярдзіты
        І просіць грознага Пшавару:
        – Пусці, братко, панёс я кару!
        Міхал з усімі завітаўся,
        Таму, другому засмяяўся,
        Іх жарты жартам адбівае
        І стражнікаў развесяляе.
        – А што, Міхале, мілы браце, –
        Абрыцкі кажа, – пэўна ў хаце
        Было б, тэж, лепш, як у будане?
        – Няхай тут іх зямля апране:
        Паноў, глушцоў і інша ліха,
        Тады б на свеце было ціха, –
        Сказаў Міхал нібы гняўліва. –
        Ось возьмем стрэльбы, пойдзем жыва,
        Ды хоць у смак папастраляем
        І ўсіх глушцоў паразганяем!
        – А ты забыўся, – тэж, каханы,
        Выпадак быў неспадзяваны,
        Як наш Вярыга свержаноўскі
        Вёў на глушца па-стражнікоўску
        Якраз ляснічага самога:
        Тры крокі скокне ён, нябога,
        Ды спыніцца і спыніць пана;
        Глушца ж таго і нечувана.
        І вось да хвоі даскакалі,
        Але глушца там не засталі.
        Стаяць Вярыга і ляснічы.
        – А дзе ж глушэц, пан паляўнічы?
        – Вось тут спяваў, панок, учора,
        Ды перастаў на маё гора.
        Вярыга вочы апускае,
        Ляснічы воўкам пазірае
        І плясь у морду нечакана!
        Вось як Вярыга падвёў пана!
        – Ну, што ж? натрапіў на такога;
        А каб наскочыў на другога,
        Сказаць, хоць бы і на Пшавару:
        Задаў бы ён там пану жару! –
        Гавака важна адазваўся;
        Абрыцкі толькі аблізаўся,
        А леснікі зарагаталі
        І тым Гаваку падтрымалі.
        – Ну, што, панове ягамосці:
        А ці не час ужо і ў госці? –
        Абрыцкі погляд ускідае
        І шчыльна люльку накладае.
        – Што ж! трэба рушыцца – цямнее:
        Якраз злятаюцца, зладзеі!..
        Эх, брат, наняўся – як прадаўся!.. –
        Сказаў Міхал і сам падняўся;
        За ім другія паўставалі
        І ў цёмны лес павандравалі.
        І разышліся ва ўсе бокі
        Сачыць глушцоў, шукаць іх токі.
        Міхал з дарогі зварачае
        І далей, глыбей забірае.
        Вось ён разважліва спыніўся,
        Прыслухаўся і прытаіўся;
        Яшчэ павольненька праходзіць,
        Дазорчым вокам лес абводзіць.
        Стаяць вакол маўкліва хвоі,
        Бы служкі ў панскім дзесь пакоі;
        І дрэмлюць чорныя яліны,
        І моўкне ў лесе спеў птушыны,
        І толькі дрозд высвістваў штучна,
        Як на кларнеце, мілагучна;
        Ды змоўк і ён, і ўсё знямела.
        У небе зорачка нясмела
        Над гэтым лесам цемраністым
        Зірнула вокам прамяністым.
        А лес маўчыць, глухі, таемны.
        Міхал – сам слых, але дарэмны
        Вышэй чуллівых натужэнні:
        Нідзе ні зыку-шарасцення,
        І толькі шум, бы кім насланы,
        Бы тыя гулкія арганы,
        Ўвушшу стаіць, грыміць і звоніць
        І штось няўцямнае гамоніць.
        «Чусь-сю! Чуг-гі!» – дзесь зык падаўся,
        Міхал як бы чаго спужаўся,
        І сэрца ў ім мацней забілась,
        І радасць нейкая з’явілась.
        Глушэц чым далей, то ўсё болей
        Дзесь на суку за тоўстай хвояй
        Рассеўся важна і балбоча,
        А як спявае – плюшчыць вочы,
        Тады нічога ён не чуе;
        Але не цягам ён такуе,
        А робіць часта перарывы,
        Тады ўжо чутак ён надзіва,
        Тады замры і стой зацяты;
        Пачне спяваць – хоць бі з гарматы.
        Міхал стаіць, штось разважае,
        Відаць, ён месца прымячае,
        А кашаль, падла, так і душыць.
        Міхал наш з токаў хоча зрушыць,
        Ісці ў будан той, ды ўнікае:
        Другі глушэц ток зачынае.
        Перачакаўшы з паўгадзіны,
        Міхал павольненька, як можна,
        Пакінуў токі; асцярожна
        Выходзіць зноў на пуцявіны.
        Цяпер на збор і ён шыбуе,
        Чагось вясёлы, ног не чуе;
        А леснікі ўжо ўсе у зборы.
        Ідзе гаворка сярод бору,
        І смех і жарты, нават кпіны.
        Агонь бадай да палавіны
        Высокіх хвояў дасягае.
        Абрыцкі рапарты прымае,
        Хто чуў глушца, якія токі,
        Адлегласць мерае на крокі,
        А Дземідовіч люльку смаліць,
        Ніяк глушцоў сваіх не хваліць.
        – Няма нідзе, папрападалі,
        А мо за зіму паздыхалі, –
        Гаворыць ён, рукой махае.
        Яму Міхал напамінае,
        Як летась ён усім надзіва
        Упаляваў зайца шчасліва,
        Калі той здуру памыліўся
        І сам у яму заваліўся.
        І ўсе смяялісь, рагаталі
        І з тога зайца жартавалі.
        – А што ж тут вельмі выпірацца?
        І з-за чаго ўжо так старацца?
        Брашы ўсю ноч хоць, як сабака, –
        Адна і ласка і падзяка.
        Міхал занадта ўжо служака,
        А медалёў не начапілі,
        За глупства ў лыжцы б утапілі.
        – Ты праўду кажаш, пан Амброжа,
        Ды йначай наш Міхал не можа:
        Натура ўжо яго такая! –
        І Астахновіч зазначае.
        
        Вясёлы смех і жарты, спорка –
        Вядзецца доўгая гаворка.
        Будан жыве, будан гуторыць,
        Аж покі сон усіх не зморыць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.