РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
АДНАЎЛЕННЕ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ. БРАЧЫСЛАЎ ІЗЯСЛАВІЧ
АДНАЎЛЕННЕ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
БРАЧЫСЛАЎ ІЗЯСЛАВІЧ
        
        Скупыя летапісныя радкі данеслі нам паведамленне пра барацьбу полацкага князя Брачыслава Ізяслававіча з Яраславам Мудрым: «Приде Брячислав, сын Изяславль, внук Володимърь, на Новъгород, и зая Новъгород, и поим новгородце и именья их, поиде Полотьску опять. И прешедшю ему к Судомере реце, и Ярослав ис Кыева в 7 день постиже и ту. И победи Ярослав Брячислава, и новгородце вороти Новгороду, а Брачислав бежа Полотьску»[1]. Больш падрабязна распавядае пра гэтыя падзеі «Сага аб Эймундзе». Да яе і мы звернемся.
        Пасля таго як Яраслаў выгнаў з Кіева Святаполка, Эймунд, не атрымаўшы ад князя платы за службу, адправіўся разам са сваёй дружынай у Полацак да Брачыслава.
        Яшчэ ў раннім маленстве застаўся Брачыслаў без бацькі і, трэба думаць, яго выхоўваў хтосьці з полацкіх баяраў. Нагадаем, як крок за крокам вёў па жыцці маладога Ўладзіміра яго дзядзька Дабрыня. Так і Брачыслава ўводзіў у складаны свет княжацкага жыцця вопытны і мудры настаўнік, вучыў трымацца ў баявым сядле, валодаць зброяй, спасцігаць кніжную мудрасць, разбірацца ў хітраспляценнях палітыкі. Дзейным, смелым воінам, мудрым дзяржаўным мужам хацелі бачыць палачане сына Ізяслава, якому наканавана было сядзець на полацкім пасадзе. Нямала спадзяванняў ускладалі яны на Брачыслава.
        Амаль палова стагоддзя мінула з таго часу, калі раз’юшаныя Ўладзіміравы ваяры захапілі і спалілі горад, а памяць пра гэты трагічны дзень жыла ў сэрцах яго жыхароў. Толькі не помсты Ноўгараду праглі палачане. Куды больш значныя мэты паўсталі перад Полацкам. Хаця Ўладзімір і вымушаны быў аднавіць Полацкае княства, але, відаць, не прамінуў прыпыніць палітычна-эканамічнае развіццё Полаччыны, адцясніць палачанаў ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра. Можа быць, тады і перайшлі ва ўладанне Ноўгарада гарады Віцебск і Ўсвят – ключавыя пункты на водных шляхах. Золата, якое бралі з купцоў заставы, плыло ў Ноўгарад, золата, так патрэбнае Полацку для ўзмацнення. Палачане жадалі зноў вярнуць пад сваю ўладу вярхоўі Дзвіны і Дняпра, не адмовіліся яны і ад даўняй мары аб’яднаць вакол Полацка ўсе крыўскія землі, аднавіць страчаныя пазіцыі ў Дрыгавіцкай зямлі. Дасягнуць сваіх мэтаў можна было толькі ў крывавай барацьбе з Ноўгарадам і Кіевам. І гэтую барацьбу павінен быў узначаліць Брачыслаў.
        У той час калі на Русі лілася кроў міжусобнай вайны, Брачыславу было каля дваццаці гадоў. Полацкі князь не падтрымаў ні Яраслава, ні Барыса, ні Святаполка. Можа, у гэтым і была свая мудрасць: не спяшацца, чакаць, хто пераможа, не траціць дарэмна сілы. Перамог Яраслаў, ён і сеў у Кіеве. Прыход Эймундавых варагаў у Полацак быў дарэчы: тым самым павялічваліся сілы полацкай дружыны.
        І вось адбылася першая сустрэча паміж Эймундам і Брачыславам. Полацкі князь прыняў правадыра варагаў ветла і гасцінна. Эймунд падрабязна распавёў Брачыславу аб тым, што прымусіла яго пакінуць Яраслава. «Што ж вы цяпер думаеце рабіць?» – спытаў Брачыслаў. Эймунд адказаў: «Мовіў я Ярыцлайву-конунгу, што мы сюды да вас паедзем, бо я думаю, ён хоча паменшыць твае ўладанні, як брат яго зрабіў з ім, і вырашайце цяпер самі, уладар, ці думаеце вы, што вам патрэбна наша дапамога»[2].
