РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
АД АЎТАРА
Ад аўтара
        
        Іншы раз, калі гартаеш кнігі па гісторыі Беларусі, так хочацца за фактамі і датамі гістарычных падзей убачыць людзей, пра якіх у летапісах, або дакументах, або манаграфіях напісана толькі некалькі радкоў, даведацца пра тое, як яны жылі, чаму радаваліся і аб чым сумавалі, прачытаць хоць адно моўленае імі слоўца, паглядзець на іх партрэты, каб наблізіць да сябе той далёкі час і стаць сведкам усяму, што некалі адбывалася.
        Нічога новага не адкрыю, калі скажу, што гісторыя – гэта не толькі даты падзей і ясныя, на падставе сведчанняў сучаснікаў, факты (хаця іх, безумоўна, трэба ведаць, каб хтосьці не спекуляваў на гістарычнай неадукаванасці народа), але і духоўны скарб, які стагоддзямі збіраўся народам і жывіць ягоную памяць, абуджае нацыянальную свядомасць. Гэта таксама маральныя ўрокі, што засцерагаюць нас ад паўтарэння памылак. Гэта і запавет любіць і шанаваць сваю Бацькаўшчыну, запавет, перададзены нам бацькамі і дзядамі.
        Уся дакастрычніцкая гісторыя Беларусі ў выкладанні школьных падручнікаў уяўляе сабой міфы пра так званую заваёву Беларусі літоўскімі феадаламі, адпаведна жорсткі прыгнёт беларусаў і іх векавую мару ўвайсці ў Расійскую імперыю, міфы аб занядбанасці культуры і асветы, у параўнанні з якімі гэтак грандыёзна выглядаюць дасягненні паслякастрычніцкага часу – шматлікія перамогі (калгаснага ладу, індустрыялізацыі) і росквіты (культуры, навукі і г. д.). Закутаўшыся ў вопратку праўды, пані догма водзіць за ручку многіх нашых гісторыкаў, і яны загіпнатызавана крочаць па зачараваным коле. Гіпноз пазбаўляе іх волі, свайго розуму, свайго меркавання.
        У дагоду догме ад беларускай гісторыі адлучылі палітычных і вайсковых дзеячаў.нашага мінулага. Адных, як выдатнага важара, пераможцу шведскіх і турэцкіх войскаў Яна-Карла Хадкевіча або Льва Сапегу, што падрыхтаваў Трэцяе выданне «Статута Вялікага княства Літоўскага», называлі польскімі феадаламі, другіх, напрыклад вялікіх князёў літоўскіх, толькі па тытулу прылічылі да літоўцаў, ігнаруючы іх беларускае паходжанне, беларускія імёны, тое, што размаўлялі яны ў сваім жыцці па-беларуску; трэціх – Усяслава Чарадзея, Канстанціна Астрожскага – адносілі да рускіх, хаця ў рускіх летапісах полацкія князі называюцца крыўскімі, а гетман Астрожскі ніколі не служыў рускім. Найчасцей усе яны паўставалі «жорсткімі прыгнятальнікамі беларускага народа». А гэтыя «прыгнятальнікі» са зброяю ў руках баранілі Беларусь ад ворагаў, гінулі ў сечах за вольную Бацькаўшчыну, выдавалі кнігі, будавалі храмы, зберагалі і ўзбагачалі нашу спадчыну. I лёс не быў да іх літасцівы. Зведалі яны страты, і прыніжалі іх, і кідалі ў вязніцы, рэдка каго з іх абрала сваім улюбёным слава, многія ізгоямі жылі ўдалечыніад Айчыны і часта, што задумвалі здзейсніць, не ажыццявілі. Яны былі сынамі свайго часу, а таму не пазбаўлены прымхаў і грубасці, жорсткасці і фанабэрыі. Добрае і злое, нізкае і высокае жывуць у чалавеку.
        Я думаю пра герояў маёй кнігі. Памяць пра іх – гэта памяць і пра нас, нашчадкаў мінулай славы і дзеяў: забудземся іх – не ўспомняць і нас тыя, хто ідуць следам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.