        Пра баявыя якасці варагаў Брачыслаў чуў, і не раз. Той жа Ўладзімір з дапамогай варагаў у свой час авалодаў Полацкам, Яраслаў расправіўся з Барысам. І было б неразумна адмаўляцца ад паслуг варажскай дружыны, калі Полацку пагражаў Кіеў. «Так, – згадзіўся Брачыслаў, – жадаем мы вашай дапамогі, але што вы патрабуеце за гэта?» На што Эймунд адказаў: «Таго ж самага, што было ў нас у брата твайго»[3].
        Але каб прыняць на службу варагаў, Брачыславу патрэбная была згода веча. Як у Ноўгарадзе, так і ў Полацку веча выконвала заканадаўчую ролю, яно запрашала ў горад князёў, кантралявала іх дзейнасць, заключала мірныя і гандлёвыя дамовы, слала пасольствы, вырашала іншыя важныя дзяржаўныя пытанні. Гэтая асаблівасць полацкага палітычнага ладу ў далейшым пакладзе пачатак дэмакратычным прынцыпам кіравання ў Вялікім Княстве Літоўскім. І зусім не перабольшанне тое, што па сутнасці Полацкае княства з’яўлялася феадальнай рэспублікай, дзе князь выконваў ролю выбранага канстытуцыйнага валадара.
        Брачыслаў і тлумачыць Эйманду сваю залежнасць ад веча: «Дайце мне тэрмін параіцца з маімі людзьмі, таму што яны даюць грошы, хоць выплачваю іх я»[4]. На вечы Брачыслаў распавёў аб жаданні Яраслава адабраць ад Полаччыны землі і прапанаваў прыняць на службу варагаў. Красамоўны факт, на які ўказвае сага: дамову з Эймундам заключыў не Брачыслаў, а веча. Вядома, трымаць на службе варажскую дружыну было накладна, не па кішэні гэта аказалася Яраславу, але палачане не скупіліся. Пагрозу Кіева ўспрынялі яны сур’ёзна: наўрад ці змірыцца Яраслаў з незалежнасцю Полацкай зямлі.
        Брачыславава перасцярога была недарэмнай. Перамогшы на Альце Святаполка, Яраслаў у 1021 годзе прыслаў у Полацак паслоў з патрабаваннем перадаць яму гарады і сёлы, што межавалі з кіеўскімі ўладаннямі. Паводле сагі, Эймунд параіў Брачыславу: «...Уладар, падобна на тое, што трэба чакаць бойкі з прагным ваўком. Будзе захоплена яшчэ болей, калі гэта саступіць»[5]. Брачыслаў назначыў месца, дзе павінны былі сустрэцца полацкія і кіеўскія войскі, і адпусціў паслоў. Сам жа вырашыў апярэдзіць Яраслава і першым нанесці ўдар па яго спадчыннаму ўдзелу – Ноўгарадскай зямлі. Гэта, з аднаго боку, аслабіла б Яраслава, а з другога – дало б магчымасць Полацку пашырыць свае ўладанні за кошт Ноўгарада.
        Бліскучым па выкананні і выніках трэба назваць гэты паход на Ноўгарад. Каб захапіць буйнейшы ва Ўсходняй Эўропе горад з непрыступнымі абарончымі ўмацаваннямі, Брачыславу трэба было мець немалое войска. Такое войска ён здолеў сабраць за кароткі час і хутка прывесці пад Ноўгарад. З’яўленне палачанаў пад горадам застала ноўгарадцаў знянацку. Не даўшы ім падрыхтавацца да абароны, полацкае войска штурмам узяло Ноўгарад.
        Паводле польскага краніста Яна Длугаша, Брачыслаў услед за Ноўгарадам авалодаў усім Ноўгарадскім княствам[6]. Захапіўшы ноўгарадскія гарады, паставіў там сваіх намеснікаў. Відавочна імкненне Брачыслава не проста падарваць магутнасць суседняга княства, а пазбавіць яго палітычнай незалежнасці і поўнасцю далучыць да Полацка. У Ноўгарадзе Брачыслаў таксама паставіў свайго намесніка, а сам узяў у палон многа знатных ноўгарадцаў і выступіў дадому.
        Паводле рускіх летапісаў, Яраслаў сустрэў Брачыслава на рацэ Судоме і разбіў яго. А ці была сапраўды гэта бітва? На прыкладзе Святаполка мы маглі пераканацца, як бессаромна перайначвалася ў летапісах праўда ў дагоду кіеўскім князям. На маю думку, бітва на Судоме такі ж міф, як і міф пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба. Па-першае, не назавеш лагічным вынік гэтай бітвы: пераможца Яраслаў нечакана перадае ва ўладанне Брачыславу такія важныя гарады на водных шляхах, як Віцебск і Ўсвят, заключае з полацкім князем мір. Па-другое, нерэальна прыйсці з войскам з Кіева за тысячу вёрст на Судому за сем дзён, як аб гэтым паведамляе летапіс. Можна дапусціць, што Брачыслаў без перашкод вярнуўся ў Полацак, а ўжо пасля выступіў супраць Яраслава.
        Маўчыць пра бітву паміж полацкім і кіеўскім войскам і «Сага аб Эймундзе», а яе сведчанні заслугоўваюць даверу. Паводле сагі, войскі прастаялі, не пачынаючы бітвы, сем дзён. Ці не адсюль з’явілася летапіснае паведамленне аб сямідзённым паходзе Яраслава з Кіева на Судому? Відавочна, Яраслаў не адважыўся нападаць на Брачыслава, а толькі пужаў, спадзеючыся на тое, што полацкі князь замірыцца.
        Брачыслаў звярнуўся да Эймунда: «Што ж мы будзем тут сядзець без справы? Нельга ўпускаць перамогу з рук»[7]. Значыць, ён быў упэўнены ў сваіх сілах, верыў у сваю перамогу. А хітры вараг задумаў захапіць у палон жонку Яраслава Інгігерд, якая мела вялікі ўплыў на свайго мужа, і такім чынам вымусіць кіеўскага князя пайсці на мір з Брачыславам. Гэтая задума Эймунда спадабалася Брачыславу. Эймунд удвох з таварышам прабраліся ў лес, што знаходзіўся за баявым станам кіеўскіх войск, і заселі ў засадзе. Яны дачакаліся, калі па дарозе праязджала са слугамі княгіня Інгігерд, нечакана напалі на яе і захапілі ў палон. Яраслаў вымушаны быў пайсці на перамовы з Брачыславам і перадаць яму Віцебск і Ўсвят. Такім чынам палачане дамагліся адной са сваіх мэт – вярнулі частку страчаных крыўскіх земляў, зноў выйшлі да вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра. У сваю чаргу Брачыслаў адмовіўся ад улады над Ноўгарадам і вызваліў захопленых у палон яго абаронцаў. Гэты двухбаковы кампраміс быў выгадны і Яраславу, і Брачыславу. Полацкі князь пашырыў межы сваёй дзяржавы, а кіеўскі пазбег верагоднай паразы, якая ўскладніла б яго становішча.
        Нельга адмаўляць сцвярджэнне сагі, што Яраслаў саступіў Брачыславу кіеўскі пасад. З паведамленняў летапісаў вядома, што Яраслаў з гэтага часу пражываў у Ноўгарадзе і кіраваў Кіевам праз сваіх намеснікаў. Такім намеснікам мог быць і Брачыслаў. Пра гэта сведчыць наяўнасць у Кіеве «двара Брачыслаўля», дзе жыў Брачыслаў.
        Няма дакладных звестак, як склаўся ў далейшым лёс Брачыслава. Паводле дамовы, полацкі князь згадзіўся «заадзін» ваяваць з Яраславам да канца жыцця і, відаць, удзельнічаў у многіх яго захопніцкіх паходах, хаця крыніцы маўчаць пра гэта. І ў Кіеве, па ўсёй верагоднасці, Брачыслаў сядзеў не доўга. Вярнуўшыся назад у Полацак, ён скіраваў сваю дзейнасць на пашырэнне межаў Полацкага княства на захад, на пакарэнне памежных балцкіх плямёнаў. Ён разумеў, што падначаленне балцкіх плямёнаў Полацку было важнай крыніцай магутнасці княства. На заваяваных землях князь заснаваў новыя гарады і вёскі. Так узніклі горад Брачыслаўль (сучасны Браслаў), вёска Браслаў каля возера Сівер, Браслаў (Абрэнскі раён, Латвія), Браслаў, што ў 20 кіламетрах на поўнач ад Воршы, – цэнтры крыўскай каланізацыі балцкіх земляў.
        Палітычная дзейнасць Брачыслава прывяла да аднаўлення незалежнай Полацкай дзяржавы, яе росквіту. І не з голага месца пачынаў яго сын Усяслаў. У спадчыну ён атрымаў моцную дзяржаву, якая здолела выстаяць і перамагчы ў нялёгкай вайне за незалежнасць з Кіеўскай Руссю. Гэта і стала галоўнай заслугай князя Брачыслава.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.